Skip to main content
30.04.2024

Для душы. «Моцныя Навіны» пагутарылі з гаспадарамі, якія трымаюць на сваіх падворках экзатычных птушак

Хтосьці заводзіць для душы папугайчыкаў і канарэек. У Савецкім Саюзе модна было трымаць галубоў. А нашыя героі захапіліся залатымі фазанамі і паўлінамі. Калісьці такія птушкі ўпрыгожывалі магнацкія падворкі і сядзібныя паркі, каб захапляць гасцей і падкрэсліваць свой статус. Імі не толькі любаваліся, але і падавалі на багатых панскіх сталах у якасці страў. Цяпер жа рэдкія птушкі – хутчэй незвычайнае хобі выключна для душы і прыгажосці.

Паўліны і фазаны ў гісторыі Беларусі

Цяжка з гістарычнай дакладнасцю сказаць, наколькі модна было трымаць экзатычных прыгожых птушак на падворках сярод беларускай шляхты. Але калі пачытаць інвентары некаторых заможных маёнткаў, то становіцца зразумела, што паўлінаў на тэрыторыі Беларусі трымалі ўжо ў XVI стагоддзі. Экзатычныя жывёлы дапамагалі людзям паказаць іх уладу і багацце. У адрозненне ад сучасных заапаркаў, ранейшыя звярынцы не былі адкрытымі для шырокай публікі, а прызначаліся для палявання ці пастановачных баёў уладальніка і дэманстрацыі свайго статусу перад высокімі гасцямі. Напрыклад, фаршыраваныя паўліны і лебедзі на стале ў Боны Сфорцы амаль нікога не здзіўлялі. У апісанні сядзібы Сапег у Ружанах у XVIII стагоддзі ўзгадваецца шэраг збудаванняў у парку для ўтрымання жывёл – іх звалі «звярынцам». Там жылі ласі, алені, лані, вярблюды, фазаны, мядзведзі. Хто – на волі, хто – ў вальерах. У Маркава месцілася сядзіба Маліноўшчына, дзе ўладальнік Баляслаў Свентаржэцкі заклаў звярынец. За яго агароджай жылі серны, фазаны, лані, канадскія індыкі, качкі, рабчыкі, цецерукі. Вадзіліся там і рысі. Тая мясцовасць, дарэчы, і дасюль завецца Звярынцам. Старажылы маёнтка Старынкі, што належала Мечыславу Багдановічу, апісвалі ў 1938 годзе гаспадарчы двор, як прыгожы і вытанчаны. «Вакол кожнага будынка стайні і кароўнікаў былі выбрукаваныя сцежкі, паабапал абсаджаныя ружамі і фіялкамі. У двары прагульваліся паўліны і цэсаркі». Яшчэ цікавыя звесткі пра незвычайных свойскіх птушак беларускія гісторыкі знайшлі ў судовых кнігах Мінска канца XVI стагоддзя. Там запісаная скарга на слугу, што застрэліў чужых ручных журавоў. Журавоў трымалі, напрыклад, Слізні ў сваім маёнтку ў Мсціжы. Яшчэ ў іх калекцыі ўтрымліваліся розныя папугаі, канарэйкі, кольчатыя туркаўкі, паўліны, лебедзі, белыя і чорныя буслы, галубы і іншыя птушкі.

Паўліны Сан Саныча

Сан Саныч – зацяты паляўнічы, працуе егерам. Ахвотна дзеліцца, як гукае ў лесе ласёў ды ваўкоў.

«А па-паўлінаваму пакуль не навучыўся яшчэ», – уздыхае мужчына з усмешкай. Незвычайных птушак яму падарыў сын тры гады таму. І стары ўцягнуўся ў клопат за прыгажунамі. «Моцныя Навіны» завіталі да яго ў госці і даведаліся, як у звычайнай беларускай гаспадарцы жывецца птушцы з далёкіх краёў. Да слова, калі пашукаць аб’явы па продажы/абмене паўлінаў, то можна знайсці такія па ўсёй Беларусі, хаця хобі ўсё адно нельга назваць моцна распаўсюджаным. Каштуюць самцы ад 2 гадоў каля 100-200 рублёў. Маладзейшыя, якія яшчэ не паспелі вырасціць багаты прыгожы хвост – танней. «Прывезлі самку і самца. Яны выраслі. Першы год спрабаваў разводзіць, не вельмі атрымлівалася. Адвозілі яйкі ў інкубатар. Пяць штук вывелі, аднаго кот скраў. Тры астатнія не перажылі. Выжыў адзін, я яго аддаў пляменніку, ён таксама пачынае разводзіць, узяў сабе пару. Я яму самачку трэцюю і аддаў. У мяне засталіся двое. Хутка зноў будзем спрабаваць рабіць кладку. Я пакуль раздаю птушанят бясплатна», – ахвотна дзеліцца сваёй гісторыяй Сан Саныч. Мужчына лічыць паўлінаў непераборлівымі ў гадаванні, але кажа, што ім трэба даваць вітаміны. Корм звычайны, ядуць тое, што і куры. Любяць кукурузу, ласуюцца хлебам. «У мяне паўліны для душы. І праца ў мяне для душы. Я паляваннем займаюся і вучу іншых людзей паляванню – як падыходзіць, як са зверам стасавацца і клікаць», – дадае егер.

Але паўлінаў можна не толькі дзеля прыгажосці трымаць. Сан Саныч расказвае, што да яго прыязджалі госці з Краснадара, дзе больш спрыяльныя ўмовы для развядзення паўлінаў. І яны дзяліліся, што там экзатычных птушак разводзяць як курэй, ядуць мяса таксама. У Беларусі ў такіх маштабах не разводзяць, але гэта цалкам магчыма. Увесну ў навіны трапілі гомельскія паўліны, які збеглі ад гаспадароў. Але наш герой заяўляе, што яго птушкі паводзяць сябе прыстойна – гуляюць у вальеры з курамі і па-свойму кудахтаюць. Часам самец залазіць да суседа на альтанку раніцай і ладзіць пабудку, але ніхто на іх не скардзіцца. Да людзей птушкі прывыкаюць, як і куры. Знаёмым, якія прыязджаюць да егера на паляванне, мужчына дарыць пёркі. Кажа, што хвост у самца вырас ужо да метра паўтара. З мінулага года яшчэ засталіся, Сан Саныч не шкадуе, усім раздае. Восенню ў птушак пачынаецца лінька, хвост будзе скідвацца. А што да зімы, птушкам адмыслова пабудавалі цёплы вальер, але яны ў ім не сядзяць. Сядзяць наверсе і не хаваюцца.

Фазаны з Навабеліцы

Яшчэ адзін аматар незвычайных птушак у Гомелі – Павел. Ён займаецца развядзеннем залатых фазанаў ужо 7 гадоў. Зараз у яго больш за 30 птушак, але мужчына запланаваў гэтым летам вылупіць 300 асобін.

«Сёння у абед у наяўнасці 34 галавы, раніцай было 36. Дзве галавы пайшлі ў царкву ў Раманавічы», – расказвае Павел.

Мужчына на пытанне, ці гадуе ён птушак на забой, кажа, што забой такой прыгажосці ўвогуле немагчымы. Ён, як і папярэдні герой, разводзіць сваіх «райскіх» птушак для душы і прыгажосці. Гадаванцаў Паўла можна сустрэць у беларускіх запаведніках, дамах састарэлых, дзіцячых дамах. У такія ўстановы ён аддае птушак у падарунак. Іншыя ідуць на продаж. Па словах гаспадара, развядзенне залатых фазанаў у Беларусі не вельмі распаўсюджана. У прыродзе гэты від у нас не сустракаецца і выжыць не зможа, але для трымання ў няволі цалкам падыдзе.

Агулам залаты фазан родам з Гімалаяў. Да слова, там паляванне на гэтую птушку забаронена. У прыродзе ў вялікай колькасці таксама сустракаецца ў Брытаніі. Там распаўсюдзіліся тыя фазаны, якія збеглі з няволі. Птушка лічыцца непатрабавальнай у гадаванні, есць нашмат меней за курыцу. Увесь час жвава рухаецца, нібы хоча збегчы. Па характары даволі пужлівая, таму да людзей не звыкае. Што тычыцца коштаў, дарослых самцоў прадаюць ад 75 да 120 рублёў.

Калі вы жадаеце неяк разнастаіць свой падворак і здзівіць гасцей, магчыма, такія экзатычныя птушкі як паўліны і фазаны, якіх сёння ў звычайным жыцці можна сустрэць толькі ў заапарках, змогуць прыжыцца і ў вас. Ну а чаму б і не?

 


Читайте также:

Новое на сайте: