Skip to main content
11.02.2025

Майка для пацалункаў, мехавая шапка і парныя зубныя шчоткі. Знайшлі 14 самых ідыёцкіх і смешных падарункаў на 14 лютага

Калі вы ламаеце галаву, што падарыць сваёй другой палове на свята усіх закаханых, гэты артыкул наўрад ці вам дапаможа. Але спадзяемся, вы ад душы пасмеяцеся. «Моцныя Навіны» пагарталі раздзел падарункаў на адной з пляцовак і выбралі самы крынж. Больш за ўсё дурацкіх рэчаў знайшлі менавіта для віншавання мужчын. Але асабліва нас здзівілі кошты на жаночыя падарункі.

Класіка ў крэатыўнай упакоўцы

Пачнем агляд з прэзентаў для мужчын. Майткі і шкарпэткі – гэта, шчыра скажам, даволі банальны падарунак, але такія рэчы заўсёды будуць запатрабаванымі. Стратэгічны запас са ста пар пазбавіць ад патрэбы шукаць новыя шкарпэткі на бліжэйшыя некалькі гадоў. А ўпакоўка майткоў у выглядзе агромністага прэзерватыва выглядае, як камплімент. Унутры – двое баксёраў, лінейка і прэзерватыў стандартнага памеру.

18+

Яшчэ адзін сумнеўны падарунак-«камплімент» – кніга, напісаная псіхолагам і святаром пра праблемы мужчын з вельмі вялікімі геніталіямі. Дзелімся вытрымкамі з кнігі, каб вы маглі самастойна ацаніць гэты шэдэўр, бо тут цяжка зразумець узровень іроніі. У дадатак да кнігі прапануем звярнуць увагу на набор шампуняў з пошлымі назвамі: «Лысый друг», «Душистые яйца», «Утренний стояк», «А-а-а-а! нальный шоколадный». Без каментароў.

Дорага-багата

Модная мехавая шапка ў стылі «Слова пацана» падкрэсліць статус вашага кавалера. Яму будуць саступаць месца ў аўтобусе і ў чарзе ў краме. Выдатна спалучаецца з рознымі стылямі: падыйдзе да спартыўнага касцюму Adidas і заняткаў фізкультурай на свежым паветры, ці да скуранога паліто для таго, каб добра патарагавацца на рынку, а таксама для дзелавога касцюма з серабрыстым адлівам для важных перамоваў.

Для гурманаў

Падарунак для тых, хто любіць салодкае – шакаладныя цукеркі ў выглядзе пельменяў з бельгійскага шакаладу. Прадавец заяўляе, што іх не адрозніць ад сапраўдных. Важна прасачыць, каб ваш хлопец не дадумаўся іх варыць.

Калі душа просіць творчасці

Калі вы хочаце паказаць свайму мужчыне, што вы гатовая рызыкнуць жыццём і расфарбаваць акрылавай фарбай сабе вусны дзеля стварэння ўнікальнага дызайна на майцы, то гэта варыянт для вас. У камплект уваходзіць цішотка oversize, падрабязная інструкцыя, паштоўка, тры слоікі акрылавай фарбы і пэнзлік. Галоўнае – не атруціцца ў працэсе стварэння шэдэўра.

Дзьмухаўцы амаль за 600 рублёў

Цяпер пяройдзем на варыянты падарункаў для дзяўчын. Першае, пра што думаеш, калі глядзіш на гэтыя завушніцы, ці не разляцацца яны, калі на іх падзьмуць. Прадавец запэўнівае, што выраб дастаткова трывалы, а пялёсткі імітуе італьянскі эка-мех. Тым не менш, у раздзеле пытанняў да прадаўца некалькі пакупнікоў усё ж паскардзіліся, што дзьмухаўцы асыпаюцца і застаюцца на адзенні.

Дубайскі шакалад за палову зарплаты

Мяркуем, у кошт трэндавай шакаладкі ўваходзіць яшчэ лячэнне карыесу і абанемент у фітнэс-залу, іначай цяжка зразумець такія лічбы за 5 штук па 230 грамаў. Пры гэтым шакалад не зусім і дубайскі, а расійскай вытворчасці.

 

Зорная цацка

«Чароўны трусік» ручной працы зроблены з натуральнага меху і напоўнены лебядзіным пухам. У яго нават павекі з натуральнай скуры. Калі вы зможаце начараваць 866,71 рубля на такі падарунак – смела разлічвайце на не менш чароўную ноч у знак падзякі.

Фартух для прынцэсы

Падары такі фартух сваёй прынцэсе, і яна не будзе адчуваць сябе ў дамашнім рабстве на кухні. Але гэта недакладна.

Штучная галінка бэзу

Гэта тая самая «одинокая ветка сирени», якая можа стаяць у на стале вечна! Бо яна зроблена з сілікона прэміяльнай якасці. Можаце зарабіць сабе таксама плюс у вачах дзяўчыны як абаронца прыроды. Пасля такога падарунка яна дакладна дазволіць вам пацалаваць яе калені.

Парныя зубныя шчоткі

У сапраўдных закаханых усё павінна быць агульным. І зубная шчотка адна на дваіх. Але калі гігіена для вас не пусты гук, можна купіць парныя зубныя шчоткі з узорам у форме сардэчак і дарыць адно аднаму галівудскія ўсмешкі.

Набор для стварэння парных 3D-налепак

Гэты набор цудоўна спалучаецца з майкай для пацалункаў, але ён усё ж больш бяспечны. Стваральнікі прапануюць зрабіць налепкі з адбіткамі пальцаў на тэлефон, але ў прынцыпе, пасля майкі можаце макаць у фарбу ўсё, на што толькі фантазіі хопіць.

Спадзяемся, вам спадабалася нашая падборка. Памятайце, што падарунак трэба дарыць ад душы, а калі сумняваецеся, чым парадаваць свайго каханага ці каханую, лепш папрасіце віш-ліст, каб не трапіць у нялоўкую сітуацыю.


Читайте также:

Новое на сайте: