Што вырабляюць сучасныя беларускія рамеснікі? Падборка самых цікавых і незвычайных творчых майстроў
Калі вы цэніце ручную працу – гэты артыкул для вас. А нават калі і не, упэўненыя, вам будзе цікава пазнаёміцца з яскравымі працамі беларускіх майстроў. Наша краіна сапраўды багатая на творчых людзей. І адразу папярэджваем, вы не ўбачыце тут звыклы асартымент сувенірных крамаў!
«Моцныя Навіны» вывучылі дзясяткі старонак беларускіх рамеснікаў у Інстаграме, каб вылучыць сярод іх сапраўдных зорак ручной працы і пазнаёміць вас з самымі папулярнымі цяпер напрамкамі.
Фокус на традыцыйнае
Апошнім часам традыцыйная беларуская культура на самых розных узроўнях прадстаўлена ў вырабах майстроў. Пераасэнсоваецца інсітнае мастацтва, выцінанка, саломапляценне, вышыўка. Хочацца таксама адзначыць і крэатыўныя падыходы да рэкламы сваіх вырабаў. Зацаніце, на які ўзровень выходзіць саломапляценне, якое яшчэ некалькі гадоў таму не выходзіла за межы дзіцячых гурткоў у памяшканнях з савецкай устарэлай атмасферай!
А для прасоўвання выцінанак, напрыклад, ствараецца мерч у выглядзе прынтоў на цішотках і нават стыкераў для тэлеграма.
З узнікненнем трэнда на вырабы з бісеру ва ўсім свеце, сярод бяларусак з’явілася цікавасць да гарлячак з бісеру ў народным стылі. Агулам значна павысілася цікавасць да вёскі, народных строяў, этнаграфіі. Модніцы, якія схіляюцца дадаць у свой лук нотку традыцыйнасці, могуць выбраць не проста чырвона-белы арнамент з вышыванкі, а малюнак з посцілкі сваёй прабабулі і атрымаць супер-унікальны аксэсуар. Яшчэ адзін прыклад цікавасці да сваіх каранёў – мініяцюра хаткі з дэталёвым інтэр’ерам у напамін аб дзяцінстве ў бабулі.
Трэба таксама адзначыць і цікавасць да беларускага мастацтва, што ўвасабляецца ў вышыўцы на адзенні, торбах, упрыгожваннях ці проста ў прынтах. У бясспрэчных трэндах – творчасць зорак маляваных дываноў Алены Кіш і Язэпа Драздовіч.
Беларуская мова
Беларуская мова сапраўды робіць нас адметнымі. Сярод цішотак і худзі з надпісамі на рускай ці англійскай, з’явіліся і зрабіліся не менш папулярнымі надпісы па-беларуску. Літара «Ў», зразумелыя ўсім словы «каханне», «буська», натхняльныя фразы ці нават вершы паэтаў – усё гэта з’яўляецца на ўпрыгожваннях, майках, посудзе. Стала больш беларускай і на ўпакоўцы вырабаў.
Эканапрамкі
Набіраюць папулярнасць такія з’явы, як апсайклінг і кастамізацыя. Апсайклінг – гэта другаснае выкарыстанне рэчаў. Матэрыялы, якія калісьці ўяўлялі сабой адзенне, тэкстыль і іншае, становяцца асновай для новых вырабаў. Кастамізацыя – гэта адаптацыя нейкага масавага прадукта пад канкрэтнага спажыўца праз дадаванне элементаў і дэталяў, калі ў выніку атрымліваецца цалкам унікальная рэч.
Сярод папулярных матэрыялаў для стварэння адзення і іншых тэкстыльных вырабаў трэба адзначыць лён. Цікавая гісторыя ў кошыкаў, якія пляла і прадавала бабуля ў падземным пераходзе, пакуль яе не заўважыла дызайнерка. Бабулі забаранілі мерзнуць з кошыкамі ў пераходзе, стварылі стылёвую старонку ў Інстаграме і дапамагаюць зарабляць сваім хобі на жыццё.
Экалагічнасць таксама прадстаўленая і ў вытворчасці прадуктаў харчавання і касметыцы. Усё часцей людзі задумваюцца пра склад прадуктаў, натуральную ўпакоўку, імкнуцца выкарыстоўваць менш хіміі ў паўсядзённасці.
Эпатажнасць
Смелыя ідэі заўсёды прывабліваюць увагу. Некаторыя рэчы беларускіх майстроў з упэўненасцю можна назваць творамі мастацтва. Вось толькі пара прыкладаў, якія найбольш уражваюць, хаця гэта па сутнасці звыклыя нам тэкстыльная цацка і вязаны швэдар.
Фермерская і крафтавая ежа
Асобна хочацца вылучыць трэнд на здаровае харчаванне. На кірмашах можна знайсці сапраўды незвычайныя смакі самых карысных і натуральных прадуктаў. І гэта будуць не толькі яйкі курачак на вольным выгуле і свежая гародніна без пестыцыдаў. Як вам такія цікавінкі, як крафтавае марозіва, крафтавыя соўсы, крафтавыя квасы і крафтавыя сыры? Фантазія вытворцаў і жаданне вылучыцца сярод іншых часам уражвае.
А яшчэ карыстаюцца папулярнасцю прысмакі з Палесся. Там у Жыткавіцкам раёне згуртавалася адразу некалькі жанчын, якія выпякаюць хлеб і гатуюць традыцыйныя паляшуцкія стравы.