У гамяльчаніна жыў кракадзіл, а цяпер ён гадуе расліну, якой больш няма ў дзікай прыродзе
«Моцныя Навіны» пагутарылі з незвычайным калекцыянерам экзотыкі Сяргеем – апантаным чалавекам, які стварае ў сябе дома асобны маленькі свет. Гамяльчанін з самага дзяцінства цягнуў у дом розную жыўнасць і чытаў шмат кніг па энтамалогіі – навуцы пра насякомых.
«Колькі сябе памятаю, з ранняга дзяцінства, я абажаю ўсё жывое – прыроду, расліны, жывёл, насякомых. І адпаведна, усё жыццё гэта маё захапленне», – тлумачыць Сяргей.
Пры гэтым цікава, што адукацыю мужчына атрымаў зусім не звязаную з жывёламі ці раслінамі. Сяргей скончыў эканамічны факультэт, а спецыяльнасць – бізнес і персанал. Ён прызнаецца, што цікавіўся і IT, але ў выніку вырашыў, што сядзець за камп’ютарам – гэта не яго.
Ад скарпіёнаў да кракадзіла
Агулам Сяргей мае 15 гадоў досведу працы з экзатычнымі жывёламі. Некалькі гадоў таму ў яго была агромністая калекцыя самых розных рэптылій і насякомых. Але пасля здарыўся кавід, праз які мужчына ледзь не сканаў. Потым здарыўся пераезд і большую частку калекцыі жывёл прыйшлося распрадаць. Але яе маштабы на піку сапраўды ўражваюць:
- 20 відаў трапічных прусакоў;
- 5 відаў грызуноў (напрыклад, палятуха звычайная (рус. белка-летяга), цукровы поссум);
- 3 віды змей (тыгровы пітон-альбінос, маісавы полаз і ўдаў);
- некалькі відаў палачнікаў;
- некалькі відаў конікаў;
- драпежныя трапічныя клапы;
- 8 відаў скарпіёнаў;
- вожык;
- багамолы;
- 3 віды гіганцкіх афрыканскіх смаўжоў – ахацін;
- хамелеоны;
- жабкі;
- 4 віды яшчарак;
- а нейкі час жыў нават кракадзіл.
«З маёй дапамогай людзі маглі купляць розную жыўнасць, і калі праз мае рукі праходзіў кракадзіл, ён нейкі час у мяне жыў», – дзеліцца наш суразмоўца.
Асобна Сяргей расказаў, што трымаў асабліва небяспечных атрутных драпежных клапоў. Гэтыя насякомыя дасягалі памераў у два карабкі запалак і мелі крыльцы. Каб іх гадаваць, Сяргею прыйшлося купіць спецыяльны доўгі пінцэт, бо гэтыя клапы маглі атакаваць кіслатой на адлегласць у 15 сантыметраў. Калі яна трапіць у вока, то можна застацца без зроку. Яшчэ яны маглі кусацца, і па некаторай інфармацыі месца ўкусу можа да года не зажываць, балець і крывіць. Здаецца, гэта нават страшней за кракадзіла.
Наколькі складана даглядаць вялікую калекцыю экзотаў?
Сяргей прызнаецца, што з самага пачатку імкнуўся зрабіць сваю сістэму па доглядзе за жывёламі максімальна самадастатковай. Ён не хацеў залежыць ад пастаўшчыкоў, таму нават кармавых насякомых вырошчваў сам – так было і танней, і надзейней.
У нейкі момант усё настолькі наладзілася, што экзоты пачалі «карміць» не толькі сябе, але і свайго гаспадара: грошы ад продажу ішлі на новыя інсектарыумы і лепшыя ўмовы.
«Я люблю, калі ўсё працуе без знешняй дапамогі, – расказвае мужчына. – Гэта такі замкнёны круг: яны кормяць адзін аднаго, а ўрэшце і мяне таксама».
Пры гэтым, па яго словах, часу гэта патрабуе менш, чым здаецца. Калі калекцыя толькі фармавалася, на догляд сыходзіла да 5 гадзін у дзень, але цяпер не больш за 2. А вось калі пачынаюцца генеральныя прыборкі, бывае і ўсе 6 гадзін сыходзіць.
«Калі ўсё адладжана, гэта не так цяжка, – тлумачыць гамяльчанін. – Вада, ежа, чысціня – і далей яны жывуць сваім жыццём».
Можа падацца дзіўным, але найбольш рэсурсу патрабуюць не насякомыя, а рэптыліі. Прыкладам, звычайная чырванавухая чарапаха, якую лёгка набыць і якая каштуе нядорага, у доглядзе аказалася складанейшай за павукоў: ёй патрэбныя дарагія вітаміны, кальцый, спецыяльныя лямпы і цэлы абсталяваны тэрарыум. І тое ж самае з раслінамі – каб яны раслі і квітнелі, даводзіцца бесперапынна эксперыментаваць з грунтам, асвятленнем і вільготнасцю, бо гатовыя сумесі з крам часта аказваюцца проста рэкламай.
«Раней думалася: у бабулі ж усё расла на падваконніку. А цяпер разумею, што і з раслінамі, і з жывёлай усё – суцэльныя эксперыменты», – дзеліцца Сяргей.
Euphorbia geroldii: кветка з мінулага
Сёння ў Сяргея засталіся толькі чатыры-пяць павукоў-птушкаедаў, трапічныя мнаганожкі-кіўсякі і некалькі відаў прусакоў выключна як кармавыя.
Акрамя экзатычных жывёл мужчына таксама пачаў вырошчваць і расліны.
«Праз тое, што пэўныя экзатычныя насякомыя патрабуюць ва ўмовах нашых кватэр корм у выглядзе пэўных раслін, я пачаў вырошчваць пакаёвыя расліны. З часам гэта перарасло ў вялікую калекцыю хатніх кветак. А як я пераехаў з кватэры ў дом, паступова з’явілася яшчэ і калекцыя вулічных раслін. Таму цяпер у мяне і хатнія расліны, і вулічныя, і экзатычныя жывёлы», – расказвае гамяльчанін.
Відаў раслін, як сцвярджае Сяргей, у яго было ажно 380. Але адна кветка – асаблівая. Яна называецца Euphorbia geroldii – эндэмік паўночнага ўсходу Мадагаскара. Па даных 2015 года, плошча распаўсюджання гэтай расліны была менш за 1 квадратны кіламетр. Па словах Сяргея, на сёння гэты від ужо поўнасцю знік у дзікай прыродзе і захоўваецца выключна ў калекцыях такіх аматараў, як наш суразмоўца.
«Яе было вельмі складана атрымаць. Я спрабаваў дастаць яе з розных краін – з Іспаніі, з Вялікабрытаніі, з Даніі. Але толькі з чацвёртай спробы з Вялікабрытаніі яна дайшла да мяне. У Гомелі праводзяцца розныя выставы і абмены раслінамі. Шмат хто хацеў са мной пабачацца, каб паглядзець ужывую на гэтую расліну. Яна хоць і неяк не адметная звонку, але ўбачыць тое, што вымерла ў жывой прыродзе – гэта нейкія невымоўныя пачуцці. Тое ж самае, што і глядзець на парэшткі дыназаўраў», – дзеліцца мужчына.
Шукае не толькі кветкі
Сяргей прызнаецца, што не спыняецца на дасягнутым і марыць пра сапраўдную аранжэрэю – вялікую, утульную, дзе можна будзе сабраць яшчэ больш рэдкіх раслін і жывёл, і стварыць для іх ідэальныя ўмовы. І пры гэтым усміхаецца: пакуль што робіць усё адзін, але не хавае, што хацеў бы сустрэць побач чалавека, з якім можна было б стварыць сям’ю, дзяліць і побыт, і гэтую справу.
«Калі любіш, яны адказваюць табе тым жа – квітнеюць, растуць, дораць неверагодныя водары, – кажа Сяргей. – Усё звязана: і дабрыню, і чалавечнасць усе жывыя адчуваюць. Асабліва любоў. Любіць – гэта важна. Найважнейшае ў жыцці».