Skip to main content
27.09.2023

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў

Пытанні экалогіі і змянення клімата ўсё часцей з’яўляюцца ў сводках навін. Асабліва пачынаюць яны хваляваць, калі здараюцца буйныя прыродныя катастрофы, кшталту нядаўняй трагедыі ў Лівіі. Генеральны сакратар ААН некалькі разоў выступаў з прамовай да сусветных лідараў, заклікаючы звярнуць сваю ўвагу на праблемы экалогіі.

А што можа зрабіць кожны з нас у межах сям’і, горада, краіны? «Моцныя Навіны» звярнуліся да беларусаў, якія ўжо ўкаранілі ў сваё жыццё некаторыя эказвычкі і папрасілі падзяліцца сваім досведам.

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №1

Транспарт

Электракары пакрысе становяцца звычайнай з’явай на беларускіх дарогах. Але куды шпарчэй заваёўваюць папулярнасць сродкі індывідуальнай мабільнасці – электрасамакаты і монаколы.

Напрыклад, ужо ў 2021 годзе ў Беларусі налічвалася каля 2 тысяч карыстальнікаў монакола. Пагутарылі з аматарам гэтага сродку Мікітам, каб зразумець, наколькі выгадна мець такі транспарт і вось, што ён нам расказаў.

«З 2020 года гэта мой гарадскі транспарт у 95% выпадкаў.

Самая неэкалагічная частка – гэта яго вытворчасць, як і з кожным акумулятарным транспартам на сённяшні дзень. А далей – гэта ўжо толькі пытанне, што вырабляе энэргію для падзарадкі.

Манакола даволі простае і недарагое ў абслугоўванні. Там толькі гуму змяняць, калі ўжо будзе занадта сцёртая. Ад бруду праціраю ды за ціскам у самім коле назіраю. Раз у год аддаю ў сэрвіс на дыягностыку, самому лянота сачыць. Калі не трапляць у аварыйныя сітуацыі і самому часам разбіраць на дыягностыку, то абслугоўваньне амаль нічога не каштуе, толькі твой час і новая гума праз некалькі тысяч кіламетраў. Асноўнае – зарадка, але там будуць капейкі. Разам з дыягностыкай – каля 200 рублёў у год, калі нічога сур’ёзнага не здарылася».

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №2

Адзенне

Магазіны сэканд-хэнд ці стокавыя магазіны – бадай першае, што прыходзіць у галаву, калі пачынаеш разважаць пра тое, як быць больш экалагічным падчас шопінгу. Таксама існуе практыка не купляць новыя прадметы гардэробу на працягу пэўнага часу (напрыклад, год), калі няма пэўнай патрэбы. А яшчэ адзін з цікавых і модных напрамкаў – апсайклінг. Пра яго нам расказала аўтарка праекта «Этыка» Воля, якая займаецца ручной вышыўкай, кастамізацыяй адзення і апсайклінгам.

«Апсайклінг – быў, ёсць і будзе вельмі актуальны для беларусаў. Проста раней не было такой назвы і былі іншыя прычыны займацца перашываннем адзення. Нашыя мамы і бабулі былі вымушаныя пераробліваць старыя рэчы, бо не было грошаў ці магчымасці набываць нешта новае. Зараз гэты працэс называецца апсайклінгам і мае ў першую чаргу экалагічны фундамент. Людзі займаюцца апсайклінгам, каб паменьшыць ціск на навакольнае асроддзе.

Для сваіх вырабаў я набываю адзенне ў сэкандах, час ад часу мне перадаюць рэчы знаёмыя і сябры. Намагаюся шукаць рэчы з біркамі, правяраю склад тканіны, пільна правяраю, каб не было дзірачак і плямачак. Выбіраю рэчы высокай якасці, каб пасля кастамізацыі ці апсайклінгу яны не сапсаваліся.

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №3

Што тычыцца коштаў, тут трэба разумець, як агулам фармуюцца кошты на ўмоўную цішотку Balenciaga, і з чаго скаладаецца кошт унікальнай кашулі з ручной вышыўкай. Тут ужо больш выбар за тым, каго падтрымаць – Balenciaga ці вытворцу, які стварыў нейкую ўнікальную рэч.

Дарэчы, шмат дызайнерскіх модных дамоў робяць дропы з апсайклінгу, ці дадаюць рэчы ў калекцыі, якія былі перашыты са старога адзення. Напрыклад, калекцыя Miu Miu з вінтажных сукенак. І нават існуюць некалькі даволі вялікіх брэндаў, такіх як Bettter, у якіх асноўная канцэпцыя – апсайклінг: Bettter. А што да беларускіх вытворцаў, нядаўна ў Мінску аб’ядналіся і адчынілі сваю апсайкл-краму некалькі дызайнераў –kasulia.store».

Да слова, сярод цікавых праектаў па апсайклінгу знайшоўся яшчэ і такі – eco.yeli. Яго аўтарка вяжа дыванкі, торбы і кошыкі са старых джынсаў і цішотак. Для сваіх вырабаў, дарэчы, яна збірае старое непатрэбнае адзенне, каб яго ператвараць у тэкстыльную пражу.

Гаджэты

Раней набыццё патрыманых гаджэтаў праз нейкія прыватныя аб’явы на барахолках часта азначала пакупку «ката ў мяху». Прыходзілася спадзявацца толькі на сумленнасць прадаўца з аднаго боку, і самому неяк шукаць пакупніка, каб пазбавіцца ад непатрэбнай рэчы.

Цяпер у Беларусі ёсць кампанія Breezy, якая займаецца дыягностыкай патрыманых смартфонаў, ноўтбукаў, слухавак і разумных гадзіннікаў, іх аднаўленнем, рамонтам і падрыхтоўкай да продажу. Пры ацэнцы тавара, яму надаецца ступень «патрапанасці» ў залежнасці ад таго, ёсць у яго пашкоджанасці толькі знешне, ці ўнутры таксама. Ад гэтага залежыць фінальны кошт, і калі, напрыклад, вас не хвалююць драпінкі на корпусе, можна знайсці добры дэвайс па вельмі прыемным кошце.

Адноўленыя гаджэты можна набыць у онлайн-крамах, офісах мабільных аператараў ці наўпрост у краме Breezy. Такім чынам можна купіць смартфон з гарантыяй і ўпэўненасцю, што з ім дакладна ўсё добра. Ён будзе цалкам працоўным і нашмат танней за новы дэвайс. А сабе можна буддзе паставіць плюсік у карму за клопат пра прыроду.

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №4

Смецце

Вядома, што самая найлепшая стратэгія ратавання планеты – гэта вытворчасць як мага меней смецця. Але калі яно ўжо ёсць і забруджвае лясы і паркі, варта ўсё гэта прыбіраць. Мы ўсе памятаем, як нас у школе цягалі на суботнікі і гэта былі тыя яшчэ пакуты. А вось цяпер збор смецця выйшаў на новы ўзровень.

Цікавая акцыя адбылася 23 верасня ў Гомелі на пляжы Абкомаўскага возера. Там упершыню прайшлі «Чыстыя гульні». Гэта экаініцыятыва, якую прыдумалі ў Расіі 9 гадоў таму. Правілы нескладаныя – збіраеш каманду, якая пагадзіцца прыбіраць смецце ў свой вольны час і атрымліваеш балы. Іх можно зарабіць за поўны мех смецця, незвычайны знойдзены «артэфакт», правільныя адказы ў экавіктарыне і гэтак далей. Чым больш балаў, тым вышэй шанец выйграць нейкі карысны прыз – заплечнік ці тэрмакубак.

Да слова, гэтая ініцыятыва арганізоўвае гульні не толькі ў межах аднаго горада, але ладзіць і міжнародныя турніры.

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №5

Гігіена

Каб пакідаць пасля сябе менш пластыку, можна адмовіцца ад шампуняў у пластыкавых упакоўках і перайсці на цвёрдыя шампуні. Яны выглядаюць як мыла, павольней расходуюцца і пасля сябе нічога не пакідаюць. Але пакуль гэта не самы распаўсюджаны сродак. Ці зручна ім карыстацца ў паўсядзённасці, запыталіся ў Ірыны, якая ўжо шмат гадоў, як адмовілася ад звыклых нам шампуняў.

«Я ўжо шмат гадоў імі карыстаюся і нават не ведаю коштаў звычайных шампуняў. Думаю, што цвёрдыя каштуюць больш, але карыстацца імі мне зручней. І я намагаюся выбіраць шампуні з бяспечнымі складамі, без SLS і іншай хіміі.

Аднаго кавалачка мне хапае прыкладна на 2 месяцы (мыю галаву штодзённа). Неяк набыла цвёрды бальзам для валосся, дык карысталася ім больш за год. Увогуле, цвёрдая касметыка – гэта канцэнтраваныя прадукты. У іх няма вады, таму яны расходуюцца не так хутка.

Ці лёгка сёння быць экалагічным у Беларусі? Ці ведаеце вы, што такое «апсайклінг» і як зручна карыстацца цвердымі шампунямі? Агляд эказвычак беларусаў і новых экалагічных напрамкаў, изображение №6

Цвёрдыя сродкі вельмі зручна браць з сабой у вандроўкі, яны амаль не займаюць месца. У мяне ёсць металічныя баначкі для шампуня і бальзама, у якіх можна іх захоўваць пад час паездкі. Гель для душу я таксама даўно замяніла на мыла. Так не застаецца лішняй пластыкавай упакоўкі.

Я агулам намагаюся пакідаць менш смецця. Вадкія сродкі, тыпу сродка для пасуды, мыла, геля для прання купляю ў 5-літровых каністрах. Так і выгадней, і зручней, і пластыку менш».

Што да пытання, ці лёгка набыць цвёрдыя сродкі, пакуль у асноўным гэта замовы праз спецыялізаваныя крамы ў Інстаграме або гарадскія кірмашы. Але паступова такая касметыка выходзіць і на вялікія маркетплэйсы кшталту Wildberris і становіцца дасяжнай для большай колькасці зацікаўленых людзей.


Читайте также:

Новое на сайте: