Skip to main content
11.03.2025

У Сан-Францыска жыве кот, якога завуць Беларусь. Нам удалося ўзяць інтэрв’ю ў яго гаспадыні

«Моцныя Навіны» пагутарылі з гаспадыняй цікавага шэрага коціка з касымі вочкамі і незвычайнай мянушкай. Рэйчал расказала, адкуль у амерыканскага ката такое імя і як Беларусь стаў папулярны ў Instagram.

У ката Беларуся амаль 400 тысяч падпісчыкаў у Instagram і 48 тысяч у Facebook. У яго нават ёсць свой сайт з мерчам: там можна купіць цішоткі, пазлы, карціны і іншую сувенірку з выявай коціка. На сайце напісана, што 100% сродкаў ідуць на падтрымку прытулка, адкуль узялі Беларуся і жывёл, якім трэба дапамога.

Рэйчал расказала нам, што яна некалькі гадоў думала пра тое, каб завесці ката, і падпісалася на розныя акаўнты прытулкаў у Instagram.

«Раней у мяне быў сабака, але я думала, што з коткамі менш клопатаў і ім не будзе так сумна, калі мне давядзецца падоўгу працаваць або падарожнічаць. Аднойчы, калі я ехала на працу ў аўтобусе, то ўбачыла ў сваёй стужцы фатаграфію прытулку, дзе жыў Беларусь і проста не змагла адарваць позірк ад яго мілых касавокіх вачэй і салодкай пысы. Я адправіла фатаграфію сваёй сястры і маме і напісала: “Калі я завяду ката, то гэта будзе менавіта гэты”. Яны адразу ж адказалі, што я абавязкова павінна яго ўзяць», – дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Рэйчал нават перанесла свае працоўныя сустрэчы, каб наведаць коціка ў прытулку ў той жа дзень. Высветлілася, што фатаграфія касавокага пухнаціка завірусілася і вельмі шмат людзей звярнулася ў прытулак, каб узяць яго да сябе. Супрацоўнікі сказалі нашай гераіне, што вызначаць будучага гаспадара ката прыйдзецца праз латарэю.

«Пазней у той жа дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што я выйграла ў латарэі. Я не ўпэўненая, ці была гэта сапраўдная латарэя або яны проста выбралі мяне, але я заехала за ім у той жа вечар!» – расказвае Рэйчал.

Новаспечанай гаспадыні паказалі купу фан-арта, што даслалі розныя людзі анлайн, якім спадабаўся Беларусь. Да жанчыны звярнуўся мясцовы рэпарцёр, які хацеў узяць інтэрв’ю. Такая вялікая цікавасць і варушняк вакол гадаванца прымусілі Рэйчал задумацца аб стварэнні асобнага акаўнта для ката ў Instagram. Як яна сама прызналася, ніколі не думала, што будзе гэта рабіць, а Беларусь стане такім папулярным.

«На самай справе гэта адбылося толькі таму, што людзі з прытулку былі ў захапленні ад ката, ад таго, што яго забралі, і хацелі сачыць за яго гісторыяй і глядзець, як у яго справы ў новым доме», – тлумачыць амерыканка.

Дзякуючы кату-блогеру, Рэйчал пазнаёмілася і з іншымі ўласнікамі вядомых каціных старонак. Яны сталі супрацоўнічаць. Многія людзі дасылалі ім фан-арты і прапаноўвалі даслаць па пошце малюнкі і прадукты. Так усё пачыналася ў першыя дні.

Вядома, мы не маглі не запытацца, як жа з’явілася такая мянушка – Беларусь. Аказалася, што імя кату далі ў прытулку, але хто менавіта і чаму, ніхто так і не ўзгадаў дакладна.

«Я люблю гэтае імя. Гэта ўнікальна і ён унікальны, і гэта яму падыходзіць», – кажа жанчына.

У яе ёсць тэорыя, як назва краіны стала мянушкай для коціка. Ён крыху падобны да пароды руская блакітная, але пры гэтым унікальны і непадобны на іншых. Менавіта таму – Беларусь.

«Мне заўсёды падабалася, калі людзі з Беларусі звярталіся да мяне і дзяліліся сваімі гісторыямі і тым, як ім падабаецца ён і яго імя. Я думаю, гэта забаўна, што калі вы пашукаеце Belarus у Instagram, то знойдзеце майго ката! Я рада чуць, што ён прыносіць радасць і любоў у Беларусь!» – падсумоўвае Рэйчал.

І мы з ёю цалкам згодныя. Пагадзіцеся, гэты шэры шыкоўны пухнацік сапраўды файны, каб «прадстаўляць» нашую краіну!


Читайте также:

Новое на сайте: