Перапрацоўка нейрасеткай? Гомельскі мастак заўважыў на цішотках Mark Formelle прынты, вельмі падобныя да яго ілюстрацый
У рэдакцыю «Моцных Навін» звярнуўся мастак, які працуе пад псеўданімам Senkai Yami. Хлопец намаляваў серыю ілюстрацый для выдання калоды карт Таро Arcane Limbus у 2019 годзе. Па словах мастака, аўтарства малюнкаў было зафіксавана ў дамове з выдаўцом – менавіта выдавецтва валодае правам на камерцыйнае выкарыстанне. Нядаўна гамяльчанін заўважыў, што на маркетплэйсе Ozon, а потым і на сайце крамы Mark Formelle у раздзеле калекцыйных цішотак прадаецца экзэмпляр пад назвай Reflection. Прынт на спіне ў выглядзе чатырох карт таро вельмі нагадвае дызайн, які хлопец распрацоўваў раней.