Tinder у Беларусі – усё. Дзе і як цяпер шукаць сабе пару? Даведаліся ў псіхолага пра ўніверсальную паспяховую стратэгію пры пошуку партнёра або партнёркі

З 15 лютага ў Беларусі прыпыніла працу папулярная праграма для знаёмстваў Tinder. Калі верыць вынікам апытанкі ў нашым тэлеграм-канале сярод чытачоў «Моцных Навін», праграмамі для знаёмстваў карыстаюцца або карысталіся 25% – не так ужо і мала. Пры чым 14% з іх сцвярджаюць, што знайшлі дзякуючы такой праграме мужа або жонку. Таму не дзіва, што рэакцыя на навіны пра сыход адной з самых папулярных пляцовак з краіны, была даволі яскравая. Хтосьці нават усур’ёз пачаў пераймацца і засмучацца – маўляў, як цяпер знаёміцца і шукаць сабе пару?

З гэтай нагоды мы зазірнулі ў мінулае, каб узгадаць, як раней знаёміліся і стваралі новыя сем’і. А таксама звярнуліся да псіхолага ў пошуках адказаў на пытанні, як у сучаснасці шукаць сабе пару, і чаму камусьці гэта даецца лёгка і без спецыяльных праграм, а камусьці нават яны не дапамагаюць.

Як будавалі стасункі ў даціндараўскую эпоху

А раней таксама цяжка было знайсці партнёра па жыцці? Няўжо Tinder – самы эфектыўны спосаб знайсці каханне? Як змянілася культура знаёмстваў і сватанняў? Праблемы засталіся тыя ж самыя, ці нешта змянілася? Каб зразумець, як агулам змянялася культура знаёмстваў, давайце зазірнем у кароткі гісторычны экскурс.

Вось у XVI-XVII стагоддзях ў шляхты, напрыклад, было ўсё даволі прагматычна і каханне для моцнага саюза было не ў прыярытэце.

Калі коратка, будучы саюз планавалі бацькі. Яны займаліся пошукам дзяўчыны: апытвалі годных веры сяброў і суседзяў, а затым прыходзілі да найлепшых кандыдатак у госці. Пасля паспяховых агледзінаў засылалі сватоў. Калі прапанова выглядала прывабна, бацькі маладых сустракаліся для абмеркавання фінансавых пытанняў. Нярэдка маладыя нават не былі знаёмыя да самога вяселля, а заручыны маглі прайсці без удзелу будучых мужа і жонкі. Праўда, у XVI стагоддзі Літоўскія статуты забаранілі прымушаць маладых да шлюбу, і сваю асабістую згоду яны пачалі пацвярджаць падчас заручын.

Цікава, што калі ў дзяўчыны ўжо надышоў шлюбны ўзрост, а сваякі выдаваць яе замуж не спяшаліся, то яна магла падаць скаргу ў суд. І тады свецкая ўлада выдавала яе замуж. Дзяўчына магла выйсці замуж супраць волі бацькоў, але такі шлюб караўся санкцыімі. Нявеста заставалася без пасагу, маёмасці і падтрымкі сям’і.

У XVII стагоддзі дзяўчын з небагатых сем’яў у жонкі прымалі забяспечаныя мужчыны сталага ўзросту, якія маглі сабе дазволіць не звяртаць увагі на сціплы памер пасагу. Нядрэнныя шанцы на выгаднае замужжа мелі дзяўчаты-сіроты, выхаваныя пры дварах магнатаў, навучаныя мовам, этыкету, рукадзеллю і ўменню весці гаспадарку. Добра ўладкоўваліся і палюбоўніцы арыстакратаў: лепшым знаходзілі мужчын сярод слуг высакароднага паходжання і ўзнагароджвалі добрым пасагам.

У сялян было іначай. Шлюбны ўзрост пачынаўся з 14-ці і доўжыўся да 21 года. У розных рэгіёнах межы маглі разніцца. Лічылася, што калі не знайшоў сабе пару пасля верхняй мяжы, значыць будзеш сацыяльна непаўнавартасным у вачах аднасяльчан.

Маладыя людзі актыўна знаёміліся на сумесных вячорках, гулянках і святах. На працягу года існавала некалькі розных абрадаў і эратычных гульняў, якія спрыялі новым знаёмствам і стварэнню маладых сем’яў. Яскравыя прыклады – Купалле і Жаніцьба Цярэшкі, калі дазвалялася казытацца, абдымацца, праводзіць дзяўчат дадому і нават заставацца ў іх на ноч. Здольнасць захаваць пры гэтым нявіннасць да вяселля цанілася, хоць часта гэта было вельмі нялёгка праз адсутнасць пэўнага досведу.

Пры Расійскай імперыі ў першай палове XIX стагоддзя быў устаноўлены мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб: 18 гадоў для мужчын і 17 – для жанчын. Але выконвалі гэтую норму ў вышэйшых слаях грамадства. У сялян захоўваліся свае правілы жыцця.

У гэты час агледзены часта праходзілі на балах. Маладыя танчылі і прыглядаліся адзін да аднаго, а бацькі намагаліся падчас свецкіх размоў больш даведацца пра «кандыдата»: з якой сям’і, якая маёмасць, ці няма пазыкаў, ці не трапляў у скандалы. Існаваў строгі бальны этыкет. Дамы насілі з сабой маленькія бальныя кніжачкі, куды запісвалі жадаючых з імі патанчыць. Для нявест вельмі важна было з кім, колькі, і якія менавіта танцы яны станцавалі. Прымаць запрашэнне аднаго кавалера больш за два разы лічылася непрыстойным – пасля такога юнак як сумленны чалавек абавязаны быў ажаніцца.

Купцы і мяшчане карысталіся паслугамі свахі. Ім паведамлялі ўзрост нявест і жаніхоў, апісвалі пасаг і шлюбныя ўмовы, а яны ўсюды шукалі прыдатных кандыдатаў. У свах былі цэлыя рэестры жаніхоў і нявест, з якімі яны хадзілі па хатах кліентаў. Сярод іншага там указваліся і патрабаванні да будучых мужа і жонкі. Калі пагаджаліся на знаёмства, сваха арганізоўвала першыя агледзіны ў нейкім грамадскім месцы, дзе маладыя маглі б здалёк паглядзець адзін на аднаго. Ну а далей – ужо звыклая схема.

На мяжы XVIII-XIX стагоддзяў маладыя людзі пачынаюць шукаць пару самастойна, бо інстытут шлюбаў па дамове сыходзіць у нябыт. Аднак месцаў, дзе можна было б пазнаёміцца і пастасавацца было зусім няшмат і таму хутка набылі папулярнасць шлюбныя аб’явы ў газетах.

Вось некалькі прыкладаў з «Брачной газеты» (1906 – 1917) – першым выданні ў Расійскай імперыі, якое публікавала толькі аб’явы пра пошук пары.

Чытаючы іх, можна зразумець, што людзі шукалі сабе партнёра, кіруючыся па-ранейшаму ў першую чаргу такімі паказчыкамі, як заробкі і дастатак. І гэта не дзіўна: такімі былі рэаліі жыцця ў той час, а шлюб – сродкам выжывання. Гэта мы далей будзем абмяркоўваць з псіхолагам.

У часы СССР падобныя выданні ўсё яшчэ мелі пэўную папулярнасць, хаця нейкі час знаходзіліся пад забаронай, як і праца свах. У Крымінальным кодэксе СССР артыкул за «зводніцтва з карыслівай мэтай» суседнічаў з «утрыманнем прытонаў» і караўся пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці гадоў.

Дадаліся новыя месцы для знаёмстваў. Адным з самых папулярных сталі танцпляцоўкі, якія ладзіліся паўсюдна: на вакзалах, у дамах культуры, у фае кінатэатраў і спартзалах. Яшчэ адной магчымасцю з кімсьці пазнаёміцца былі застоллі. У кожнае вялікае свята можна было трапіць як мінімум на тры: дома, на працы і ў гасцях.

Звычайна, калі чалавек не вызначаўся з парай пры заканчэнні школы, знайсці партнёра можна было ў інстытуце. Калі і там не пашанцавала, то на працы або на вяселлях сяброў. Знаёміліся таксама і ў парках, на вуліцы або ў кафэ ці кіно. Цяпер туды ходзяць ужо пасля знаёмства, на спатканні. Калі знаёмства перарастала ў адносіны, маладыя знаёмілі сваіх абраных з бацькамі і дамаўляліся пра дату афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу. Пасаг у выглядзе матэрыяльных багаццяў у гэты час граў ужо не такую вялікую ролю. За савецкім часам куды важней была цвярозасць як лад жыцця праз пэўныя праблемы з алкаголем у грамадстве.

Пасля развалу СССР праца свах пераўвасабляецца ў з’яўленне шлюбных агенцтваў. Некаторыя з іх, дарэчы, існуюць і сёння ў тым выглядзе, як і ў 90-я. Некаторыя маюць фармат хуткіх спатканняў. Пляцоўкай для знаёмстваў стаў і інтэрнэт у самых розных фарматах – ад спецыялізаваных сайтаў знаёмстваў да сацыяльных сетак і праграм для дэйцінгу.

Атрымліваецца, маладыя людзі шукаюць пару і могуць знайсці яе дзе заўгодна, а калі з гэтай справай ёсць нейкія цяжкасці, то звяртаюцца па дапамогу да трэцяй асобы, якая можа пазнаёміць ці арганізаваць спрыяльную для гэтага сустрэчу. Прычым няважна, будзе гэта застолле ў нейкіх сваякоў, сяброўская тусоўка або праграма для знаёмстваў.

Чаму бывае цяжка знайсці пару?

Каб зразумець, чаму адныя бегаюць на спатканні ледзь не кожны тыдзень, ці выйшаўшы з адных стасункаў, хутка знаходзяць новыя, а іншыя гадамі сядзяць без новых знаёмстваў і ніяк не могуць знайсці сабе пару, «Моцныя Навіны» звярнуліся за каментаром да псіхолага Марыны Драко.

На пытанне, як цяпер знаёміцца, Марына адразу параіла спачатку запытаць самога сябе: «А якая ў мяне мэта? Дзеля чаго мне шукаць пару? Дзеля чаго мне гэты чалавек? Што я хачу атрымаць ад гэтага партнёрства?».

Ёсць сэнс нават прапісаць, якога чалавека і дзеля чаго вы хочаце ўбачыць побач з сабой. І пасля адказаў на гэтыя пытанні, ужо стане зразумела, дзе такога чалавека можна шукаць.

Будзем шчырымі, калі вам трэба чалавек на адну ноч і проста хочацца знаёмства дзеля сэксу, вы будзеце шукаць яго хутчэй за ўсё ў начным клубе і на дыскатэцы. А калі вашая мэта – жыццё разам, калі выхочаце стварыць сям’ю і нарадзіць дзяцей, тады ёсць сэнс падумаць, якія асаблівасці і рысы характару ваш будучы партнёр павінен мець? Калі хочацца начытанага і разумнага, можа варта паспрабаваць далучыцца да літаратурнага клуба. Калі важна, каб ён цікавіўся самаразвіццём, тады можна наведаць трэнінг асобаснага роста. Калі шукаеце дзяўчыну з падобным як у сябе пачуццём гумару, звярніце ўвагу на тых, што ходзяць на мясцовыя стэндап-шоў.

«Калі абагуліць, трэба вызначыцца з мэтай, дзеля чаго мне патрэбны чалавек, які ён павінен быць, і дзе я такіх магу знайсці. Тады я буду разумець, дзе часцей за ўсё такія людзі бываюць. І буду намагацца часцей у такія месцы і на такія імпрэзы наведвацца», – падсумоўвае Марына.

Гучыць нібыта проста і лагічна, але ж не ўсе сыходзяць з гэтых імпрэз з новымі знаёмствамі, а калі і знаёмяцца, не заўсёды знаёмства перарастае ў стасункі. Па словах спецыялісткі, на тое, як мы пачынаем будаваць адносіны з іншымі людзьмі, уплываюць некалькі параметраў:

  1. Якія стасункі былі паміж бацькамі. Як адносіліся адно да аднаго маці і бацька, гэта была поўная сям’я ці дзіцё гадавалася мамай і бабуляй. Ад таго, якія адносіны бачыла дзіцё ў сваім дзяцінстве, будзе залежыць тое, як чалавек зразумеў, што такое нармальныя адносіны. Хтосьці бачыў, як бацька любіць маці, як маці можа пяшчотна ставіцца да бацькі. Як яна сустракае яго з завода, кожны вечар накрывае стол і ставіць яму цёплы боршч. Калі гэта былі халодныя адносіны, а бацькі не праводзілі час разам, рэдка размаўлялі, тады высокая верагоднасць, што дзіцё палічыць менавіта такія адносіны нормай жыцця і будзе шукаць такія ж стасункі ў дарослым узросце.
  2. Папярэдні досвед у юнацтве. З 7 да 12 гадоў у дзяцей адбываецца латэнтная стадыя развіцця, дзе фармуецца тое, як мы сябруем. А ўмоўна пасля 12 гадоў пачынае фармавацца ўваходжанне ў стадыю будавання рамантычных стасункаў. Дзіцё ўпершыню спрабуе ўзаемадзейнічаць з супрацьлеглым полам. Ад таго, які быў досвед у падлеткавым узросце, як завяршыліся першыя адносіны, і як дзіцё перажыла тыя эмоцыі, будзе залежыць, як пасля будзе будаваць новыя стасункі чалавек у дарослым жыцці. Магчыма, камусьці было вельмі балюча, склалася ўражанне, што ўсе мужыкі казлы ці ўсе бабы дурныя, а адносіны – гэта нешта, дзе заўсёды будзе балюча. І тады чалавек намагаецца усімі сваімі клетачкамі пазбягаць цесных адносін і будуе вельмі далёкія межы. З аднаго боку хочацца адносін і быць любімым, але настолькі гэта падаецца небяспечным, што чалавек ўсталёўвае межы і не падпускае да сябе іншых людзей.

Але гэта не адзінае, што можна быць перашкодай у пошуках другой палавінкі. Марына падзялілася, з якімі яшчэ комплексамі прыходзяць звычайна да яе пацыенты:

  1. Вельмі нізкая самаацэнка. Людзі зусім не вераць, што такія, якія яны ёсць, з такой знешнасцю і з такімі цікавасцямі могуць быць камусьці патрэбнымі, і хтосьці зможа іх палюбіць. Гэтая праблема таксама ідзе з дзяцінства. Калі дзіцё кармілі, апраналі, але не давалі нейкага эмацыйнага цяпла і пачуцця, што яго любяць. Такія дзеці заўсёды адчуваюць сябе крыху «неда». Тое, што ў іх атрымлівалася добра, успрымалася як «так і павінна быць», а калі было дрэнна, на гэта дарослыя звярталі ўвагу. З такіх дзяцей вырастаюць дарослыя, якія не вераць, што хтосьці можа іх любіць проста так. Ім здаецца, што любоў трэба заслужыць.
  2. Перфекцыянізм. Людзі малююць сабе пясочныя замкі, якіх не існуе. Мараць, што зараз прыскача прынц на белым аднарогу па вясёлцы. Такія людзі самі сабе не дазваляюць быць неідэальнымі, і таксама не дазваляюць быць неідэальнымі іншым. Яны не могуць прыняць, што іншы чалавек – гэта іншы чалавек, у якога могуць быць і плюсы, і мінусы. Звычайна яны і адносіны шукаюць такія, у якіх будзе ўсё ідэальна.
  3. Сярод жанчын часта сустракаюцца такія, якія ненаўмысна жадаюць знайсці сабе бацьку. Яны нібыта пачынаюць адносіны, знаёмяцца з маладымі людзьмі, але жадаюць, каб іх люблілі безумоўнай любоўю: поўнасцю забяспечвалі, усё ім куплялі, на руках насілі, зараблялі, самі прымалі ўсе рашэнні і нічога не прасілі наўзамен. Праз такую інфантыльную пазіцыю фармуецца няправільны пошук.
  4. Сярод мужчын таксама сустракаецца такая праблема, як пошук маці, а не партнёркі. Мужчына чакае, што яго будуць карміць, любіць і праць яго шкарпэткі. Не супадаюць чаканне і рэальнасць і пачынаюцца складанасці, калі мужчына пачынае шукаць дзяўчыну са сваіх эратычных фантазій – з ідэальнымі формамі і знешнасцю топ-мадэлі. У рэальнасці жынчыны могуць самымі рознымі, мець валасы на целе і пах з рота, быць вельмі далёкімі ад ідэальных карцінак з кіно, што расчароўвае і ўскладняе пошукі.
  5. Яшчэ адна цікавая праблема, якая выяўляецца ўжо пазней у шлюбе – гэта ілюзія, што чалавек, з якім вы пачалі сустракацца зменіцца праз нейкі час і будзе адпавядаць таму ідэальнаму вобразу, які вы намалявалі ў сваёй галаве. То бок, нешта ў партнёры для вас было не такім, як бы вам хацелася, але вы сталі чакаць, што з часам, калі вы паразмаўляеце, парнёр зменіцца і стане больш зручным. Людзі працягваюць жыць з такім глюкам, а пасля, падчас нейкага крызісу, яны раптам пачынаюць бачыць партнёра сапраўдным і яны да гэтага не гатовыя. Таму важна яшчэ на этапе знаёмства дзяліцца сваімі чаканнямі і абмяркоўваць, як вы бачыце ідэальныя адносіны ў будучыні. Гэта варта рабіць, каб зразумець, чаго хоча іншы парнёр, як ён бачыць свае ідэальныя стасункі. У будучыні гэта дапаможа пазбегнуць страшнага расчаравання, калі ўжо ёсць і дзеці, і машына з кватэрай у крэдыт, якія пасля вельмі балюча дзяліць паміж сабой.

Выглядае на тое, што будаванне стасункаў – гэта сапраўды складаная справа, дзе цяпер без дапамогі не абысціся. Складваецца адчуванне, што раней, калі былі іншыя ўмовы жыцця, было прасцей знайсці мужа ці жонку. Марына каментуе гэтую думку так:

«Раней асноўнай мэтай стварэння сям’і было выжыванне. Калі хтосьці з пары заставаўся па нейкіх прычынах адзін, было складана менавіта выжыць. Таму ў сям’і не ўзнікала пытання, як гэта – быць шчаслівым у шлюбе. Цяпер усё змянілася. На сённяшні дзень адна жанчына ці адзін мужчына могуць існаваць паасобку і закрываць усе свае патрэбнасці. Ежу можна заказаць ці пайсці ў кафэ. Каб памыць падлогу, можна заказаць клінінг. Сёння амаль любая жанчына зможа забяспечыць сваіх дзяцей адукацыяй, ежай і адзеннем. Мужчына і жанчына зараз не павінныя выжываць. Базавыя патрэбнасці ў большасці людзей закрытыя. Тады ўзнікае пытанне: а што далей?».

Акрамя базавых патрэбнасцяў у нас яшчэ ёсць псіхалагічныя патрэбнасці: патрэбнасць у бяспецы, любві і павазе. Калі людзі жылі вялікімі сем’ямі ў вёсках, у іх заўсёды было з кім закрываць тую ці іншую патрэбнасць: хтосьці пашкадуе, суседка прыглядзіць за дзіцём, з кімсьці можна добра па душах паразмаўляць, а разам з іншымі – нейкай творчасцю займацца. Цяпер жа часта мужчына, жанчына і маленькае дзіця замкнёныя ў маленькай клетачцы гарадской кватэры. Таму, атрымліваецца, мы шукаем закрыцця псіхалагічных патрэбнасцяў у адносінах з партнёрам. Нам трэба патрымка, адчуваць сябе любімымі, адчуваць павагу і бяспеку побач з гэтым чалавекам.

«І культура знаёмства таксама змянілася. Цяпер не так важна, колькі чалавек будзе зарабляць і колькі ў яго кватэр, таму што большая частка людзей можа самастойна сябе ўсім гэтым забяспечыць. Нам важна, які гэта чалавек, ці можам мы з ім паразмаўляць пра штосьці, што ён адчувае, ці можам мы з ім падзяліць свае каштоўнасці, хобі і цікавасці», – тлумачыць псіхолаг.

Універсальная паспяховая стратэгія для пошука партнёра

Мы разабраліся, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца людзі, калі пачынаюць пошукі партнёра. Але напэўна ж ёсць спосабы, як зрабіць гэты працэс прасцей і эфектыўней. І хутчэй за ўсё, праграмы для знаёмстваў былі прыдуманы акурат для таго, каб знайсці пару было лягчэй. Мы запыталіся ў Марыны, ці існуюць нейкія даследванні ці статыстыка, якія б паказалі, ці сапраўды больш паспяхова атрымлівалася пабудаваць шчаслівыя стасункі дзякуючы Tinder і падобным праграмам. На жаль, Марына не валодае такой інфармацыяй, але адзначае, што сярод яе пацыентаў шмат адносінаў пачаліся праз інтэрнэт і праграмы для знаёмстваў.

«На мой погляд у іх ёсць свае плюсы і свае мінусы. Плюс у тым, што можна сядзець дома, нікуды не хадзіць, але абмеркаваць нейкія важныя моманты: каштоўнасці, якія адносіны шукае іншы чалавек і зразумець, ці ёсць пра што размаўляць, ці падыходзім мы адзін аднаму. З’явілася магчымасць для знаёмстваў у інтравертаў і тых, хто не любіць адразу доўга размаўляць з малазнаёмымі людзьмі. Ёсць магчымасць пісаць свае паведамленні ў зручны час і падумаць перад адказам.

Вялікі мінус у тым, што немагчыма адразу адчуць іншага чалаваека, як пры асабістай сустрэчы. Адчуць яго вайб і агулам, ці камфортна знаходзіцца з гэтым чалавекам побач», – адзначае экспертка.

Пры гэтым Марына ўпэўненая, што ёсць адзін універсальны спосаб, які дапаможа паспяхова пабудаваць шчаслівыя стасункі няважна, праз Tinder яны былі распачатыя, або не:

«Людзі чакаюць ад псіхолагаў нейкія складаныя мадэлі, што рабіць і як жыць, каб было правільна. Насамрэч усё проста. Трэба размаўляць праз рот. Казаць пра свае жаданні праз рот. Казаць, што не падабаецца праз рот. І дамаўляцца. Не чакаць, што нехта здагаецца, чаго я сёння хачу. Ніхто не разумее, як вам падабаецца жыць і як вам хочацца, каб да вас ставіліся. Калі вам некамфортна, пра гэта трэба сказаць. І не проста сказаць, што вам некамфортна, а яшчэ сказаць, што рабіць, каб было камфортна. Гэта трэба казаць з першых хвілін. Іншы чалавек будзе гатовы пайсці насустрач і штосьці зрабіць для адносін, якія для яго сапраўды важныя».

Падсумоўваючы ўсё, што было сказана вышэй, дзелімся парадамі ад псіхолага для тых, хто шукае каханне і шчаслівыя стасункі.

Па-першае, у любых адносінах працуе правіла «браць-даваць». Падумайце, што бы вы хацелі ўзяць ад свайго партнёра. Таксама паразважайце, што вы можаце даць свайму парнёру. Чаму хтосьці можа захацець праводзіць час з вамі, чым вы зацікавіце і зможаце зачапіць.

Па-другое, прапішыце пяць каштоўнасцяў, якія для вас важныя ў адносінах з іншых чалавекам. Гэта варта зрабіць, каб зразумець, чым людзі, якія вам падыйдуць, могуць цікавіцца. Пачніце наведваць месцы, дзе такія людзі могуць бавіць вольны час.

І апошняе – давярайце сабе. Запытайце сябе, добра вам з гэтым чалавекам ці не.

Мы на самой справе ўлюбляемся не ў чалавека, а ў свой стан побач з гэтым чалавекам. Таму абавязкова трэба сустракацца ўжывую, каб адчуць, як вы сябе адчуваеце побач з ім. Якія вашыя рысы і ўласцівасці падсвечвае і адлюстроўвае гэты чалавек. Якія добрыя часткі вас пачынаюць праяўляцца ў кантакце з гэтым чалавекам. І калі вы адчуваеце сябе класна, вам добра, то варта такія адносіны працягваць, нават калі яны прадоўжацца адзін ці два дні. Калі вы будзеце шчаслівымі ў гэтыя дні – так таму і быць.

Поделитесь:

Читайте также: