Вавёрка, слоік маянэза, каленкі – якіх помнікаў не хапае жыхарам Гомельшчыны? Пагуляліся з нейрасеткай, каб увасобіць самыя незвычайныя варыянты

Нядаўна ў Бабруйску з’явіўся помнік бульбе. Ён ужо – трэці такой гародніне ў Беларусі.

З гэтай нагоды «Моцныя Навіны» запыталіся ў жыхароў Гомельскай вобласці, якія помнікі варта ўсталяваць у месцах іх пражывання і разам пафантазіравалі, у чый гонар яны маглі быць і як выглядаць. А каб візуалізаваць усё, што нам прыдумалася, мы звярнуліся да штучнага інтэлекта. І вось, што ў нас атрымалася!

Пачнем з самага распаўсюджанага адказу ад жыхароў Гомеля. Гамяльчане лічаць, што гораду проста неабходна займець помнік вавёрцы.

«У Гомелі дакладна трэба помнік вавёркам у парку, бо для ўсіх яны нейкія незвычайныя))»

Прыгожую ідэю прапанавалі для помніка ліштвам і драўлянай забудове: «Можна было б зрабіць такое расчыненае вакенца з ліштвамі і паставіць з відам на нейкую славутасць ці на Сож, на пагорку ў парку, каб людзі там фоткаліся, каб скульптура, як рамка выглядала».

Акрамя гэтых варыянтаў былі яшчэ цікавыя прапановы па раёнах горада: помнік савецкаму слоіку з-пад маянэза (Навабеліцкі раён), помнік качцы з парка Фестывальны (Савецкі раён), помнік цмокам (Сельмаш).

Некалькі чалавек выказаліся, што гораду не хапае помнікаў археолагу Алегу Макушнікаву, краязнаўцу Еўдакіму Раманаву і архітэктару Станіславу Шабунеўскаму.

Жыхар Калінкавічаў, якія да 1930-х гадоў называліся Каленкавічамі прапанаваў усталяваць там помнік… каленкам!

Мазырчане падыйшлі да справы з нечаканага боку. Замест першый думкі пра нафту, усе апрошаныя засяродзіліся на зусім іншых вобразах: Прыпяці і рыбаку ў лодцы.

«Я спрабавала ўзгадаць усё, што мяне зачароўвае ў горадзе, усё,што люблю, але ў галаве плотным слоем засела думка пра помнік (ці хутчэй манумент) Прыпяці. Шмат хто кажа, што Мазыр корміць нафтазавод, але перш за ўсё Мазыр корміць Прыпяць. З ёй у мяне звязана шмат успамінаў, шмат за што я ёй удзячна. У маёй галаве гэты помнік-манумент, быў бы ў выглядзе высокай статнай дзяўчыны з доўгімі валасамі, якія бы спадалі ажно на зямлю і ставалі б ракою. Мабыць, яна б карміла жывёл і рыб, якія плёскаюцца вакол яе».

У Прудку, які зрабіў вядомым пісьменнік Андрэй Горват, было б цікава ўсталяваць помнік касманаўта з казой.

Ураджэнцы Брагіна і бліжэйшых вёсак нямала пісалі пра экалогічную катастрофу і аварыю на ЧАЭС. Але сярод прапаноў паставіць помнік ліквідатарам аварыі была адна даволі незвычайная.

«Я нарадзілася ў Брагіне. На тэрыторыі раёна знайшлі шмат метыярытаў. У музеі ляжаць вялікія камяні. Можна помнік метэарыту».

Малым Аўцюкам дакладна не хапае помніка народнаму беларускаму гумару. Прыкладна так яго бачыць нейрасетка.

Вядома, што пры жаданні можна прыдумваць і прыдумваць вясёлыя ці змястоўныя помнікі для гарадоў і мястэчак Гомельшчыны. Гэта толькі ўзбагаціць. А калі сёння іх нельга ўбачыць ў рэальнасці, то ўвасобіць скульптуры дапаможа штучны інтэлект.

Поделитесь:

Читайте также: