Skip to main content
30.12.2025

Забарона на сваркі, варожбы на жаніха і эратычныя гульні. Як святкавалі Каляды на Гомельшчыне

Каляды – гэта святкаванне ў гонар зімовага сонцастаяння, на Гомельшчыне пераважна святкуецца  з 6 па 19 студзеня. Расказваем пра гэты надзвычай цікавы перыяд і дзелімся тымі адметнасцямі, якія збіралі фалькларысты ў вёсках Гомельшчыны.

Гэты святочны час цікавы тым, што ў ім незвычайным чынам пераплятаюцца паганства і хрысціянства, эратычная шлюбнасць і святое Нараджэнне. Паганская традыцыя асабліва праяўляецца ў вусна-паэтычнай творчасці, гульнях і танцах. У жывым бытаванні ў наш час звычай калядавання захаваўся найбольш трывала на Палессі (Гомельская і Брэсцкая вобласці).

У калядны перыяд уключаны тры асноўныя этапы – тры Куцці. Куцця – гэта і назва святочнай вячэры, і назва самой абрадавай стравы (ячнай кашы з алеем або мёдам).

6 студзеня Першая (Посная, Бедная, Вялікая, Марожаная) куцця. Гэта сямейная перадкалядная вячэра. З ёю звязанае Раство: спевы пра Хрыста і хаджэнне з зоркай адбываліся ўласна ў гэты час, калі людзі ўслаўялі нараджэнне Хрыста. Лічылася: якая куцця, такі будзе і ўраджай. Які дзень, такі будзе і год.

Напярэдадні трэба было навесці парадак, скончыць усе няскончаныя працы, зрабіць новага саламянага павука. У Жыткавіцкім раёне павука аздаблялі папяровымі кветачкамі і стужкамі. Самім людзям трэба было памыцца ў лазні і святочна апрануцца. На покуць ставілі сноп. Такім чынам гэта мусіла гарантаваць парадак, лад і здароўе на ўвесь будучы год. Цягам усяго святочнага перыяду забаранялася сварыцца, лаяцца, біцца, вязаць, шыць, краіць, секчы, ламаць, рамантаваць і нешта пазычаць, бо тады гэта магло прывесці да нейкай нястачы ў сям’і.

У многіх гарадах і мястэчках Мінскай губерні, напрыклад, у Рэчыцы і Мазыры, практыктыкаваўся звычай хаджэння з батлейкай на калядныя святы. Гэта старадаўні лялечны тэатр, які распавядаў аб нараджэнні Хрыста. Дарэчы, па меркаванні некаторых спецыялістаў, вяртэп у Расіі з’явіўся пад уплывам беларускай батлейкі. Наладжвалі батлейку выключна ў гарадах і мястэчках сярод мяшчан, дзе народ больш цікавіцца народнымі абрадамі.

13 студзеня пачынаўся Шчодры тыдзень або Багатая Каляда, Васілле. Ён звязаны з архаічнай традыцыяй калядавання і шчодраў, калі людзі пераапраналіся ў нейкіх персанажаў ці жывёл. Шчодрая (Шчадроўная, Другая, Мясная, Нішчамная, Скаромная, Багатая, Тоўстая) куцця, як абрадавая пераднавагодняя вячэра, вызначалася багаццем страў і іх скаромнасцю (тлустае, чаго нельга есці ў пост). У Лельчыцкім раёне было прынята перад пачаткам вячэры запрашаць за стол мароз: «Мароз, хадзі куццю есці. А летам не бувай, хвастом не віляй, бо будом пугаю секці». Беларускі пісьменнік Барыс Сачанка, ураджэнец вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна, узгадваў таксама, што акрамя мароза клікалі яшчэ і вецер, «каб не зрываў стрэх, не круціў, не слаў упокат на зямлю жыта, ячмень, проса», і дзядоў, «каб не злавалі, спрыялі гаспадарцы, гаспадыні і гаспадару».

Пад вокнамі і ў хатах шчадравалі і славілі гаспадароў: вадзілі «казу» («кабылку», «вала», «тура», «мядзведзя», «жорава») і спявалі песні. Рэпертуар самы розны, але амаль паўсюдна было прынята зычыць дабрабыту ў полі, сям’і і ў хаце. Гэта адзін з нешматлікіх дзён у народным календары, што амаль не зведаў хрысціянскага ўплыву, а захаваў дамініруючы паганскі змест. Абрад ваджэння казы мае магічны сэнс, асабліва характэрны і з’яўляецца стрыжнявым у днях зімовага сонцастаяння.

Калядоўшчыкаў лічылі не проста людзьмі, а пасланцамі Бога. Лічылася, калі калядоўчышкі ў нейкі дом не зайшлі, то нічога добрага ў гэтым доме не будзе. Нашыя продкі верылі, што пажаданні калядоўшчыкаў здзейсняцца. Таксама лічылася, што чым падзелішся добрым, тое добрае да цябе і вернецца. Калядаваць пачыналі хадзіць ужо пасля першай Куцці.

У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ідуць па хатах з песнямі і віншаваннямі, а дзяцей апранаюць у маскі казы, бусла, мядзведзя, радасную вестку прыносіць сарока, а «цыганка» варожыць. На развітанне ў кожным доме ўручаюць гаспадарам тры каласкі на багаты ўраджай і дабрабыт.

У вёсцы Дуброўнае Брагінскага раёна пасля абраду хаджэння з зоркай гаспадароў падкідвалі на крэслах да столі з пажаданнямі, каб у доме былі радасць і здароўе.

У вёсцы Агародня-Кузьмініцкая Добрушскага раёна з надзеямі на добры ўраджай звязаны абрад з гарбузом, які гаспадар імкнуўся разбіць аб падлогу, калі калядоўшчыкі заходзілі ў хату. Добры знак, калі разаб’е і семкі пасыплюцца ў розныя бакі, год будзе ўраджайным, а семкі лічыліся чарадзейнымі.

У паўднёвых воласцях Гомельскага павета – Папоўскай, Краснабудскай, Юркавіцкай – рабілі сапраўднае чучала кабылы. Аснову яе плялі з гнуткіх лазовых пруткоў, якія замацоўвалі да шасткоў, галаву шылі з палатна і напіхвалі саломай; з лёну рабілі грыву і хвост. Увесь каркас абшываўся белымі абрусамі, ад чаго атрымоўвалася «як ёсць белая кабыла». На галаву «кабылы» надзявалася аброць і прывешваўся званочак. У лазовы каркас улазіў чалавек і накрываўся доўгімі просцінамі, каб не было відаць ногі.

Дарослыя дзяўчаты на Васілле варожаць. Напрыклад, выходзяць на вуліцу, падслухоўваюць ля вокнаў чужыя размовы і па іх намагаюцца ўгадаць свой лёс. Яшчэ заплюшчваюць вочы, бяруць некалькі паленаў дроў, і калі лік іх акажацца цотным, то замужжа будзе шчаслівым. Кідаюць чаравік за вароты – у які бок ён упадзе наском, адтуль прыйдзе жаніх. Выбягаюць на двор да плота і абдымаюць яго – калі абхопяць цотную колькасць жэрдак, значыць, сёлета выйдуць замуж.

18 студзеня ладзілася Пісаная (Вадзяная) Каляда (Піскуха, Паабед-Каляда) – завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў «пісалі хрэст», што азначала канец Каляд, «Каляда ад’язджае». Абрадавая вячэра называлася Апошняя, Вадапосная, Хрышчэнская, Галодная, Вадзяная або Посная куцця. Тут таксама можна назіраць сумесь хрысцінскага і язычніцкага: купанне на Вадохрышча як ачышчэнне ад грахоў і умыванне як ачышчэнне ад чагосьці старога. Дзяўчаты ў гэтую ноч таксама варажылі.

Захаваўся цікавы запіс пра адметнасць Куцці ў гэты час у Гомельскім павеце: калі вымалі звараную куццю з печы, усе «кохалі», як курыца-квактуха. Дзеці залазілі пад стол і там «кохалі» і «кукарэкалі», а маці сыпала ім семкі. Гэта рабілася для таго, каб выводзілася многа куранят, часцей куры несліся і найболей было іх у гаспадара.

На трэцюю куццю, якую святкавалі на Вадохрышча, каб засцерагчы падвор’е ад уздзеяння нячыстай сілы, у Петрыкаўскім раёне гаспадар маляваў крыжы на вокнах і дзвярах хаты, а на Мазыршчыне – выявы коней.

Каляды адметныя таксама гульнямі і забаўкамі. Самай яскравай, каларытнай гульнёй была і застаецца «Жаніцьба Цярэшкі». Яна захавала ў сабе старажытныя магічныя рэшткі, якія зараз ператвараюцца ў вясёлую забаву. З’яўлялася репетыцыяй вясельных абрадаў – маладыя людзі выбіралі сабе пару, жартоўна «жаніліся». Нярэдка гульня прымала вельмі нясціплыя формы: абдымкі, пацалункі, розныя жарты. Разыходзілася моладзь позна, за поўнач. Калі дзяўчыне было далёка вяртацца дадому, новы «супруг» абавязаны быў правесці яе. Нядзіва, што пары, якія складаліся ў час гульні, потым сапраўды браліся шлюбам.


Читайте также:

Новое на сайте: