Куды адправіцца за новымі ўражаннямі ў час зімовых канікул? Пяць ідэй ад «Моцных Навін» для незабыўнага адпачынку ў межах вобласці
Новы 2025 год пачнецца з доўгіх выходных. Пасля святкавання Новага года у беларусаў будуць міні-канікулы з 4 па 7 студзеня. І калі вы не аматар правесці ўсе чатыры дні дома, даядаючы салацікі і пераглядаючы Гары Потэра, звярніце ўвагу на нашу падборку ідэй, як цікава правесці час. Мы падрыхтавалі для вас даволі авантурныя рашэнні, якія будуць цікавыя як для кампаніі сяброў, так і для сем’яў з дзецьмі.
Паглыбленне ў традыцыі
Сярод розных тэматычных навагодніх прапаноў нам прыглянулася вось такая – з нацыянальным каларытам – інтэрактыўная Калядная праграма «Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць!» у Веткаўскім музеі. У праграму ўваходзіць выезд з Гомеля ў Ветку і назад. Вы трапіце на экскурсію па музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый і даведаецеся шмат цікавых фактаў пра старавераў, пернікі і гарбату з самавара, птушак з рукапісаў і беларускі арнамент. Затым вас чакаюць вясёлыя калядныя абрады з варожбамі і песнямі, батлейка «Цар Ірад» і пачастункі. Падарожжа доўжыцца з каля трох гадзін.
Кошт для школьнікаў – 60 рублёў з чалавека, групы да 40 чалавек. Для карпаратыўных тураў колькасць удзельнікаў, час і насычанасць праграмы абмяркоўваецца індывідуальна. Запіс па тэлефоне +37529 77 88 450.
Калі будзе снег і марозік
Калі надвор’е нас парадуе снегам, можна адправіцца пакатацца на лыжах ці сноўбордзе ў гарналыжны комплекс «Мазыр». Усяго на тэрыторыі комплекса ёсць вучэбная траса даўжынёй у 120 метраў і шырынёй у 60 метраў, прафесійная – даўжынёй у 300 метраў і шырынёй у 30 метраў, а таксама спускі для цюбінгаў і сноубордаў. На вялікую трасу лыжнікаў дастаўляе бугельны пад’ёмнік даўжынёй 210 метраў. Пры ўмовах, што будзе пастаянная тэмпература не вышэй за 5 градусаў цяпла на працягу 8 дзён, трасы пакрыюць штучным снегам. Там жа можна будзе пакатацца на снегаходзе. А каток працуе ўжо цяпер.
Кошты: арэнда гарналыжнага камплекта і камплекта для сноуборда для дарослага чалавека ў выходныя дні на суткі – 42 рублі, для дзіцяці да 14 гадоў – 24 рублі. Тэлефоны для даведак: +375 23 623 46 21, +375 236 35 00 81.
Адчуць сябе Беарам Грылзам з Discovery
Калі хочацца па-сапраўднаму дзікіх уражанняў, паспрабуйце экскурсію «Дарогай веліканаў» у нацыянальным парку «Прыпяцкі». Гэта складанае і непрадказальнае падарожжа па палескіх джунглях сцежкамі зуброў. Групу будзе суправаджаць дасведчаны гід, які навучыць высочваць і адрозніваць сляды розных звяроў, раскажа пра таямніцы і звычкі магутных волатаў-зуброў, а таксама пра культурныя традыцыі Палесся. Калі пашанцуе, можна будзе ўбачыць і саміх зуброў. Падарожжа пачынаецца на досвітку, а 8:00, месца старту – у 10 кіламетрах ад Турава. Дабрацца да места старту ад Турава прапаноўваюць на сваім асабістым аўто. Доўжацца прыгоды чатыры гадзіны.
Кошт для 1-2 чалавек складае 150 рублёў, а калі набярэце кампанію ад 3 да 7 сяброў, то па 50 рублёў з чалавека. Дадаткова трэба будзе аплаціць 5 рублёў за ўваход у парк. Запісацца на экскурсію можна па тэлефонах нацпарка +375 33 918 07 33, +375 29 125 00 95 або праз асабістыя паведамленні ў сацсетках.
Падарожжа ў старажытную дубраву на кані з фотасэсіяй
Конныя экскурсіі парапануе конна-спартыўны комплекс «Конны двор», што месціцца ў Азершчыне, пад Рэчыцай. Усяго там распрацавалі ажно чатырнаццаць маршрутаў, але на цяперашні час нам параілі чатыры. Калі вы хочаце прыехаць з дзеткамі, вам прапануюць шпацыр па садзе жаданняў на паўгадзінкі за 30 рублёў з чалавека. Для дзяцей старэйшага ўзросту і на кампанію сяброў можна выправіцца па маршруце «Ведрыца», які праходзіць па ўзбярэжжы ракі Ведрыч. Доўжыцца прагулка 1-1,5 гадзіны і каштуе 50-75 рублёў. А для тых, хто хоча па максімуму дакрануцца да прыроды і жывёл, прапануюць маршрут па беразе Дняпра «Мілаградскія дубы» (на 3 гадзіны за 150 рублёў).
За дадатковую аплату падчас падарожжа могуць зладзіць жывапісны пікнік з самаварам і баранкамі. А фотасэсія на тэлефон і кароткі відэаролік пра вашае падарожжа пасля экскурсіі абяцаюць зрабіць як прыемны бонус.
Запісацца ў тур раяць загаддзя, за некалькі дзён да паездкі, па тэлефоне +375 29 143 3666.
Вандроўка па адселеных вёсках
Нараўлянскі раённы спартыўны клуб стварыў новы турыстычны маршрут «Шлях на Чарнобыль» па нараўлянскім участку Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Гэта самы недаследаваны участак зоны адчужэння. Акрамя занядбаных хат, вы таксама наведаеце конеферму, пчалапасеку, убачыце каплічку і ваенны помнік. А завяршаецца экскурсія аглядам сядзібы Горватаў у Нароўлі.
Кошт: 63 рублі з чалавека для групы з 12-14 чалавек. Можна далучыцца да зборнай групы, калі вас менш. Нумар для запісу +37529 734 11 37. Працягласць: 4-5 гадзін. Экскурсію праводзіць мясцовы краязнаўца Васіль Чайка, які проста заварожвае сваімі цікавымі расказамі.
Карацей, раім вам не сядзець дома і не звяртаць увагі на шэрае сумнае надвор’е. Упэўненыя, што такія паездкі могуць няблага падняць настрой і пакінуць пасля сябе шмат добрых успамінаў. Тым болей, што для добрых уражанняў нават не трэба выязджаць за межы Гомельскай вобласці.