«Я прайшла польскую мяжу». Пасажырка аўтобуса «Варшава-Гомель» расказала, як дабіралася дадому на выходных
Ведаеце гэты мем – «я прайшла афганскую вайну»? Нешта падобнае хочацца сказаць, калі апісваеш сітуацыю з чэргамі на мяжы Польшчы і Беларусі напярэдадні Радаўніцы. А доўгачаканае паведамленне блізкім пасля апошняга пагранічнага шлагбаўма «я прайшла польскую мяжу» – дакладна можа стаць новым беларускім мемам. Суразмоўца «Моцных Навін» адправілася ў кароткае падарожжа ў Варшаву і назад у самы калапс – напярэдадні святочных выходных – і падзялілася сваімі ўражаннямі.
Пашанцавала – у бок Польшчы прыйшлося чакаць усяго толькі 11 гадзін
Ксеніі пашчасціла – квіток на аўтобус у Варшаву яна купіла на 23 красавіка на вечар. На той момант чарга з аўтобусаў у бок Польшчы на памежным пункце Брэст-Тэрэспаль скаладала ўсяго 18 машын.
«Калі мы пад’ехалі да мяжы, кіроўца адразу аб’явіў, што аўтобусаў ужо сабралася нямала, таму калі нехта хоча перайсці ў іншы аўтобус наперадзе, трэба адразу папярэдзіць», – успамінае дзяўчына.
Яе аўтобус стаў у чаргу апоўначы. Чалавек 10-15 адразу падняліся са сваіх месцаў і пайшлі правяраць абстаноўку.
Першую гадзіну людзі палілі цыгарэты і абмяркоўвалі кошты квіткоў: перасесці наперад каштуе 40-50 еўра. Трое жанчын адразу забралі валізкі і пакацілі іх наперад. Потым яшчэ адна жанчына з двума дзецьмі разбудзіла сваіх сонных хлопчыкаў і сышла.
Астатнія пасажыры засталіся чакаць – пад вокнамі ўвесь час сноўдалі нейкія людзі туды-сюды. Большасць, у тым ліку і наша суразмоўца, драмалі.
Пашпартны кантроль беларускімі пагранічнікамі пачаўся амаль а 6:00. Варшаўскі мост аўтобус праехаў а 9:30. Раніца была сонечная, паветра пачынала награвацца і ў аўтобусе хутка стала даволі душна. Некаторыя пасажыры разміналіся на траве каля аўтобуса альбо проста размаўлялі.
У 11:00 Ксенія прайшла польскі пашпартны кантроль. І як вызначылася пазней, 11 гадзін чакання на мяжы – гэта сапраўды «пашанцавала».
Дарога назад апынулася цікавей, бо гомельскі аўтобус не паспеў даехаць да Варшавы з Беларусі
Квіткі на аўтобус Варшава-Гомель на вечар суботы 26 красавіка былі даступныя на 19:00 і 19:30. У Ксеніі быў квіток на 19:30.
«На аўтавакзал Варшава Заходняя я прыехала ў 19:28, у апошні момант. Хутка знайшла патрэбную платформу, але аўтобус падаўся дзіўным – на ім не было шыльды “Варшава-Гомель”. І хаця каля машыны было шмат людзей, усе багажныя адсекі ўжо былі зачыненыя», – дзеліцца дзяўчына.
Яна ўдакладніла ў натоўпа людзей, ці гэта сапраўды аўтобус «на Гомель». Ёй сказалі, што так. На ўваходзе ў салон чамусьці сабраліся людзі і куплялі квіткі ў жанчыны ўнутры – проста на месцы.
«Я паказала ёй свой квіток. Яна чамусьці засмуцілася і запыталася, дзе я яго купіла. Я адказала, што ў Мінску, месца нумар 5. Тады яна патлумачыла, што гэты аўтобус – падстаўны. І хаця маё імя было ў спісе пасажыраў, месцы ў аўтобусе ўжо скончыліся», – узгадвае Ксенія.
Але хвалявацца не прыйшлося – праблему вырашылі ў тую ж секунду. Нашую гераіню пасадзілі на «адкідушку» каля кіроўцы – гэта звычайна месца для гіда, які ў мікрафон дае пуцявую інфармацыю падчас экскурсіі. А вось для валізкі месца ў багажным адсеку не знайшлося – ехаў з дзяўчынай побач у салоне.
Ужо выехаўшы з аўтавакзала па размовах цікаўных пасажыраў з палякам-кіроўцам сталі вядомыя падрабязнасці сітуацыі.
Аказалася, што рэйсавы гомельскі аўтобус з Беларусі да Варшавы ўсё яшчэ не даехаў. Ні на 19:00, ні на 19:30. Таму вырашылі дзейнічаць нестандартна: з Бялы Падляскі ў Варшаву прыгналі старэнькі турыстычны аўтобусік, які звычайна развозіць мясцовых дзяцей на нейкія спаборніцтвы ці паездкі. У гэты аўтобус загрузілі і тых, хто планаваў выехаць а 19, і тых, хто на паўгадзіны пазней.
Далей па плане на гэтым аўтобусе пасажыраў павінны былі перавезці праз мяжу, а ў Брэсце – перасадзіць на той, што ўжо павязе да Гомеля.
Перад уездам у Тэрэспаль кіроўцу-паляка замяніў яго беларускі калега, які збіраўся выехаць у гэты дзень дадому ў Брэст на рэйсавым аўтобусе, але яго папрасілі застацца, каб перавезці праз мяжу пасажыраў рэйса «Варшава-Гомель».
Абмяркоўвалі кантрабанду і дзяліліся лайфхакамі, як хутчэй прайсці мяжу
А 23:00 аўтобус нарэшце даехаў да Тэрэспаля. На гэты момант чарга з аўтобусаў у бок Польшчы складала ўжо 60 машын.
«Свежы кіроўца сказаў нам, што наш аўтобус гомельскі, напэўна, дзесьці там у чарзе яшчэ і стаіць. На ўезд у Беларусь чаргі не было, перад намі быў толькі адзін аўтобус», – успамінае вандроўніца.
Папаліўшы і размяўшыся пасля дарогі з Варшавы, пасажыры пачалі забаўляць сябе размовамі з кіроўцам пра мяжу. Шмат абмяркоўвалі кантрабанду: гучныя выпадкі са схаванымі ў аўтобусе змеямі і нядаўні кейс з машынай, у абшыўцы якой схавалі паўтоны выбухоўкі.
Дзяліліся таксама і лайфхакамі, як хутчэй і выгадней прайсці мяжу – прыехаць на цягніку да Брэста, а пасля пешшу дайсці да бліжэйшага вольнага аўтобуса ў чарзе і на месцы купіць квіток.
Кіроўца са свайго досведу расказваў, яе праходзіць чаканне мяжы для іх. Калі пасажыры маюць магчымасць перайсці ў аўтобус наперадзе, каб паскорыцца, то кіроўцы ж сваю машыну кінуць не могуць. Але яны могуць сысці ў гасцініцу ў Брэсце, каб адаспацца, пакуль спецыяльныя людзі-«штурхачы» ў чарзе перасоўваюць іх аўтобусы наперад. Такая паслуга каштуе 40 рублёў.
Чакаць на мяжы ў бок Беларусі прыйшлося таксама доўга, але ўсё ж менш. Прыкладна а 1:00 Ксенія прайшла польскі пагранічны кантроль, а 7:00 – беларускі. Усяго вышла 8 гадзін.
На выездзе з мяжы чарга з аўтобусаў у бок Польшчы выглядала эпічна. На момант выезду пагранічны камітэт абнавіў лічбы да 110 машын у чарзе. Хвост калоны аўтобусаў расцягнуўся ажно да Брэсцкай крэпасці.
У Брэсце, як і планавалася, пасажыры пераселі на больш камфортны і вялікі аўтобус і нарэшце пакацілі з ветрыкам у Гомель.
Чэргі на мяжы заканамерна назіраюцца на беларуска-польскай мяжы кожны год на святы і выходныя. Мінулы рэкорд, дарэчы, зафіксавалі ў ноч з 27 на 28 кастрычніка 2024 года. Тады колькасць аўтамабіляў дасягнула 1470, а аўтобусаў на раніцу 28 кастрычніка – 113 штук. Сёлета лічбы ўражваюць яшчэ больш – 27 красавіка, па даных Пагранічнага камітэта, у чарзе стаялі 1865 легкавых аўтамабіляў і 110 аўтобусаў.