Skip to main content
31.08.2024

А вы на іх падпісаны? «Моцныя Навіны» з нагоды міжнароднага Дня блога сабралі падборку класных блогаў Гомеля і вобласці

31 жніўня святкуецца Дзень блога. Ініцыятары такога «свята» заклікаюць прысвяціць яго знаёмству з блогерамі: напісаць кароткія рэцэнзіі пра пяць розных блогаў і 31 жніўня апублікаваць са спасылкамі на аўтарскія старонкі. Мы жа сабралі цэлых дзевяць годных, на наш погляд, старонак у Instagram і TikTok самых розных накірункаў, за якімі вам дакладна будзе цікава сачыць. І не забудзьцеся пра падабайку і рэпост нашаму матэрыялу!

Старонка педыятра Зоі Добыш з Гомеля – лекаркі, якая прытрымліваецца прыцыпаў доказнай медыцыны. У акаўнце шмат відэа на такія актуальныя тэмы, як вэйпы і энергетыкі, карыснаыя размоўныя ролікі з інфармацыяй для бацькоў і жартаўлівыя замалёўкі з момантамі з працы. На старонцы файная пазітыўная атмасфера, таму не дзіва, што кантэнт збірае дзесяткі тысяч праглядаў.

Дзяўчаты, вам сюды трэба! Яна – псіхолаг-сексолог, актыўна вядзе Instagram і TikTok. У сваіх відэа дзяўчына разбірае папулярныя пытанні, датычныя адносінаў. Асноўны змест – размоўныя відэа на розныя тэмы, якія хвалююць, збольшага, жанчын. Акрамя таго, у акаўнце шмат музыкі і неймаверна прыгожай гаспадыні старонкі, якую не толькі карысна чытаць і слухаць, але і прыемна проста назіраць.

Алена Браніславаўна жыве ў Тураве і прымае гасцей у сваёй харчэўні «Палюшкі», дзе гатуе найсмачнейшыя стравы беларускай кухні і Палесся. Жанчына дзеліцца рэцэптамі і сваім паўсядзённым жыццём, а таксама дёрзка і з гумарам адказвае ўсім хейтерам у TikTok.

Акаўнт яскравай дзяўчыны з Гомеля, якая захапляецца візажам і не баіцца яркіх эксперыментаў са знешнасцю. Напрыклад, цяпер у Адаркі светла-зялёныя валасы. Яна адкрыта дзеліцца самымі рознымі аспектамі свайго жыцця, пачынаючы ад сіндрома дэфіцыта ўвагі да пірсінга смочкаў і лукаў на спатканні.

Гэта акаўнт хлопца, які наведвае занядбанкі ў Гомелі і Гомельскай вобласці. Пра кожную сваю вандроўку аўтар расказвае ў захапляльных, выдатна знятых відэа. Некаторыя з іх назбіралі па паўмільёна праглядаў. Можна заліпнуць і даведацца шмат цікавага пра родны горад.

 

Пакуль невялікі, але вельмі эстэтычны і атмасферны акаўнт пра Гомель. Тут можна ўбачыць прыгожа знятае жыццё горада ў самых розных сюжэтах – ад назірання за буслом да ДТЗ. Аўтарка наведвае таксама розныя імпрэзы як у горадзе, так і ў вобласці, і робіць кароткія рэпартажы пад музыку. Нягледзячы на невялікую колькасць падпісчыкаў, некаторыя відэа завірусіліся да амаль мільёна праглядаў.

Незвычайны акаўнт вядзе гамяльчанін Станіслаў Прыдыбайла, які вывучае беларускія рэцэпты піва, адраджае іх і робіць рэканструкцыю. Цікава назіраць, нават калі вы не аматар піўных напояў. Станіслаў, напрыклад, выявіў, што вяршковае піва з Гары Потэра адзін у адзін паўтарае рэцэпт старадаўняга беларускага напою граматкі.

Гэта старонка Веткаўскага музея, але насамрэч яе таксама можна лічыць блогам. Не ведаем, ці існуе яшчэ дзе падобны настолькі ж захапляльны акаўнт беларускага музея. Тут жа можна ўбачыць не толькі афішы імпрэз, але і яскравыя моманты са святкавання традыцыйных святаў, малавядомых абрадаў і замалёўкі з навуковых экспедыцый. Калі вы яшчэ не былі ў гэтым музеі – раім падпісацца і наведаць у вольны час.

Пазнавальная старонка ў сацсетках ёсць і ў Мазыра. Яна пачыналася, як старонка праекта мазырскага стрыт-арта, а цяпер тут асвятляюцца самыя розныя аспекты горада і раёна. Яе аўтарка Алена публікуе тут афішы з культурнымі імпрэзамі і ролікі пра таямнічыя гарадскія легенды і цікавосткі.

Калі ў вас ёсць свае любімыя гомельскія блогі, падзяліцеся з намі праз чат-бот @GT_SendNewsBot у тэлеграме! Будзем падтрымліваць сваіх аўтараў, калі яны ствараюць цікавы змест.


Читайте также:

Новое на сайте: