Skip to main content
26.06.2024

Беларусам прапанавалі ацаніць эстэтычнасць свіных тушак, бензіна і станкоў. «Моцныя Навіны» паглядзелі, якая прадукцыя Гомельшчыны прэтэндуе на атрыманне Дзяржаўнага знака якасці

У студзені ў Беларусі заснавалі Дзяржаўны знак якасці. Чакаецца, што гэта зможа дапамагчы павысіць якасць беларускіх тавараў. Ужо распачаўся і ідзе этап праверкі беларускай прадукцыі, які працягнецца да 1 жніўня 2024 года. На атрыманне знака прэтэндуюць 660 відаў прадукцыі з 217 арганізацый з усіх рэгіёнаў краіны. Іх будуць ацэньваць па наступных паказчыках: бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць.

Па першых чатырох паказчыках будуць даваць сваю ацэнку Дзяржстандарт, Мінпрыроды, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, галіновыя органы дзяржкіравання. А вось эстэтычнасць дазволілі ацаніць спажыўцам праз анлайн-галасаванне. Беларусам прапануюць прагаласаваць за самыя розныя прадукты, улічваючы інфармацыйную выразнасць, гарманічнасць, рацыянальнасць формы, дасканаласць выканання і афармлення. Зрабіць гэта можна на сайце да 26 ліпеня 2024 года.

«Моцныя Навіны» не паляніліся і вывучылі ўвесь спіс тавараў. Хацелася паглядзець, якія прадукты Гомельскай вобласці прадстаўленыя ў галасаванні. Некаторыя пазіцыі нас шчыра здзівілі і павесялілі.

Усю прадукцыю мы падзялілі на тры катэгорыі: харчовыя тавары, прамысловыя тавары для насельніцтва і прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння.

Давайце пачнем з харчовых тавараў: тут усё проста і даволі чакана. У гэтай намінацыі Гомельшчына прадстаўлена такімі прадпрыемствамі як Рагачоўскі МКК, «Мазырсоль», Тураўскі малочны камбінат, «Мілкавіта», Гомельскі тлушчавы камбінат, «БЕЛСЫР», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Чырвоны мазыранін», «Спартак» і іншыя.

Спажыўцам прапануецца, напрыклад, ацаніць упакоўку трох пазіцый рагачоўскай згушчонкі, а таксама шакаладнага масла і сухога малака «Калінка» гэтага ж камбіната.

Добра выглядае ўпакоўка тварожнага сыра і сыра мацарэла Bonfesto. Ад «Мілкавіты» у галасаванні прадстаўлены толькі адзін прадукт – малако пад гандлёвай маркай Latte Barista.

Таксама сваю малочку выставілі прадпрыемствы «БЕЛСЫР» і «Мазырскія малочныя прадукты». «БЕЛСЫР» прадстаўлены такімі прадуктамі як кісламалочны прадукт Exponenta і сырам пармезан пад маркай Danke. Мазырскія малочныя прадукты прапануюць ацаніць дызайн упакоўкі і дужа грубыя фаташопныя калажы дыетычнага біяпрадукта «Біфітат» і тварага.

Сярод кандытарскіх тавараў вядомыя вафлі «Черноморские» ад «Спартака», а таксама белы шакалад і імбірнае пячэнне. Ёсць ірыс і цукеркі нараўлянскага «Чырвонага мазыраніна».

Гомельскі тлушчавы камбінат у гэтай катэгорыі прадставіў кетчуп, маянэз і рапсавы алей.

Прапануюць таксама ацаніць эстэтыку бутэлек лікёра-гарэлачнага завода «Радамір» ажно сямі пазіцый. Тут розныя гатункі гарэлкі, аперытыў і каньяк.

А вось з каўбаскамі ёсць пытанне – калі ў «Крамлёўскай» каўбасы Калінкавіцкага мясакамбіната і «Маскоўскай» Гомельскага ёсць упакоўка, то як ацаніць прадукт са свініны мясны варана-вэнджаны «Рулет з печы»?

Але гэта не самы дзіўны варыянт для ацэнкі эстэтычнасці. Як вам такі кандыдат – свіныя паўтушкі мясакамбіната «Белдан»?

Цяпер давайце зробім агляд на іншыя дзве катэгорыі: прамысловыя тавары для насельніцтва і прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння. Тут можна прагаласаваць за мыла Гомельскага тлушчавага камбіната, ламінат «Гомельдрэва» і ўгнаенні Гомельскага хімічнага завода.

З адзення і аксесуараў тут ёсць жаночы і мужчынскі касцюмы ад «Камінтэрна», а таксама заручальны пярсцёнак і брыльянты ад «Крышталя». Таксама можна ацаніць эстэтычнасць латэксных і нітрылавых пальчатак «СветлагорскХімвалакна».

Сярод тэхнікі тут прадстаўленыя жатка для збожжавых культур «ГЗЛіНа» і камбайн ад «Гомсельмаша». А яшчэ некалькі станкоў «СтанкаГомеля» і пасты для падпампоўкі шын «Барэй» ад «Беларуснафты».

А самыя нечаканыя, на наш погляд, для галасавання тавары – металакорд, трубы, кабель, такарны разец, цеплаізаляцыйныя матэрыялы, шкло, бетонныя сумесі, газ і бензін.


Читайте также:

Новое на сайте: