Skip to main content
26.11.2025

У беларускіх крамах прадаюцца расійскія тавары з беларускай мовай на ўпакоўцы. «Моцныя Навіны» разбіраліся, як гэта атрымалася

Калі зазірнуць у любую беларускую прадуктовую краму і хутка праглядзець упакоўкі тавараў беларускай вытворчасці, якія там прадаюцца, то можна заўважыць, што абсалютная большасць з іх мае рускі нэймінг. На адваротным баку, дзе прапісаны склад і вытворчасць, знайсці інфармацыю па-беларуску яшчэ складаней. Чаму тады некаторыя вытворцы з Расіі ўсё ж выбіраюць беларускую? Гэта праз няведанне беларускага заканадаўства або яе дзяржаўных моў? Ці гэта такі маркетынгавы ход, хаця далёка не кожны пакупнік увогуле можа заўважыць інфармацыю пра склад на адваротным баку тавара? Паспрабавалі разгадаць гэтую загадку.

Працэнт беларускамоўнай упакоўкі ў крамах Беларусі вельмі нізкі

Здаецца, самі беларусы даўно ўжо звыкліся з такой сітуацыяй. Хаця час ад часу ўпакоўкі з інфармацыяй на роднай мове ўсё ж сустракаюцца.

Напрыклад, сярод малочных прадуктаў можна адзначыць лінейку прадуктаў пад назвай «Стары Менск» ад магілёўскай кампаніі «Бабушкина крынка». Сярод вытворцаў марозіва вылучаецца «Белы полюс» гомельскага брэнда Ingman.

На палічцы з алеямі можна знайсці бутэльку рапсавага алею, чыя ўпакоўка цалкам аформлена па-беларуску – гэта Oily «Асалода» кампаніі «Аграпрадукт». Таксама ў аддзеле бакалеі можна заўважыць, што па-руску і па-беларуску прадстаўлена ўпакоўка цукру з Жабінкі. А яшчэ «Столичная мельница» прапануе мучныя паўфабрыкаты «Бабуліны аладкі», «Бліны да мачанкі» і «Смачная піца» таксама на дзвюх мовах на ўпакоўцы.

Сярод кандытарскіх вырабаў вылучаецца бабруйскі «Чырвоны харчавік», які мае лінейку мармеладак Tinki, дзе ўпакоўка аформлена на дзвюх дзяржаўных мовах. Часам сустракаюцца яшчэ гэтак жа аформленыя цукеркі, напрыклад «Залатая пчолка».

У хлебабулачным аддзеле можна знайсці хлеб «Бабулін» ад «Мінскхлебпрома», але там на ўпакоўцы беларуская мова прысутнічае толькі на адным баку, спажывецкая інфармацыя падаецца цалкам па-руску. Гэта, да слова, даволі распаўсюджаная з’ява – калі беларуская мова і з’яўляецца на ўпакоўцы, часта вытворцы абмяжоўваюцца толькі назвай.

З непрадуктовых тавараў з беларускай упакоўкай можна пабачыць яшчэ мяшкі для смецця кампаніі «Далібан» і пральны парашок «Мара».

Чаму так адбываецца?

Такі стан з таварамі беларускай вытворчасці на сённяшні дзень. Чаму так сталася з беларускімі таварамі ў Беларусі, можна паразважаць, але мы гэтым разам абмяжуемся толькі юрыдычным і маркетынгавым аспектамі.

Апошні раз выкарыстанне беларускай мовы на ўпакоўцы актыўна абмяркоўвалася ў 2017 годзе, калі аб’явілі змены ў патрабаваннях: спажывецкая інфармацыя павінна даводзіцца альбо па-руску, альбо адначасова і па-руску, і па-беларуску. Гэта дало вытворцам магчымасць выбраць толькі рускую мову на упакоўцы свайго тавара і не замарочвацца з перакладам, што мы зараз і назіраем. А тыя кампаніі, якія выбіраюць дадаць беларускую на упакоўку, робяць гэта хутчэй з маркетынгавых мэтаў – гэта робіць прадукт адметным сярод іншых. Шмат у каго з беларусаў родная мова на упакоўцы выклікае прыемныя пачуцці, што таксама можа стымуляваць попыт.

Расійскія тавары па-беларуску

Апошнім часам у беларускіх крамах можна назіраць яшчэ адну з’яву – тавары расійскай вытворчасці з беларускай мовай на упакоўцы. Вось гэты феномен нас і зацікавіў.

Вось якія тавары ўдалося сабраць:

Льняная каша ад кампаніі «Секреты природы» з Растоўскай вобласці – спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісана па-беларуску.

Локшына «Фунчоза» кампаніі «ВИТО» з Омску – спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісана па-беларуску.

Корм каціны «Наша марка» Гатчынскага камбікармавога завода Ленінградскай вобласці – спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісана па-беларуску.

Макароны Pasta Deluxe вытворчасці «Нудел продукт» Пензенскай вобласці – спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісана па-беларуску.

Урбеч «Кокос тертый» брэнда Nuts for Life горада Пензы – спажывецкая инфармацыя на адваротным баку ўпакоўкі напісана па-беларуску.

Алей сланечнікавы «Палескі» мае толькі беларускую назву, яго робяць у Расіі, але па замове беларускай кампаніі «СегалОптТорг». На адваротным баку інфармацыя прадстаўлена па-руску. Падобная сітуацыя і з маркай «Вясковы падворак», дзе можна заўважыць крупы расійскай вытворчасці. Аднак упакоўка робіцца па замове беларускай кампаніі «Дабраном». Тое ж самае і з маркай «Суседскі маёнтак» сеткі крам «Суседзі». У гэтых двух выпадках беларуская маецца толькі ў назве маркі і прадукта, а спажывецкая інфармацыя ўсё ж прадстаўлена па-руску.

У тэхрэгламенце Мытнага саюза ёсць адзін цікавы пункт

Мы паспрабавалі даведацца ў саміх расійскіх вытворцаў, чые тавары прыцягнулі ўвагу сваёй упакоўкай, як беларуская з’явілася на іх прадукцыі.

Кампанія «Секреты природы» далі такі каментар:

«Добрый день!

Мы поставляем кашу в сеть магазинов «Пятерочка». Так как «Пятерочка» сотрудничает со странами ЕАЭС, было требование – указать на упаковке все языки».

А вось што адказалі ў аддзела продажаў Nuts for Life:

«Добрый день.

Мы активно работаем с Республикой Беларусь,что бы не клеить стикер с описанием и переводом, было принято решение наносить информацию на этикетку типографским способом».

Гэтыя адказы сталі падставай зазірнуць у заканадаўства Расіі. Вызначылася, што строгіх правілаў па афармленні ўпакоўкі няма, але ёсць патрабаванні да інфармацыі на ёй, якія прапісаныя ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза:

«…нанесенная в виде надписей маркировка упакованной пищевой продукции должна быть нанесена на русском языке и на государственном(ых) языке(ах) государства-члена Таможенного союза при наличии соответствующих требований в законодательстве(ах) государства(в)-члена(ов) Таможенного союза».

Як ужо згадвалася вышэй, 1 лютага 2017 года ў Беларусі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя Дзяржстандарту СТБ-1100-2016, дзе прапісана, што інфармацыя на ўпакоўцы харчовай прадукцыі павінна быць альбо на рускай, альбо на рускай і беларускай мовах. Прычым тычыцца гэта як прадуктаў айчыннай вытворчасці, так і імпартных.

У ЕАЭС, акрамя Расіі і Беларусі, уваходзяць таксама Арменія, Казахстан і Кыргызстан. У гэтых трох краінах дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца армянская, казахская і кіргізская. Беларусь – адзіная краіна ў ЕАЭС, якая мае дзве дзяржаўныя мовы. Пры экспарце прадукцыі ў нашую краіну расійскія вытворцы могуць, так скажам, не замарочвацца і пісаць на ўпакоўцы толькі па-руску, не ўкладаючыся ў пераклад. У Беларусі гэта не будзе пярэчыць заканадаўству таксама, бо па нашых стандартах, спажывецкая інфармацыя на ўпакоўцы павінна быць прапісана альбо па-руску (што для тавараў расійскай вытворчасці выканана аўтаматычна), альбо па-руску і па-беларуску адначасова.

Такім чынам выходзіць, што выбар беларускай на ўпакоўцы тавараў расійскай вытворчасці – неабавязковы. Тым не менш, «Моцным Навінам» вядомыя замовы беларускага перакладу ад расійскіх кампаній. Атрымліваецца, яны проста няўважліва ўчытваюцца ў беларускія стандарты? Іначай выходзіла б, што да расійскіх кампаній, якія хочуць пастаўляць свае тавары ў Беларусь, існуюць больш строгія патрабаванні ў моўным пытанні на ўпакоўцы, чым да мясцовых вытворцаў.

 

 


Читайте также:

Новое на сайте: