Як набыць домік у вёсцы за адну базавую? Разбіраемся, што трэба ўлічваць, дзе шукаць участак і як зрабіць усё правільна

Можна доўга разважаць пра тое, чаму сярод беларусаў стала модна набываць хаты ў вёсках. Напэўна, у кожнага чалавека будуць свае асабістыя гісторыі пра даўншыфцінг – поўны ці частковы. Але не заўважыць павышаную цікавасць да пражывання ў сельскай мясцовасці немагчыма. Пра гэта сведчыць у тым ліку і з’яўленне такога праекта як Vёska Life, які дзейнічае як інфармацыйная пляцоўка для пошуку занядбаных дамоў і абмена досведам тых, хто ўжо набыў сваю хату і займаецца яе аднаўленнем.

Дарэчы, узімку «Моцныя Навіны» ўжо закраналі гэтую тэму і пагутарылі з трыма героямі пра тое, як жывецца ў вёсцы ў халады. Гэта вельмі цёплыя і натхняльныя гісторыі, і калі вы іх прапусцілі, раім пачытаць.

Сёння ж мы хочам закрануць не рамантычны, а практычны бок набыцця пустога і закінутага доміка па максімальна нізкім кошце – за адну базавую велічыню. Мы пакрокава прайшлі па кожным этапе гэтага працэса, а таксама звярнуліся да рыелтара і высветлілі ўсе нюансы набыцця, каб займець свой куточак у маляўнічым месцы без галаўнога болю і непрыемных сюрпрызаў.

Крок 1: вывучаем кадастравую мапу і Адзіны рэестр маёмасці

Сайт рэестра парадваў сваёй зручнасцю ў выкарыстанні. Ужо адразу пры ўваходзе ў якасці госця на партал вы можаце ўбачыць агульную статыстыку па пустых хатах у краіне. Тут жа адразу бачна дату апошняга аднаўлення дадзеных.

Усяго ў Беларусі на момант гэтай публікацыі прадаецца 317 дамоў за адну базавую велічыню.

Статыстыкі па асобных вобласцях няма, але дзякуючы фільтрам пры пошуку, мы хутка выявілі, якая сітуацыя цяпер на Гомельшчыне:

46 хаты прадаецца (сярэдні пачатковы кошт па Гомельшчыне складае 474,38 рубля);

36 дамоў можна купіць за 1 базавую велічыню.

Выглядае няблага. Мы праглядзелі домікі, якія падыходзяць пад наш запыт. Усе нашыя патрабаванні ўводзяцца ў фільтр пошука, што вельмі аблягчае пошук:

  • дом;
  • Гомельская вобласць (можна звузіць пошук да канкрэтнага раёна);
  • для продажу;
  • за 1 базавую.

Далей можна выбраць са спіса дом і даведацца пра яго ўсе падрабязнасці. А іх аб’ём, трэба прызнаць, прыемна здзіўляе: ёсць фота, дадзеныя па плошчы дома і ўчастка, кантакты выканкама, адрас на мапе, апісанне гаспадарчых пабудоў і гэтак далей. Нават не выязджаючы на месца, можна атрымаць вельмі шмат карыснай інфармацыі пра дом.

Яшчэ адзін добры варыянт для пошуку – праз кадастравую мапу, на якую нядаўна дадалі слой з закінутымі дамамі. Выглядае гэта вось так:

Пры націсканні на канкрэтны домік, вы атрымліваеце ўсю інфармацыю пра яго і спасылку на яго старонку ў рэестры для далейшага вывучэння. Праўда, праз мапу немагчыма адфільтраваць домікі на продаж без аўкцыёну ці за адну базавую, там бачна ўсе пустыя дамы, але ў картцы з кароткай інфармацыйная даведкай злева адразу бачна, на аўкцыёне домік ці не.

Крок 2: шукаем домік мары

Мы праглядзелі варыянты домікаў за адну базавую і дзелімся самымі прывабнымі, на наш погляд.

1. Вёска Лісцвін вядомая з 1512 года з багатай гісторыяй. Цяпер тут пражывае 135 жыхароў. 6 кіламетраў ад Хойнікаў і чыгуначнай станцыі, 109 кіламетраў – ад Гомеля. Багата гаспадарчых пабудоў. Невялікі працэнт зносу і даволі вялікая плошча дома. Ёсць веранда, летняя кухня, тры хлявы, пограб і калодзеж.
Месцазнаходжанне: Хойніцкі раён, вёска Лісцвін, вуліца 1 Мая, 85
Плошча: 62 м2
Знос: 44%
Кошт: 40 рублёў без аўкцыёна
Плошча ўчастка: 0,25 га

2. Вёска ў 49 кіламетрах ад Рагачова і чыгуначнай станцыі, 110 кіламетраў ад Гомеля. Самы вялікі па плошчы дом і самы малады. Побач рака Гутлянка. У вёсцы жыве 257 чалавек.
Месцазнаходжанне: Рагачоўскі раён, вёска Старая Алешня, вуліца Савецкая, 49
Плошча: 84 м2
Знос: невядомы, але дом цагляны 1991 года пабудовы
Кошт: 37 рублёў без аўкцыёна
Плошча ўчастка: 0,25 га

3. Самы аддалены варыянт. Пражывае ўсяго 38 чалавек. У дома невялікі працэнт зносу і шмат гаспадарчых пабудоў. Ёсць веранда, тры хлявы, адзін з іх з пограбам і калодзеж.
Месцазнаходжанне: Хойніцкі раён, вёска Навасёлкі, вуліца Перамогі, 181
Плошча: 50,4 м2
Знос: 42%
Кошт: 40 рублёў без аўкцыёна
Плошча ўчастка: 0,25 га

4. Найбліжэйшы варыянт да Гомеля – 35 кіламетраў. 4 кіламетры да станцыі Краўцоўка. Побач рака Быкаўка. 887 жыхароў. Дом з найменшым працэнтам зносу сярод усіх дамоў.
Месцазнаходжанне: Гомельскі раён,вёска Маркавічы, вуліца Кастрычніцкая, 39
Плошча: 41,2 м2
Знос: 40%
Кошт: 37 рублёў без аўкцыёна
Плошча ўчастка: 0,221 га

5. Самы прыгожы на наш погляд варыянт з шыкоўнымі ліштвамі. Побач лес. У 53 кіламетрах ад Светлагорска, 13 кіламетраў да чыгуначнай станцыі Мошны. 135 жыхароў. Участак невялікі, але ёсць гараж і хлеў.
Месцазнаходжанне: Светлагорскі раён, вёска Коўчыцы-2, вуліца Марыі Калпаковай, 60  
Плошча: 61,6 м2
Знос: невядомы
Кошт: 37 рублёў без аўкцыёна
Плошча ўчастка: 0,08 га

Гэта прыклады дамоў, якія прадаюцца цяпер па кошце адной базавай. Але калі вам ужо спадабаўся нейкі дом і здаецца, што ён ні каму не належыць, трэба звярнуцца ў выканкам. Калі ён ужо прызнаны пустым, трэба чакаць аўкцыён. Адсочваць правядзенне аўкцыёнаў можна на сайце Дзяржкамітэта па маёмасці – gki.gov.by.

А калі хата не прызнаная пустой, можна напісаць заяву аб гэтым. Праўда, на гэта можа спатрэбіцца ад шасці месяцаў да года.

Крок 3: што трэба ведаць пра набыццё хаты за адну базавую

Для набыцця пустога жылога дома ў вёсцы неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт таго раёна або горада, у якім жадаючы хацеў бы набыць нерухомасць.

«Моцныя Навіны» звярнуліся да рыелтара Алега Вальштэйна, каб высветліць, што яшчэ важна ведаць перад набыццём таннай нерухомасці.

Адзін з важных момантаў, на якія варта звярнуць увагу – працэнт зносу хаты. Так, на сайце рэестра сапраўды пазначаныя лічбы ў большасці выпадкаў, але што яны значаць?

«Пры зносе да 20% дома спатрэбіцца невялікі рамонт. Знос ад 21% да 40% значыць, што асноўныя канструктыўныя элементы можна эксплуатаваць і стан дома здавальняючы, але патрабуецца капітальны рамонт. Пры ступені зносу ад 41% да 60% стан лічыцца нездавальняючым. Гэта значыць, што пражыванне немагчыма без правядзення значнага капітальнага рамонту. У выпадку, калі ў дома знос больш за 61%, ён адносіцца да катэгорыі састарэлага і непрыдатнага для эксплуатацыі жылля», – тлумачыць Алег.

Калі паглядзець на варыянты па кошце за адну базавую, якія выбралі мы, атрымліваецца, што ва ўсіх гэтых дамах патрэбны капітальны рамонт. З’яўляецца адпаведнае пытанне, што лепш – набыць дом у аварыйным стане з участкам, знесці і пабудаваць на яго месцы новы, або ўсё ж укладвацца ў рамонт?

«Знос дома і будаўніцтва на яго месцы новага – гэта ў першую чаргу дастаткова сур’ёзная бюракратычная працэдура. У выканкаме заўжды можна атрымаць алгарытм дзеянняў. У некаторых выпадках знос – гэта сур’ёзныя выдаткі. Але улічваючы практычна бясплатнае атрыманне зямельнага ўчастка пры параўнанні з новым будаўніцтвам тое на тое і выходзіць», – кажа рыелтар.

Таксама важна разумець, што 40 рублёў за набыццё дома – гэта не ўсё, што трэба будзе аплаціць.

«Пасля правядзення аўкцыёну вам, хутчэй за ўсё, давядзецца аплаціць рэкламу, якая спатрэбілася для правядзення аўкцыёну і, магчыма, іншыя спадарожныя выдаткі. У пратаколе можа быць указаны тэрмін зносу дома, звярніце на гэта ўвагу. Калі вы не ўкладзецеся ў тэрміны, то выканкам зробіць гэта сам, але выставіць вам рахунак. Часцей за ўсё гэта даражэй, чым рабіць самому. Для будаўніцтва дома абавязкова спатрэбіцца праект. Кошт праекту можа быць розным у залежнасці ад таго, будзе ён тыповым ці арыгінальным, але яго можна зрабіць і самому – гэта нескладана», – падсумоўвае спецыяліст.

Акрамя таго, у дома можа быць доўг за электрычнасць, газ і гэтак далей. Ці будзе гэта ўскладзена на новага ўласніка, нідзе не ўрэгулявана.

Што тычыцца тэрмінаў уводу дома ў эксплуатацыю, у новага ўладальніка і ў першым выпадку, і ў другім будзе аднолькавая колькасць часу, калі іншае не пазначана ў пратаколе аўкцыёну. Прыступіць да прац трэба на працягу года, а ўвесці ў эксплуатацыю – за тры гады. Калі чалавек не ўкладваецца ў тэрмін, то пры наяўнасці ўважлівых прычын, якія пацвярджаюць дакументы, яго могуць падоўжыць на два гады ці закансерваваць на тры гады. Для ўводу ў эксплуатацыю неабходна ўзвесці скрынку, усталяваць сцены, перагародкі і падвесці камунікацыі.

Яшчэ адно пытанне, якое нас зацікавіла – ці ёсць у рэестры інфармацыя пра радыяцыйнае забруджванне тэрыторыі, дзе месціцца дом. На гэта Алег лаканічна адказаў, што у рэестры не будзе інфармацыі аб радыеактыўным заражэнні, а яе высвятленне ляжыць на тых, хто збіраецца набываць хату.

Падсумоўваючы ўсё, што ў нас атрымалася высветліць, хочацца яшчэ раз звярнуць увагу на некаторыя моманты. Сапраўды, дзякуючы свабоднаму доступу да Адзінага рэестра маёмасці і кадастравай мапе, можна седзячы дома за камп’ютарам, лёгка і хутка прыглядзець сабе некалькі варыянтаў. Інфармацыя пра пустыя хаткі даволі поўная і ўсеабдымная. Як бачна з нашых прыкладаў, за адну базавую можна знайсці не самыя разбураныя дамы. Але набыццё такой маёмасці – толькі першы крок. Самае цікавае пачынаецца ўжо пасля і ў любым выпадку будзе патрабаваць ад новых уласнікаў доміка ў вёсцы сур’ёзных укладанняў.

Поделитесь:

Читайте также: