Пяць новых музеяў і экспазіцый Беларусі, дзе вы яшчэ не былі. Амаль усе можна наведаць бясплатна ці за капейкі
Летась у краіне адчыніліся некалькі новых музеяў і культурных прастор. А на пачатку 2026 года планавалася адкрыццё яшчэ аднаго – музея закаткі. Там, відаць, адкрыццё пакуль затрымліваецца, але нават без яго «Моцным Навінам» удалося скласці спіс новых месцаў, у якія дакладна будзе цікава зазірнуць.
Музей гісторыі беларускай чыгункі

Гэты музей насамрэч быў адкрыты яшчэ ў 1971 годзе на грамадскіх пачатках, але не быў даступны шырокай публіцы. Пасля на яго базе ў 1987 годзе быў заснаваны ведамасны музей. 15 кастрычніка 2025 года яго адчынілі нанава пасля аднаўлення, дадалі розныя інтэрактыўныя зоны. Напрыклад, цяпер там можна паспрабаваць набраць тэкст азбукай Морзэ альбо паслухаць гудкі розных паравозаў.
У экспазіцыі месцяцца як мініяцюрныя копіі саставаў і вакзалаў, так і дэталі памерам у некалькі цэнтнераў. Частка музея прысвечана чыгуначнікам – сялянам, якіх вызвалілі ад прыгону і якія не маглі пракарміцца на зямлі. Таксама цікава паглядзець на калекцыі квіткоў, шклянак з жалезнымі падшклянкамі і ліхтароў.
Дзе: Мінск, вуліца Бабруйская, 4 – зусім побач з вакзалам.
Рэжым працы: панядзелак – пятніца з 8:00 да 17:00 (абедзенны перапынак з 12:00 да 13:00); субота, нядзеля – выходныя дні.
Наведаць можна толькі па папярэднім запісе па тэлефоне +375 (17) 225-54-79. На красавік, як паведамілі ў музеі, месцаў ужо няма, а на май можна запісацца з наступнага панядзелка. Таксама магчымы запіс праз электронную пошту: mi@cnti.rw.by.
Кошт: бясплатна.
Музей піва

Музей і адначасова новы рэстаран сеткі Lidbeer адкрыўся ў лістападзе 2025 года ў Мінску спачатку ў тэставым рэжыме, а пасля ў снежні – паўнавартасна.
Сюды можна наведацца на экскурсію з дэгустацыяй групай ад 5 да 15 чалавек. Дэгустацыя можа ахопліваць толькі напоі, а можна заказаць сэт са стравамі.
Музей прадстаўлены чатырма тэматычнымі заламі: сярэднявечная карчма, установа эпохі мадэрн канца XIX – пачатку XX стагоддзя, савецкі рэстаран і зала, прысвечаная Лідскаму піўному заводу.
Дзе: Мінск, вуліца Рэвалюцыйная, 32 – недалёка ад Нямігі.
Рэжым працы: панядзелак – чацвер з 10:00 да 18:00, пятніца – нядзеля з 10:00 да 16:00.
Кошт: ад 60 да 120 рублёў з чалавека.
Экспазіцыя «Код Памяці»

Прыгожая этнаграфічная музейная экспазіцыя адкрылася ў Навабеліцы ў жніўні 2025 года.
Прастору стварыла ініцыятыўная група грамадзян. Тут можна ўбачыць дарэвалюцыйныя фатаграфіі, аўтэнтычныя ручнікі, абразы XVIII – XIX стагоддзяў, старажытныя народныя беларускія касцюмы, прадметы сялянскага побыту – куфры, посуд з гліны, тканіны, саламяныя кошыкі, кнігі і іншыя рэдкія экспанаты. Ладзяцца не толькі экскурсіі, а яшчэ і майстар-класы па рамёствах.
Наведаць прастору і трапіць на экскурсію можна папярэдне запісаўшыся па тэлефоне 54-09-10.
Дзе: Гомель, сярэдняя школа №75 па вуліцы Беліцкая, 5.
Рэжым працы: па суботах, папярэдне запісаўшыся.
Кошт: бясплатна.
Культурная прастора «Вобраз»

У аграгарадку Жодзішкі, што пад Смаргонню, выкупілі будынак XVIII стагоддзя і зрабілі з яго выставачную галерэю. Калісьці тут быў калегіум, потым комплекс стаў шляхецкай сядзібай. Пазней у будынках размяшчаліся адміністрацыя гміны, паліцэйскі ўчастак, санаторый, а з 1949-га і ажно да 2019 года тут размяшчалася абласная псіхіятрычная бальніца, дзе лячылі асабліва небяспечных пацыентаў.
Пасля пажару ў 2019-м бальніца зачынілася і будынак некалькі гадоў стаяў без справы. Але нядаўна яго за 100 долараў выкупіў амбіцыйны чалавек і арганізаваў тут культурную прастору. З верасня 2025 года сюды можна прыехаць і паглядзець на больш за 200 карцін беларускіх мастакаў. У калідорах і палатах, дзе яшчэ пазнаюцца інтэр’еры псіхбальніцы і захаваліся скляпеністыя 300-гадовыя столі, уражанні ад карцін асабліва яскравыя.
Дзе: Жодзішкі, вуліца Першамайская, 12А.
Рэжым працы: па выходных з 12:00 да 18:00.
Кошт: бясплатна, але можна пакінуць данат.
Арт-прастора «Натхненне»

Незвычайная рэтра-экспазіцыя размясцілася ў актавай зале былой сельскай школы ў вёсцы Навадворцы побач са Слуцкам. Пустое памяшканне арэндавала беларуска, якая тут калісьці вучылася.
Дзяўчына даўно цікавілася рэтратэматыкай, збірала тое-сёе ў сябе дома. А потым у галаву прыйшла ідэя сабраць увесь вінтаж у адным месцы, каб можна было на яго глядзець і фатаграфавацца, як з рэквізітам.
Увесну 2025 года залу прывялі ў парадак і арганізавалі атмасферную арт-прастору. Тут шмат рэчаў савецкіх часоў, ёсць тэхніка, якая ўсё яшчэ працуе. Усё можна мацаць рукамі.
Наведаць «Натхненне» можна па папярэднім запісе па тэлефоне +375 (33) 39-25-626.
Дзе: вёска Навадворцы, вуліца Кірава, 50а.
Рэжым працы: пасля зімы прастора пачне працаваць з 3 мая.
Кошт: данат.