Skip to main content
27.05.2024

Ці шмат грошай сёлета згубілі падрадчыкі, якія займаюцца арганізацыяй выпускных? «Моцныя Навіны» запыталіся ў прадстаўнікоў event-сферы, якія там цяпер настроі

Адзвінеў апошні званок, школьнікі рыхтуюцца да іспытаў, а потым нарэшце доўгачаканая падзея – выпускны. Аднак гэтым годам святкаванне выпускных пройдзе крыху іначай.

Са з’яўленнем указа Мінадукацыі пра тое, як цяпер варта святкаваць развітанне са школай, «Моцныя Навіны» паспрабавалі разабрацца, ці шмат згубяць бізнэсы, занятыя ў арганізацыі святаў. Як-ніяк, выпускныя – асобная штогодняя крыніца даходаў. Вызначылася, што зладзіць свята для выпускнікоў па новых правілах нялёгка, але не ўсё не так блага.

Са словаў вядоўцаў, з якімі мы пагутарылі, уся гісторыя з выпускнымі пачалася з адной мамы, якая паскардзілася на вялікі бюджэт для святкавання. Раздзіманне бюджэтаў стала нагодай пераглядзець, з чаго складаецца выпускны, і ад якіх паслуг можна адмовіцца. У цэнтр увагі, напрыклад, трапілі лімузіны і салюты. Але, што цікава, гэтыя раскошныя атрыбуты святаў самі па сабе і так ужо сышлі ў нябыт і лічацца нечым не вельмі прыстойным.

«Можа, у сталіцы дзесьці лімузіны яшчэ запатрабаваныя, але ў нашым горадзе на іх ніхто не ездзіць», – дзеліцца сваім меркаваннем адзін з гомельскіх вядоўцаў.

Тая ж гісторыя і з салютамі.

«Цяпер больш папулярныя фантаны халоднага агню, а салюты не просяць. Свята заканчваецца сустрэчай світанка, у гэты час той салют ужо не запускаюць. Тым больш, каб зладзіць салют, трэба дазвол і ўзгадненне, а гэтым не хочацца займацца», – кажа гамяльчанін.

Па меркаванні аднаго сталічнага вядоўцы, у Мінску гэтыя пажыральнікі грошаў таксама ўжо не ў трэндзе. Машыны для пафасу даўно стаяць і іржавеюць.

Што яшчэ можна дадаць да раздзімання бюджэтаў, якое самі івэнт-спецыялісты лічаць марнаваннем грошай? Напрыклад, чырвоная дарожка ў арэнду.

Так, выглядае такі дэкор надзвычай урачыста і пафасна, але браць яго ў арэнду невыгадна. Куды эканомней набыць чырвонуню тканіну самастойна, калі моцна хочацца адчуць сябе кіназоркай.

«А сэканомленыя грошы можна выдаткаваць на такія сучасныя і небанальныя забаўкі для масавых імпрэз, як сэлфі-люстэрка, шумамеры, камеру-спінер на 360 градусаў, інтэрактыўныя кнопкі і іншыя падобныя тэхналагічныя гаджэты», – мяркуе прадстаўнік гомельскай event-сферы.

Чарговы пункт, які трапіў у катэгорыю непатрэбнай раскошы – дыджэй, ён жа гукарэжысёр. Але тут усё ж не татальная забарона, калі яго паслугі ўмоўна недарагія, то можна.

Што дорага, а што – не – самастойна вырашае канкрэтная школа, дзе адміністрацыя фарміруе бюджэт на святкаванне. Нягледзячы на тое, што, па меркаванні Мінадукацыі, для правядзення выпускнога дастаткова творчага патэнцыяла педагогаў, як прызнаюцца вядоўцы, якіх мы апыталі, некаторыя школы ўсё ж не разарвалі дамовы з прафесійнымі шоўменамі і запрашаюць іх да сябе, каб правесці святкаванне. Настойваюць на такім фармаце і бацькі, якія так ці іначай даюць рады і дамаўляюцца з дырэктарамі зрабіць выпускны на высокім узроўні.

Агулам, нашыя суразмоўцы глядзяць на сітуацыю пазітыўна. Так, хтосьці з падрадчыкаў сапраўды сутыкнуўся з адменамі броні на правядзенне свята. А хтосьці выкручваецца і не баіцца прайсці некалькі колаў праверак, каб дапамагчы школам зладзіць добры і запамінальны вечар.

«Шмат упіраецца ў атрыманне гастролек. Усяго трэба сабраць каля трынаццаці розных дакументаў з дазволамі. Трэба ўзгадніць і сцэнар, і плэйліст, і запрошаных артыстаў. Гэта займае шмат часу: умоўна 10 дзён на дазвол, 10 дзён на – ўзгадненне, яшчэ 10 дзён – на дамову арэнды», – дзеліцца досведам адзін з вядоўцаў. Ён акурат гэтымі днямі даведаецца, ці далі яму дабро на правядзенне свята. Хаця ў сабе наш суразмоўца ўпэўнены, бо ўваходзіць у рэестр, усё адно справа гэтая нервовая.

Па яго словах, прасцей зладзіць карпаратыў, дзе няма такога кантролю. І тыя event-агенцтвы, што займаюцца шырокім спектрам паслуг і тыпаў імпрэз, наўрад ці шмат згубяць праз сённяшнюю сітуацыю з школьнымі выпускнымі. А вось наконт тых кампаній, якія спецыялізуюцца выключна на выпускных, ён не ўпэўнены.

Дакладна не парадуюцца замовам у выпускныя рэстараны і кафэ. Тут сітуацыя самая жорсткая. Там, дзе святкуюцца выпускныя, не павінна быць алкаголю. Акрамя таго, адказнасць за вучняў у дзень выпускных нясе школа. Калі з выпускніком здарыцца непрыемнасць, адміністрацыі школы, дзе ён вучыўся, прыйдзецца несалодка. З гэтай прычыны, Міністэрства адукацыі дадала ў спіс магчымых для святкавання пляцоўвак толькі ўстановы адукацыі і ў выключных выпадках установы культуры і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.


Читайте также:

Новое на сайте: