Запыталі ў зумераў, як яны спраўляюцца з цяжкасцямі самастойнага жыцця і штодзённай бытавухай
Зумеры, або пакаленне Z, – гэта людзі, якія нарадзіліся ў перыяд прыкладна з сярэдзіны 90-х да 2010 года. Гэта ўжо не школьнікі, а маладыя дарослыя людзі, якія пачынаюць ці ўжо жывуць самастойна. Мы пагутарылі з дзевяццю дзяўчынамі і хлопцамі ўзростам ад 19 да 26 гадоў. Нагодай стала адно цікавае даследванне ў Велікабрытаніі, якое выявіла ў грамадстве новы феномен – GOTDITs. З англійскай мовы гэта расшыфроўваецца як get others to do it – «паклікаць іншых, каб зрабіць гэта», бо, як мяркуецца, у зумераў назіраецца недахоп самых базавых навыкаў, каб зрабіць нешта па гаспадарцы самім. «Моцныя Навіны» разбіраліся, ці датычыцца гэта маладых беларусаў.
GOTDITs – тыя, у каго не хапае базавых навыкаў «зрабі сам» нават у самых простых сітуацыях
Даследванне, якое паказала, што маладыя людзі ад 18 да 27 гадоў хутчэй заплацяць спецыялісту, чым самі будуць рабіць нешта, звязанае з бытавымі пытаннямі, правяла кампанія Halfords. Halfords прадаюць тавары і паслугі рамонту ўласнікам аўто і веласіпедыстам.
Усяго ў апытанцы ўзялі ўдзел 2 тысячы чалавек. Вызначылася, што кожны пяты рэспандэнт з узроставай групы, якая нас цікавіць, не ведае, што такое гаечны ключ, а амаль чвэрць не стануць мяняць лямпачкі, бо гэта занадта небяспечна – падымацца на раскладныя лесвіцы. Менш за дзве траціны (323 чалавекі) заявілі, што змогуць памыць машыну, але хацелі б папрасіць бацькоў зрабіць гэта за іх.
То бок у грамадстве назіраецца новы феномен – GOTDITs. З англійскай мовы расшыфроўваецца як get others to do it – «паклікаць іншых, каб зрабіць гэта». Асноўная прычына – недахоп базавых навыкаў «зрабі сам» у маладога пакалення нават у самых простых сітуацыях.
Для іх прасцей наймаць прафесіянала і плаціць за паслугу. Гэта таксама пацвяржаюць даныя сярэдняга гадавога расходу на розныя бытавыя задачы ў даследванай узроставай групы. У Велікабрытаніі моладзь у год вытрачае на наём спецыялістаў 1 300 фунтаў стэрлінгаў (прыкладна 5 300 рублёў), што значна вышэй за сярэдні паказчык па краіне – 622 фунты стэрлінгаў (прыкладна 2 500 рублёў).
Шкарпэткі з дзіркай – у сметнік, але калі маленькая, то можна і насіць
Для правядзення ўласнага мінідаследвання мы спачатку запыталі нашых суразмоўцаў пра такія простыя жыццёвыя сітуацыі, як парваныя шкарпэткі, адарваны гузік, непрыгожая пляма, якая не адмываецца, зламаная маланка ў куртцы, некрытычна пашкоджаны абутак.
Пра парваныя шкарпэткі амаль аднагалосна ўсе ўдзельнікі апытанкі заявілі, што выкінуць іх і купяць новыя. Адна з дзяўчын дадаткова адзначыла, што ў яе ёсць пэўная пара лімітаванай серыі, таму менавіта іх яна лепш зашые, чым выкіне.
Забаўна паставіўся да дзіравых шкарпэтак адзін з хлопцаў:
«Шкарпэткі – гэта вельмі спрэчная тэма. У маёй сям’і было прынята шкарпэткі зашываць і ў асноўным зашывала маці. А калі пачалі жыць разам з дзяўчынай, то яна катэгарэчна супраць зашываньня шкарпэтак, а мне лянота такім займацца. Таму цяпер яны выкідаюцца. Але калі так здарылася, што на шкарпэтцы маленькая дзірачка і я не заўважыў яе калі праў, то мне не праблема апрануць шкарпэткі з дзіркай. Тым больш, што зараз ёсць тыктокеры, якія падыходзяць на вуліцы і кажуць “калі ў вас дзіравыя шкарпэткі, то я дам вам грошы”. І я цяпер кожны раз, калі апранаю шкарпэткі з дзіркай, спадзяюся, што да мяне падыдуць і спытаюцца, ці дзіравыя ў мяне шкарпэткі».
Сітуацыя з гузікамі можа развівацца па-рознаму, у залежнасці ад таго, наколькі гэты гузік важны. Усе дзяўчыны адказалі, што для іх няма ніякай праблемы прышыць гузік. Хлопцы на адарваны гузік хутчэй заб’юць:
«У мяне на плашчы дагэтуль адарваны гузік, ніяк ня знайду часу яго прышыць. Калі ён адзін, то што парыцца? Але ў тым месяцы я прышываў гузікі, таму што тады цэлых тры адарвалася і ўжо было холадна хадзіць. Таксама ў мяне зараз на плашчы адарваная пяцелька, за якую яго трэба вешаць на кручок, таксама няма часу прышыць. Кожны раз іду ў гардэроб і спадзяюся, што на мяне не будуць лаяцца».
«На адну куртку 4 гады не прышываю».
Яшчэ адзін хлопец адказаў, што пойдзе з гэтай праблемай у майстэрню для рамонту адзення, яшчэ адзін – што звярнецца да бацькоў:
«Насамрэч, першае што прыйшло ў галаву пасля гузікаў, маланкі і абутку – гэта завезці да бацькоў і няхай разбяруцца. З такімі некрытычнымі сітуацыямі ў мяне вельмі добра спраўляецца бацька. Аднак, калі сітуацыя патрабуе вырашэння тут і зараз, то, канешне, шукаць нейкія майстэрні ці атэлье, каб усё гэта цягам дню выправіць».
Рамонт маланкі – больш складаная задача, большасць звернецца ў атэлье, асабліва калі гаворка пра новую і дарагую рэч. Некаторыя гатовы паспрабаваць адрамантаваць яе самі, а калі не атрымаецца – звярнуцца да мамы, бабулі ці ў майстэрню. Адна дзяўчына з уздыхам адзначыла, што з такой праблемай даў бы рады бацька, але яна жыве цяпер асобна:
«Што тычыцца рамонту маланкі або абутку, тут я адразу звяртаюся да прафесіяналаў. Але ў дзяцінстве тата ўсё чыніў сам. Думаю, што калі б жыла ў родным горадзе з бацькамі, эканоміла б шмат грошыкаў».
Прыкладна такая ж сітуацыя і з абуткам. Для паловы апытаных некрытычныя праблемы з абуткам не вартыя ўвагі зусім, для іншых – нагода звярнуцца да бацькі або ў майстэрню.
«Некрытычна сапсуецца абутак – рамантуем ці носім так. Я бедная студэнтка, грошаў на новы абутак у мяне няма».
«Калі я збіў скураны нос на новых ботах, то проста прыклеіў адбіты шматок назад і прахадзіў у гэтых ботах яшчэ тры гады. Увогуле ў маёй сям’і было прынята кожны год купляць новыя кросы, таму цалкам норма схадзіць іх за год. На маіх лідскіх кедах лопнула падэшва і спераду трохі шоў разышоўся, але гэта для мяне не праблема, я хадзіў у іх».
Што тычыцца плямы, то тут большасць паспрабуе з ёю пазмагацца самастойна ці з дапамогай хімчысткі, але калі ўсё будзе марна, то рэч пойдзе ў сметнік ці рыззё. Адна дзяўчына гатовая працягнуць жыццё сапсаванай рэчы ў якасці хатняга адзення:
«Калі з’явіцца пляма, я спачатку паспрабую купіць розныя хімічныя сродкі і выратаваць рэч, калі яна дарагая, новая і прыгожая. Калі ня выйдзе, то рэч стане дамашняй альбо для фізічнай працы ці паходаў у лес. Калі там такая пляма, што нават у лес непрыстойна хадзіць, то выкіну на сметнік».
З лямпачкай усе беларускія зумеры дадуць рады, а вось адрамантаваць чайнік…
У брытанскім даследванні маладыя людзі адмаўляліся нават лямпачку замяніць, беларусы ў гэтай сітуацыі ўсё ж больш самастойныя. Усё хлопцы адказалі, што лёгка справяцца з гэтай задачай, а дзяўчаты, хоць і ўпэўненыя, што могуць зрабіць гэта самі, звярнуцца да сваіх каханых хлопцаў па дапамогу.
Потым мы запыталіся, ці здолеюць нашыя суразмоўцы павесіць палічку на сцену, адрамантаваць дзверцы шафы, калі раптам паламаецца ручка ці петлі, электраправодку, змясіцель на кухні ці трубу пад ракавінай.
Большасць пагадзілася з тым, што гэто ўжо ўзровень «хард», але хлопцы рукі апускаць не будуць – гатовыя навучыцца нешта рамантаваць ці хаця б нават паглядзець у Ютубе, як і што робіцца, але толькі, калі справа не тычыцца электрычнасці. Тут ужо лепш звярнуцца да адмысловага майстра за грошы, бо гэта занадта небяспечна. Дзяўчаты аднагалосна заявілі, што такімі справамі займацца не будуць, хаця некаторыя адзначылі, што цвік забіць могуць і самі. Што да больш сур’ёзных задач, у большасці проста няма патрэбнага інструмента дома, таму прыйдзецца звяртацца да майстра.
«Разетку ці выключальнік, думаю, я здолеў бы замяніць, я ўсё ж інжынэр-электрык па адукацыі. Але калі нешта складаней, то ня ведаю, бо гэта ўжо вогненебяспечна. Як павесіць палічку я ўяўляю, але дома няма інструментаў для гэтага. Напэўна, пазычыў бы у суседзяў ці сяброў. Петлі і ручку ў шафу я здолею прыкруціць. Мы ў інтэрнаце навучыліся з адной шафы перакручваць петлі на іншую, каб здаць пакой. Памяняць змясіцель ці сіфон мне не здаецца вялікай праблемай. Думаю, што пры дапамозе туторыялаў на Ютубе, я бы зрабіў гэта. Але зноў жа праблема ў інструментах».
Мы таксама запыталі, ці сталі б нашыя маладыя людзі рамантаваць штосьці з бытавой тэхнікі, напрыклад, чайнік, мікрахвалёўку, пральную машынку, фен, прас. Адказ мы атрымалі досыць катэгарычны – не.
«Як паказвае практыка, рамантаваць бытавую тэхніку – немэтазгодна. Чайнік, прас і фен каштуюць капейкі. І звычайна яны ламаюцца праз 10 гадоў выкарыстаньня, тады людзі і самі радыя купіць новую тэхніку. Лезьці ў пральную машынку – самому даражэй, лепей адразу выклікаць майстра. Мікрахвалёўка таксама звычайна доўга працуе, калі яна старая, то лепей новую купіць, калі ё грошы. Калі яна новая і паламалася, то гэта вельмі небяспечная прылада, таму лепей аднесці ў рамонт».
«Дробную тэхніку кшталту фена я нават не панясу ў рамонт – куплю новую, а для астатняга запрашу майстра».
У даследванні брытанцаў было адзначана, што моладзь нават не ведае, як называюцца інструменты для хатніх прац. Мы запыталіся, ці ведаюць нашыя хлопцы і дзяўчыны, што ім спатрэбіцца для працы дома. Некаторыя пытанне зразумелі па-свайму:
«Вядро, швабра? Па-шчырасці, я не разбіраюся, што можа спатрэбіцца дома. Для рамонту шафы адвёрткі хопіць, думаю».
«Інструменты для працы дома? Тыпу ноўт, мышка?»
«З інструментаў дома маю нейкі базавы набор, але сабраны ён быў яшчэ маімі бацькамі. Часцей за ўсё карыстаюся зашрубкай. Маю малаток, цвікі і шмат жалеза, назваў якога я не ведаю».
«Любую дэтальку, якую мне трэба купіць, я проста сфатаграфую і пакажу ў краме кансультанту, так што магу і не ведаць назвы».
«З інструментаў патрэбны малаток, развадны ключ, шрубоўка, пасатыжы, канцалярскі нож, набор ключэй, рулетка».
З прыборкай і гатоўкай моладзь спраўляецца самастойна, а дастаўка ежы – толькі з нейкай святочнай нагоды
З такімі справамі, як прыбіранне і гатаванне ежы і хлопцы, і дзяўчаты добра спраўляюцца самі. Некаторыя прызналіся, што часам могуць дазволіць сабе дастаўку піцы ці сушы на дом або вячэру ў кафэ, але не так часта.
«Я люблю прыбіраць і гатаваць самастойна. Для мяне гэта не проста руціна, а сапраўдная асалода, тэрапія, медытацыя, якая дапамагае мне заспакоіцца, паслухаць любімую музыку і парадаваць блізкіх смачнай ежай».
«Дастаўкай магу пабалавацца пару разоў на месяц, але і не ў кожны з месяцаў. Мне прасцей прыгатаваць штосьці самому, ці час ад часу завітаць у рэстаран на які абед-вячэру. Прыбіраюся выключна сам, аднак калі бы заяджаў на нейкую новую кватэру, то разумна было б выклікаць клінінг».
«Клінінг – не, але хацелася б. Дастаўка зрэдку, але так. Звычайна падзяляем гэтыя абавязкі з хлопцам прыкладна 50/50».
«Дастаўкай ежы карыстаемся вельмі рэдка і заказваем не проста з мэтай паесці, а з мэтай парадаваць сябе».
«Клінінг я не спрабавала, але мне гэта і не здаецца камфортным варыянтам, бо трэба кагосьці пускаць да нас у дом. Не думаю, што чужыя людзі зробяць усё якасна, хоць і за грошы».
Апошняе пытанне тычылася аплаты камунальных паслуг. Частка апытаных яшчэ жыве з бацькамі, таму нават не спрабавалі самастойна аплаціць ваду і святло, але чулі, што гэта лёгка робіцца праз ЕРИП і ўпэўненыя, што разабрацца з гэтым даволі проста.
Тыя, хто жыве асобна ў пары, часцей даручаюць гэтую справу хлопцам. Ёсць дзяўчыны, якія ніколі гэтага не рабілі за час асобнага ад бацькоў жыцця.
«Нам у гэтым плане пашанцавала. Мы жывем у кватэры маці маёй дзяўчыны, таму я проста фоткаю лічыльнікі, яна сама ў сваім тэлефоне ўводзіць і аплочвае. А потым кажа, колькі ёй грошай скінуць».
Каб падсумаваць нашыя інтэрв’ю, хочацца адзначыць, што хутчэй за ўсё пытанне не ў тым, што маладое пакаленне не мае «базавых навыкаў», а проста пазбаўленае галоўнога болю, калі размова ідзе пра рамонт адзення ці бытавой тэхнікі. Гэта не пра несамастойнасць, а пра лепшы ўзровень жыцця. Тое, што іх бацькі могуць рабіць сваімі рукамі, не звяртаючыся да спецыяліста, кажа, што ў іх час папросту не было куды звярнуцца. І варта адзначыць, што бытавая тэхніка стала больш складанай, каб справіцца з яе рамонтам, маючы нейкія базавыя ўяўленні пра яе канструкцыю. І на наш погляд, гэта ні добра, ні дрэнна, але дакладна адлюстроўвае сучаснае жыццё і яго лад.