Страляніна ў Карлавым універсітэце. «Моцныя Навіны» пагутарылі са студэнтамі-беларусамі, якія навучаюцца ў Празе, і даведаліся, што там зараз адбываецца

21 снежня студэнт Карлавага ўніверсітэта ў Празе адкрыў страляніну падчас заняткаў у будынку філасофскага факультэта. У выніку пятнаццаць чалавек, у тым ліку і сам стралок, загінулі, больш за дваццаць пацярпелі. «Моцныя Навіны» звярнуліся да беларусаў, якія навучаюцца ў Карлавым універсітэце, за каментаром.

«Усе здзівілся, бо Прага лічыцца адным з самых бяспечных гарадоў у Еўропе»

Кацярына – студэнтка медыцынскага факультэта – пра здарэнне даведалася падчас аперацыі, якую праводзіў лекар. «Медсестра села пачытаць навіны і сказала, што адбываецца нешта дзіўнае. Пасля і сам лекар даведаўся, што адбылося, і вельмі здзівіўся, бо Прага лічыцца адным з самых бяспечных гарадоў у Еўропе. Але за апошні тыдзень спачатку застрэлілі мужчыну з малым дзіцём у Клановіцкім лесе, а цяпер вось гэта», – кажа суразмоўца.

Кацярына навучаецца ў зусім іншым будынку, у шпіталі, які месціцца далёка ад цэнтра горада, за 5 кіламетраў ад месца, дзе адбывалася страляніна. Здарэнне моцна ўзрушыла дзяўчыну.

«Гэта для мяне вялікі трыгер. Я зноўку сяджу і нічога не магу рабіць акрамя таго, што чытаю навіны. Для чэшскіх студэнтаў гэта ўвогуле першае такое сутыкненне з нечым падобным па маштабе за ўсю гісторыю чэшскай незалежнай рэспублікі. Для іх гэта вельмі цяжка. Усе мае аднагрупнікі пішуць, што яны нібы ў здранцвенні. Яны не ведаюць, што рабіць, і не разумеюць, як такое магло здарыцца», – дзеліцца Кацярына.

Сёння, 22 снежня, ва ўсім універсітэце адмянілі заняткі. Медыцынскі факультэт з’яўляецца часткай шпіталя, таму параненых часткова ці цалкам прывозілі ў гэты шпіталь.
«Чэхі мне падабаюцца тым, што пішуць зараз пра тое, што варта сфакусавацца не на забойцы і яго матывах. Гэта не галоўнае, а галоўнае – гэта дапамога. Не распаўсюджвайце злосць, гэта неправільна. Ты не сядзіш і трасешся ад гэтых жахлівых навін, а распаўсюджваеш інфармацыю пра дапамогу.

Сёння мой дзень пачаўся з таго, што я прачытала ліст ад рэктаркі, дзе яна паведаміла, што здарылася, і кранальна выказала свае спачуванні. Яна напісала, што ў нас зладзілі тэлефонную лінію дапамогі для усіх, хто псіхалагічна дрэнна пачуваецца праз тое, што здарылася. А таксама падзякавала лекарам, пажарным і паліцыі. І падзялілася, дзе якія акцыі памяці будуць адбывацца», – адзначае Кацярына.

Сёння яна збіраецца пайсці на малітву за загінулых студэнтаў. Таксама каля будынка рэктарата, што месціцца на Старамесцкай плошчы, зрабілі магчымасць ушанаваць памяць загінулых – прынесці свечкі і лампадкі. 23 снежня аб’явілі днём нацыянальнай жалобы, калядную ёлку на Старамесцкай плошчы патушаць, адмяняецца культурная праграма.

«Адкрываю групы свайго факультэта і бачу паведамленні, як людзі запытваюцца, што здарылася з тым ці іншым»


Аляксандр Паршанкоў, дактарант філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта, у момант здарэння знаходзіўся побач з факультэтам. Хлопец даведаўся пра тое, што здарылася, калі яму патэлефанавала журналістка чэшскіх СМІ, каб запытацца, ці валодае ён інфармацыяй пра тое, што адбываецца на факультэце. Па словах хлопца, у першыя гадзіны гэта адчуў шок, цяпер – смутак і боль.

«Дзякуй Богу, асабіста мяне гэта не зачапіла. Уявіце сабе, мы дагэтуль не ведаем імёны тых, хто загінуў. Я дагэтуль адкрываю групы свайго факультэта і бачу паведамленні, як людзі запытваюцца, што здарылася з тым ці іншым. Некаторыя ў шпіталях, ад некаторых – няма ніякіх звестак, і гэта жудасна. Бо мы ў цэнтры Еўропы, у такі час і ўжо больш за 15 гадзін не маем ніякіх звестак. Спадзяюся, што хаця б родныя пацярпелых маюць нейкую інфармацыю, – расказвае дактарант. Сярод знаёмых Аляксандра няма пацярпелых, але яго калегі были падчас страляніны на факультэце.

«Толькі адна прафесарка, якую я ведаю, пацярпела, знаходзіцца ў шпіталі. Я ўвесь час думаю пра яе, яна ўжо ў сталым узросце, усё жыццё працавала на гэтым факультэце. Мае думкі з тымі студэнтамі, якія перажылі гэта. Мне цяжка, хаця я толькі быў побач і нават не чуў гукі страляніны. А як ім? Як яны будуць прыходзіць ва ўніверсітэт? Гэта найвялікшая катастрофа ў гісторыі факультэта», – упэўнены Аляксандр.

Пра забойцу студэнты не гавораць. Да гэтага заклікаюць прадстаўнікі грамадскасці ў Чэхіі – не паказваць яго фота і не абмяркоўваць. Аляксандр лічыць, што пашыраць пра яго інфармацыю – гэта непавага да ахвяраў.

«Пацярпець мог любы чалавек на вуліцы, бо забойца пачаў страляць з будынку. А гэта самы цэнтр Прагі, у пяці хвілінах – Карлаў мост, там заўсёды шмат турыстаў. У нас няма іншых эмоцый, акрамя шоку, болю і адчаю. Такія здарэнні нельга прадухіліць, якія б меры бяспекі не прадпрымаліся», – лічыць суразмоўца.

На гэты момант вядома, што чэхі ўжо пачалі збор на падтрымку пацярпелых. Толькі ад ўніверсітэта сабрана больш за 200 тысяч еўра.

«Асабіста я займаюся на трэцім паверсе. Для мяне невыносна разумець, што там забівалі людзей, я не ведаю, як я ўвогуле змагу прыйсці на факультэт. Ён будзе зачынены да 2 студзеня. Як я змагу пасля ўсяго туды зайсці – не магу нічога сказаць. Сапраўды гора і трагедыя», – смуткуе Аляксандр. Сёння ён наведаў галоўны будынак, дзе ўшанавалі памяць тых, хто загінуў.

Поделитесь:

Читайте также: