Skip to main content
17.01.2024

Як выглядаюць кватэры ў вядомых гістарычных будынках Гомеля? Зазірнулі ў тыя, што можна арэндаваць на суткі

Як адчуць горад і яго гісторыю? Вось вам ідэя – засяліцца на начоўку ў гістарычны будынак. У Гомелі захаваліся дамы міжваеннага часу, якія самі па сабе – ужо архітэктурная цікавостка для тых, хто цікавіцца мінулым горада. «Моцныя Навіны» пашукалі кватэры ў такіх старых дамах – а можа ёсць варыянты, дзе яшчэ захавалася атмасфера тых часоў? Дзелімся тым, да чаго прывялі нашыя пошукі.

Дом-камуна Станіслава Шабунеўскага

Дом-камуна на Леніна, 51, лічыцца пярлінай гомельскага канструктывізму. Дом 1929-1931 гадоў пабудовы вядомага архітэктара Станіслава Шабунеўскага на той час быў самым вялікім жылым домам у БССР. На паверхах уздоўж доўгага калідора ішлі жылыя пакоі, агульныя кухні, санвузлы і пральні. Будынак, акрамя ўсяго, уключаў бібліятэку, дзіцячы сад і сталовую. Гэта першы ў горадзе дом, у якім былі ўсталяваныя ліфты ў 1959 годзе. У вайну, як і многія даваенныя будынкі Гомеля, моцна пацярпеў і пасля быў рэканструяваны. Да пачатку 1980-х дом моцна струхлеў і доўга стаяў закінутым. У пачатку 2010-х была завершана чарговая рэканструкцыя будынка. І былое камунальнае жыллё для чыгуначных работнікаў ператварылася ў элітныя кватэры для багатых гамяльчан. Сёння Дом-камуна – помнік архітэктуры.

Вось такая аб’ява аб арэндзе ў гэтым будынку нам трапілася.

Кошт арэнды за суткі – 70 рублёў. На наш погляд, атмасфера канструктывізма зусім не адчуваецца, але апынуцца ўнутры будынка дакладна было б цікава.

Тыповая постканструктывісцкая забудова

Яшчэ да пачатку вайны ў 30-40-я гады ў Гомелі пачалі ўзводзіць тры жылыя дамы па адным праекце: два – на вуліцы Ірынінскай і адзін – на вуліцы Кірава. Апошні прызначаўся для служачых чыгункі. У той час у савецкай архітэктуры сталі масава выкарыстоўвацца тыповыя праекты. Дом на Ірынінскай, 3, пачалі будаваць да вайны, але дабудаваць не паспелі. Канчаткова ён быў дабудаваны ўжо пасля вызвалення – у 1952 годзе. У ім знайшлася вось такая раскошная на першы погляд кватэрка на суткі. Праўда, пляма на канапе крыху псуе ўражанне. Кошт – 68 рублёў за суткі.

На скрыжаванні Кірава з праспектам Перамогі стаіць яшчэ адзін тыпавы постканструктывісцкі дом, які быў завершаны пасля вайны. У будынку былі «парадныя» і «чорныя» ўваходы, тэрыторыя дома мела сваю агароджу з даволі прыгожай каванай брамай. Вось такая кватэра знайшлася тут. Кошт – 45 рублёў за суткі. Стыль абазначыны ў апісанні як лофт, хаця можна паспрачацца.

Несавецкі інтэр’ер на Савецкай

Яшчэ адна кватэра, якая прыцягнула нашую ўвагу, знаходзіцца на вуліцы Савецкай, 3, у доме 1939 года пабудовы. Пагадзіцеся, двухузроўневая кватэра-студыя з цаглянымі сценамі выглядае незвычайна! У водгуках наведвальнікі дзеляцца ўражаннямі і адзначаюць цікавую гісторыю кватэры. На жаль, гаспадары не падзяліліся з намі падрабязнасцямі. Кошт пазначаны ад 60 рублёў.

Самы прэстыжны даваенны дом у Гомелі

Апошнюю кватэру, якую хацелася б адзначыць, прапануюць у арэнду не на суткі, а на доўгі тэрмін. Знаходзіцца яна ў так званым доме спецыялістаў 1935 года пабудовы па адрасе Кірава, 35. Будынак узводзілі для вядучых спецыялістаў горада. На яго фасадах можна заўважыць ляпніну на пралетарскую тэматыку. А сама кватэра на чатыры пакоі выглядае вось так.

Кошт – 300 долараў за месяц.

Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял і праглядаліся дзясяткі самых розных кватэр у гістарычных будынках Гомеля, падумалася, што насамрэч гэта было б цікава – засяліцца на суткі ў інтэр’ер, які б не толькі адпавядаў густу і камфорту, але сапраўды пераносіў у нейкую гістарычную эпоху, дзякуючы мэблі і дэкаратыўным дэталям мінулага часу. Магчыма, і такое калі-небудзь з’явіцца на беларускім рынку.


Читайте также:

Новое на сайте: