Калядны трэнд – саламяны павук. Як беларусы вяртаюцца да традыцый і пераасэнсоўваюць іх у сучаснасці
Саломапляценне ў Беларусі акурат цяпер перажывае новы ўздым. У калядны час беларусы ўсё часцей сталі ўзгадваць пра такую рэч, як саламяны павук. Раней ён сумна вісеў у кабінетах беларускай мовы і літаратуры ды ў музеях. Цяпер жа разам з цікавасцю да родных традыцый людзі пачалі не толькі нанава знаёміцца з яго гісторыяй, але і вяртаць у свае дамы звычку ўпрыгожваць дом саламяным абярэгам.
«Моцныя Навіны» зарынуліся ў гісторыю гэтага каляднага атрыбута, даведаліся, ці сапраўды павук цяпер такі папулярны ў беларусаў, і знайшлі некалькі нечаканых фактаў, якія вас дакладна зацікавяць.
Гісторыя
Магчыма, для кагосьці з вас гэта будзе навіной, але раней на Новы год і Раство беларусы не ставілі ў хаце елку. І не было спрэчак, як больш экалагічна – купіць штучную на дзесяцігоддзі ці ўзяць з кірмаша жывую. Да савецкіх часоў у вёсках жыла традыцыя плясці саламянага павука – падвясную канструкцыю з трубачак саломы. Традыцыя перадавалася з пакалення ў пакаленне, але амаль згасла ў ХХ стагоддзі. Цікава аднак, што яе рэха тым не менш можна было прасачыць у савецкіх елачных упрыгожваннях са шкляруса. Затым жа галоўным сімвалам Новага году стала ёлка. Яна практычна выціснула старадаўняе майстэрства.
Карані ж саламянага павучка сыходзяць яшчэ ў дахрысціянскія часы і цесна сплеценыя з пачаткам новага гадавога цыклу, які быў звязаны ў першую чаргу з прыродай, рухам сонца і земляробствам.
Роля павука ў старадаўнія часы была магічная. Народныя вераванні надзялялі салому цудадзейнай сілай, бо яна была звязана з хлебам і агулам з’яўлялася важным элементам у сельскагаспадарчым жыцці. Геаметрычныя фігуры, з якіх складаецца павук, – трохкутнік і ромб – адны з самых архаічных знакаў, якія звязаныя з жаночым пачаткам і ўрадлівасцю.
Калі ў нашае жыццё ўплялося хрысціянства і змяшалася з паганскімі вераваннямі, салома ўсё адно працягвала мець важнае сімвалічнае значэнне. Яе клалі пад абрус на святочным стале, тлумачачы тым, што Іісус нарадзіўся ў хляве сярод саломы, а усё той жа трохкутнік на павучыным «целе» пачаў сімвалізаваць Святую Троіцу.
Павуку прыпісвалася роля абярэга: у яго павуцінне на працягу года траплялі дрэнныя сны, праклёны, няшчасці і хваробы. Таму было прынята напярэдадні кожных наступных Калядаў плясці новага павучка, а старога спальваць разам з усім накопленным негатывам у доме.
У сучаснасці саламяны павук – гэта не толькі даніна прыгожай сямейнай традыцыі з чароўным эфектам, але таксама вельмі стылёвая мінімалістычная альтэрнатыва ялінцы. Да таго ж з яго не сыпяцца іголкі, і ніякай шкоды прыродзе – спаліў хрупкую канструкцыю і забыў. І не трэба думаць, калі ўжо час пазбаўляцца ад навагодняга дэкора: тут усё дакладна – мяняць раз на год ці два, пры жаданні можна плесці новы абярэг яшчэ і перад Вялікаднем.
Павукі ў трэндзе
У апошнія гады саламяны павук настолькі ў трэндзе, што месцы на майстар-класы па яго пляценні разбіраюць амаль імгненна. Адна з майстрыц з Гродна падзялілася з «Моцнымі Навінамі» нават канкрэтнымі лічбамі – толькі за два дні яе імпрэзу наведала 60 чалавек, а пасля Новага года дадалося яшчэ 27 жадаючых. Жанчына шчыра прызналася, што такой папулярнасці яна не чакала.
Тая ж самая карціна і ў Веткаўскім музеі стараабрадніцтва. Там анансавалі майстар-клас па павуку на 20 студзеня, і менш чым за суткі ўсе месцы ўжо былі забраніраваныя.
Народны ўмелец Пятро Цалка, які ладзіць гэты майстарклас, кажа, што цікавасць да такіх рэчаў была заўсёды з першых дзён яго працы ў музеі. Зараз проста інфармацыя стала больш дасяжнай, таму зручна знайсці месца, дзе навучыцца саломапляценню.
А не так даўно пад Рагачовам у сельскім клубе вёскі Шчыбрын адчыніўся экамузей, дзе ўсе ахвотныя могуць навучыцца зрабіць сабе саламяны абярэг на Каляды.
Дарэчы, некаторыя майстры вырашылі замяніць крохкую саломку на больш трывалы матэрыял і ствараюць сваіх павукоў з папяровых трубачак і пацерак. Праўда, такія творы мастацтва будзе шкада спальваць.
Яшчэ адна опцыя для тых, хто хоча уласнымі рукамі змайстраваць павука, але не нарыхтаваў сноп саломкі для гэтага, а ехаць у музей ці ў вёску не імкнецца – заказаць боксік ад брэнда KANVA за 120 рублёў. Там разам з інструкцыяй і ўсімі неабходнымі матэрыяламі, ёсць яшчэ свечка і qr-код на плэйліст для адпаведнай атмасферы падчас рукадзелля.
Калі займацца мелкай маторыкай у вас няма часу і жадання, а займець прыгожы залацісты аксэсуар пад столяй хочацца, то можна звярнуцца ў крамы ці непасрэдна да майстроў і купіць ужо гатовага павучка. Кошты вар’ююцца ад 3,60 рубля за адзін маленькі элемент у краме «Рагна» (Мінск) да 160 рублёў за раскошны дызайнерскі выраб са складанай канструкцыяй і мноствам элементаў ад майстроў галерэі «Славутасць» (Мінск). Ёсць таксама аб’явы і на «Куфары» – 25 рублёў за 25 сантыметраў вышыні з нескладаным дэкорам.
Цікавыя факты пра саламяных павукоў
Саламяны павук – абрад уласцівы не толькі беларусам. Этнографы таксама фіксуюць павукоў у Польшчы, Літве, Эстоніі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі.
Назва, вядома, таксама розніцца. Літоўцы называюць іх «содас», што азначае сад, латышы – «пузур», фіны і эстонцы – «хімелі». што ўзыходзіць да германскага Himmel – неба, чэхі кажуць «мушыны рай» або «мушыны танец». У удмуртаў, якім таксама вядома такое саламянае ўпрыгожванне, яно носіць назву «кадзіла». У Беларусі яшчэ сустракалася назва «ліхтар».
У народзе кажуць, што калі не можаш зачаць дзіця, трэба пастаяць пад павуком. Існуе таксама традыцыя вешаць павука над маладымі на вяселлі.
Асацыяцыя з павуком, па меркаванні даследчыка Дзмітрыя Скварчэўскага, ідзе з уяўленняў нашых продкаў, што павук – святая істота і заснаваў гэты сусвет. А саламяны абярэг – гэта нібы ўяўная мадэль ідэальнага свету.
Самага вялікага і цяжкага саламянага павука зробілі ў Эстоніі ў 2019 годзе. Ён атрымаўся аб’ёмам 5,96 кубічных метра і вагой 12 кілаграмаў. Паводле Guinness World Records, гэты выраб стаў самым вялікім у свеце на той момант.