1 лістапада ў свеце адзначалася такое свята як Міжнародны дзень вегана. З гэтай нагоды «Моцныя Навіны» пагутарылі з ураджэнкай Гомеля Янай, якая цяпер пражывае ў ЗША і харчуецца па прынцыпах веганства. Веганы – гэта строгія вегетарыянцы, якія выступаюць супраць эксплуатацыі жывёл і выключаюць са свайго рацыёну ўсе прадукты жывёльнага паходжання, уключаючы мяса, рыбу, яйкі, малочныя прадукты жывёльнага паходжання, мёд. Даведаліся, наколькі гэта складана і бяспечна падчас цяжарнасці, а бонусам – папрасілі смачны рэцэпт веганскай стравы.
Як перайшла на веганства
Яна – блогерка ў YouTube і Instagram. Прафесійна вылучае ізатопы з ядзернага паліва. Як хоббі даследуе і аптымізуе здароўе для даўгалецця. Кандыдатка хімічных навук і мама двух беларусікаў у ЗША.
Яна стала веганкай трохі больш за год таму. Да гэтага ў 2017 годзе быў год неідэальнага веганства ў падтрымку мужа. Але, як прызнаецца нашая суразмоўца, гэта было без моцнай уласнай матывацыі, бо быў толькі першы год, як эмігравала, а змяняць звычкі не вельмі хацелася, бо і так адчуваўся стрэс праз новую мову, вучобу і працу. А яшчэ дзяўчына была ўпэўненая, што здароўе такім чынам падтрымліваць складаней. Пасля здарылася першая цяжарнасць і з таго часу яны з мужам перайшлі на пераважна расліннае харчаванне, пару разоў на месяц елі мяса, але часцей –марскія прадукты. У той перыяд Яна навучылася гатаваць ежу, якая была і без жывёльных прадуктаў, і адпавядала яе ўяўленням пра здаровае харчаванне і пасавала хуткаму ладу жыцця.
«Перайшла на веганства пасля аднаго кароткага здарэння. Калі нарэшце гуляла адна без сям’і як турыстка ў Авіньёне, позірк захрас на актывістах ў чорным з экранамі, на якіх паказвалася нараджэнне, жыццё і забойства самых розных жывёлаў ў прамысловых умовах. Я тады доўга сядзела ў кавярні, шукала інфармацыю, ці сапраўды гэта ўсё так заўсёды, а не нейкія рэдкія выключэнні. Тады ў мяне быў шок і я падумала: „а з чаго гэта я гэта падтрымліваю, а хто, калі не я, будзе веганам?“. Я разбіралася ў нутрыцыялогіі, ведала, што і без жывёльных прадуктаў можна быць на піку здароўя і ўжо ўмела добра гатаваць», – дзеліцца Яна і дадае, што ў яе быў час і магчымасць і далей разбірацца ў тэме этыкі і даўгалецця ў звязцы з веганствам, а таксама эксперыментаваць з кулінарыяй.
Цяжарнасць не стала прычынай адмовы ад строгага расліннага харчавання
Падчас першых дзвюх цяжарнасцяў Яна яшчэ не прытрымлівалася веганства. А вось трэцяя цяжарнасць, якая з ёй адбываецца цяпер – ужо цалкам на строгім тыпе расліннага харчавання. Калі дзяўчына даведалася, што чакае дзіця, то не стала адмаўляцца ад веганства – проста трохі змяніла рацыён, каб лепей забяспечыць новыя патрэбы. Але самае цікавае – гэта тое, як Яна зразумела, што зацяжарыла.
«Першым сігналам зрабіць тэст і на першай, і на трэцяй цяжарнасці было дзікае жаданне есці сырое мяса (і нюхаць сырую зямлю). Але я стрымалася і мне расхацелася пасля невялікіх зменаў і дадатковых саплеменатаў у харчаванні», – прызнаецца яна.
Дзяўчына падкрэслівае, няважна веган жанчына, ці не, але нагрузка (ва ўсіх магчымых сэнсах) падчас цяжарнасці на арганізм павышаецца. Таму карысных нутрыентаў трэба спажываць больш, а шкодных зусім пазбегнуць.
«З самага распаўсюджанага: цяжарны арганізм патрабуе больш бялку, жалеза, кальцыю, фалійнай кіслаты, вітамінаў D, амега-3 тлустыя кіслоты, а для веганаў яшчэ B12. Гэта ўлічваючы, што да цяжарнасці не было ніякіх дэфіцытаў (што рэдкасць). У цяжарнасць, як і ў іншых фізічна ці псіхалагічна стрэсовых сітуацыях, есці дастаткова і збалансавана вельмі цяжка, таму саплементы я прымала дадаткова падчас усіх цяжарнасцяў, проста адрозныя па складу яны», – звяртае ўвагу Яна.

Раней лічыла грамы, цяпер мерае жменямі
Калі харчаванне мае строгія абмежаванні, то, напэўна, варта пільна сачыць за сваім станам здароўя. Па словах Яны, яна не мае нейкую сістэму маніторынгу ежы, гэта хутчэй спосаб жыцця, які паступова склаўся праз досвед і назіранне за сабой. Але за станам здароўя дзяўчына ўсё ж сочыць дасканала і ад гэтага адштурхоўваецца – мяняць харчаванне ці нешта ў ладзе жыцця.
«Былі часы, калі я ўсё ўзважвала і лічыла: грамы ежы, колькі там бялку, тлушчаў, вугляводаў, калорый, вітамінаў, мінералаў і іншых карысных фітакампанентаў. Гэта пачалося яшчэ ў падлеткавым узросце, калі я ўпершыню зацікавілася хімічным складам прадуктаў і тым, колькі і чаго чалавеку насамрэч трэба спажываць. Тады мне было цікава дакладна ведаць, што і як уплывае на арганізм. Цяпер я ўсё мераю “на вока”: лыжкамі, талеркамі, жменямі. Бо за гады я ўжо інтуітыўна разумею ежу. Напрыклад, я ведаю, колькі жалеза, магнію ці бялку ў той жмені гарбузовых ці канапляных семак, якую я шчодра дадаю ў суп перад падачай. Я ведаю прадукты-чэмпіёны па асноўных вітамінах, мінералах і макранутрыентах. Разумею, што калі я сёння не з’ем рагу з чорным рысам і бабамі, мне не будзе хапаць бялку. А яшчэ да веганства я так думала пра валокны – што замест кавалка рыбы трэба абавязкова з’есці гару капусты, каб ураўнаважыць рацыён», – расказвае пра свой досвед Яна.
Наша гераіня прызнаецца, што цягам часу яна зразумела, што патрэбы чалавека вельмі індывідуальныя: усё залежыць ад узросту, цыклу, актыўнасці, псіхалагічнага стану і нават ад сезона. Яна шмат эксперыментавала – рабіла аналізы крыві, мачы, калу, вывучала склад цела, рабіла генетычныя тэсты і тэсты на адчувальнасць да прадуктаў. Гэта дапамагло зразумець, што няма адной формулы, якая падыходзіць усім. І што баланс пачынаецца не з табліц, а з уважлівасці да сябе.
«Цяпер мой фокус не на падліку, а на якасці прадуктаў і складзе страваў. Калі я выбіраю аліўкавы алей – то самы лепшы, які магу сабе дазволіць. Калі я ем торт – то з высокай канцэнтрацыяй валокнаў, какавафлаваноідаў, мінімальнай апрацоўкай і каб ён быў і смачны. Гэта і да веганства было трэба пашукаць, таму я звыклая не згаджацца на меншае і вытрачаць час на такое», – мяркуе суразмоўца.

Калі ёсць энергія, спакой, добры настрой, стабільны сон – значыць, усё збалансавана
Па словах Яны, важна назіраць, як адчувае сябе цела, для яе гэта галоўны паказчык. Калі ёсць энергія, спакой, добры настрой, стабільны сон – значыць, усё збалансавана.
«А калі ты ўсё падлічваеш, п’еш саплементы, а пры гэтым адчуваеш сябе без сіл, ці злы як сабака, не можаш сфакусавацца, а аналізы паказваюць “норму”, – гэта не сапраўдны кантроль, гэта ілюзія кантролю. Я веру, што здаровае харчаванне – гэта не пра строгае вымярэнне, а пра разуменне ежы, яе якасць і разнастайнасць», – адзначае дзяўчына.
Думку, што не варта гнацца за дакладнымі лічбамі, а выбудоўваць рацыён як жывы, гнуткі працэс з увагай на свае ўласныя патрэбы і адчуванні, пацвярджае і той факт, што нутрыцыялогія яшчэ развіваецца. У ёй безліч параметраў, якія трэба ўлічыць, каб даведацца сваю норму. Яна ж лічыць, што ежа – гэта не толькі хімічны набор кампанентаў, а яшчэ і псіхалагічны, эмацыйны і сацыяльны аспект.
«Калі табе смачна, калі ты ясі з любоўю і павагай да свайго цела – арганізм даволі хутка адгукаецца і ты можаш падтрымліваць такі лад харчавання даўжэй», – упэўненая Яна.
Рэцэпт смачнага веганскага супа
Напрыканцы мы папрасілі нашую гераіню падзяліцца адным рэцэптам хуткай і нескладанай смачнай і сытнай стравы. Аднак у Яны апынуўся іншы падыход да гатоўкі. Каб было хутка і карысна і дакладна ўсім у сям’і смачна, а яшчэ і на некалькі дзён, каб не думаць пра ежу, яна гатуе вялізныя рондалі супоў. На погляд дзяўчыны, калі не рабіць так, вечна будзеш хватаць абы якую ежу і марнаваць сумарна на яе гатоўку больш часу, чым адзін раз на прыгатаванне аднаго вялікага рондаля.
Гэты рэцэпт прыдумаў ChatGPT, і цяпер ён адзін з тых, якія ў сям’і часта гатуюць.

Бабовы суп з грыбамі
Складнікі:
- 2 кубкі супавой сумесі з 13 відаў бабовых (бабовыя папярэдне замачыць на ноч/дзень);
 - 6–8 свежых або 1 кубак сушаных шыітаке-грыбоў (размачыць і нарэзаць, можна і іншыя свежыя грыбы);
 - 1 цыбуліна, 3 морквы, 3 сцябліны салеры – усё нарэзаць кубікамі;
 - 4 зубкі часнаку (драблёныя);
 - 2 сталовыя лыжкі алею (авакада ці аліўкавы);
 - 1 чайная лыжка папрыкі, ½ чайнай лыжкі кмена, лаўровы ліст;
 - 1½ чайнай лыжкі солі, чорны перац па смаку;
 - 6 кубкаў булёну з гародніны (або вада+бульённы кубік);
 - Па жаданні: соевы соус, цытрынавы сок, зеляніна.
 
Гатуем:
- Замочаныя бабовыя зліць і прамыць.
 - Разагрэць алей, абсмажыць цыбулю, моркву і салеру да мяккасці.
 - Дадаць часнок, грыбы, спецыі ў рондаль – гатаваць яшчэ некалькі хвілін.
 - Усыпаць бабовыя, лаўровы ліст, заліць булёнам і варыць на малым агні 1½–2 гадзіны, пакуль бабовыя не стануць мяккімі.
 - Прыправіць соллю, перцам, соевым соусам або сокам цытрыны.
 - Падаваць з зелянінай і семкамі.
 
