Skip to main content
17.05.2024

Палеская магія ў дзеянні. «Моцныя Навіны» завіталі на ўнікальны старажытны абрад, які павышае нараджальнасць у краіне

У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ўжо больш за 500 гадоў ладзяць Юраўскі карагод – абрад, які скіраваны на прадаўжэнне жыцця (добры ўраджай, прыплод у жывёлы і з’яўленне дзяцей у сям’і). Тое, што на нашай зямлі ён захаваўся і дайшоў да нашых дзён – гэта сапраўдны цуд. Прапануем вам акунуцца ў атмасферу і ўбачыць, як гэта было.

Раніца 6 мая ў вёсцы Пагост – асаблівая. У гэты дзень тут традыцыйна шырока і ўрачыста святкуюць Юр’я. Свята прысвечана святому Георгію-пераможцу – заступніку свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысціянскія часы ён пераняў рысы і функцыі язычніцкага бога Ярылы.

Сёлета свята з’яўляецца часткай мясцовага фестывалю «Карагоднае кола». Пачаўся фэст акурат з веснавога абрада Юраўскі карагод, дзеля якога прыехалі сюды і мы. Гэты абрад унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Рэч у тым, што вёска Пагост сёння лічыцца паміраючай. Хаця тут усё яшчэ пражывае нямала людзей, моладзь з’язджае, большасць жыве як дачнікі. Але ў святы месца па-сапраўднаму ажывае на радасць мясцовым старажылам.

Мы прыехалі ў Пагост крыху раней за пачатак абрада. Каля сельскага клуба-бібліятэкі ўжо паставілі і аздобілі сцэну, намёты з ежай і напоямі, стол з сувенірамі. Сярод кошыкаў, упрыгожванняў і цацак мы заўважылі адмысловы святочны мерч – маленькія грабелькі з фартушкамі зялёнага і чырвонага колераў – сімвал Юраўскага карагода, магніты і бірулькі з ручной вышыўкай крыжыкам.

На дарозе побач з асноўнай святочнай пляцоўкай пачалі збірацца машыны і аўтобусы з удзельнікамі фестываля, журналістамі, аматарамі этнаграфіі і проста турыстамі. Адзін з удзельнікаў адзначыў, што летась было машын пяць, але гэтым годам цікавасці куды больш.

Традыцыйна Юраўскі карагод пачынаўся першым выганам кароў на пашу. З ім было звязана шмат рытуальных дзеянняў. Цяпер жа ў Пагосце няма ніводнай каровы, таму гэтая частка абрада не выконваецца.

Да слова, вясной да кароў у старажытнасці вадзілі карва – так на Тураўшчыне называюць прыручанага дзікага быка тура. Жывёла вымерла ў 1627 годзе. Лічыцца, што на яго змену прыйшоў сімвалічны «рагаты» пшанічны хлеб. У Пагосце яго называюць «карагод». З яго выпякання і пачынаецца сучасны абрад.

Калі мы прыехалі ў Пагост, сталыя жанчыны аздаблялі святочны хлеб у клубе ралцамі – дзевяццю галінкамі пладовых дрэў з трыма разгалінаваннямі. Галінкі ўпрыгожылі цестам, квітнеючай зелянінай і папяровымі разнакаляровымі кветкамі са стужкамі. Лічба дзевяць невыпадковая, кажуць, яна звязаная з дзевяццю месяцамі цяжарнасці каровы і жанчыны.

Адначасова ў іншым кутку плялі вянкі з барвінка. Гэта таксама важны атрыбут – вянкі надзявалі незамужнім дзяўчынам і дзяўчынкам, якія дасягнулі ўзроставай спеласці і маглі далучыцца да жаночага карагода. Пасля першага ўдзелу ў карагодзе дзяўчынкі павінны былі насіць фартушкі – як абярэг жаночага лона. Агулам, галоўныя ўдзельнікі і захавальнікі гэтага абрада – уласна жанчыны. Але і для мужчын была адведзеная важная роля. Самаму паважанаму жыхару вёскі ўручылі ікону. Зухаватым маладым хлопцам – калядную зорку і граблі, з павязаным на імі зялёным фартухом. І яшчэ аднаму мужчыне – святочны хлеб-карагод.

Калі ўсіх важных герояў і атрыбуты абрада ўпрыгожылі, пачалося шэсце. Перад ім для гасцей крыху растлумачылі, што ўласна будзе адбывацца. Першымі ў карагодзе ішлі дзяўчаты з ручніком. Гэта сімвалічныя «царскія вароты», праз якія ў ключавых кропках трэба было праходзіць усім удзельнікам карагода.

Да слова, для СМІ арганізатары фестывалю падрыхтавалі адмысловыя буклеты і этычны кодэкс, дзе падрабязна патлумачаныя ўсе аспекты і падзеі абрада. Напрыклад, падчас шэсця праз вёску на поле ніхто не спявае. На само поле дапускаюцца толькі зарэгістраваныя ўдзельнікі. Цікава таксама, што на фестываль запрасілі фальклорны гурт з Вялікага Ноўгарада, але пры правядзенні рытуалаў на полі звярнулі ўвагу, што там да карагода могуць далучыцца толькі тутэйшыя.

Перад рытуалам на полі зрабілі невялікую паўзу, каб госці маглі завітаць у царкву нападалёк і пазнаёміцца з мясцовай святыняй – каменным цудадзейным крыжам. Памятаеце гісторыю пра каменныя крыжы з Кіева, якія нібыта прыплылі па Прыпяці ў Тураў супраць плыні? Мясцовыя кажуць, што самы першы прыстаў у Пагосце, а таму ён і самы моцны па сваёй цудадзейнай сіле.

На полі адбывалася самая галоўная частка абрада. Жанчыны зрабілі вялікі карагод, у цэнтры якога стаялі мужчыны з іконай, зоркай, граблямі і хлебам. Тут праспявалі песні і павадзілі карагод спачатку ў адзін бок, пасля ў іншы. Зялёны фартух на граблях замянілі на чырвоны. Мэта абрада – каб добра пладзіліся і ніва, і жывёла, і чалавек. Дзяўчатам, што ўпершыню далучаліся да карагоду, сімвалічна дарылі два яйкі, як пажаданне хутчэй знайсці сабе пару і прадоўжыць род. Для гэтага на абрадзе і вянкі – каб лепш было бачна вольных дзяўчын, гатовых пабрацца шлюбам.

Дарэчы раней фартух надзявалі на крыжавіну. Яе змянілі на граблі ў савецкія часы барацьбы з рэлігіяй. Зялёны колер па дарозе на поле, каб пашня была добрая – у колер маладой пшаніцы, а чырвоны на адваротным шляху – каб дзяўчаты замуж выйшлі.

Пасля рытуала на полі адразу грымнулі гармонікі і бубны. Уся грамада рушыла назад да сельскага клуба, але ўжо з вясёлымі спевамі і танцамі! Шэсце было такое шматлюднае, што спявалі розныя песні ў розных кутах карагода і не перабівалі адзін аднаго.

На скрыжаваннях спыняліся, і жанчыны вадзілі карагоды вакол мужчын з атрыбутамі. Адметны абрад і валачобніцтвам. Карагод вадзілі таксама перад хатамі, чые гаспадары былі гатовыя пачастваць капейкай і ласункамі. Кранальную сцэну мы заўважылі каля хаты мясцовай старажылкі Юліі Панчэні, якой 88 гадоў. Пасля песень, карагодаў, пачастункаў і абдымкаў жанчыну запрасілі да клуба паслухаць канцэрт, але тая паскардзілася на ногі. За ёй паабяцалі адправіць машыну і пасля прывезлі на працяг свята.

У межах фестывалю ля клуба ладзіліся і іншыя карагоды, напрыклад «Дрэма», танцы пад жывую музыку і гульні-знаёмствы для маладых хлопцаў і дзяўчат.

Запрошаныя з навакольных вёсак госці-ўдзельнікі абрада расказвалі, як Юр’я святкуецца ў іх, з якімі адметнасцямі гатуецца хлеб, і спявалі свае абрадныя спевы.

Атмасфера свята была надзвычай утульная. Мясцовыя бабулі ахвотна пазіравалі фатографам, студэнты весела танчылі, спявалі і гулялі ў гульні. Адчувалася, што кожны ўдзельнік атрымлівае асалоду ад таго, што спрычыніўся да такой старажытнай падзеі.

Захавальніца абраду Кацярына Панчэня, якой не стала ўвосень мінулага года, сцвярджала, што абрад не прыпыняўся ў Пагосце ніколі, нават падчас войн, савецкіх часоў і каранавіруса. А ўлічваючы тое, што ў 2020-м вёска адзначыла сваё 500-годдзе, выжывальнасць абраду, хоць і з некаторымі зменамі, уражвае. І тое, з якой любоўю шануюць і берагуць мясцовыя жанчыны Юраўскі карагод, і тое, колькі людзей прыехала сёлета ўбачыць яго на ўласныя вочы, надае веры, што ён яшчэ доўга будзе жыць.


Читайте также:

Новое на сайте: