Skip to main content
24.12.2025

«А расказаць, як майму бацьку пан у шапку цукерак насыпаў?» Даведаліся, як нараўляне ўспамінаюць Горватаў, якія пабудавалі палац у Нароўлі

Кожны, хто хоць раз бываў у палацы Горватаў, заставаўся ўражаным яго непаўторнай атмасферай. Гэта сапраўды незвычайнае месца з шыкоўным маляўнічым відам на Прыпяць. Не менш захапляе і сам будынак – помнік архітэктуры ў стылі ампіра і класіцызму з рамантычнымі руінамі фантана. Нават страціўшы большую частку свайго дэкору, ён па невымоўнай прычыне так і вабіць. А варта хоць крышачку пазнаёміцца з яго мінулымі насельнікамі, дык ён увогуле пачынае дыхаць і гучаць.

Сёння мы паспрабуем ажывіць для вас гэтае чароўнае месца праз успаміны, мемуары і гісторыі сённяшніх нараўлян, чые сваякі памяталі жыхароў і прыслугу панскага дома ці нават самі працавалі ў маёнтку. Акурат у гэтых дэталях – тая самая жывая гісторыя, якую каманда праекта па аднаўленні палаца збірае, каб палац жыў і размаўляў з намі праз стагоддзі.

Як прызнаюцца удзельнікі каманды па аднаўленні сядзібнага дома на беразе Прыпяці, калі прыехаць у Нароўлю не на гадзінку, а затрымацца, прагуляцца па пляжы і паспрабаваць пагутарыць з мясцовымі, так ці іначай заходзіць гаворка пра палац. І час ад часу здараецца і такое:

«А расказаць, як майму бацьку пан у шапку цукерак насыпаў?»

Нараўляне збольшага ўспамінаюць апошніх гаспадароў, якія панавалі тут больш за 100 гадоў таму, добрым словам. Некаторыя ахвотна дзеляцца сваімі сямейнымі гісторыямі праз сацсеткі праекта. Гэтыя ўспаміны цяпер актыўна збіраюцца і захоўваюцца, дапаўняюцца новымі цікавымі фактамі з жыцця Горватаў. Можа быць, у будучыні атрымаецца выдаць іх у адным зборніку, а можа яны стануць часткай нейкага даследвання ці нават экспазіцыі ў адрэстаўраваным будынку. Час пакажа, а пакуль – паспрабуем пакласці пачатак гэтай важнай справе.

Успаміны пра палац у мемуарах яго былых насельнікаў і гасцей

Старажытнаму палацу шмат у чым пашанцавала. Нягледзячы на тое, што яго моцна патрапаў час і такія сур’ёзныя выпрабаванні, як рэвалюцыя, вайна і аварыя на Чарнобыльскай АЭС, да нашых дзён дашлі не толькі тэкставыя апісанні інтэр’ераў і экстэр’ера, а таксама даволі шмат добрых фотаздымкаў. Гэта безумоўна вельмі дапамагае ў рэстаўрацыйных працах. Але гэта, можна сказаць, фон.

Пра самое жыццё людзей, які жылі, працавалі ці наведвалі палац, можна прачытаць, напрыклад, у мемуарах Анджэя Раствароўскага – сына вядомага польскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага і Сафіі Аскеркі. Кніга Раствароўскага «Зямля, якую больш не ўбачыш» ахоплівае перыяд пачатку 20 стагоддзя, прыкладна з 1903 па 1917 гады.

Хлопчык жыў у палацы з 2 гадоў і там вырас. Сафія прыходзілася роднай сястрой Ядвігі – жонкі Эдварда, апошняга уладальніка палаца з роду Горватаў. Яна даглядала сваю хворую сястру, а таму жыла з сынам у нараўлянскім палацы. Анджэй зафіксаваў у сваёй кнізе шмат кранальных і забаўных эпізодаў з жыцця жыхароў панскага дома, а што яшчэ каштоўней – нават іх імёны.

Фота хлопчыка на прыступках нараўлянскага палаца, пачатак XX стагоддзя

У 1903 годзе нараўлянскі маёнтак атрымаў у спадчыну апошні гаспадар палаца з роду Горватаў – Эдвард. Тут ён гаспадарыў да 1918 года разам з жонкай Ядвігай (Гусяй) з Аскеркаў. У пары было двое дзяцей – сын Даніэль (Доля) і дачка Аляксандра (Оля). Анджэй жыў у Нароўлі разам са сваёй сястрой Марыяй-Розай, якая была маладзейшай за яго на 4 гады. Часам у Нароўлі гасцяваў дзед Анджэя – Аляксандр Аскерка. Калі ён памёр, у сямейнай капліцы Горватаў (не захавалася) з’явілася пліта – магіла Аляксандра Аскеркі (хаця сам ён пахаваны быў на могілках Росы, што ў Вільні).

Любоўныя інтрыгі Эдварда з прыслугай

Пра прыслугу Горватаў Анджэй піша, што персанал мяняўся вельмі рэдка, і часцей за ўсё пасада пераходзіла ад бацькі сыну. Аднак нам удалося сабраць імёны як мінімум чатырох адміністратараў і чатырох садоўнікаў, якія паміж сабой не заўсёды былі звязаныя сваяцтвам.

Пры палацы працаваў пісар з прозвішчам Шчучка. Пазней ён ажаніўся са служанкай Ядвігі Анеткай, а яшчэ пазней стаў адміністратарам.

Дзяцей даглядалі шматлікія настаўнікі, настаўніцы, выхавацелькі і нянькі. Вось, якія імёны захаваліся: Жуваль (настаўнік Долы, французскі эмігрант, які апалячыўся), пані Дзюфур і пасля Луіза Шыньяк (францужанка, настаўніца Анджэя і Розы), пані Тэрэза (полька, настаўніца па ўсіх прадметах). У Розы была нянька Франя, а калі яна выйшла замуж за кухара Лявона, нянькай стала Уршуля.

Асобна варта адзначыць Эльфрыду (Алю) Перль, настаўніцу нямецкай мовы. Яна была немкай, даволі прыгожай, і праз некаторы час паміж ёй і дзядзькам Эдвардам завязаўся раман, які з-за хранічнай хваробы Ядвігі і яе пастаяннага знаходжання ў санаторыях не выклікаў асаблівага страху. Аднак мараль таго часу не прызнавала не ўзаконеных адносінаў, і да прысутнасці пані Фрыды належала ставіцца з асцярожнасцю. Калі ў 1919 годзе ў Варшаве памерла Ядвіга, пасля перыяду жалобы Горват ажаніўся з пані Фрыдай, якую сям’я і наваколле прынялі без пярэчанняў.

У сутарэннях жыў спецыяльны чалавек, немец, які займаўся вырабам чучал, бо Горваты любілі паляваць і нават мелі асобны пакой для трафеяў – музей палескай прыроды. Калекцыя пастаянна папаўнялася.

Таксама ў сутарэннях месцілася кухня. Тут працавала кухаркай Альберта, дачка садоўніка Адольфа Бачкоўскага. З ёй звязаная самая неадназначная гісторыя панскага дома. Рэч у тым, што ў 16 гадоў яна нарадзіла ад свайго гаспадара Эдварда дачку Марыю. Пасля яе быццам бы адправілі вучыцца кухарскай справе ў Францыю. Вярнуўшыся, да 1913 года яна падавала Горватам блінчыкі з крэмам і вішнёвым варэннем, а потым з усёй сям’ёй пераехала ў Мінск. Яе праўнучка Юля расказала пра Марыю, што стаўшы дарослай, тая выйшла замуж за ваеннага – Ёфа Сяргеевіча Кузняцова, нарадзіла двух сыноў – Уладзіміра і Раймонда. Пра Эдварда ўспамінала, што быў дабрэйшы чалавек і частаваў яе цукеркамі. Памерла Марыя ў 1967 годзе ў Маскве, там і пахаваная. Яе ўнучка Юля захавала рэцэпт блінчыкаў Альберты.

Фота Адольфа Бачкоўскага з жонкай, дачкамі і ўнучкай. Альберта першая злева зверху

Чым займаліся камердынер і каморнік?

У Эдварда быў камердынер, якога звалі Тэадор. Камердынер – гэта чалавек, які насіў валізы, прыносіў ежу, напаўняў ванную, галіў гаспадара і дапамагаў яму апранацца. Пра Тэадора вядома, што ён заўсёды адказваў на тэлефонныя званкі, меў вытанчаныя манеры. Гэта важная фігура ў жыцці сядзібы, бо Эдвард шмат увагі надаваў сваёй знешнасці. Яго пляменнік Казімір Кеневіч успамінаў штодзённыя прыбіранні дзядзі Эдзі раніцай як «світанак караля», які доўжыўся гадзінамі. Тэадор завіваў Эдварду валасы, укладваў бровы спецыяльным прасікам, рабіў яму манікюр і ўціраў масу адэкалону.

Пры палацы быў свой жывапісец Мар’ян, які круглы год пісаў фрэскі, часцей за ўсё па эскізах Тадэвуша Раствароўскага. Акрамя яго ў палацы жылі месяцамі і іншыя мастакі, удзельнічалі ў хатнім жыцці, паходах у лес і на раку, збіраючы тэмы для сваіх пазнейшых шэдэўраў. На памяці Анджэя Раствароўскага, у Нароўлі пабывалі Фалат, Хелмонскі, Рушчыц і Людамір Яноўскі.

Адной з галоўных пасад была пасада адміністратара. Самае вядомае імя, якое захавала гісторыя – Андрэй Леневіч. Яго дом знаходзіўся ў асобнай пабудове, лічыцца, што гэта цяпер будынак Нараўлянскага краязнаўчага музея. Да яго любіла завітваць вышэй згаданая настаўніца французскай Луіза, але невядома, ці была паміж імі нейкая любоўная сувязь.

Фота дома Андрэя Леневіча

Недалёка ад палаца, за лядоўняй, месціўся гаспадарчы будынак, які выглядаў як невялікі палац ці флігель. Там нейкі час жыў каморнік Сырэвіч. Каморнік – гэта спецыяліст, які займаўся меркаваннем зямельных надзелаў, землямер. Да яго любілі забягаць дзеці і слухаць за гарбатай вельмі цікавыя гісторыі, бо ён шмат дзе пабываў.

У гэтым жа будынку ў кладоўцы месцілася «аптэка» – там царавала «аптэкарка» Ядвіга. У аптэцы стаялі слоікі з варэннем і ўзварамі, гліняныя гаршчочкі з мармеладам, разынкі, міндаль, арэхі, інжыр, фінікі і іншыя дэлікатэсы.

Насупраць ганка, у адлегласці каля 600 метраў, дзе і да сёння стаіць уязная брама, побач раней быў дамок. У ім жыў вартаўнік, цудоўны палескі селянін з вялізнай квадратнай барадой, якога звалі Лявон.

Фота дома вартаўніка

Яшчэ на тэрыторыі парка калісьці былі стайні (захаваліся толькі на фота). Там працаваў стайнік Аўгуст і яго сыны Карл і Франц (фурманы).

Далёка ў хатцы пад лесам жыў ляснік Куліцкі. Ён быў засцянковым шляхціцам, моцна зрусіфікаваным. Куліцкі быў аракулам усіх паляўнічых спраў: кіраваў паляваннямі, разбіраўся ў дрэсіроўцы сабак, падкормцы. Ён таксама расказваў дзецям пра звычкі звяроў, вучыў чытаць сляды, і прадказваць надвор’е. Пра яго захаваліся яшчэ такія ўспаміны: пасля таго, як здаваў у лядоўню дзічыну, заходзіў, абтрасаючы з ботаў снег, а потым адна за другой выпіваў пяць-шэсць шклянак гарэлкі, пасля чаго выціраў рот рукавом, мармытаў якія-небудзь словы ўдзячнасці і ішоў спаць на 24 гадзіны.

Гасцей сустракаў калісьці з прыстані стражнік. Яго імя не захавалася, але затое захавалася апісанне яго знешняга выгляду – убраны па познаньскай модзе – шэра-зялёны мундзір з зялёнымі лацканамі і зялёным капелюшом, упрыгожаны цецеруковым веерам. Да рэвалюцыі стражнікам называлі ніжэйшы паліцэйскі чын у сельскай мясцовасці. Атрымліваецца, па сучасных мерках, гэта быў міліцыянер або хутчэй ахоўнік пры палацы.

Садоўнікі ў Горватаў мяняліся часта

Вакол палаца быў шыкоўны парк з садамі. Таму пасада садоўніка таксама была значная ў маёнтку. Садоўнікі мяняліся часта. Вось пра каго з іх дайшла інфармацыя да нашага часу.

Шаўлоўскі – пра яго ўспамінаюць, як пра выдатнага спецыяліста. На чале ўзвода дзяўчат ён ствараў сапраўдныя цуды з кветак. Дарогі і сцежкі заўсёды былі дагледжаны, лісце восенню сабрана, газоны летам абкошаны. Пад яго даглядам знаходзіліся парнікі і невялікі сад з чарэшнямі, вішнямі, слівамі і грушамі. На Вялікдзень, разам з салатай і першай рэдзькай, ён прыносіў на стол сапраўдныя цуды: замкі, пантэоны ці каланады з парасткаў крэс-салаты, як упрыгожанне для велікоднага ягня з цеста і глазуры, часам у натуральную велічыню.

Да яго быў яшчэ Туркоўскі, ён адгукнуўся на пасаду яшчэ ў 1884 годзе па аб’яве маці Эдварда – Караліны. Але спецыяліст з 13-гадовай практыкай у першакласных садах Германіі, Бельгіі і Францыі папрацаваў у Нароўлі толькі крыху больш за 2 гады.

Захавалася імя садоўніка Адольфа Бачкоўскага. Пра яго дачку Альберту мы ўжо пісалі вышэй.

Таксама вядома, што хтосьці з іх праходзіў практыку ў Шпэта пад Берлінам і ў Эрфурце. Відаць, гэта была сапраўды годная пасада. У нас маецца фота яшчэ аднаго садоўніка Горватаў – Франца Аляксандравіча Градзіцкага.

Фота Франца Градзіцкага

Пра яго нам расказаў яго прапраўнук Ігар. Франц Градзіцкі быў жанаты на дачцэ вышэй згаданага адміністратара Андрэя Леневіча Тэклі. Яе брат Юзаф Андрэевіч Леневіч таксама працаваў у Горватаў адміністратарам. Ігар падзяліўся іх партрэтамі.

Фота Тэклі і Юзафа

Яшчэ адно фота, мяркуецца, зроблена ў нараўлянскім палацы, але гэта варта яшчэ высветліць. На ім можна разглядзець шпалеры ў кветачкі і некаторыя элементы інтэр’еру. Дасюль такія сцены не трапляліся на старых фотаздымках палаца.

Фота Франца Градзіцкага з сынамі

Таксама ў сям’і Ігара захавалася кітайская ваза, але ў сям’і не прыйшлі да адзінага меркавання – гэта ваза з палаца ці з дома адміністратара Леневіча.

Фота вазы

Па словах Ігара, ён памятае, што ў маленстве на тэрыторыі парка бачыў надмагілле Андрэя Леневіча, дзе па-польску было падпісана: «Тут спачывае прах Андрэя Ліневіча, які памёр 1 студзеня 1876 года». Магіла месцілася недалёка ад сямейнай капліцы Горватаў, якая не захавалася. Цяпер жа і надмагілля былога адміністратара няма.

Цукеркі і царская трава

Цікавымі звесткамі падзялілася Ніна, якая нарадзілася ў Нароўлі, але бывае тут раз на год, а сама жыве за тысячу кіламетраў. Яе прадзед Дамброў Адам Антонавіч нарадзіўся ў сям’і чэхаў, якія прыехалі ў Нароўлю і Галоўчыцы жыць і працаваць на паноў. Адам працаваў у Горватаў у Галоўчыцах адным з садоўнікаў. Пачаў працаваць даволі ў маладым, нават юным узросце і да 1917 года. Бацька яго Антанін працаваў у гэтага ж пана фурманам.

«Прадзед памёр калі мне было 14 гадоў, ва ўзросце 94 года, быў ён нешматслоўны, але часам мільгалі нейкія ўспаміны яго жыцця. Казаў, наш пан быў добры, заўсёды цікавіўся ў бацькі ці хапае ежы, грошай, заўсёды казаў каб бацька не маўчаў калі што трэба. Калі трэба было ехаць кудысьці далёка, у Мазыр або Калінкавічы, то асабіста выносіў яму цёплы кажух і наліваў чарку гарэлкі. У пачатку 20-х гадоў мой прадзед ажаніўся, таксама з чэшкай Агінскай Марыяй Карлаўнай, і пасля жылі яны ў Нароўлі на вуліцы Мінскай. Яго сястра Зося (гэта ўжо мне распавяла мама) працавала ў Горватаў ў Нароўлі пакаёўкай ў маладой паненкі. Распавядала, як кожную раніцу дапамагала апранацца, шнуравала гарсэт і панначка ўскрыквала і жартам лаялася. Магчыма яна называла імя ў якой маладой панначкі працавала, але тады ніхто не лічыў патрэбным гэта запамінаць», – дзеліцца жанчына.

Фота Адама з жонкай і яго пашпарт

Яшчэ па ўспамінах Зосі, напярэдадні вялікіх святаў, прыезду гасцей пан склікаў прыслугу і даваў наказ, каб усе сябе прыстойна вялі і не ганьбілі яго. Калі з’язджаліся госці, усе стаялі ўздоўж алеі прыбраныя, сустракалі гасцей і потым таксама праводзілі. Пакідаючы сядзібу, госці кідалі цукеркі, а некаторыя і манеты. Але прыслуга ўся стаяла і махала рукамі. І толькі калі ўсе з’язджалі, збіралі ўсё.

Ніна таксама ўспамінае, што на Мінскай вуліцы побач з ёю жыла старэнькая бабуля Соня.  Ніна ў дзяцінстве часта хадзіла да яе. Вельмі цьмяна жанчына прыгадвае, што яна таксама працавала ў Горватаў (верагодна, дапамагала садоўніку) і шмат пра гэта расказвала. На жаль, Ніна тых гісторый не запомніла, толькі памятае, што па словах бабулі Соні, уздоўж алей расла «царская трава». Гэтую траву адмыслова ўкладвалі, каб яна ляжала прыгожымі хвалямі. Відаць, гэты факт найбольш уразіў маленькую Ніну, таму гэта і захавалася ў памяці.

Фота парка

Ірына расказала пра сваю бабулю Васіліну Сівак (у дзявоцтве Кавальчук). Яна нарадзілася ў 1896 годзе, да замужжа пражывала ў вёсцы Канатоп і працавала маладой дзяўчынай у Горватаў прачкай. У Нароўлю хадзіла пешшу праз лес. Па яе расказах пан быў добры, за яе працу дазваляў хадзіць у лес збіраць ягады і грыбы. Таксама казала, што пані малявала часта.

Фота Васіліны Сівак

Мы ўжо пісалі вышэй, што на службе ў Горватаў былі людзі самых розных нацыянальнасцяў: французы, немцы, палякі, чэхі. А нядаўна яшчэ адна нараўлянка Алеся, расказала пра сваіх продкаў латышоў.

«Мой прадзядуля Брыге Індрык Эрнеставіч з 1872 года быў адміністратарам гэтага маёнтка, прабабуля Карліна была гувернанткай. Я даведалася, што яны з Латвіі, канкрэтна з Курляндыі, пасёлак Штургоф, прыехалі па запрашэнні Горвата на працу».

Пошук інфармацыі на гэтым не спыняецца. Паралельна рэстаўрацыі будынка, каманда праекта збіраецца аднаўляць і інфармацыю пра яго былых жыхароў у розны час. Здорава, што самі нараўляне ахвотна дзеляцца сваімі сямёнымі гісторыямі і дапагаюць у гэтым. Калі вы таксама можаце нешта расказаць, звяртайцеся ў асабістыя паведамленні праекта ў Instagram і дзяліцеся!


Читайте также:

Новое на сайте: