«Моцныя Навіны» пагутарылі з трыма мамамі, якія сёлета вядуць сваіх дачок у першы клас. Камусьці ўдалося закупіцца ўсім неабходным у адным месцы, а камусьці – звярнуцца ў атэлье, каб пашыць патрэбнае адзенне. Так супала, што ва ўсіх траіх у школу пайшлі дзяўчынкі.
Ксенія жыве ў Мінску і не вельмі любіць доўга хадзіць па розных магазінах у пошуках адной рэчы, параўнаючы кошты. Для яе было пажадана закупіцца па-хуткаму ў адным месцы ўсім, што спатрэбіцца да новага навучальнага года для дачкі – ад алоўкаў да абутку. На шопінг паехалі ў ГУМ.
«Я памятала, што там вялікі дзіцячы аддзел з адзеннем і адразу побач – канцэлярскія тавары. У выніку атрымалася так, як я і планавала – мы спачатку выбралі школьную форму і абутак для фізкультуры. Потым па спісе для першага класа сабралі патрэбную канцэлярку», – падзялілася Ксенія.
Па пакупкі сям’я адправілася ў сярэдзіне жніўня. У гэтым месяцы звычайна ўжо пачынаюцца розныя акцыі на школьныя тавары. На некаторыя пазіцыі ў чэку сапраўды былі зніжкі ад 3% да 10%.
З адзення мама купіла: штаны, жакет, дзве блузкі з кароткімі і доўгімі рукавамі, сарафан і джэмпер, а таксама такія дробязі як калготкі, шкарпэткі і заколкі. Зменны абутак у школьніцы ўжо быў, спатрэбіліся толькі новыя красоўкі на фізкультуру. Спартыўнае адзенне таксама не трэба было купляць новае.
Усяго выйшла 430 рублёў.
На канцэлярку зніжак амаль не было, але і спіс неабходных рэчаў быў не дужа вялікі. На сайце школы напісалі, што нават і заплечнік не асабліва спатрэбіцца.
На сшыткі з вокладкамі, паперу, клей, алоўкі, ручкі, фарбы, пластылін і пенал выйшла ў выніку каля 90 рублёў.
Усяго атрымалася 520 рублёў. На пакупкі патрацілі каля 3-4 гадзін.
Гамяльчанка Ульяна паспрабавала закупіцца на маркетплэйсе, але ў выніку сабрала дачку на рынку. На канцтаварах увогуле атрымалася сэканоміць – нешта падарылі, а нешта атрымалі ў дапамогу як шматдзетная сям’я, таму дакупаць дадаткова больш нічога не спатрэбілася.
«Я заказала на WB блузку і сарафан. Адзець на маркетплэйсе дзіцёнка можна, але на школьным кірмашы танней. Напрыклад, блузкі на WB каштуюць 55-100 рублёў, а на рынку – ад 25. Тое ж самае са спадніцамі. А вось сарафаны можна знайсці танней анлайн. Але калі рэчы нам прыйшлі, не падышоў памер», – падзялілася Ульяна.
У гэтай мамы выйшла 455 рублёў на адзенне.
Яшчэ адна мама з Гомеля, Карына, прайшла цэлы квэст па пошуку патрэбнага школьнага адзення.
«У мяне дзіцё даволі худое для свайго ўзросту і па росце трэба памер 122. Як выявілася, знайсці адзенне на такі рост праблематычна, у магазінах на дачку знайшла пару рэчаў, але ўсё сіняга колеру. А ў гімназіі, куды ідзе дзіцё, адзенне павінна быць чорнага колеру», – растлумачыла яна.
Жанчына абыйшла крамы ад мас-маркету да беллегпрама, але нідзе не знайшла варыянт, які падышоў яе дачцэ. Усё адзенне было шырокім у таліі і проста падала з дзіцяці.
«У адной з крамаў я параілася з прадаўцом і запыталася, ці можна неяк ушыць. Яна пакруціла рэч і сказала, што там гумку так ушылі, што нават калі распароць спадніцу – нічога не выйдзе», – расказала мама Карына.
У выніку гамяльчанка заказала пару сарафанаў на маркетплэйсе. А вось штаны і спадніцы прыйшлося шыць па мерках дзяўчынкі. Узоры фасонаў узялі з афіцыйнага сайта беллегпрама, там жа паглядзелі, з якога матэрыяла зроблена форма, і купілі такі ж самы.
Такім чынам, у Карыны выйшла каля 100 рублёў за рэчы з маркетплэйса, 225 рублёў за пашыў двух спадніц і штаноў, у краме купілі абутак, спартыўную форму і джэмпер на агульную суму ў 168 рублёў. Дадаткова спатрэбілася купіць гальштукі за 30 рублёў. На канцтавары сышло яшчэ прыкладна 120 рублёў.
Усяго расходы да новага навучальнага года склалі 643 рублі.
Падсумоўваючы, хочацца адзначыць, што ўсе гэтыя гісторыі вельмі індывідуальныя, але агульная карціна па затратах да школы ўсё ж больш-менш вымалёўваецца.