Акторамі сталі і бібліятэкар, і трэнер па каратэ. А вы ведалі, што ў «Мебельным Квартале» месціцца гомельскі самадзейны тэатр?

Выспа творчасці і тэатральнага мастацтва месціцца ў гандлёвым цэнтры «Мебельный Квартал». Тут тэатр «Зелёный дом в Квартале» «прапісаўся» 2 гады таму і займеў залу на 80 месцаў. Такі камерны ўтульны фармат стваральнікі лічыць сваёй разынкай і надалей плануюць існаваць у такім выглядзе. «Моцныя Навіны» завіталі на адну з імпрэз «Зелёнага дома» і пагутарылі з яго «жыхарамі».

Мы трапілі на даволі нестандартную і ўнікальную імпрэзу, якая называецца Чыталка і ў такім выглядзе як сёння яна наўрад ці яшчэ паўторыцца. Але перад тым, як пазнаёміць вас з гэтым цікавым фарматам, спачатку пару слоў пра саму ініцыятыву і людзей, якія яе трымаюць на плаву.

«Зелёный дом в Квартале» – гэта самадзейны тэатр. І, па словах дырэктара Яўгена Куліцкага, толькі ён паглыблены ў працу з тэатрам на 100%, усе астатнія вядуць, можна сказаць, «двайное жыццё». Акторы ў сваім звычайным жыцці маюць іншыя прафесіі: хтосьці працуе ў бібліятэцы, хтосьці на прадпрыемстве, хтосьці ў банку, ёсць прафесійны трэнер па каратэ.

Нягледзячы на тое, што тэатр самадзейны, Яўген лічыць узровень выканаўчага майстэрства, рэжысуры і агулам падыхода да справы тут дастатакова сур’ёзным. Каб далучыцца да творчай каманды «Зелёного дома» аднаго толькі жадання будзе недастаткова, прыйдзецца прайсці праслухоўванне і прадэманстраваць свае здольнасці.

«Кастынг у нас заўсёды прысутнічае. Нельга проста прыйсці і сказаць «Я хачу граць», трэба паказаць пэўныя здольнасці. І працавітасць таксама. Трэба старацца, каб паказаць вынік: займацца, знаходзіць час на рэпетыцыі, бо яго на гэта можа сыходзіць вельмі шмат. Трэба мець «божую іскру» ў сабе, а мы ўжо пастараемся яе развіць», – кажа Яўген.

Практычна ва ўсіх актораў «Зелёного дома в Квартале» ўжо ёсць той ці іншы сцэнічны, тэатральны ці кінематаграфічны досвед. Хтосьці і цяпер грае ў іншых калектывах, займаецца сваімі творчымі праектамі, але знаходзіць час для ўдзелу ў пастаноўках і імпрэзах тут.

У складзе людзі ад 13-ці да 60-ці, сярэдні ўзрост крыху вышэй за 40 гадоў. Ва ўсіх ёсць свая асноўная праца, але «Зелёному дому» аддаецца ільвіная доля вольнага часу, і гэта, мабыць, асноўнае адрозненне ад акадэмічнага тэатра: яны не прафесіяналы, але вельмі захопленыя тэатрам, якому аддаюць энергію, час і свае здольнасці не за грошы, а за ідэю. Часам прыцягваюцца і прафесійныя акторы да ўдзелу ў пастаноўках.

Крыху менш за тры гады таму пачаў фарміравацца касцяк складу зеленадомаўцаў, а потым сюды паступова прыходзілі новыя ўдзельнікі. Хтосьці застаўся, хтосьці са шкадаваннем развітаўся, змяніўшы месца жыхарства (і нават краіну). Але большасць актораў, што сюды прыходзяць, становяцца часткай «Зелёного дома» назаўжды, нават калі па нейкіх прычынах іх усіх не атрымоўваецца задзейнічаць у актуальных праектах.

У рэпертуары можна знайсці як сусветную класіку, так і творы мясцовых аўтараў. Да слова, сваёй візітнай карткай тэатр лічыць спектакль гомельскага драматурга і акторкі Ульяны Міхальцовай «Коктейль желаний».

Гэтая містычная драма ў двух дзеяннях – доўгажыхар сярод пастановак. Пакуль гэта самы доўгі і вялікі па складзе ўдзельнікаў спектакль. Ён складаецца з шэрагу эпізодаў, аб’яднаных адной ідэяй і месцам дзеяння (у бары).

«У нас змяняліся і змест некаторых гісторый, і іх паслядоўнасць, і склад удзельнікаў. Мне самой давялося пабыць і наведвальніцай, і бармэнам, і зноў вярнуцца на ролю наведвальніцы. Таму за высемнаццаць паказаў гэтага спектакля ў нас амаль не было абсалютна поўных паўтораў. Гэта кожны раз крыху новая гісторыя, але зразумелая і вядомая, якая закранае найважнейшыя пытанні жыцця і дазваляе знайсці адказы ў самім сабе. Мусіць, у гэтым і складаецца сакрэт поспеху нашага спектакля», – расказвае аўтарка п’есы Ульяна.

Цяпер тэатр актыўна працуе над тым, каб пашырыць рэпертуар і дзіцячымі казкамі, і спектаклямі для дарослых. Ёсць інтэрактыўная казка для самых маленькіх «Лунный кот» і такія незвычайныя фарматы, як Чыталка. Вось акурат на яе мы і завіталі.

Першапачаткова акторы сустракаліся кожны чацвер, выбіралі аўтара і чыталі ягоныя апавяданні. Потым сустрэчы пачалі праходзіць раз на месяц, пачалі браць не толькі празаікаў, але і паэтаў ці нейкую пэўную тэму. У праекта заўсёды ёсць куратар, які аб’яўляе тэму, арганізуе ўдзельнікаў. Удзельнікі самі могуць выбраць тэкст аўтара або ўзяць нешта са спіса, прапанаванага куратарам. У Чыталкі за час яе існавання было шмат куратараў, цяпер гэты праект курыруе Ульяна Міхальцова. І з яе лёгкай рукі Чыталка стала тэатралізаванай.

«Зараз гэты фармат у нас эксперыментальны. Мы спрабуем розныя варыянты. Спачатку чыталі адну п’есу адным складам. Так паспяхова яе тэатралізавалі, што потым на абмеркаванні прагучала думка, што гэта смела можна рабіць спектаклем, чым мы і заняліся. 27 красавіка ў нас прэм’ера.

У другую сустрэчу мы чыталі адну п’есу пяццю складамі ўдзельніц: пачынала адна пара гераінь, потым яе змяняла іншая, затым тую трэцяя і гэтак далей», – тлумачыць Ульяна.

«Моцныя Навіны» завіталі на Чыталку, дзе чыталі паслядоўна дзве п’есы – таксама некалькімі складамі і таксама тэатралізуючы. Для чытання другой п’есы нават прыцягнулі музыку Арцёма Смірнова, які і маленькую ролю грае, і грае на піяніна, таму што там музыка за сцяной – асноўны персанаж п’есы.

«А вось у траўні я планую строгую простую чытку за сталом, без тэатралізацыі, але з магчымасцю наўздагад абраць п’есу для чыткі непасрэдна ў пачатку сустрэчы, бо падрыхтоўка тэатралізаванай версіі займае вельмі шмат часу.

Удзельнічаць можа амаль любы ахвочы. Кажу «амаль», бо я папярэдне сустракаюся з людзьмі, слухаю іх і размяркоўваю, каму якую ролю даручыць, з кім у партнёры аб’яднаць, каб людзі падыходзілі адзін аднаму. І рэпетырую з імі, зразумела.

А гледачом і ўдзельнікам абмеркавання можа стаць зусім любы зацікаўлены. Звычайна спярша людзі прыходзяць да нас гледачамі, а потым становяцца ўдзельнікамі, а нехта, магчыма, стане ў нас акторамі тэатра ў далейшым», – выказвае спадзеў куратарка.

Па яе словах, такая форма Чыталкі дазваляе ўбачыць акторскі патэнцыял і крыху прыадчыніць яго. А яшчэ гэты фармат цудоўны тым, што там не толькі чытаюць і граюць, але і абмяркоўваюць потым убачанае і пачутае.

На наш погляд, гэта файны спосаб для гледачоў дакрануцца да мастацтва крыху глыбей, чым звычайна, зазірнуўшы непасрэдна туды, дзе нараджаецца творчасць. Пагадзіцеся, такая раскоша, дасяжная далёка не ў кожным тэатры, да якога мы звыклі. І, безумоўна, радуе, што ў Гомелі існуе такое ўтульнае месца, якое аб’ядноўвае аматараў тэатра і мастацтва, знітоўвае творцаў, выканаўцаў і гледачоў. Зычым «Зелёному дому» натхнення і творчых поспехаў!

Поделитесь:

Читайте также: