Skip to main content
10.09.2024

Дзе прадавалі танную любоў у дарэвалюцыйным Гомелі і як змагаліся з прастытуцыяй пры сацыялізме

Каб уявіць, як выглядала прастытуцыя ў Гомелі да рэвалюцыі і ў першыя дзесяцігоддзі новага савецкага ладу жыцця, «Моцныя Навіны» зарынуліся ў архівы і старую мясцовую перыёдыку. Нам удалося знайсці не толькі сухую статыстыку ад лекараў па колькасці бардэляў і зарэгістраваных паліцыяй прастытутак, але таксама звесткі пра палавое жыццё маладых гамяльчан і нават першую рэкламу прэзерватываў.

Назіраючы за тым, як беларусы масава зараджаюцца венерычнымі захворваннямі, улады розных часоў спрабавалі змагацца з галоўнай прычынай гэтай эпідэміі – прастытуцыяй, але працяглы час гэта не давала вынікаў. Старая як свет з’ява квітнела, свабодна асвятлялася ў прэсе і была звыклай часткай жыцця простага гамяльчаніна. Прапануем вам невялікае падарожжа па самых пажыўных месцах горада.

Афіцыйна прастытуцыя ў Расійскай імперыі была забаронена, але па факце – легалізавана

У адпаведнасці з артыкулам 155 «Устава о предупреждении и пресечении преступлений» забаранялася «открывать днем и ночью дом свой, или наемный, для непотребства, входить в оный и непотребством своим или непотребством иных снискивать себе пропитание». Але прастытуцыя існавала і, па версіі расійскага ўрада, была галоўнай прычынай шырокага распаўсюджвання венерычных захворванняў сярод насельніцтва, у першую чаргу – сярод войскаў. Вынішчыць яе не атрымлівалася, але былі не вельмі эфектыўныя спробы ўзяць пад кантроль.

У канцы XIX стагоддзя спецыяльныя органы кантролю за прастытуцыяй у большасці гарадоў або адсутнічалі, альбо існавалі толькі на паперы. Пераважна нагляд за прастытуцыяй быў сферай адказнасці паліцыі. У некаторых гарадах дзейнічалі Урачэбна-паліцэйскія камітэты – асобны орган паліцыі. У Магілёўскай губерніі, куды тады адносіўся Гомель, такі камітэт існаваў толькі ў Магілёве.

У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў у губернскіх гарадах, у якіх не існавала асобных органаў кантролю (у тым ліку і ў Гомелі), наглядам за прастытуцыяй займаўся прызначаны паліцмайстарам памочнік прыстава. На аснове данясенняў прыставаў паліцэйскае ўпраўленне складала спісы прастытутак, уносіла з ў іх новых, альбо выключала ўжо зафіксаваных. Спісы прастытутак, якія працавалі ў публічных дамах, увогуле ў асобных гарадах складаліся на аснове дадзеных, што прадстаўляліся гаспадынямі бардэляў.

Вынікам такога парадку сталі шматлікія злоўжыванні з боку паліцыі. Былі выпадкі арыштаў цнатлівых дзяўчат за «патаемную распусту» па адным толькі падазрэнні паліцэйскага чыноўніка. Спрактыкаваныя прастытуткі са стажам адкупляліся ад паліцыі і маглі гадамі патаемна займацца сваёй справай. Такім чынам, пад нагляд паліцыі, як правіла, траплялі альбо прастытуткі, якія толькі пачалі сваю справу, альбо прастытуткі ніжэйшага разраду. Для таго, каб выкрыць прастытутку вышэйшага ці сярэдняга разраду, у паліцыі не хапала сродкаў: у такіх жанчын было дастаткова грошай, каб адкупіцца, акрамя таго, яны мелі высокапастаўленых заступнікаў. Нярэдка тыя пры неабходнасці прадстаўлялі іх сваімі сваячкамі ці нявестамі, каб яны маглі пазбегнуць прымусовай рэгістрацыі. Гэтая катэгорыя прастытутак пражывала ў сваіх кватэрах, добра апраналася, наведвала тэатры і іншыя грамадскія месцы. Абвінаваціць у прастытуцыі такую жанчыну было вельмі цяжка.

Гучная справа 1894 года гаспадыні гомельскага бардэля

Па дадзеных 1889 года, у гарадах Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў налічвалася 59 дамоў цярпімасці і спатканняў, у якіх працавала 326 прастытутак. Згодна з першым усеагульным перапісам насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года, з 94 зарэгістраваных у Магілёўскай губерні прастытутак 27 прыпадала на Магілёў, 30 – на Гомель.

Трымаць бардэлі мелі права толькі жанчыны ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. У 1903 годзе мінімальны ўзрост быў павялічаны да 35 гадоў, а максімальны не абмяжоўваўся ўвогуле. На самай справе ў 1889 годзе 14 % публічных дамоў знаходзіліся ва ўласнасці гаспадынь, чый узрост вагаўся ад 20 да 30 гадоў . У асноўным гаспадынямі бардэляў у гарадах беларускіх губерняў былі жанчыны сярэдняга ўзросту – ад 35 да 45 гадоў (49%). Некаторыя трымалі гэты бізнес да апошніх дзён свайго жыцця – гісторыя ведае імя жанчыны з Гродна, якая вяла такія справы ў 72 гады.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася цікавая справа 1894 года пра дом цярпімасці ў Гомелі, які належыў Васілісе Круглікоўскай. Судзячы па гэтым дакуменце, да рэвалюцыі ў горадзе існавалі як мінімум тры бардэлі. Па пастанове гарадской Думы яны павінны былі размяшчацца выключна на ўскраіне горада. Два з іх, што належылі Хайцы Танкелевай і Марыі Берман, знаходзіліся ў мясцовасці, якая называлася Каўказам (гэта тэрыторыя паміж сучаснымі вуліцамі Хатаевіча і Шпітальнай), адзін, якім кіравала Васіліса Круглікоўская, – па вуліцы Рагачоўскай. Так, у той час гэта быў самы ўскраек горада. Рагачоўская была забудавана прыватнымі драўлянымі хатамі, у якіх жылі пераважна небагатыя людзі. У Каўказа была дрэнная рэпутацыя: «рыбакі, лодачнікі, прачкі і ўсякага роду бедныя рамеснікі ляпіліся тут па равах і адхонах у сваіх маленькіх хацінах, мазанках і проста ў пячорах. П’янства, буянства і розныя хваробы пышна расцвілі тут».

Мяшчанкі з Каўказа скардзіліся, што Круглікоўская ігнаруе распараджэнне губернатара перасяліць публічны дом на Каўказскую вуліцу. Сама ж Васіліса расказвала, што з 1873 па 1885 год трымала дом цярпімасці ў Гомелі па Гуменнай вуліцы (цяпер Катуніна), якая лічылася ўскраінай горада.  Калі горад пачаў пашырацца і сярод абывацеляў спарадзілася некаторае незадавальненне наконт існавання дома цярпімасці на гэтай вуліцы, яна самастойна адшукала кватэру паблізу чыгункі і з дазволу паліцыі перайшла туды. Дом цярпімасці праіснаваў там да 1891 года. Затым паліцыя прымусіла пераехаць яе на Каўказ. Там трымальніцы іншых публічных дамоў не давалі ёй спакойнага жыцця, таму Круглікоўская перасялілася ў кватэру на Рагачоўскай і вяртацца назад не хацела. Яна звярталася да губернатара з просьбай дазволіць ёй утрымліваць сваю «справу» на Рагачоўскай вуліцы і падкрэслівала, што яе дом цярпімасці падчас яго існавання ў Гомелі і за час знаходжання яго па Рагачоўскай вуліцы заўсёды аказваў паліцыі садзейнічанне ў раскрыцці злачынстваў.

Аднак просьбу не задаволілі і жанчыне прыйшлося з’ехаць. Скончылася гэта ўсё забойствам адной з гаспадынь названых бардэляў, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Эпідэмія сіфіліса, першая рэклама прэзерватываў і стаўленне маладых гамяльчан да прастытуцыі ў горадзе

Загадчыцы кафедры гісторыі Беларусі ГДУ імя Ф. Скарыны Аксане Яшчанка трапілася апытанне карэспандэнта газеты «Полесская жизнь», зробленае ў 1909 годзе ў Гомелі. Па яго выніках жанчыны, якія зараблялі на жыццё прастытуцыяй, дзяліліся на дзве катэгорыі: тыя, што працавалі ў адзіночку, і тыя, што жылі ў дамах цярпімасці. Яны ставіліся адна да адной непрыязна. У лік так званых «адзіночак» уключаліся як прафесіяналкі, так і тыя, хто займаўся продажам свайго цела ў якасці дадатковага заробку. Аўтар артыкула адзначаў, што, у параўнанні з іншымі гарадамі, у Гомелі мала прафесіяналак-адзіночак, у большасці сваёй гэта старыя, спітыя прастытуткі, якія разлічвалі на кліентаў з ліку салдат і п’яных працоўных. Жанчыны, што займаліся прастытуцыяй у якасці дадатковага заробку, прапаноўвалі свае адрасы камісіянерам гатэляў, якія адбіралі ў іх каля паловы атрыманых грошай.

Прастытуткі Гомеля, паводле звестак друку, «інтэрнацыянальныя»: сярод прафесіяналак у Гомелі налічвалася 45 яўрэек, прыкладна 30 беларусак і рускіх (у артыкуле ўказваецца на іх сялянскае паходжанне), 23 полькі і 2 немкі.

Справамі прастытутак займаўся Дэпартамент паліцыі. Пасля праходжання рэгулярных медаглядаў яны атрымлівалі «жоўты білет». Нягледзячы на гэтыя меры, кожная другая публічная жанчына пакутавала ад венерычных захворванняў.

У поле зроку «Моцных Навін» трапіла яшчэ адна апытанка, якую праводзіла рэдакцыя газеты «Полесская жизнь». Па яе выніках можна таксама зрабіць пэўныя высновы пра месца прастытуцыі ў жыцці маладых гамяльчан. Як адзначаюць у газеце, на анкету адгукнулася шмат моладзі, што сведчыць пра высокую актуальнасць пытання пра алкаголь і прастытуцыю ў грамадстве. Адзін з аўтараў ліста ў рэдакцыю з адказамі на анкету напісаў вельмі песімістычна пра тое, што ніякія анкеты не ўратуюць маладое пакаленне ад пагібелі, да якой іх вядзе алкаголь і прастытуцыя. Журналісты ж падкрэсліваюць, што усе, каму дарагія жыццё, шчасце і будучыня маладога пакалення, павінны задумацца, як змагацца са страшным злом.

У наступных нумарах рэдакцыя дзеліцца некаторымі адказамі на анкету. Увагу прыцягваюць адказы на пытанне, хто быў для ўдзельнікаў апытанкі «першай жанчынай». Большасць адказвае –«прастытутка». Пры гэтым, стаўленне да прастытуцыі ў маладых людзей рознае. Некаторыя лічаць яе патрэбнай (нават параўноўваюць з паветрам, якое бывае заражаным), многія прытрымліваюцца меркавання, што прастытуцыя – гэта зло, з якім трэба змагацца, і калі нельга знішчыць, то хаця б скараціць. Сярод метадаў барацьбы з прастытуцыяй чытачы прапаноўвалі медагляды і сацыяльнае паляпшэнне становішча жанчыны. Некаторыя лічаць, што з прастытуцыяй трэба змагацца такім жа чынам, як з хваробамі, і падкрэсліваюць, што гэтая з’ява будзе існаваць да таго часу, пакуль будзе карыстацца заступніцтвам урада. Таксама можна адзначыць, што ў адказах на пытанні пра культуру піцця, у большасці выпадкаў папойка сканчаецца ў maison de tolérance (з французскай мовы «дом цярпімасці»).

Калі яшчэ крыху пагартаць газету за той год і пачытаць аб’явы, то можна знайсці рэкламу паслуг доктара Шульмана па лячэнні ад сіфіліса і трыпера, а таксама адну з першых рэклам прэзерватываў у беларускай перыёдыцы дарэвалюцыйнага часу. Іх называюць у рэкламе «гигиенические резиновые изделия и приборы для мужской и дамской гигиены – предохранители». Пры чым, прапаноўваюцца яны бясплатна, а каб паглядзець прадукт, можна замовіць ілюстраваны каталог.

Пра высокі ўзровень захворванняў на сіфіліс сведчыць таксама і караценькі анекдоцік.

Хороший номер

– Коллектор: молодой человек, берите билет, завтра розыгрыш, пробуйте счастье.

– Молодой человек: (выбирая номер) нет, эти номера не подходят, мне нужно 606.

Каб зразумець гумар, трэба невялікае тлумачэнне, чаму маладому чалавеку так спатрэбіўся нумар 606. Так называліся лекі ад сіфіліса «прэпарат 606» або «Сальварсан».

З пачаткам вайны, са з’яўленнем вялічэзнай колькасці вайскоўцаў колькасць венерычных хворых рэзка павялічылася. У выніку кантроль за прастытуцыяй зноў узмацніўся. На паседжанні Асобай Ваенна-санітарнай камісіі, утворанай у верасні 1915 года, было прынята рашэнне аднавіць даваенную агентуру для вышуку прастытутак, дазволіць адкрываць дамы цярпімасці, узнавіць абавязковыя медыцынскія агляды. Акрамя таго, усіх прастытутак абавязалі мець фотаздымкі на сваіх білетах.

Кадры мясцовых прастытутак у перыяд Першай сусветнай вайны папоўніліся жанчынамі з «бежанскіх баракаў» у раёне сучаснага Цэнтральнага рынку, дзе ва ўмовах галечы пражывала гвалтоўна эвакуіраванае з Польшчы і Заходняй Беларусі насельніцтва. Тут жанчын на панэль штурхалі ўжо не падступныя суценёры ці ўласная распуста, а голад і неабходнасць хаця б як-небудзь пракарміць дзяцей.

Чыноўнікі лічылі, што прастытуцыі пры сацыялізме проста не можа быць, але 100 гадоў таму ў БССР яна квітнела

Красамоўную скаргу чырвонаармейцаў мы знайшлі ў газеце «Полесская правда» ад 12 мая 1922 года. Аўтары ліста сумняюцца, што вядзецца планамерная барацьба са злом, нашчадкам буржуазнага строю. Па іх меркаванні, прастытуцыя ў Гомелі развіваецца і мае асабліва грозны характар у сувязі з тым, што павялічылася беспрацоўе.

У дрэнным стане знаходзіцца венерычная жаночая бальніца. У справаздачы камісіі па абследванні у чэрвені 1922 года значыцца, што будынак кепска абсталяваны і патрабуе вялікага рамонту.

У тым жа годзе ў Мінску ўтварыліся Цэнтральны савет па барацьбе з прастытуцыяй пры Народным камісарыяце аховы здароўя БССР, а таксама Савет па сацыяльных хваробах. У наступныя гады Цэнтральны савет па барацьбе з прастытуцыяй пры падтрымцы сваіх аддзяленняў у акруговых цэнтрах адкрыў сетку лячэбна-працоўных прафілакторыяў у Віцебску, Магілёве, Гомелі і некаторых іншых буйных гарадах краіны, дзе прастытуткі лячыліся, працавалі, вучыліся грамаце. Іх вадзілі ў кіно, на экскурсіі і нават на святочныя дэманстрацыі. У прафілакторыях існаваў жорсткі рэжым, за жанчынамі сачылі, каб яны не збягалі на начныя падпрацоўкі.

Аднак, падаецца, моцна сітуацыю гэта не змяніла. У 1923 годзе прастытутак, якія заклікалі мінакоў, можна было сустрэць у знакамітым бульвары на Савецкай вуліцы (цяпер сквер імя Грамыкі). Гамяльчане называлі гэтае месца панэллю. Цэнтрам прастытуцыі называлі вуліцы Мінскую і Вакзальную. У той час Мінская ішла паралельна сучаснай Чырвонаармейскай і ўпіралася ў праспект Перамогі. Яе перасякала Вакзальная, рэшткі гэтай вуліцы можна ўбачыць і сёння ў двары паміж Чырвонаармейскай і Карповіча.

У дадатак з пачаткам НЭПа пачалі квітнець таемныя прытоны і зводніцтва. Па дадзеных таго часу, прычынай 80% венерычных хвароб была прастытуцыя.

З верасня 1925-га па чэрвень 1926 года ў гомельскім венералагічным дыспансеры атрымалі дапамогу 1557 хворых. У 1927 годзе ў дыспансеры абслугоўвалі ўжо да ста «венерыкаў» штодня, пры тым, што насельніцтва Гомеля складала каля 70 тысяч чалавек. Сярод пацыентаў-мужчын найбольш шматлікую прафесійную групу ўтваралі міліцыянеры, сярод жанчын – супрацоўніцы ўстаноў грамадскага харчавання. Рэзкае павелічэнне колькасці пацыентаў прымусіла загадчыка гомельскага венералагічнага дыспансера Пальчыкава паставіць перад гарадскімі ўладамі пытанне аб пераўтварэнні дыспансера ў спецыялізаваны шпіталь.

Хвалі сексуальнай свабоды 1920-х даходзілі з горада да беларускай вёскі, што непазбежна прыводзіла да росту венерычных хвароб і там. У канцы 1926 года на прамысловых прадпрыемствах Гомельскай акругі ўвялі абавязковыя агляды працоўных з мэтай выяўлення хворых на сіфіліс. Тады ж у вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна адкрылі першы ў Гомельскай акрузе вясковы венералагічны пункт.

А вось лічбы, якія дае беларускі ўрач-венеролаг Шапіра пра прастытутак, выяўленых у 1928 гадах у гарадах БССР: Мінск – 65, Віцебск – 53, Бабруйск – 37, Гомель – 22, Слуцк – 12, Быхаў – 8, Рагачоў – 7. Але гэтыя лічбы медык лічыць далёка не поўнымі, бо прастытуткі хавалі ўласны занятак, выдаючы сябе, напрыклад, за хатніх гаспадынь. Гэта ўскосна пацвярджаецца ў кнізе заснавальніка беларускай сацыялогіі Сямёна Вальфсона, які піша, што толькі ў 1927 годзе у васьмі акруговых цэнтрах БССР міліцыя раскрыла 446 бардэляў, 120 з іх выкрылі ў Гомелі. Працавалі ў бардэлях пераважна вясковыя дзяўчаты, якія не змаглі знайсці сабе працу ў горадзе. Вальфсон прыводзіць і цікавую інфармацыю пра заробкі прастытутак: напрыклад, у Мінску сярэдні месячны заробак складаў каля 100 рублёў у месяц пры сярэднім кошце адной паслугі ў 40-50 капеек.

У трэндзе была свабодная любоў, а ў прэсе шырока асвятляліся сексуальныя тэмы

Аляксандр Гужалоўскі, аўтар кнігі «Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі: 1917–1929 гг.» кажа, што за 40-50 капеек дазволіць сабе прастытутку мог нават студэнт. Даследчык сустракаў студэнцкія сацыялагічныя анкеты, дзе рэспандэнты спакойна пісалі, што карыстаюцца паслугамі прастытутак. Прастытутка ў 1920-я гады была абсалютна нармальнай часткай ландшафту беларускага горада.

Гэтая тэма шырока асвятлялася ў прэсе, у трэндзе была свабодная любоў, шлюб і сямейныя каштоўнасці пераасэнсоўваліся. У СМІ апісвалася гісторыя Наташы з Гомеля, якая захацела зрабіць аперацыю па змене пола. Яна прыйшла да лекара і сказала, што больш не можа быць Наташай, і прасіла зрабіць з яе Наталя. У дакументах яна піша, што яе непераадольна цягне да дзяўчат, што прырода памылілася і, маўляў, яе мужчынскую натуру схавала за жаночай абалонкай.

Барацьба з прастытуцыяй як сацыяльнай з’явай знайшла сваё адлюстраванне ў мастацкай творчасці 1920-х гадоў. Менавіта гэтай тэме была прысвечана кінастужка «Прастытутка», якая падзяляе з «Лясной быллю» славу першага беларускага мастацкага фільма. Зняты ён быў у 1926 годзе на фабрыцы «Белдзяржкіно» і меў выразна акрэслены дыдактычны характар.

Па меркаванні Аляксандра Гужалоўскага, усё скончылася ў 1929 годзе, калі усе эканамічныя, культурныя і сексуальныя эксперыменты ў грамадстве былі згорнуты Сталіным. Пачалася эпоха калектывізацыі і індустрыялізацыі. Для гэтага трэба было павышаць нараджальнасць, пачаліся культывавацца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. І гэтак працягвалася да пачатку эпохі Перабудовы. Скончым кароткай нататкай з газеты «Рабочий» ад 12 верасня 1929 года пра смерць «старога Гомеля».


Читайте также:

Новое на сайте: