Skip to main content
16.10.2023

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя яшчэ ў 1993 годзе аб’явіла кастрычнік месяцам барацьбы з ракам малочных залоз. Менавіта ў кастрычніку адзначаецца Міжнародны дзень без станіка (13.10) і Еўрапейскі дзень здароўя малочнай залозы (15.10).

З гэтай нагоды «Моцныя Навіны» вырашылі разабрацца, ці ёсць сувязь паміж гэтымі датамі і ці звязаны ён з трэндам адмовы ад станіка, які становіцца ўсё больш папулярным у нашай краіне? Наколькі дарэчна не насіць станік у публічных месцах? Ці сапраўды карысна для жаночага здароўя адмовіцца ад яго? Што мяркуюць пра свабоду для смочкаў стылістка і гінеколаг?

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №1

Як усё пачыналася

У 2012 годзе рэжысёр Ліна Эска распачала кампанію Free the Nipple ў Нью-Ёрку. Яна зняла дакументальны фільм, як бяжыць па вуліцах Нью-Ёрка топлес, і праз год Facebook выдаліў гэтае відэа, што выклікала пэўны рэзананс. Ініцыятыву Эска ў 2014 годзе падтрымалі розныя знакамітасці. Падагрэла ўсё гэта і тое, што аднойчы фатаграфіі Рыяны ў празрыстай сукенцы без станіка адрэтушавалі многія выданні з мэтай схаваць смочкі.

У 2016 годзе рух атрымаў чарговую хвалю актуальнасці праз правілы Instagram і Facebook, якія блакуюць фатаграфіі з аголенымі або напаўаголенымі грудзьмі.

Дачка Дэмі Мур і Бруса Уіліса так пакрыўдзілася на выдаленне яе акаўнта ў Instagram, што ў знак пратэсту здзейсніла праменад па Нью-Ёрку аголеная па пояс, па шляху зазірнуўшы ў супермаркет.

Агню дадалі такія вядомыя майстры правакацыі, як Майлі Сайрус, Рыяна, Кортні Лаў і Мадона. Пад іх зорным уплывам хутка сфармавалася цэлы рух з жанчын, якія настойваюць на вызваленні малочных залоз ад сэксуалізацыі.

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №2

У выніку маніфест Free the Nipple стаў асацыявацца не толькі з кантэнт-абмежаваннямі сацсетак, але і ў цэлым з адмовай ад станікаў. Амерыканскі Vogue нават выпусціў артыкул, дзе на прыкладзе такіх інфлюенсерак, як Кендал Дженнер, Бэла Хадыд і Рыяна, разглядалася, як трэнд на адмову ад станіка з фэшн-паказаў перайшоў у вячэрнюю моду, а потым прыжыўся і ў штодзённасці. Дзякуючы масавай культуры адмова ад ліфчыкаў ператварылася з пратэсту і выкліку ў зразумелы шматлікім жанчынам выбар на карысць камфорту.

Праз гэта ў 2016 годзе нават пацярпеў адзін з галоўных вытворцаў пуш-ап-станікаў Victoria’s Secret і іншыя брэнды, якія прадаюць мадэлі, што візуальна павялічваюць грудзі. Стала больш актуальна насіць камфортныя топы спартыўнага тыпу і бралеты.

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №3

А як цяпер?

Глабальна актывісткі выступаюць за тое, каб жанчына, нават з аголенымі грудзьмі, не ўспрымалася як сэксуальны аб’ект. Яны патрабуюць гендэрнай роўнасці для ўсіх частак цела. Але ці гатовае грамадства для такога, пакуль невядома.

Прафесар Універсітэта штата Нью-Ёрк Рэбека Берч і яе калегі вывучылі рэакцыі людзей на эрэгіраваныя смочкі ў жанчын. У даследаванні ўдзельнічалі 234 чалавекі, кожнаму ў рандомным парадку паказвалі здымкі апранутых дзяўчын, у некаторых з іх былі цвёрдыя смочкі.

Высветлілася, што чым відавочней у жанчыны скрозь тканіну праступалі смочкі, тым менш разумнай яна здавалася. Таксама яе падазравалі ў бязладнай сэксуальнай актыўнасці і ставілі пад сумнеў яе маральныя якасці.

Прычым усе мужчыны-рэспандэнты адзначылі, што напружаныя смочкі – гэта запрашэнне да сэксу, і заявілі, што былі б не супраць правесці з такой дзяўчынай час. Жанчыны-рэспандэнты раскрытыкавалі мадэляў на здымках, падкрэсліўшы, што не сталі б з імі стасавацца.

Навукоўцы зрабілі выснову, што людзей, як правіла, не хвалюе, ад чаго ў жанчыны пацвярдзелі смочкі – ад холаду, трэння або ўзбуджэння. Узровень яе сэксуальнасці пры выразна бачных смочках адразу паднімаецца.

А што па правілах этыкету? Меркаванне стылісткі

«У адсутнасці станіка няма правакацыі, хаця гэта даволі моцны трэнд. Ён развіваецца і раскручваецца цяпер і далей будзе актыўна папулярызавацца сярод моладзі.

Але тут заўсёды трэба памятаць пра дарэчнасць. Смочкі, якія пачынаюць імгненна тырчаць праз нейкую рэакцыю арганізма, успрымаюцца як праяўленне сэксуальнасці, незалежна ад прычыны. Такім чынам жанчына яскрава сябе праяўляе знешне і, бясспрэчна, прыцягвае ўвагу. Дзе будзе да месца такая праяўленасць? На вечарыне, спатканні, калі хочацца падкрэсліць сваю жаноцкасць, – так. На працы, у офісе, дзелавой сустрэчы праяўляць сэксуальнасць і адкрытасць будзе недарэчна.

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №4

Але калі адсутнасць станіка выглядае акуратна, не вычварна і, смочкі не прасвечваюць, то пытанняў няма. Цяпер у продажы ёсць выдатныя мадэлі топаў з плотнай тканіны, якія не падкрэсліваюць смочкі і такім чынам не павышаюць узровень сэксуальнасці ў вобразе. І адначасова даюць неабходную падтрымку грудзям.

Калі не хочацца апранаць станік, але тканіна занадта тонкая, можна скарыстацца сіліконавымі накладкамі на смочкі. Тут усё вельмі індывідуальна і варта кіравацца пачуццём камфорту».

Агулам, правілы этыкету не агаворваюць нашэнне станіка. Няма нейкіх юрыдычных абмежаванняў ці жорсткіх патрабаванняў. Ніводны сучасны дрэс-код не прапісвае абавязковую наяўнасць гэтага прадмета жаночага гардэробу.

Ці ўплывае станік на жаночае здароўе? Меркаванне гінеколага

«Здароўе грудзей не залежыць ад адмовы насіць бюстгалтар. Існуе куды больш важная праблема – 90% жанчын не ўмеюць правільна падбіраць памер бюстгалтара.

Бюстгалтар – гэта прадмет гардэробу, які трэба падбіраць па памеры і форме грудзей. І хаця тэорыі пра парушэнні крова- і лімфаадтоку праз нашэнне станікаў не маюць нейкіх навуковых абгрунтаванняў, любы, нават самы зручны станік лепш не насіць больш за 12 гадзін у дзень. А насіць пуш-апы і спартыўную бялізну штодня супрацьпаказана, бо яны не прызначаныя для гэтага. Спаць у станіку рэкамендуецца цяжарным і жанчынам, якія кормяць, калі павелічэнне і павышаная адчувальнасць грудзей без падтрымкі прыносяць дыскамфорт. У астатніх выпадках варта даваць грудзям адпачынак.

На прыгажосць грудзей бюстгалтар не ўплывае. Калі ў жанчыны 1-2 памер, адмова ад станіка можа нават дапамагчы трэніраваць цягліцы і звязкі, якія падтрымліваюць грудзі, і такім чынам перашкаджаць апушчэнню малочных залоз з узростам. А вось уладальніцам пышных формаў станік на выхад усё ж патрэбны, каб раўнамерна размяркоўваць нагрузку на хрыбетнік.

Самы небяспечны станік – сіліконавыя налепкі на грудзі. Шчыльны сінтэтычны матэрыял спрыяе пераграванню і паценню, таму апранаць падобныя бюстгальтары лепш у вельмі рэдкіх выпадках».

Замест заключэння

Магчыма, вакол адмовы ад станіка і цвёрдых смочкаў столькі размоваў і спрэчак, бо іх увесь час хаваюць? Калі б не хавалі, тады і не было б такой увагі да іх? Вось вам некалькі цікавых прыкладаў з гісторыі, якія могуць пацвердзіць гэтую думку.

У пачатку ХХ стагоддзя мужчыны хадзілі на пляж у закрытых купальніках нароўні з дамамі. Публічнае агаленне смочкаў не толькі лічылася амаральным, але і парушала грамадскія законы аб аголенасці ў ЗША. Потым мужчыны ўзбунтаваліся, і, нягледзячы на пратэст грамадскасці і нават шэраг арыштаў, у 1936 годзе штат Нью-Ёрк афіцыйна прызнаў мужчынскія смочкі «агульнапрынятымі і натуральнымі».

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №5

Жаночае топлес было ўзаконена ў Нью-Ёрку прыкладна ў 1990 годзе. Легальна агаляцца па пояс сёння можна таксама ў штатах Гаваі, Мэн, Агаё і Тэхас. Вядомы выпадак у 2005 годзе, калі ў Нью-Ёрку арыштавалі жанчыну за з’яўленне топлес на публіцы. Але суд вынес рашэнне на яе карысць, і пазней яна атрымала 29 тысяч долараў у якасці кампенсацыі.

Яшчэ адзін варты ўвагі прыклад – карэйскі нацыянальны строй ханбока. У XVIII стагоддзі ён выглядаў крыху іначай, чым цяпер. Прабабулі сучасных карэянак не лічылі ганебным паказваць грудзі на вуліцы ў паўсядзённасці. У Карэі было іншае стаўленне да жаночых грудзей, зусім не яна была засяроджваннем мужчынскіх жаданняў, бо ўбачыць яе было звычайнай справай. Жаночыя ногі панавалі ў сэксуальных фантазіях, таму што іх не было відаць.

Адмова ад станіка: феміністычны трэнд на вольныя смочкі або клопат пра жаночае здароўе?, изображение №6

Цалкам магчыма, што яшчэ гадоў праз восемдзесят многіх здзівіць інфармацыя, што некалі жанчынам забаранялі паказваць смочкі. Пакуль барацьба за раўнапраўе мужчын і жанчын працягваецца, а трэнд на вольныя смочкі ўзмацняецца.​


Читайте также:

Новое на сайте: