Skip to main content
05.12.2023

Вяселле ў музеі. Як у Веткаўскім музеі захоўваючы традыцыі спраўджваюць жаданні закаханых

У Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава прайшла вясельная этнавечарына, а дакладней – рэканструкцыя традыцыйных вясельных абрадаў Гомельшчыны. «Моцныя Навіны» завіталі на імпрэзу, каб падзяліцца з вамі самымі сакавітымі момантамі!

Вяселле ладзілася ў новай музейнай залі ў Ветцы, у адміністрацыйным будынку. Гэтую залу з экспазіцыяй адкрытых фондаў захавання народнай беларускай іконы адкрылі зусім нядаўна з нагоды 45-годдзя Веткаўскага музея. І ўжо ацанілі яе патэнцыял, бо зала ў філіяле музея ў Гомелі з цяжкасцю змяшчае ўсіх ахвотных убачыць падобныя імпрэзы – настолькі папулярны цяпер Веткаўскі музей сярод аматараў традыцыйнай беларускай культуры.

Вечарыне далі назву «Вясельная 2.0», бо яна ладзілася сёлета ў другі раз. Звычайна музей не паўтарае свае тэматычныя праграмы цягам года, бо паказвае па аднаму пэўнаму традыцыйнаму абраду на месяц згодна гадаваму цыклу.

Але гэтым разам зрабілі выключэнне. Прычына неймаверна рамантычная: адзін хлопец Мікіта так закахаўся ў дзяўчыну Яну, што захацеў зрабіць ёй незвычайны падарунак – прымерыць на сябе ролі галоўных герояў на традыцыйным палесскім вяселлі. А адміністрацыя музея была толькі радая арганізаваць для іх такое свята.

Падрыхтоўка

З дапамогай музейных супрацоўнікаў Мікіту і Яну апранулі ў традыцыйныя строі. Вышываная кашуля, тканы пояс, боты – для жаніха. Сарочка, андарак, фартух, пояс і кубак з рознакаляровымі стужкамі – для нявесты. Вось так выглядалі маладыя перад пачаткам імпрэзы.

Пара прызналася, што яны дужа хваляваліся і адказна рыхтаваліся да імпрэзы – як да сапраўднага вяселля. Падрыхтавалі падарункі і запрасілі сяброў-гасцей з самых розных куткоў Беларусі: Мінска, Ліды, Брэста, Бабруйска, Рэчыцы, Магілёва.

Госці таксама сур’ёзна падышлі да справы: вясельны стол збіралі па добрай традыцыі ў складчыну, ён атрымаўся па-сапраўднаму багаты, ломячыся ад самых разнастайных смаколікаў.

Шмат удзельнікаў імпрэзы дадалі традыцыйны элемент у сваім вобразе або апранулі традыцыйны беларускі строй цалкам, каб адпавядаць святочнай атмасферы. Мы заўважылі, што шмат дзяўчат, нават самыя маленькія, упрыгожыліся гарлячкамі – мясцовымі неглюбскімі або больш сучаснымм варыянтамі, якія зараз дужа папулярны сярод аматараў этнаграфіі.

З чаго складаецца беларускае традыцыйнае вяселле

Па сучасных уяўленнях вяселле – гэта загс, фотасэсія і застолле. Але для нашых продкаў вясельныя традыцыі ахоплівалі куды больш шырокі дыяпазон.

Імпрэза пачалася кароткім вітальным словам дырэктара музея Пятра Цалкі, які падзякаваў усім прысутным, патлумачыў, што сцэнара няма – усё, як на сапраўдным жывым вяселлі, і распачаў свята.

Гасцей бавілі кароткімі замалёўкамі кожнага этапа вяселля.

Пачалося са сватання. Да нявесты сваталіся ажно тры хлопцы, але першым двум не пашанцавала – далі гарбуза.

А вось айцішнік Мікіта прыйшоўся будучай свякрові дужа даспадобы!

Затым былі заручыны. Усе сцэнкі-замалёўкі суправаджаліся неймавернай колькасцю жарцікаў, як нявінных, так і 18+, а таксама традыцыйнымі спевамі Гомельшчыны. Прычым спяваць маглі не толькі арганізатары вечарыны, але і ўсе наведвальнікі, якім загаддзя раздалі раздрукоўкі з тэкстамі.


Пасля заручын пачаўся прыгожы абрад зборнай суботы (або дзявочы вечар), які на Палессі мае свае адметнасці. У гэты дзень не толькі прыбіралі нявесту, а яшчэ ўпрыгожвалі яловую галінку – сімвал дзявоцтва. На вечарыне ўсе незамужнія дзяўчаткі змаглі павесіць кветачкі на елачку.

Затым пераапранулі нявесту: замест андарака на Яну надзелі панёву. Панёва – цікавы элемент традыцыйнага строя, які завязваўся такім чынам, што ззаду атрымлівалася нібы вялікая кішэня, як сімвал таго, што дзяўчына становіцца жанчынай – ёмкасцю для новага жыцця.

Святочнае застолле пачалося танцамі з караваямі. Кожнаму госцю раздалі паперкі з самабытнымі віншаваннямі маладых і пачалі дзяліць каравай. Пасля кожнага віншавання гучна пелі «Горка-горка горкая вада…», так што пацалавацца маладым прыйшлося роўна столькі, колькі было гасцей.

Пасля віншаванняў маладой накрылі галаву – павязалі хустку, крэпка перавязалі рукі маладых, накрылі іх кажухом для дастатку і адправілі ў клець. А для гасцей вечарынка працягнулася вясёлымі танцамі. Пачалі з Лявоніхі, для якой спатрэбілася стаць ажно ў два колы – так шмат сабралася народу.

Імпрэза доўжылася да 18 гадзін, акрамя танцаў, спявалі частушкі пад акампанемент гармоніка, бесперапынна жартавалі і весяліліся.

Усе ўдзельнікі імпрэзы змаглі ўжывую ўбачыць адразу некалькі вясельных абрадаў Гомельшчыны. Дзякуючы насычанай інтэрактывамі праграме кожны мог адчуць сябе непасрэдным удзельнікам свята.

Хочацца асобна адзначыць артыстычнасць і талент супрацоўнікаў музея, якія жыва і яскрава паказалі кожны этап вяселля. А таксама пазычыць шчасця і моцнага кахання Мікіту і Яне.


Читайте также:

Новое на сайте: