Грашовая падтрымка пры нараджэнні дзіцяці. Разбіраемся, на што яе хапае і дзелімся парадамі, як сэканоміць і не купляць непатрэбнае

На што хапае грашовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці

На што хапае штомесячнай грашовай дапамогі на дзіцё

Спіс «карысных» рэчаў, якія так і не спатрэбіліся

Як яшчэ можна сэканоміць?

З 1 лютага сем’і з маленькімі дзеткамі зноў чакаюць павышэння грашовай дапамогі. Яе памер пералічваюць два разы на год – у лютым і ў жніўні. Пералік аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці адбываецца суразмерна росту бюджэту пражытачнага мінімуму, пералік штомесячнай грашовай дапамогі па доглядзе дзіцяці – адпаведна росту сярэдняй заработнай платы супрацоўнікаў у Беларусі.

Такім чынам, у студзені 2024 года памер аднаразовай грашовай дапамогі пры нараджэнні складае: 3 677,90 рубля, калі ў сям’і з’явілася першае дзіця, і 5 149,06 рубля, калі нарадзілася другое і наступныя дзеці. А з 1 лютага штомесячная грашовая дапамога па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў складае 724,85 рубля для першага і 828,40 рубля для другога і наступных дзяцей.

Наша гераіня, мама Надзея, мае двух дзетак – сына чатырох гадоў і дачку, якой паўтары гады. «Моцныя Навіны» запыталіся пра яе досвед і даведаліся, на што хапіла ёй асабіста гэтых выплат. Трэба сказаць, грашыма сям’я распарадзілася вельмі адказна і разумна. Але трэба ўлічваць дапамогу сваякоў і сяброў таксама. Давайце разбірацца дэталёва.

На што хапае грашовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці

Грашовую дапамогу пры нараджэнні выдаюць менавіта пасля нараджэння, таму самыя першыя неабходныя рэчы будучыя бацькі купляюць на нейкія загаддзя адкладзеныя грошы. Вось як атрымалася ў сям’і Надзеі.

«Калі мы рыхтаваліся да з’яўлення першага дзіцяці, мы арэндавалі квартэру. У мужа ўжо быў свой дом, але там ішоў рамонт капітальны, і таму, каб трошкі мець магчымасць будавацца хутчэй, мы першы год пасля з’яўлення сына жылі ў маёй маці. Рамонт у пакоі, якім жылі, не рабілі і для рамонту свайго дома дапамогай на дзіця не карысталіся. Дакладна я не памятаю, але тая сума была ў раёне 1000 долараў, здаецца 2200 рублёў», – узгадвае Надзея.

Дарэчы, жанчына амаль правільна памятае. Памер грашовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці да 1 жніўня 2020 года складаў 2 318,30 рубля.  

Надзеі дужа пашанцавала – ёй дапамаглі родныя і сябры з самымі затратнымі пакупкамі для дзіцяці. Ёй у спадчыну перайшлі ў добрым стане ложачак, матрац, бялізна, ванначка, шэзлонг і адзенне. Згадзіцеся, дапамога атрымалася адчувальная.

Астатняе сям’я дакупала на бальнічныя па цяжарнасці:

«Мы дакупілі, чаго не хапала на немаўля: трошкі бодзікаў, камбінезон, касметыку і сродкі гігіены (памперсы, прысыпка, крэмы), падрыхтавалі аптэчку першай дапамогі (спіс з дапамогай доктара). Таксама былі сумкі ў радзільны дом – іх рыхтуюць звычайна тры: для саміх родаў, для маці (халат, шкарпэткі, сродкі гігіены) і для дзіцяці (камплекты адзення для карыстання ў лякарні і на выпіску, памперсы). Гэта быў 2019 год і ўжо тады толькі сумкі ў радзільны дом мне абыйшліся ў 300 рублёў, мабыць. Вазок таксама куплялі самі, мы бралі з рук у знаёмых у добрым стане – на той час 150 рублёў прыкладна».

Калі Надзея атрымала першую грашовую дапамогу, чвэрць (каля 580 рублёў на 2019 год) адразу адклалі на ўсялякі выпадак. Грошы ў выніку пайшлі на падрыхтоўку ў садок.

«Рэшта пайшла на яшчэ адзін камплект бялізны, стульчык для кармлення, камод, вопратку на зіму (камбінезон), крыху адзення на кожны дзень, некалькі цацак. А тое, што заставалася, пайшло на жыццё да штомесячных выплат – памперсы, дзіцячае харчаванне (мы былі на штучным харчаванні), лекі (ад колікаў, алергіі, мазі), касметыка. Мы набывалі ўсе лекі тады самі, не ведалі, што ёсць спіс бясплатных медыкаментаў дзецям да 3 гадоў. Гэта тое, што я памятаю з першага», – дзеліцца мама.

Цяпер паспрабуем параўнаць з малодшым дзіцём, улічваючы, што дзеці розных палоў.

Адзенне да 3-х месяцаў

Напэўна, адзенне – гэта тое, дзе прасцей за ўсё сэканоміць, асабліва пры нараджэнні другога дзіцяці. Надзеі шмат адзення аддалі родныя і знаёмыя, таму трэба было толькі крыху абнавіць тое, што сапсавалася і занасілася, і дакупіць тое, чаго не хапала. На гэта сышло каля 100 рублёў. Яшчэ асобна трэба улічыць адзенне на выпіску. На шапачку, касцюм з бодзіка і паўзункоў з царапкамі пайшло каля 50 рублёў. Святочны канверт пашыла бабуля ў падарунак.

Касметыка і бытавая хімія

Жанчына ўзгадвае вялікі закуп на 100 рублёў. Туды ўвайшлі прысыпкі, масла для цела, мыла і шампунь, сродкі для прання і ўборкі.

Цацкі

Яшчэ адна катэгорыя, дзе можна добра сэканоміць. Немаўлятам насамрэч не трэба шмат цацак на першы час. Дачцэ Надзеі нешта перайшло ў спадчыну ад браціка, шмат падарылі родныя.

Лекі

Дзіцячая аптэчка ў сям’і ўжо была сабраная, таму заставалася толькі дакупіць па дробязях. Надзея прыгадала жарапаніжальныя свечкі і каплі на суму каля 30 рублёў.

Харчаванне

Тут можна сэканоміць толькі ў адным выпадку – калі немаўля п’е маміна малако. У выпадку Надзеі штучнае харчаванне склала значную катэгорыю расходаў у дзіцячым бюджэце. Разам з сумесямі, бутэлечкамі і соскамі на першыя тры месяцы пайшло дзесьці рублёў 100.

Гаджэты

З прылад, якія могуць аблегчыць маміна жыццё ў першы час, Надзея выбрала электраарэлі (150 рублёў, б/в), фітнэсбол (30 рублёў) і яшчэ спатрэбілася аўталюлька (50 рублёў, б/в). Акрамя гэтага, пашчасціла ўзяць у часовае карыстанне дыванок для гульняў і кенгуру ў родных бясплатна.

Падсумоўваючы, на ўсё гэта пайшло крыху больш за 600 рублёў.

Чвэрць сям’я зноў вырашыла адкласці на будучыню, бо мінулы досвед аказаўся карысным. Рэшта пайшла на новы вазок, матрац у ложак, дзіцячую мэблю (фатэль-ложак у новы дом), пыласмок і сродкі гігіены. Яшчэ частка засталася на забеспячэнне штодзённых патрэб да штомесячных выплат.

«Я не памятаю дакладна цяпер кошты рэчаў для сына, але мы з мужам, калі нарадзілася дачка, параўноўвалі кошты з дапамогай гісторыі пакупак у інтэрнэт-магазіне і прыйшлі да такіх высноў: на першыя некалькі месяцаў жыцця дзіцяці патрэбны амаль аднолькавыя рэчы што на хлопчыка, што на дзяўчынку. Расходы выходзяць таксама аднолькавыя – розніца толькі ў лічбах. Напрыклад, пачка памперсаў у 2019 годзе каштавала 25-27 рублёў пры штомесячнай выплаце ў 372 рублі. Такая ж пачка ў 2022 годзе каштуе каля 50 рублёў, а выплата штомесяц складае 744 рублёў», – падсумоўвае Надзея.

Атрымліваецца, што расходы, што выплаты павялічыліся ў два разы.

У выпадку Надзеі можна зрабіць выснову, што аднаразовай выплаты пра нараджэнні дзіцяці ёй хапіла, нават атрымалася частку сумы адкласці на будучыню дзякуючы значнай падтрымцы родных і сяброў. Удалося сэканоміць на адзенні і крупных пакупках. Другому дзіцяці перайшлі гендэрна нейтральныя рэчы, у тым ліку ложак, бялізна і некаторае адзенне з пялёнкамі, а таксама цацкі.

На што хапае штомесячнай грашовай дапамогі на дзіцё

Сума грашовай штомесячнай дапамогі ў Надзеі сёння складае 920 рублёў на дваіх дзяцей: 744 на другое дзіця і 180 на першае пасля 3-х гадоў. Тут асноўныя катэгорыі абавязковых расходаў чаканыя: памперсы і ў выпадку нашай гераіні яшчэ і харчаванне (спачатку сумесі, а пасля прыкорм).

«Большыя траты пачынаюцца тады, калі дзіцё расце і кожны месяц гэта часта розныя катэгорыі. Адзенне і абутак мы намагаемся адразу купляць якасныя, нешта я купляю на куфары і эканомна, і экалагічна.

Вось яшчэ вялікая катэгорыя трат атрымалася на медыцыну мы ставілі прышчэпкі ад менінгакока, у Беларусі яны платныя. Адна вакцына 150 рублёў, іх нам патрэбна было дзве. А для дачушкі патрэбна была па ўзросту рэвакцынацыя, гэта яшчэ плюс 180 рублёў, бо праз тры месяцы кошт узрос», – пералічвае мама.

Таксама грошы ідуць на цацкі па ўзросту. Бацькі намагаюцца ўлічваць цікавасці дзяцей, купляюць канструктары і машыны. Яшчэ дакупаюцца штомесяц кнігі, плакаты, пластылін, алоўкі, але па меркаванні Надзеі на ўсё гэта трэба не шмат грошай.

У значныя катэгорыі расходаў трапілі садок і трэніроўкі ў старэйшага сына. Сям’я жыве ў доме пад Гомелем, таму дарога будзе таксама ўлічвацца, як затраты на дзяцей.

«Мы возім яго ў Гомель 2-3 разы на тыдні на трэніроўкі. Яны абыходзяцца ў 85 рублёў і плюс кошт праезду – 40 рублёў. На садок выходзіць прыкладна 100 рублёў», – падлічвае Надзея.

Надзея таксама адзначае, што штомесяц дзяцей возяць у дзіцячы цэнтр ці ў парк. У будучыні мама плануе іх вадзіць таксама на экскурсіі, выставы і ў тэатр, але пакуль на гэта затрат няма.

Жанчына падкрэслівае, што штомесячныя выплаты ідуць выключна на патрэбы дзяцей. Камунальныя, расходы на дом і рамонт у ім забяспечвае муж.

«Насамрэч проста так грошай не застаецца. Калі атрымліваецца сэканоміць, то адкладаем гэтыя грошы на больш крупную пакупку, заўсёды знойдзецца на што. Апошняя крупная ровар сыну. Палову сумы на яго яму падарылі на свята, палову мы даклалі і набылі новы, з былога ровара вырас».

Мы асмеліліся закрануць і такую далікатную тэму, як грошы на сябе. Ці атрымліваецца нешта адкласці на тое, каб зрабіць з сябе добрую і задаволеную маму?

«Магчыма я б і хацела вытраціць на сябе ці адпачынак, але грошай на гэта не хапае. Мае траты на сябе штомесяц з дапамогі – эта каля 100 рублёў. Сюды ўваходзіць медыцына (лекі якія-небудзь ці абследаванні), касметыка, паслугі парыкмахера, магчыма базавыя рэчы гардэробу, штосьці для інтарэсаў і хоббі. Калі патрэбна купіць нешта больш даражэйшае, напрыклад паліто, то гэта ужо забяспечвае муж. Фарбую валоссе і раблю манікюр я сама, але гэта ўжо мае прусакі мне проста цяжка даверыцца іншаму чалавеку. А ўсё астатняе сапраўды ідзе на патрэбы дзяцей», – тлумачыць Надзея.

Такім чынам, штомесячныя траты зараз у жанчыны ў асноўным прыходзяцца на:

  • харчаванне 40% (~350 рублёў);
  • садок і трэніроўкі, улічваючы транспарт 25% (~230 рублёў);
  • сродкі гігіены, касметыка і ў тым ліку памперсы 15% (~140 рублёў);
  • адукацыя і забаўкі 10% (100 рублёў);
  • рэшта 10% – гэта тое, што вытрачваецца на маму.

Месяц ад месяца можа крышку штосьці мяняцца канешне, штосьці больш, штосьці менш. Такія лічбы выходзіць калі абагуліць. Калі плануецца купляць адзенне, абутак, ці запланаваныя расходы на здароўе, то пункты 4 і 5 памяншаюцца.

Спіс «карысных» рэчаў, якія так і не спатрэбіліся

У Надзеі такіх рэчаў было небагата, асабліва калі казаць пра нейкія вялікія ці дарагія пакупкі.

«На сына я часта набывала рэчы «на выраст». Шмат чаго выкарыстоўвалася мала, некаторае адзенне было надзета адзін раз. Таму зараз толькі, калі рэч патрэбная (майкі высціраліся, вырасла ножка з кедаў), тады купляем», – падзялілася сваім падыходам да пакупак жанчына. Таксама яна адзначыла, што такая здавалася б не самая патрэбная рэч як санкі ў выніку сталі адной з самых удалых пакупак. Сям’я часта карыстаецца імі ўжо трэцюю зіму.

Калі агулам прыкінуць досвед розных мам і паспрабаваць скласці спіс таго, на што лепш не траціцца, сюды дакладна трапяць рэчы-аднаднеўкі. Вядома, што было бескарысным для аднаго, можа быць дапамогай для іншага, але мы разглядаем рэчы ў межах грашовай дапамогі, таму аднеслі іх у катэгорыю «можна не выдаткоўваць грошы на гэта».

  1. Стэрылізатар для бутэлечак. Гэты дэвайс з’явіўся дзякуючы маніпуляцыі на мамінай трывожнасці. Насамрэч дастаткова гарачай вады (ці кіпня) з мылам.
  2. Пеленальны столік. Хтосьці скажа, што так зручней для спіны, але ў жыцці бывае па-рознаму, а дзеці дужа хутка растуць. Калі ўсё ж ёсць сумневы, то можна набыць камод, верхняя частка якога можа трансфармавацца ў столік. Камод дакладна будзе карысным.
  3. Ванначка. Яна займае шмат месца, а на практыцы хутчэй і зручней скарыстацца звычайнай ваннай.
  4. Мімішныя падушачкі, балдахін і борцікі ў дзіцячы ложак. Гэта прыгожая карцінка і смяротная небяспека для немаўля. Лекары дакладна супраць гэтай прыгажосці ў паўсядзённасці, можна толькі дзеля фотасэсіі.
  5. Канверт на выпіску. На лета можна знайсці нешта універсальнае, каб пасля карыстацца ў жыцці, на зіму куды зручней купіць камбінезон. Зноў жа асабліва аздобленая рэч дзеля аднаго кароткага імгнення, не вартая вялікіх трат.
  6. Аспіратар для носа. Яны бываюць розныя – ад простых да наварочаных. Практыка паказвае, што можна лёгка абысціся і без гэтага дэвайса.
  7. Відэаняня. Лёгка замяняецца бясплатнай праграмай на тэлефонах бацькоў.
  8. Абутак для дзяцей, якія яшчэ не ходзяць. Гэта міла, але непрактычна.

Як яшчэ можна сэканоміць?

  1. Падзяліцца навіной пра папаўненне ў сям’і з сябрамі і сваякамі – дакладна хтосьці захоча вам аддаць нешта назусім або ў часовае карыстанне.
  2. Не купляць шмат на запас. Гэта ў першую чаргу тычыцца памперсаў і адзення самых маленькіх памераў. Дзеці вельмі хутка растуць.
  3. Праглядзець спіс лекаў, якія даступныя дзецям да трох гадоў у Беларусі бясплатна – частка аптэчкі будзе ўкамплектаваная.
  4. Падумаць, якія крупныя пакупкі будуць актуальнымі кароткі час, магчыма іх будзе зручней ўзяць у арэнду. Сюды можна аднесці вагі, электраарэлі (не ўсе дзеткі любяць, не прадкажаш), манежы, хадункі, гульнявыя дыванкі, радыёняні.
  5. Звярнуць увагу на рэчы-трансформеры – гэта рэчы, якія могуць расці разам з дзіцём (напрыклад, камбінезоны на зіму), або мець варыянты для лета і для зімы (напрыклад, вазкі 3 у 1, якія могуць дадаткова камплектавацца яшчэ і аўталюлькай).
  6. Заўсёды добрай думкай будзе пашукаць рэчы ў добрым стане, што ўжо былі ў выкарастанні і самім пазбаўляцца ад таго, што аказалася непатрэбным.

Улічваючы досвед нашай гераіні, трэба сказаць, што грашовая дапамога для сем’яў сапраўды адчуваецца, калі ўмець разумна планаваць расходы. На дзяцей звычайна сыходзіць уся сума, нават калі ў вас ёсць шмат сяброў і родных, якія могуць падтрымаць падарункамі або сваімі асабістымі рэчамі. А памер грашовай выплаты хоць і расце, але суадносна коштам у крамах.

Поделитесь:

Читайте также: