Колькі трэба заплаціць за «традыцыйны віншавальны набор» на 23 лютага? «Моцныя Навіны» праманіторылі асартымент і кошты на шкарпэткі
Можна па-рознаму ставіцца да гэтага свята, але калі душа просіць парадаваць каханага мужчыну ці любімага бацьку знакам увагі, то Дзень абаронцы Айчыны выглядае, як адзіная добрая нагода. Нават каб проста чыста сімвалічна ўручыць пару свежых шкарпэтак ці пену для галення.
«Моцныя Навіны» прагуляліся па крамах у цэнтры Гомеля і зазірнулі ў анлайн-крамы, каб ацаніць кошты на «традыцыйны набор» да 23 лютага і якія зніжкі можна злавіць.
Першым месцам, куды мы зазірнулі, была фірмовая крама Mark Formelle. Тут звычайны асартымент па звычайных коштах (у асноўным па 4,99 рубля). Ёсць прыкольныя варыянты кшталту «Папа устал» і тэрмашкарпэткі за 10,89 рубля. А таксама ёсць магчымасць аформіць падарункавы бокс – пакласці туды набор са шкарпэтак і бялізны і даплаціць за прыгожую скрынку 1,99 рубля.
У ГЦ «Бульвар» кошты па 4-5 рублёў, але ёсць мадэлі на акцыі па 2 рублі з хвосцікам. Кошты на падарункі, якія часта ідуць разам са шкарпэткамі ў дадатак, кшталту пены для галення або дэзадаранта, крыху вышэй за сярэднія па горадзе. А вось гатовых набораў, якія звычайна з’яўляюцца перад святамі ў вялікіх кандлёвых цэнтрах, няма.
У краме «Три цены» даволі сціплы выбар з коштамі ад 3,5 да 5 рублёў, але затое ёсць гатовыя наборы з касметыкай.
У «Міле» крыху павесялей. Шмат цэннікаў са зніжкамі, ёсць нават варыянты ніжэй за 2 рублі. На пену таксама зніжкі і ёсць гатовыя наборчыкі для тых, хто не любіць моцна замарочвацца.
Самыя нізкія кошты на шкарпэткі мы знайшлі ў Fix Price – у дыяпазаоне 2-3 рублёў. Ёсць і танней нават.
Цяпер давайце паглядзім, можа, нешта больш арыгінальнае за звычайную чорную пару знойдзецца анлайн?
У фірмовай краме Conte аб’яўленая зніжка 15% на ўвесь мужчынскі асартымент, у тым ліку і на шкарпэткі. Разам з ёй сярэднія кошты – ад 4,76 да 5,10 рубля. І ў адрозненне ад крам вышэй, тут ёсць шырокі выбары самых розных цікавых прынтоў.
У анлайн-гіпермаркеце 21vek.by – ніякіх спецыяльных акцый і самыя высокія кошты з усіх прагляджаных намі пляцовак, таму не раім. У каталозе Onliner агулам няма ніякіх шкарпэтак у наяўнасці. Яшчэ мы зазірнулі на Oz.by. Там знайсці шкарпэткі было не вельмі проста, бо няма зручнага фільтра і спатрэбілася вышукваць мужчынскія сярод дзіцячых. Але парачка варыянтаў да 5 рублёў знайшлася. А самы незвычайны падарунак для тых, каму не шкада грошай і хочацца выдзеліцца – вось такая бляшанка з арыматазаванымі «Шкарпэткамі сапраўднага мужчыны» за 9,99 рубля.
Падсумоўваючы, хочацца нагадаць нашым чытачам, што не трэба спецыяльнай даты ў календары, калі хочацца зрабіць прыемны сюрпрыз сваім блізкім. І, вядома, гэта неабавязкова павінны быць шкарпэткі з дэзадарантам!