Праекты па перабудове вуліцы Палескай існуюць даўно. Калі-некалі з’яўляецца інфармацыя пра знос старых закінутых хат і грамадскія абмеркаванні новых праектаў з пабудовай камфортных шматпавярховікаў. Таму мы адправіліся на шпацыр па даволі ажыўленай вуліцы, каб зафіксаваць на фота ўнікальны для Беларусі разьбяны дэкор вокнаў на старых драўляных дамах, пакуль ён усё яшчэ з’яўляецца адметнай рысай твару Гомеля.
Палеская вуліца – адна з самых старых у горадзе. Яе гісторыя пачынаецца з другой паловы 80-х гадоў XIX стагоддзя і звязана з будаўніцтвам Палескай чыгункі ў 1873-м. Будавалася яна выключна для ваенных мэт, аднак прыбытковасць яе аказалася вельмі высокай і цалкам змяніла сялянска-абывацельскі характар старога Гомеля: ён стаў гандлёва-прадпрымальніцкім горадам. Вуліца, на якой раней сканчаўся горад, у выніку і атрымала сваю назву ад Палескай чыгункі, што працяла Гомель у 1888 годзе.
Палеская – сапраўдны партал у часе. Мы літаральна завіслі тут – паміж сучасным і мінулым, сайдынгам і стогадовымі карункавымі карнізамі. Толькі ўявіце: дамы, якія тут пабудавалі ў дарэвалюцыйны час, усё яшчэ захаваліся. Некаторыя надзейна схаваліся пад сучаснымі будматэрыяламі, каб палепшыць умовы пражывання сваіх гаспадароў, і змяніліся да непазнавальнасці. Некаторыя прыйшлі ў заняпад – страцілі дах, зачынілі вокны аканіцамі, але ўсё яшчэ ўражваюць багатым самабытным дэкорам. Дзеля яго мы сюды і прыйшлі, а калі дакладней – дзеля ліштваў.
Ліштва – гэта накладная фігурная планка вакол аконнага праёма. І тыя ліштвы, якія аздабляюць дамы на Палескай, і агулам на Гомельшчыне – самы яркі і выразны прыклад разьбянога дэкору ва ўсёй Беларусі. Некаторым драўляным аздабленням вакол вокнаў і на карнізах, якія можна тут убачыць, больш за сто гадоў. Адныя з іх губляюць часткі і пакрысе абсыпаюцца. За другімі ўсё яшчэ даглядаюць і падфарбоўваюць гаспадары.
Акрамя Гомеля, такія прыгожа аформленыя ўручную вокны можна яшчэ ўбачыць у Ветцы, Добрушы, Рэчыцы і часткова – ў Чачэрску. Па словах гомельскага даследчыка разьбянога дэкора ў народнай архітэктуры паўднёва-усходняй Беларусі Яўгена Малікава, гомельскія аздабленні вельмі моцна адрозніваюцца ад дэкора на захадзе Гомельскай і ў Брэсцкай вобласці. Там ён больш просты, лінейны.
За адзін кароткі шпацыр па Палескай мы паспелі сфатаграфаваць больш за дваццаць ліштваў, якія не паўтараліся між сабой. І гэта толькі адна вуліца! Адзін дом прыцягнуў на сябе асаблівую ўвагу, бо акрамя ліштваў на ім быў разьбяны дэкор літаральна на ўсіх плоскасцях. Калі мы спыніліся, каб зафіксаваць паўлінаў на фасадзе, побач спынілася машына, з якой выйшлі гаспадары.
«Фатаграфуйце, фатаграфуйце. Мы ўжо звыкліся, што наш дом увесь час фатаграфуюць», – махнула нам рукой усмешлівая маладая жанчына і ахвотна расказала пра дом, дзе шмат пакаленняў жыла яе сям’я і жыве дасюль.
Яе дзед Іван Максімавіч Кавалёў працаваў у школе настаўнікам матэматыкі, чарчэння і малявання. Пасля сыходу на пенсію ў 1986 годзе пачаў займацца аздабленнем дома. Зрабіў уласны станок і стаў ствараць свой разьбяны дэкор, як падказвала фантазія. Акрамя дома, аздобіў таксама і браму. На жаль, яна ўжо цалкам згніла. Цяпер замест яе нашчадкі паставілі плот і калітку са звычайнай карычневай сталі. Пра дзеда і яго захапленне нават напісалі ў невялічкай кнізе 1999 года, прысвечанай разьбяным аздабленням сучаснага дома на Гомельшчыне. Гаспадыня з гонарам паказала нам кнігу з тагачаснымі фота дома, якому летась споўнілася ўжо 115 гадоў.
Нашую размову нечакана перарвала моцная залева, таму мы паспяшаліся развітацца. Але пачуццё ад сустрэчы засталося вельмі цёплае, бо нам пашчасціла ўбачыць прыклад таго, як шануецца і зберагаецца памяць пра свае карані. На кантрасце з закінутымі дамамі з рэшткамі былой прыгажосці і закрытымі аканіцамі гэта адчувалася асабліва моцна.
Напэўна, перспектыва захавацца такім адметным домікам на будучых планах горада цалкам залежыць ад саміх жыльцоў і ад таго, як яны ставяцца да спадчыны сваёй сям’і. А пакуль застаецца толькі спадзявацца, што хаця б частка найпрыгажэйшых гомельскіх ліштваў захаваецца ў мясцовых музеях.