Як змяніўся Гомель за апошнія пяць гадоў? «Моцныя Навіны» зрабілі падборку самых важных змен у горадзе
Па меркаваннях нашых чытачоў, больш за ўсё гараджане радуюцца новым дзіцячым і спартыўным пляцоўкам, якія з’явіліся ў розных раёнах аблцэнтра апошнім часам. Некаторыя вось-вось адчыняцца з нагоды Дня горада. Мы сабралі ўсе значныя, на наш погляд, абнаўленні ў Гомелі ад рэканструкцыі старых мастоў да новых кафэ і магазінаў на месцы закінутых заводаў з 2019 года. Спадзяемся, горад і далей будзе змяняцца ў лепшы бок.
Чыгуначны раён палепшыў інфраструктуру каля вакзала
12 жніўня 2020 года у Гомелі на месцы былога прывакзальнага рынка адчыніўся гандлёвы цэнтр «Бульвар». Сам рынак, які ў народзе называлі «пятачок», не знік цалкам: гандлёвыя рады перанеслі ў 2018 годзе бліжэй да аўтавакзала, дзе раней месціўся блашыны рынак.
У 2022 годзе ў раёне правялі маштабную рэканструкцыю Сельмашаўскага пуцеправода. Гэта самы працяглы ў Гомелі пуцеправод даўжынёй у 559 метраў. Яго пабудавалі ў 1976 годзе і за 46 гадоў ні разу капітальна не рамантавалі. На правядзенне капрамонту з абласнога бюджэту было выдаткавана каля 14 мільёнаў рублёў.
Цэнтральны раён атрымаў і згубіў McDonald’s, а таксама абнавіў плошчу Паўстання
Адно з яскравых падзей у жыцці гамяльчан апошніх пяці гадоў стала адкрыццё першага ў Гомелі рэстарана McDonald’s 2 лістапада 2019 года. Гэтага чакалі доўга – пакуль вяліся размовы аб адкрыцці, у Гомелі змянілася прыкладна чатыры старшыні гарвыканкама. З «кропкай» пад McDonald’s вызначыліся яшчэ ў 2017-м – на месцы бясплатнай паркоўкі побач з універмагам. Захавалася забаўнае фота з будоўлі. Калі яна пачалася, з паркоўкі не забралі дзве машыны. Іх уладальнікаў шукалі ўсім светам і ледзь знайшлі – аднаго ў Расіі, другога – ва Украіне.
Інвестыцыі ў адкрыццё гомельскага рэстарана тады склалі 6 мільёнаў рублёў. А амаль роўна праз тры гады, як мы памятаем, першы і адзіны гомельскі «мак» сышоў з рынка, як і ўся сетка ў краіне. Пасля рэарганізацыі тут планавалася сетка «Вкусно – и точка», а цяпер Mak.by.
У 2020 годзе ў краіне шырока абмяркоўвалі ўстаноўку ў Гомелі 60-метровага флагштока за амаль 1,5 мільёна рублёў. Ён месціцца на плошчы Леніна і на 10 метраў ніжэйшы за сталічны.
Знайсці дакладную інфармацыю пра тапрум Sozhski Hub пры піваварні Sozhski Beer аказалася не так проста, але мы знайшлі. У 2021-м на месцы цэхаў занядбанага гомельскага сударамонтна-судабуданічага завода, які закрыўся ў 2012 годзе, актыўна будавалася вялікая піваварня. У верасні 2021-га пры ёй без вялікага размаху адчынілі бар, які цяпер з’яўляецца адным з самых папулярных тусовачных месцаў горада. Тут ладзяцца фестываль крафтавага піва і іншыя тэматычныя івенты.
1 чэрвеня 2024 года скончылася рэканструкцыя плошчы Паўстання. Тут стала ў два разы меней парковачных месцаў, з’явілася асвятленне ў тратуарнай плітцы і клумба каля адрэстаўраванага танка Т-34. Таксама паставілі новыя лаўкі, Алею Зорак, высадзілі чырвоныя клёны. Да кампазіцыі плошчы дадалі і новы помнік – «Дрэва жыцця».
Сёлета ў гараджан з’явіўся новы пляж на Абкомаўскім возеры. Гэтае месца і раней карысталася папулярнасцю сярод гамяльчан. У 2018 годзе тут спачатку адкрылі платны пляж «Бора-Бора», а ў 2024 годзе бераг побач абсталявалі належным чынам, выраўнялі дно і афіцыйна дазволілі купацца ўсім ахвочым.
У Навабеліцкім раёне знайшлі прымяненне былым завадскім цэхам
У верасні 2020 года на месцы старога цэха завода ювелірных вырабаў «Крышталь» пачаў працаваць гандлёва-забаўляльны цэнтр «КРИСТАLL». Былыя завадскія памяшканні і далі назву новаму аб’екту. Акрамя магазінаў вядомых брэндаў, тут таксама адчыніўся першы ў Гомелі рэстаран KFC.
Значнай падзеяй для жыхароў Навабеліцкага раёна стала адкрыцццё Навабеліцкага пуцеправода ў лістападзе 2023 года пасля рэканструкцыі. Пуцеправод пабудовы 1973 года рамантавалі крыху больш за чатыры месяцы пасля 50 гадоў эксплуатацыі. А вытрацілі на яго 11,6 мільёна рублёў з абласнога бюджэта.
У Савецкім раёне адбываліся самыя маштабныя змены
У 2020 годзе на месцы былога Быхаўскага рынка адкрылі Green. Рынак спецыяльна знеслі пад будаўніцтва супермаркета «Алми», але лёс склаўся так, што на расчышчаных тэрыторыях пасля зносу ў 2014 годзе так і не пачалі нічога будаваць. Так працягвалася да 2019 года, калі забудоўваць пляцоўкі пачаў іншы ўласнік.
Рэкардсменам па даўжыні ўвядзення ў эксплуатацыю можна назваць «пракляты» будынак гандлёвага цэнтра ZARKO. З ім змагаліся больш за цвэрць стагоддзя. А адчыніць тут гандлёвы аб’ект хацелі яшчэ да распаду СССР. Спачатку доўга шукалі інвестара. У 2014 годзе будоўля была скончана на 98%, але былы ўладальнік абанкруціўся. Пачаліся доўгія судовыя працэсы, якія цягнуліся ажно да 2020 года.
У 2022-м знеслі стары будынак басейна «Дэльфін» 1969 года пабудовы. Яшчэ ў 2015-м яго прызналі аварыйным. Спачатку «Дэльфін» хацелі рэканструіраваць, але гэта аказалася занадта дорага, а ў бюджэце лішніх грошай не знайшлося. Да зносу ён стаяў занядбаным і служыў фотазонай для гомельскіх сталкераў. Пасля зносу на месцы будынка з’явілася шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка. А новы басейн пабудавалі недалёка на вуліцы Валгаградскай.
У 2023 годзе таксама знеслі яшчэ адзін небяспечны недабудаваны будынак каля Абласной бальніцы. Канструкцыю пачалі ўзводзіць у 1992 годзе, гэта павінен быў быць лячэбна-дыягнастычны цэнтр. Але будоўлю запусцілі. У 2010 годзе яго планавалі дабудаваць і зрабіць інтэрнат кватэрнага тыпу для медработнікаў, аднак ідэя так і засталася нерэалізаванай. Яшчэ праз некалькі гадоў эксперты прызналі канструкцыю непрыдатнай для далейшай эксплуатацыі і прыйшлі да высновы, што яе лепш знесці. Цяпер на яго месцы стаянка для аўтамабіляў.
У тым жа годзе ў Гомелі з’явіліся новы пляж і воркаўт-пляцоўка ў самым маладым мікрараёне горада «Шведская горка».
Яшчэ адной важнай падзеяй 2023 года стала адкрыццё прамой дарогі паміж Шведскай горкай і Любенскім мікрараёнам. Яе пачалі будаваць яшчэ ў 2008-м.
Хутка ў Гомелі з’явіцца яшчэ адзін буйны гандлёвы цэнтр, а дакладней – будаўнічы гіпермаркет, на месцы былых цэхаў завода гандлёвага абсталявання. Прадпрыемства яшчэ ў 2010 годзе пераехала на іншую вытворчую пляцоўку, а будынкі ля транспартнага кальца прадалі. Інвестар знайшоўся ў 2021 годзе, і вось праект ужо на фінішнай стадыі.
Здаецца, прайшло ўсяго пяць гадоў, а ў Гомелі змянілася не так і мала. Цікава, якім будзе наш горад яшчэ праз гадоў дзесяць?