Skip to main content
31.07.2024

Апошні партал у стогадовае мінулае. Расказваем пра адметную гомельскую драўляную забудову, якая паступова сыходзіць у небыццё

У чэрвені «Моцныя Навіны» падрыхтавалі матэрыял пра гомельскія ліштвы – унікальны разьбяны дэкор вакол акон старой драўлянай забудовы, якая пакрысе трухлее і знікае з гарадскіх вуліц. Нашую ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін элемент старой гарадской архітэктуры, які таксама рызыкуе ў хуткім часе сысці ў нябыт. Сёння гаворка пойдзе пра ганкі сядзібнай забудовы Гомеля, а засталіся іх у горадзе літаральна адзінкі.

Гомель 100 гадоў таму

Магчыма, што калі мы бачым драўляны дом, у нас адразу ўзнікае асацыяцыя з вёскай. Драўляны дом у горадзе ўспрымаецца, як нешта вельмі састарэлае і адсталае. Горад цяпер – гэта цэгла, бетон, шматпавярховыя будынкі, бліскучыя шкляныя фасады. Тое, што 100 гадоў таму Гомель быў збольшага драўляны – прыватнай сядзібнай пабудовы, неяк проста не ўкладваецца ў галаве. Але давайце паспрабуем з дапамогай матэрыялаў перапісу 1926 года і старых архіўных фотаздымкаў уявіць горад стагоддзе таму.

100 гадоў таму Гомель лічыўся не вельмі добраўпарадкаваным. Тут адсутнічала каналізацыя, вадаправод дзейнічаў з 1908 года, але дамавых адгалінаванняў было толькі 893, таму значнай частцы насельніцтва даводзілася карыстацца вадой з водаразборных будак і калодзежаў.

У горадзе працавала адна грамадская лазня, пабудаваная ў 1898 годзе, праўда, у ёй гамяльчане мыліся рэдка. У сярэднім на кожнага жыхара прыходзілася два-тры наведванні ў год, хаця прапускная здольнасць лазні была разлічана на пяць наведванняў.

З 1922 года дзейнічала электрастанцыя, але з 19326 сем’яў, якія пражывалі ў горадзе, электрычнасць мелася ў 40%, а вулічнае асвятленне налічвала 77 ліхтароў.

Тэлефонная станцыя была разлічана на 600 абанентаў, але насамрэч карыстальнікаў тэлефонам было менш.

У горадзе дзейнічала 6 бальніц на 521 койка-месца (1 ложак на 160 чалавек) і 14 амбулаторый.

Культурнае жыццё было прадстаўлена чатырма музеямі, цыркам-тэатрам, 3 кінематографамі, 13 клубамі і 14 бібліятэкамі.

У Гомелі з прыгарадам Нова-Беліцай пражывала тады 86 тысяч жыхароў. 46% складалі яўрэі, 22% – беларусы, 32% – «іншыя», дзе пераважалі рускія.

Тыповая забудова горада

З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі ў гарадах поруч з традыцыйным будаўніцтвам жылля шырыцца сядзібнае будаўніцтва, рэгламентаванае будаўнічымі і дарожнымі камісіямі, адпаведнымі  органамі гарадскіх упраў. Сядзібная і жылая забудова ўключаецца ў сферу рэгламентацыі і ўпарадкавання ў адпаведнасці з прынятымі генеральнымі планамі забудовы гарадоў. Цяпер уладальніку пляца ці сядзібы неабходна было звярнуцца ў гарадскую ўправу з адпаведным хадатайніцтвам і чакаць выдачы плана і фасадаў, іншых норм, узгодненых з будаўнічай, паліцэйскай, санітарнай і супрацьпажарнымі службамі горада. Цікава, што ў гэтых праектах пазначана ліштвяное аздабленне вокнаў, але выкананне аздаблення вокнаў, дзвярэй, карнізаў і франтонаў пакідалася на густ гаспадара і ўменне майстроў.

Для Гомеля XIX – пачатку XX стагоддзя была характэрная драўляная забудова з больш багатым разьбяным дэкорам аконных ліштваў і карнізаў. Ганкі з карункавымі кавальскімі брылькамі і філянговымі дзвярамі, часам упрыгожаныя багатаю разьбою, прыклады якой мы знайшлі на вуліцах Гомеля, былі характэрны для Бабруйска, Магілёва, Віцебска.

На мяжы XIX-XX стагоддзяў у вялікіх гарадах і мястэчках, асабліва каля чыгункі, найбольш пашыраным відам жылля становіцца дом, размешчаны ўздоўж вуліцы і з двума ўваходамі па краях вулічнага фасада ці з двара, у тарцах будынка.

Значная колькасць дамоў мае ўваход з вуліцы – ён змешчаны ў бакавой частцы галоўнага фасада альбо ў спецыяльнай прыбудове-сенцах збоку дома. Нярэдка сустракаюцца дамы, у якіх уваход змешчаны ў сярэдзіне галоўнага фасада і вядзе з вуліцы непасрэдна ў жылыя пакоі, што даследчыкі лічаць этнічнай адзнакай яўрэйскага жылля.

У гэтым артыкуле нам бы хацелася звярнуць увагу чытачоў на такі элемент дома, як ганак. Ганак з’яўляецца важным элементам мастацкага вобраза дома. У сельскім будаўніцтве ганкі вядомыя з XVI стагоддзя ў жыллі дробнай шляхты. Але ў XIX-XX стагоддзях у дамах ніжнепасожскай традыцыі архітэктурнага дэкору ганкі сустракаюцца толькі ў гарадах, пры гэтым абсалютная большасць зафіксавана ў Гомелі.

Сярод дамоў з такімі ганкамі тых часоў, якія яшчэ захаваліся ў Гомелі, можна ўмоўна вылучыць некалькі тыпаў: драўляныя ці каваныя кранштэйнавыя (прымацаваныя да сцяны) і слупавыя (вынесеныя на двух слупах). Ганкі накрываліся двусхільным дахам і размяшчаліся на вулічным фасадзе дома – пасярэдзіне, на краі ці на прыбудове-сенцах. Пры гэтым даследчыкі разьбянога дэкору яшчэ паспелі вывучыць і зафіксаваць на фота асаблівасці драўляных ганкаў рэгіёна. Каваныя амаль не вывучаліся.

На гэтым праекце дом, які належыў Аляксандру Шкадзінскаму і месціўся на скрыжаванні вуліц Валатаўской і Садовай.

Кавальскае рамяство XIX стагоддзя адлюстроўвае складанасць і неадназначнасць перыяду. Уключэнне Беларусі ў склад Расіі адкрыла магчымасць забеспячэння рамеснікаў больш танным матэрыялам з паўднёварасійскіх і ўральскіх заводаў. З аднаго боку гэта аблегчыла працу кавалёў, з іншага – вяла да нівеліроўкі рамяства. Не спрыяла яму і канкурэнцыя з больш таннымі прамысловымі вырабамі, якія выцяснялі ручныя мастацкія рамёствы. Працы кавалёў архітэктурнага прызначэння ў выніку сталі ацэньваць на вагу, што таксама не стымулявала кавалёў да творчасці. У сярэдзіне XIX стагоддзя спынілі сваю дзейнасць амаль усе рамесніцкія цэхі. У той жа час у гарадах і мястэчках узнікаюць прыватныя майстэрні і невялікія прадпрыемствы капіталістычнага тыпу, якія займаліся ў першую чаргу задавальненнем бытавых патрэб і рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі, але паралельна выконвалі і кавальскія работы мастацкага плану як масавага характару, так і па індывідуальных заказах.

Мастацкі ўзровень работ гарадскіх і местачковых кавалёў канца XIX – пачатку XX стагоддзя вельмі неадназначны. У вочы кідаецца аднастайнасць і сухаватасць дэкору. Прыкметная і рознастылёвасць вырабаў, дзе можна ўбачыць і пышную дэкаратыўнасць барока, і сухаватую выразнасць класіцызму, і адвольную цякучасць стылю мадэрн, а часцей – самае мудрагелістае іх спалучэнне. Унікальных, высокамастацкіх, прафесійна выкананых работ таго часу ў стылі мадэрн у Беларусі не выяўлена, але яго праявы заўважаюцца ў многіх узорах дэкаратыўнага дэкору забудовы пачатку XX стагоддзя. У цэлым гарадское рамяство перажывала заняпад, узмоцнены Першай сусветнай вайной.

Адмыслова аздобленае каванымі вырабамі жыллё лічылася паказчыкам заможнасці гаспадара.

А вось упрыгожаныя дзверы звычайна размяшчалі на вулічных фасадах, а тыя што з двара – не дэкарыраваліся. Двойчы ў Гомелі былі зафіксаваныя прыклады дзвярных ліштваў у тым жа стылі, што і на вокнах дома. На жаль, зараз іх ужо не існуе.

Першы прыклад – дом з мезанінам на вуліцы Парыжскай камуны, 7а. Знесены ў 2000-х гадах.

Другі прыклад – дом Марголіных на Валатаўской, 22. У пачатку XX стагоддзя дом належыў Луке Цішкову. Апошні ўладальнік – Барыс Марголін.

У 2013 годзе будынак разглядаўся Саветам Міністэрства культуры для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але такі статус ён не атрымаў. Тэрыторыя, на якой размяшчаўся дом, была аддадзеная гомельскімі ўладамі пад забудову шматпавярховікамі.

Дом быў знесены ў 2017-м. Але яшчэ ў 2013 годзе Мінкульт даручыў гарадскім уладам прыняць меры для захавання каштоўных элементаў будынку. Сёння яны захоўваюцца ў Музеі гісторыі горада Гомеля.

Драўляныя дамы з каванымі ганкамі, якія захаваліся ў Гомелі

Гэтым разам мы прагуляліся па вуліцах Катуніна, Карповіча і Чырвонаармейскай ля Цэнтральнага рынка.

Вуліца Катуніна месціцца ў гістарычнай частцы горада. Яна сфармавалася ў пачатку XIX стагоддзя і называлася тады Гуменнай. У той час гэта была перыферыя горада, тут знаходзіліся гумны (памяшканні для апрацоўкі збожжа), адсюль і такая назва. Пасля рэвалюцыі вуліца стала Тэхнічнай, а потым Станкабудаўнічай.

Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў 1964 годзе ў гонар ураджэнца Гомеля і героя Вялікай Айчыннай вайны Іллі Катуніна, які жыў непадалёк – на Кавальскай вуліцы (сённяшняя Інтэрнацыянальная). Цікава, што некалькі пакаленняў яго продкаў былі па прафесіі балаголамі – на сучасныя рэаліі кшталту «Яндэкс-таксі». Гэта тыя, хто займаецца перавозам грузаў ці людзей на ўласнай фурманцы.

Як і ў пераважнай большасці вуліц гэтага раёна ў 1920-30-я гады тут пераважалі аднапавярховыя жылыя дамы сядзібнага тыпу, а таксама двухпавярховыя жылыя пабудовы. Да слова, тут у 1926 годзе былі найгоршыя ўмовы для пражывання. На аднаго чалавека прыходзілася толькі 9 квадратных аршын.

Сучаснае аблічча вуліцы пачало фарміравацца ў 1960-я гады. Ад стогадовай гісторыі гарадскога жыцця тут захаваўся невялікі кавалачак, але ён надзвычай цікавы для вывучэння. Уласна тут хіба не самы прыгожы добра захаваны ганак старога Гомеля. Мяркуючы па размяшчэнні дзвярэй, гэты дом належыў яўрэйскай сям’і.

А непадалёк можна ўбачыць прыклад таго, як паспрабавалі захаваць старыя дзверы. Каваная частка ўжо зроблена нанава, але з захаваннем агульнага выгляду. Тут можна заўважыць, што уваход размяшчаўся ў сенцах.

З боку 3-га Чырвонаармейскага праезду знайшоўся яшчэ адзін ганак падобнага тыпу з размяшчэннем у сенцах і з каванымі элементамі.

Яшчэ адзін аўтэнтычны ганак з каванымі элементымі і старымі дзвярыма заўважаны на вуліцы Бакуніна. Праўда, тут каванае аздабленне максімальна сціплае. Але цікавасць выклікае сам стрэшак над ганкам – ён паўкруглай формы.

Другі такі быў зафіксаваны на вуліцы Дакутовіч у цалкам драўляным выкананні і ўжо не існуе.

Страчаныя дамы з адметным дэкорам

Адным з сімвалаў  «драўлянага Гомеля» называлі дом на Валатаўской, 17.

Аздоблены каваным ганкам і разьбянымі ліштвамі, ён быў яшчэ цікавы і тым, што па сцверджаннях некаторых гомельскіх гісторыкаў, у ім памерла княгіня Ірына Іванаўна Паскевіч, і менавіта з яго яе адпраўлялі ў апошні шлях.

10 год таму дом, нягледзячы на тое, што гісторыкі і краязнаўцы настояйвалі на яго захаванні, быў дэмантаваны, каб вызваліць месца пад сучасную забудову.  Але будынак не страчаны назаўсёды:  гісторыкам удалося дамагчыся перадачы ва ўласнасць будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, з якіх ён быў створаны. Усё было старана апісана і інвентарызавана. А самыя цікавыя элементы дэкору  –  франтон, карніз з кансолямі, рамы, ліштвы і іншае былі перададзены ў музей гісторыі Гомеля.

На апошнім здымку аголены фотасэт, каб прыцягнуць увагу да дома ў спробе захаваць яго ад зносу.

Крыху іначай склаўся лёс дома па вуліцы Цялегіна, 2. Гаспадар гэты дом адрамантаваў, але будынак цалкам пазбавіўся сваіх адметных рыс. Параўнайце, як было і як стала. Дзверы знішчылі ў 2011 годзе. А ў 2020 дом зашылі сайдынгам, а ліштвы перадалі ў Веткаўскі музей.

Ганкі з драўляным аздабленнем, якія дайшлі да нашых дзён

Такі можна пабачыць у апошнім дарэвалюцыйным будынку на вуліцы Валатаўской. З 2013 года вуліца імкліва забудоўваецца шматпавярховым жыллём.

Падобны ганачак захаваўся на вуліцы Калініна. Тут бачна, што гэтым уваходам на вуліцу ўжо не карыстаюцца, але дзверы захаваліся.

Сціплейшы прыклад аздаблення з моцнымі зменамі можна ўбачыць у доме па вуліцы Парыжскай Камуны.

У яшчэ аднаго дома на вуліцы Парыжскай Камуны ад ганка засталіся толькі дзверы.

Страчаная драўляная спадчына

Гэты дом стаяў на перахрэсці сённяшніх вуліц Мікольскай і Калініна. Яго гаспадаром быў уладальнік шляхецкага прозвішча Уладзіслаў Хацкі. Імаверна, ён быў служачым Палескай чыгункі.

Дом меў багаты дэкор, яго мезанін выходзіў адразу на дзве вуліцы. Будынак быў узведзены ў 1897 годзе без выкарыстання капітальнага фундаменту. Відаць, у гэтым крыецца прычына таго, што пасля вайны на яго месцы быў пабудаваны іншы, больш просты, будынак.

Дом на Кірава 1920 года пабудовы з аздабленнем філёнг дзвярэй у стылі «барока» і «ампір». Знесены ў 1992 годзе.

Дом-барак са слупавым ганкам у стылі «арт-дэко» і дзвярыма ў стылі «мадэрн» месціўся па вуліцы Восмая. Пасёлак, ад слова, праектаваў архітэктар Станіслаў Шабунеўскі. Дом знеслі ў 2001 годзе.

Чаму знікаюць старыя дамы?

Бурныя сацыяльныя і грамадска-палітычныя перамены накладаюць на аблічча гарадоў сур’ёзны адбітак. Чым шчыльней насельніцтва, тым асяроддзе горада лягчэй страчвае склаўшуюся вякамі раўнавагу. Прычым страты больш уразлівыя і маштабныя.

Беларускія гарады пачалі значна мяняцца пасля 1917 года. Новая ідэалогія адмоўна ставілася да прыватнай уласнасці. Індывідуальныя жылыя дамы рамеснікаў-гандляроў спачатку перадаваліся рабочым, а потым пачалі прыходзіць у заняпад.

А ўжо ў 30-я гады ў такіх гарадах, як Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў, пачалі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Тады з’яўляліся такія новыя структурныя ўтварэнні як мікрараёны.

У адрозненне ад еўрапейскай урбанізацыі, дзе гістарычная забудова максімальна зберагалася пры стварэнні новых гарадскіх прастораў, савецкія новабудоўлі раслі на руінах помнікаў мінулых стагоддзяў. Гарады на вачах страчвалі свае індывідуальныя адметныя рысы.

Подпіс да выявы ў часопісе «СССР на стройке» 1930 года кажа сама за сябе пра стаўленне да старой забудовы.

Гэта той самы выпадак, калі будынкі-сведкі стогадовага развіцця горада знішчаюцца не праз войны, а праз абыякавасць людзей да свайго мінулага. Дамы, што страцілі гаспадароў, становяцца занядбанымі і непатрэбнымі. Дамы, дзе працягваюць жыць людзі, патрабуюць укладанняў у рамонт, каб адпавядаць сучасным меркам камфорту. На жаль, як бачым, часта нейкія адметнасці ў драўляным аздабленні не граюць пры гэтым важную ролю і выкідаюцца, як нешта непатрэбнае.

Так знікаюць тыя самыя парталы ў мінулае, якія яшчэ могуць нешта расказаць пра горад і яго жыхароў. У Гомелі неаднарозарова прадпрымаліся спробы захаваць архітэктурны дэкор старых дамоў, нешта ўдалося перадаць у музеі, нешта назаўсёды знікла ў небыцці. Пакуль яшчэ на вуліцах можна пабачыць адзінкі гомельскіх драўляных сядзіб, але хочацца, каб яны ўсё ж захаваліся для будучых пакаленняў не толькі на фота.

 


Читайте также:

Новое на сайте: