«Не бачыла ніводнага смажанага сабаку». Беларуска расказала «Моцным Навінам», як адпачыла ў В’етнаме
В’етнам апошнім часам стаў папулярным турыстычным напрамкам сярод беларусаў. Пагадненне аб узаемнай адмене віз Беларусь і В’етнам падпісалі яшчэ ў снежні 2023 года. А ў студзені 2026-га Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі заявіў, што гэтая краіна стала адным з хітоў сезона: першыя чартары на востраў Фукуок аказаліся звышпаспяховымі. Акрамя Фукуоку беларусам у сакавіку стаў таксама даступны рэгулярны авіярэйс Belavia з Мінска ў Нячанг (аэрапорт Камрань) – гэта самы далёкі рэйс авіякампаніі. А на май Belavia планавала першы палёт з Мінска на модны курорт у Данангу, аднак па арганізацыйных прычынах яшчэ ў красавіку рэйсы адмянілі. «Моцныя Навіны» пагутарылі з Надзеяй, якая акурат адпачывала у Данангу, і даведаліся пра самыя цікавыя нюансы побыту там.
Як дабрацца ў Дананг?
Адразу папярэдзім, Надзея – не тыповая турыстка з турам «усё ўключана». У беларускі ёсць сваякі, якія пераехалі жыць у В’етнам, таму ў дзяўчыны была магчымасць паглядзець на краіну знутры і больш паглыбіцца ў яе.
«У В’етнам па працы пераехаў мой брат з сям’ёй 2,5 гады таму, яны жывуць у цэнтральнай частцы краіны ў Данангу. Дананг размешчаны на моры, гэта адзін з найбольшых гарадоў, горад-мільённік. Сваякі яго не выбіралі, там змяшчаўся офіс кампаніі, дзе працаваў брат, прапанавалі з аддаленкі перайсці ў офіс, вырашылі паспрабаваць.

За гэты час я была ў В’етнаме двойчы па месяцы, восенню ў 2024-м і ўвесну гэтага года. У 2024-м яшчэ можна было беларусам знаходзіцца ў В’етнаме без візы 45 дзён, а пасля новых дамоўленасцей – 30 дзён», – тлумачыць Надзея.
Дзяўчына прызнаецца, што дабірацца было цяжка. Каб даляцець да Данангу, спатрэбіцца 3 пералёты – гэта каля сутак у дарозе. Першы раз беларуска лятала па маршруце «Мінск – Масква – Ганконг – Дананг», другі – «Мінск – Пекін – Ганконг – Дананг».
«Праз Пекін спадабалася больш, бо ёсць транзітная зона, нашмат хутчэй праходзіш кантроль у аэрапорце. Ніякай блытаніны, усё аператыўна. Канечне, прамым рэйсам дабірацца было б нашмат прасцей», – расказвае суразмоўца.
«А колькі каштуе такі пералёт?» – пытаемся мы.
«700-1000 долараў у адзін бок. З багажом, канечне».
«Нічога сабе, як у Японію!»
«Да Японіі там ужо блізка. Апошні раз мне брат сказаў, што я магла ў Мінску зрабіць візу і адтуль у Японію ірвануць, але я не думала, што я буду цалкам вольная».
«Думала, што ўся краіна ў рысавых палетках і джунглях…»
Ці ёсць у вас хоць якое ўяўленне пра В’етнам? Напэўна кожны з нас, узгадваючы заняткі па геаграфіі ў школе, уявіць рысавыя плантацыі. Магчыма, нехта прыгадае, што гэта краіна, дзе ядуць сабак. Прыкладна такія ж асацыяцыі былі і ў нашай гераіні.
«Думала, што ўся краіна ў рысавых палетках і джунглях, і гэта краіна трэцяга свету. Але зараз В’етнам развіваецца. Так, наступствы вайны яшчэ адчуваюцца. Вада тут дрэнная, ваду з-пад крана нельга піць, нават у бутэльках бывае горкай на смак. Людзі ўсё яшчэ пакутуюць ад распыленага агента “оранж”, як мы ад Чарнобыльскай катастрофы. У лясах нельга збочваць са сцежак, бо там могуць быць неразарваныя міны і гранаты з часоў вайны, у цэнтральным рэгіёне гэта асабліва актуальна. Але ў горадзе ёсць патрэбнае для жыцця, ёсць сучаснае жыллё, сервісы дастаўкі і таксі, шмат кафэ на любы густ і што важна для беларусаў – цёплае мора! Пляж у Данангу мае доўгую берагавую лінію і дробны пясочак», – разбівае стэрэатыпы Надзея.

Беларуска лічыць, што мора – гэта цалкам крута, нават калі вы не аматар купацца. Можна прыехаць раніцай і паназіраць, што злавілі рыбакі, шукаць ракавінкі і каралы, дыхаць салёным паветрам ці зрабіць як мясцовыя: закапацца ў пясок і атрымліваць асалоду ад новага дня. А калі раптам засумуеце ў Данангу, дык не так далёка ад яго змешчаны парк у гарах Ба На Хілс (там той самы мост з гіганцкімі рукамі, што яго трымаюць), старажытныя гарады Хойан і Хюэ, руіны Мішон і, канечне, гара малпаў са статуяй багіні міласэрнасці і агляднай кропкай, адкуль адкрываецца шыкоўны краявід.
Родзічы дзяўчыны жывуць у нетурыстычным раёне Дананга, далекавата ад папулярнага пляжа, але з краявідам на раку і найдаўжэйшы мост горада. Блізка іншая марская набярэжная – заліў Дананга, куды ў асноўным ездзяць адпачываць мясцовыя жыхары.
Вядома, мы запыталіся, што найбольш за ўсё здзівіла і ўразіла падчас паездак. Надзея прызналася, што яна ўвогуле да гэтых падарожжаў не была ў Азіі. Таму шмат рэчаў дасюль падаюцца ёй нязвыклымі.

Напрыклад, у в’етнамцаў незвычайны распарадак дня. Яны вельмі рана прачынаюцца – у 4:00 ужо на набярэжнай робяць зарадку, бегаюць, таньчаць. Удзень спяць, а ўвечары сядзяць у піўных. Звычайна там у асноўным мужчыны, але ў любы дзень да 23:00 у барах шмат наведвальнікаў.
«Не змагла палюбіць тое, што тратуар – гэта частка дарогі, паркоўка для байкаў, прастора для гандлю, для кафэ, для чаго заўгодна, але не для пешаходаў. Што на вуліцы заўжды шумна, усе байкі і машыны пастаянна бібікаюць, а святлафор – рэдкасць, ды і яго наяўнасць не азначае, што кіроўца будзе вас прапускаць пры адпаведным сігнале. Апроч таго, што тратуар заняты столікамі і байкамі, увечары трэба глядзець пад ногі, каб не наступіць на пацука ці бутэльку ад піва – у рэстаранах в’етнамцы прывыклі піць піва скрынямі і кідаць смецце пад стол», – расказвае беларуска.
Колькасць пацукоў тлумачыцца асаблівасцю мясцовых вераванняў. Па словах нашай гераіні, у Данангу каля 30 каталіцкіх касцёлаў, шмат буддысцкіх храмаў, але большасць в’етнамцаў шануе культ продкаў і духаў памерлых. Таму на вуліцах можна ўбачыць шмат алтароў з кветкамі, садавіной і іншай ежай, якімі і харчуюцца грызуны. Алтары ёсць у большасці крамаў, гатэлях, ля дрэваў на вуліцы, у рэстаранах і сервісах. Радуе тут толькі адно – пацукі неагрэсіўныя.
Яшчэ адно цікавае назіранне – як жывуць звычайныя людзі. В’етнам, нагадаем, камуністычная дзяржава. У асноўным ў в’етнамцаў вузкія двух-трохпавярховыя дамкі, дзе на першым паверсе які-небудзь бізнэс. Большасць людзей мае кафэ з адной-дзвюма стравамі ў меню альбо маленькую краму. Таксама гэта можа быць кропка, што аказвае паслугі масажа, цырульні, рамонту, рамесніцтва і іншае.

«У дробных кавярнях, калі прайсці ўглыб у прыбіральню, ты трапляеш у іх уласную прыбіральню, дзе вісяць рэчы, змешчаны душ. Дарэчы, паўсюль есць душ для падмывання, але не паўсюль туалетная папера. Калі на першым паверсе няма бізнэса, тады там месціцца драўляная канапа і тэлевізар, вентылятары. Дзверы адчыненыя, бо горача, увечары ўся сям’я збіраецца і сядзіць на падлозе альбо канапе, есць локшыны і глядзіць тэлебачанне. Вентылятары тут усюды, а ў тых, хто багацей, – кандыцыянеры. На вуліцы вельмі горача і дужа вільготна. Гэта было самае першае ўражанне, калі ў верасні выходзіш з аэрапорта, як у лазню. Тэлефон паказваў +37 градусаў, а па адчуваннях +43, вільготнасць пад 90%», – успамінае Надзея.
Якая небяспека можа чакаць у В’етнаме
Мы ўжо закранулі тэму ваенных мін у джунглях, бруднай вады, дарожнай абстаноўкі і пацукоў на тратурах. Даведаліся таксама, ці трэба неяк спецыяльна рыхтавацца да паездкі і што яшчэ можа быць небяспечным у В’етнаме.
Наконт прышчэпак Надзея выказалася так – не рабіла, бо рашэнне аб паездцы прымалася хутка, не было сэнсу ставіць.
«З важнага трэба ведаць, якія насякомыя небяспечныя. Прусакі лятаюць, але не кусаюцца, камары кусаюцца, але рэдка. І ёсць яшчэ тамкаты. Тамкат – драпежнік, які есць паразітаў на рысе, яго не цікавіць чалавек, але прываблівае святло. А ягоная гемалімфа атрутная, можна параўнаць з сокам баршчавіка. Дык вось небяспека ў тым, што можна рэфлектыўна раздушыць яго на сабе, і тады ад раздаўленага жука на скуры з’явяцца апёкі, якія доўга зажываюць. Тамкаты запаўзалі да нас у кватэру некалькі разоў, альбо мы прыносілі іх з вуліцы, і калі заўважалі, акуратна здымалі іх пры дапамозе паперы і выкідалі», – тлумачыць дзяўчына.

Але і гэта яшчэ не самае экстрэмальнае. Сапраўдным «трэшачком» Надзея назвала жаночыя пракладкі з ментолам:
«Кажуць, прызвычаіцца можна. І, магчыма, яны розныя, бо я першую спрабавала тамака, і яна была нічога, нямоцная, ды і пры спёцы не так адчувалася. А потым тут у Беларусі паспрабавала і не зайшло – вытрымала 5 хвілін. Жонка брата мяне адразу папярэдзіла, каб мы не куплялі, бо яна не ведала, і ў яе ўсё гарэла».
Што спратрэбіцца для камфортнага знаходжання
Каб спакойна арыентавацца ў горадзе, Надзея раіць афармляць сімкартку ў офісе Viettel. Каштуе яна прыкладна за 7 долараў на месяц – толькі інтэрнэт, 6 гігабайтаў у дзень.
Таксі можна выклікаць, усталяваўшы праграму Grab альбо Xanh SM. Беларуска карысталася толькі першым варыянтам, картка «Прыёрбанка» прывязалася, і аплата праходзіла заўсёды. Можна выклікаць машыну, але танней рухацца на байку – тады паездкі ў краму ці на пляж абыходзяцца ў долар-два, але добрым тонам лічыцца даць чаявыя, бо кіроўцы байкаў зарабляюць вельмі мала. На аўто таксама нядорага, асабліва, калі ехаць удвух ці кампаніяй. Да таго ж Надзея адзначае камфорт, цішыню і прахалоду ў салоне. Мясцовыя таксісты амаль ніколі не ўключаюць музыку.
У прадуктовых крамах Winmart+ і GO! працавала картка «Альфабанка» ў беларускіх рублях, ёю ж атрымалася скарыстацца ў краме канцылярыі, H&M і некаторых кавярнях. Ва ўсіх астатніх месцах даводзіцца карыстацца наяўнымі – у большасці кафэ, на рынках, у дробных крамах, музеях.
Мяняць грошы Надзея раіць у ювелірных крамах. Прыблізны курс: 1 долар – да 26 000 донгаў, можна зноў адчуць сябе мільянерам.

«Шукала сабакаў, але ніводнага разу не бачыла смажанага…»
Ну і на канец закранем самую смачную тэму. Можна ўявіць, колькі экзатычных страваў ёсць магчымасць пакаштаваць у далёкай азіяцкай краіне. Але не ўсё можа спадабацца.

«Я не надта імкнуся каштаваць усё экзатычнае, бо маю слабы страўнік, але ў першы ж дзень выпадкова набыла марозіва з дурыянам. Якая дрэнь! У нас цяпер ёсць марозіва са смакам “беларускага драніка”, але там прысмак сушанай цыбулі з плоскіх чыпсаў. Дурыян жа, на маю думку, чыста зялёная цыбуля і на смак, і па водары. Каштавала пазней і сухі, і свежы – меркаванне не змянілася. Я не люблю цыбулю, то і дурыян туды ж», – падзялілася нашая гераіня.

Што да іншых экзатычных пладоў, на думку Надзеі яны збольшага вельмі салодкія і не маюць выражанага смаку. Затое ў В’етнаме вельмі смачныя і сакавітыя ананасы, прыемныя салодкія трошкі вяжучыя маленькія бананы, смачны драганфрут у ягоны сезон (падобны на салодкі вараны бурак і ківі), лічы і мангасцін. І, вядома, манга.
«На вуліцы шмат дзе стаяць цялежкі, дзе можна ўзяць свежавыціснуты сок. Мне падабалася браць манга-маракуйя за 1 долар ці апельсінавы. Трысняговы сок таксама неблагі. Праз тое, што на вуліцы горача, добра заходзіць кава з ільдом, гарачая сустракаецца радзей. Чорнай гарбаты няма амаль нідзе, а меню кавы і фруктовай гарбаты дужа шырокае. Мая любімая кава – з яйкам і салёная. Яйка ўзбіваецца са згушчанкай ў салодкі крэм і наліваецца паверх кавы, а салёная – мае знізу слой фільтр кавы, а зверху – узбітыя вяршкі з соллю. Любая кава каштуе ад 0,5 да 3 долараў», – дае рэкамендацыі Надзея і дадае, што часта ў кафэшках смачней за заказаны напой аказвалася бясплатная і безлімітная зялёная гарбата, што стаіць у вялікіх чайніках альбо тэрмасах – проста зялёная, альбо з лотасам ці язмінам.
З ежы беларуска каштавала традыцыйныя супы, локшыны, бліны ў фрыцюры (бань сео), нэмы, краба і крэветак, асьміногаў, іншыя дробныя ракавінкі, суп фо бо і фо га. Любімая вулічная ежа – сэндвіч у багеце бань мі. Традыцыйна ў разрэзаны малы багет кладуць пашцет і розную вяндліну, зеляніну, а пасля падсушваюць багет у грылі. Надзея звяртае ўвагу, што калі не любіце вострае, трэба прасіць нявостры. Морапрадукты ўсюды вострыя, а вось са шматлікімі астатнімі стравамі чылі падаецца асобна.

«Я ўпарта шукала сабакаў, але так ніводнага разу і не бачыла смажанага. Аднак ведаю, што іх яшчэ гатуюць, мае сваякі бачылі. З мяснога тут звычайнай стравай лічацца смажаныя жабкі. Я пакаштавала – нармальна, сапраўды як курыца, але апроч ног есці там няма чаго, хрыбет з дробных костак, мяса амаль няма. Ідзе як адна з закусак пад піва. Да чаго я не змагла прывыкнуць, дык гэта да салодкай каўбасы і іншых мясных страваў. В’етнамцам падабаецца спалучэнне цукра з мясам, а вось садавіну часта ядуць з соллю», – падсумоўвае дзяўчына.
Надзея дакладна рэкамендуе адкрыць для сябе такі азіяцкі горад, як Дананг. Ён не такі вялізны, як сталіца Ханой. Дананг – горад мастоў. Наяўнасць шырокай ракі Хан дадае жывапіснасці, увечары прыемна прайсціся па нябярэжнай ці схадзіць паглядзець на шоў на мосце Цмока. Ёсць музеі, прыгожыя кавярні з бетона і металу, ёсць нетурыстычныя рынкі, дзе можна знайсці літаральна ўсё, недарагія масажныя салоны. В’етнамцы дужа ветлівыя і прыязныя людзі, вітаюцца на вуліцы, усміхаюцца, спрабуюць дапамагчы, узровень злачыннасці ў горадзе нізкі.
