Skip to main content
17.11.2023

«Кінуў універсітэт і не шкадую, а сваякі засмучаныя дасюль». Дзелімся гісторыямі беларусаў, якія адмовіліся ад вышэйшай адукацыі

Хтосьці святкуе Дзень студэнта, збіраецца з былымі аднагрупнікамі ўспомніць старыя часы, узгадаць смешныя выпадкі на экзаменах ці першыя п’яныя тусоўкі са смакам дарослага і амаль самастойнага жыцця. Але ёсць і тыя, каго настальгія па студэнцтве не накрывае, бо лёс склаўся зусім іначай.

«Моцныя Навіны» пагутарылі з тымі, хто кінуў вучобу ва ўніверсітэце і не шкадуе пра свой выбар, руйнуючы ўшчэнт стэрэатып пра тое, што каб быць шчаслівым і паспяховым, трэба абавязкова займець корачку аб вышэйшай адукацыі.

Дзіяна, адлічылася сёлета з 4 курса БелДУТа, каб працаваць візажысткай і менеджэркай TikTok-акаўнта

«Я паступіла на інжынера-электрыка, думаю, як і многія, па дурасці, а дакладней – ад няведання. На першым курсе я ўжо разумела, што гэта не маё, але чаго ж ужо было адлічвацца.

На другім курсе ў маім жыцці здарыўся макіяж! Я захапілася сферай візажу, завяла б’юці блог і пачала здымаць відэа.

На трэцім курсе я прайшла базавы курс візажыста і зразумела, што хачу развівацца ў гэтым напрамку. Пачала шмат працаваць пасля ўнівера, бясплатна збіраць дзяўчынак.

І на чацвёртым курсе я канчаткова вырашыла, што хачу працаваць візажысткай, а не ставіцца да гэтага як да хобі. Стала самазанятай і працавала паралельна з вучобай, вяла TikTok-акаўнт. У выніку я забрала дакументы, бо працаваць па спецыяльнасці не хацела.

Цяпер я візажыстка – і не шкадую, што сышла. Гэта сапраўдны бізнэс. Але мне не хапае ведаў у сферы эканомікі. Таму свядома вырашыла паступіць на эканамічны завочна. Паралельна з гэтым мне прапанавалі працу: вядзенне TikTok-акаўнта. Так што цяпер я і візажыстка, і менеджэрка».

Арцём, кінуў БДУІР і ГДТУ імені Сухога, пераехаў у Эстонію

«У мяне сярэдне-спецыяльная адукацыя тэхніка-праграміста. Кінуў універсітэт па гэтай жа спецыяльнасці, ні кроплі не шкадую. Працую ў IT 7 гадоў, ужо 2 гады жыву ў Эстоніі, дыплом ні разу так ніхто і не спытаў.

Наогул, калі казаць шчыра, то я кінуў універсітэт двойчы. Сам я са Светлагорску, у Гомель паступіў у 2009 годзе ў Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж. Спачатку жыў ў інтэрнаце, потым пераехаў на кватэру. Скончыў каледж у 2013 годзе і тады ж паступіў у БДУІР на дыстанцыйнае навучанне на факультэт інфармацыйных тэхналогій.

Паступіў, бо практычна ўсе сваякі дзяўблі мозг, што трэба. Але, як паказала жыццё, гэта “трэба” было не мне. Тады я гэтага не зразумеў.

Забраў дакументы ў першым жа семестры, бо хоць навучанне і было дыстанцыйнае, але жыў я і працаваў у Гомелі. Матацца ў Мінск нават на кароткі перыяд было вельмі накладна. Бракавала матывацыі, праца таксама час і сілы адбірала. А працаваў я тады на “Мілкавіце” праграмістам 1С.

Час ішоў, але сваякі, у прыватнасці мама, якая працуе педагогам у школе, не сунімалася і ўвесь час паўтарала, што я абавязаны атрымаць вышэйшую адукацыю, бо нядобра са сярэдне-спецыяльнай хадзіць. Зарплата на “Мілкавіце” ў мяне была мізэрная – 300 рублёў (2014-2016 гады). Выжываў, літаральна.

А на прадпрыемстве, пры наяўнасці вышэйшай адукацыі, заробак падымаўся. Калі паступіць на завочнае платнае (скарочанае навучанне на 4 гады) у ГДТУ імя Сухога, мой заробак вырас бы на цэлых 50 рублёў!

А тым часам я праходзіў вонкавы трэнінг у EPAM і спаміў ва ўсе мясцовыя IT кампаніі сваім рэзюмэ. У 2016 годзе мяне ўзялі на пасаду тэсціроўшчыка-аўтаматызатара ў Інтэрвейл, дзе заробак аўтаматычна падвышаўся ў 3 разы.

Але мама тады вельмі баялася, што мяне падманваюць і прапаноўвала адпрацаваць 20 гадоў на “Мілкавіце”, каб там у выніку заробак дарос да прымальнага. Я не жартую. І па яе настаўленнях пазней я ўсё ж паступіў у Сухога на завочнае.

Вядома, калі некаторы час ужо працуеш у IT кампаніі, вучыцца на гэтую ж спецыяльнасць ва ўніверы крыху дзіўна. Асабліва, калі выкладчык на пары тупа чытае тэорыю з метадычкі, капіруе адтуль праграмны код, які не запускаецца, і не можа зразумець, у чым справа…

Так-сяк я дайшоў да трэцяга курса, і тут адбылося некалькі лёсавызначальных падзей: я перайшоў у іншую кампанію, і ў мяне нарадзіўся сын. У новай кампаніі плацілі ў разы больш, але і працы было таксама нямала. У сына было тры станы: ён есць, ён спіць, ён крычыць. Часцей за ўсё ён любіў крычаць. Адпаведна, мы з жонкай хадзілі ўвесь час проста маральна выціснутыя.

Ва ўніверсітэце ў мяне сэсія і курсавая, а паралельна праца. То бок раніцай, каля 8 гадзін, я сыходжу на працу, пасля я бягу ва ўніверсітэт і бліжэй да 10 вечара прыходжу дадому. А што дома? Забітая маральна жонка і дзіцё, якое ўвесь час гарлапаніць.

У выкладчыка ва ўніверсітэце не было прэтэнзій да праграмнай часткі маёй курсавой, але ён адвёў душу на афармленні дакументацыі. Выглядала гэта так: я прыношу яму курсавую на 25 лістоў А4, ён іх прагортвае, не чытаючы, і асадкай адзначае недахопы – водступ павялічыць, абзац паправіць, палі знізу на 5 міліметраў ніжэй. Пакрэмзаў, я выправіў, пабег перадрукаваць. Прыношу выпраўлены варыянт. Ён пачынае крэмзаць зноў. І так адбывалася яшчэ некалькі разоў.

І вось тады я падумаў: “У мяне ўжо ёсць праца па гэтай спецыяльнасці, якая добра аплочваецца. Майму працадаўцу пляваць, ці ёсць у мяне вышэйшая адукацыя, і заробак ад гэтага не залежыць. У мяне дома ў проста ў мяса стомленая жонка з немаўлём”.

Што я тут раблю а 10-й вечара ва ўніверсітэце? Перадрукоўваю паперкі, якія ўсё роўна пайдуць у топку? Гэта сапраўды так важна?

Я пажадаў выкладчыку поспеху ў жыцці і праз некалькі дзён забраў дакументы.

Два гады таму мяне запрасілі працаваць на тую ж пасаду ў Талін, і я пагадзіўся. За ўвесь час, пакуль я ў IT, і пры рэлакацыі ў Эстонію, у мяне ні разу не спыталі дыплом агулам, не кажучы ўжо пра дыплом аб вышэйшай адукацыі.

А сваякі тады былі вельмі засмучаныя, што я кінуў».

Вера, кінула БДЭУ пасля паўгода навучання, а цяпер – сузаснавальніца самай вялікай ў Беларусі прасторы лакальных брэндаў WE ARE і стваральніца брэнда MIA

«Я паступіла пасля школы ў 2010 годзе ў БДЭУ на спецыяльнасць “псіхалогія рэкламы”. Яна была новай і незвычайнай, а я марыла вывучаць уплыў рэкламы на людзей.

Правучылася паўгода. Дакументы забрала сама, бо рэчаіснасць не апраўдала чаканняў. Было нецікава, нудна. Я разумела, што не хачу правесці ў такіх буднях пяць гадоў свайго жыцця. Бацькі і асабліва бабуля прасілі скончыць. Але рашэнне маё было цвёрдым – я ведала, што хачу сваю справу, а дыплом не адыграе ролі ў маёй кар’еры і агулам у жыцці.

Некалькі гадоў я працавала кансультантам і адміністратарам. І неўзабаве пачала шлях да свайго брэнду.

Пра дыплом за гэтыя трынаццаць гадоў мяне не спыталі ні разу. Пра адукацыю даводзіцца ўказваць толькі ў дакументах у школе ў дзяцей (у мяне тры сыны). Я ганаруся тым, што выбрала свой шлях замест пяці гадоў універсітэта. Але заўсёды вучуся таму, у чым адчуваю запатрабаванне і ў тых, хто мне падабаецца. Купляю кансультацыі або курсы. Вучылася так стылізацыі, маркетынгу, эканоміцы.

Я паважаю тых, хто мае вышэйшую адукацыю і з’яўляецца добрым спецыялістам у сваёй сферы. Кожнаму сваё! Універсітэт не для ўсіх».

Алег, мае свой бізнэс, дзе ўсе супрацоўнікі з вышэйшай адукацыяй акрамя яго

«Ва ўніверсітэце я вучыўся ў канцы 90-х – самым пачатку 00-х. Адвучыўся паўтара курса – пасля трэцяй сесіі мяне там убачылі толькі ў дзень, калі прыйшоў забіраць дакументы. Гэта, напэўна, гісторыя пра юнацкі максімалізм, амбіцыі, прынцыповасць, можа, псіхолагі тут яшчэ нешта знойдуць.

Да паступлення я скончыў адну з найлепшых школ Гомеля і на той момант – краіны. Многія прадметы, якія былі патрэбныя для паступлення, вывучаліся паглыблена. Напрыклад, англійскай я займаўся дванаццаць гадзін у тыдзень. У выніку паступіў я з самым высокім балам на патоку.

Праз англійскую мову ўсё і адбылося. Ва ўніверы яе выкладалі па тых дапаможніках, якія я ўлёгкую прайшоў яшчэ ў 10 класе. І вось на другім курсе, у самым пачатку першага семестра, я падышоў да выкладчыцы замежнай мовы і растлумачыў сітуацыю. Я сказаў, што магу хоць зараз здаць іспыт па любым пытанні без падрыхтоўкі і не бачу сэнсу хадзіць на ўсе лекцыі і практычныя заняткі, бо гэта марнаванне часу, які можна выкарыстаць, напрыклад, на больш паглыбленае вывучэнне тэм для курсавой.

Прапанаваў напісаць заяву ці неяк вусна дамовіцца. Мусіць, такой фармальнай працэдуры не існавала, і выкладчыца адказала мне, што магу не хадзіць, але тады адзнаку на іспыце атрымаю на два балы ніжэй. Нагадаю, што тады была 5-бальная сістэма.

У выніку на занятках я не з’яўляўся, прыйшоў проста на іспыт, зрабіў роўна ўсё так, як абяцаў – выцягнуў білет і без падрыхтоўкі выдатна  адказаў, на “пяць”. Але і выкладчыца зрабіла тое, што абяцала – паставіла “тры”. Пасля гэтага мяне ва ўніверсітэце і не бачылі.

Не магу сказаць, што я пакрыўдзіўся. Праблема была ў тым, што я хоць разумеў, што мяне папярэджвалі, зусім не мог прыняць абуральную несправядлівасць і скажэнне рэчаінасці. Людзі, якія ў шмат разоў горш за мяне ведалі прадмет, атрымлівалі “пяць”, а я – “тры”. Гэта за межамі здаровага сэнсу і рацыянальнасці. Я разумеў, што маладая выкладчыца такім чынам самасцвярджаецца і “напрацоўвае аўтарытэт”.

Адначасова я разумеў, што ніяк не магу гэтую скрыўленую рэчаіснасць выправіць. Больш высокія адзнакі атрымаюць тыя, хто будзе больш падабацца “начальству” (выкладчыкам), ці лепш знаходзіць з імі агульную мову, ці лепш выконваць іх патрабаванні, а веды – пытанне другаснае. І я разумеў, што я ў такой парадыгме існаваць не магу.

Прайшло вельмі шмат гадоў, вышэйшай адукацыі я так і не атрымаў, але я болей і не спрабаваў. Ні хвіліны не працаваў ні ў адной дзяржаўнай ўстанове. Спачатку ўладкоўваўся ў прыватных працадаўцаў, потым займаўся бізнесам самастойна.

Цяпер я таксама ў бізнэсе, у мяне працуе каля дваццаці супрацоўнікаў у чатырох гарадах. Усе яны маюць вышэйшую адукацыю, а я – не.

Гэта не Бог ведае што, але ў маім жыцці мяне ўсё задавальняе, і я ні пра што не шкадую. Атрымаў бясспрэчную і грандыёзную перавагу: па сутнасці, збегшы з універсітэта, я застаўся самім сабой».

Гэтыя гісторыі наводзяць на думку, што кожны з нас унікальны, далёка не ўсе падыходзяць пад стандартную схему адукацыі – і гэта нармальна. У цяперашні час ёсць усе магчымасці, каб атрымаць неабходныя веды для далейшага жыцця і працы ў той сферы, у якой ты сапраўды зможаш рэалізавацца і адчуваць сябе на сваім месцы.

Дарэчы, сярод сусветна вядомых людзей таксама нямала прыкладаў тых, хто не атрымаў вышэйшай адукацыі: Біл Гейтс, Джорджыа Армані, Квенцін Таранціна, Стыў Джобс, Опра Ўінфры, Генры Форд і шмат іншых. Напэўна, свет шмат бы згубіў, калі кожны з іх засяродзіўся на атрыманні ступені бакалаўра, а не на тым, што іх сапраўды цікавіла.


Читайте также:

Новое на сайте: