Як не захварэць у сезон прастуд? Сабралі правераныя парады ад тых, хто рэдка і лёгка пераносіць хваробы ўвосень і ўзімку
Ёсць падазрэнне, што пасля прачытання гэтага артыкулу вы пачнеце рабіць кантрасны душ, займацца спортам і правільна харчавацца. «Моцныя Навіны» не проста запыталіся, як засцерагчы сябе ад хваробаў, але і калі апошні раз хварэлі нашыя героі. Іх адказы вас дакладна ўразяць!
Васянін, блогер
Думаем, вам не раз трапляліся пазітыўныя відэа гэтага вусатага хлопца ў мехавой шапцы, які актыўна займаецца спортам і загартоўваннем. Словам, ад яго проста выпраменьвае вайб здаровага чалавека. Запыталіся ў гамяльчаніна, што дапамагае яму не захварэць. Агулам, гэта ўсё ён і так транслюе ў блогу – варта браць прыклад:
«Тут усё проста, ранішні халодны душ, ранішняя зарадка, увечары кантрасны душ, карысны сняданак, у які ўключаны ўсе мікраэлементы. Рэгулярны халодны душ на дыстанцыі умацоўвае імунітэт і тым самым робіць арганізм устойлівым да вірусаў. Больш за 3 гады не хварэў ужо прастудай.
Парэкамендую пачаць гартавацца, але з галавой і правільна. А яшчэ раю займацца спортам, добра спаць і есці. Для падтрымання імунітэту дапамагае добра заварваць скрыпень (іван-чай) – найлепшы чай для здароўя».
Кацярына, нутрыцыёлаг
У Кацярыны трое дзяцей, яна практыкуючы нутрыцыёлаг з прэвентыўным падыходам. Да сезону прастуд Кацярына з сям’ёй рыхтуецца вельмі проста – прытрымліваюцца правілаў здаровага ладу жыцця. Як яна сама прызнаецца, апошні раз яна хварэла 4-4,5 гады таму.
Вельмі важна разумець, што праца імуннай сістэмы напрамую звязана са станам нашага страўнікава-кішачнага тракта і дэфіцытам вітамінаў і мінералаў у арганізме. Харчаванне грае важную ролю ў тым, як мы перанясем сезон прастуд», – звяртае ўвагу экспертка.
Для сябе і сваёй сям’і жанчына выбірае якасныя прадукты з чыстым складам, імкнучыся пазбягаць тыя, што змяшчаюць у сваім складзе цукар, араматызатары, фарбавальнікі і кансерванты. Перавагу жанчына аддае суцэльным прадуктам.
«У асноўным у рацыёне пераважае якасны бялок – мяса, птушка, рыба і морапрадукты, таксама вялікая колькасць гародніны і зеляніны, бабовыя (сачавіца, фасоля), насенне і арэхі. З садавіны і ягад у гэты перыяд – цытрусавыя, ківі, гранат, журавіны, чарніцы, брусніцы, каліна, абляпіха, шыпшыннік. Вельмі добра ідзе ферментаваная гародніна, напрыклад, квашаная капуста. Са спецый ў перыяд прастуды мне падабаецца выкарыстоўваць імбір, куркуму, часнок, арэгана, карыцу, перац чылі. Гэтыя спецыі валодаюць антыбактэрыяльным і сагравальным эфектам і ўтрымліваюць у сваім складзе вялікую колькасць антыаксідантаў», – тлумачыць Кацярына.
Не абмінае ўвагай жанчына і вітаміны. Па яе словах, у перыяд прастуддля падтрымкі імунітэту важныятакія вітаміныяк С, Д і вітаміны групы В – яны падтрымліваюць працу імуннай сістэмы. Таксама дапамагаюць змагацца з інфекцыямі амега-3, цынк і селен. Але перад ужываннем прэпаратаў з іх утрыманнем абавязкова трэба спачатку пракансультавацца са спецыялістам.
А калі ўсё ж захварэлі, то тут нутрыцыёлаг раіць для палягчэння сімптаматыкі прыбраць з рацыёну цукар, выпечку, газаваныя напоі, фастфуд, магазінныя каўбасы, сасіскі і паўфабрыкаты, бо яны значна зніжаюць якасць нашага імунітэту. А яшчэ важна не забываць пра пітны рэжым, які спрыяе вываду таксінаў з арганізма і дапамагае прыйсці ў норму хутчэй.
Сяргей, рэстлер
Сяргей не толькі прафесійны рэстлер, а таксама культурны дзеяч, творчая асоба і музыка. Мужчына выхоўвае сына і падзяліўся сваімі лайфхакамі па захаванні здароўя. Апошні раз гамяльчанін перанёс прастуду ў красавіку гэтага года, але ў гэтым ёсць пэўная прычына – дзіцё праходзіць адаптацыю ў садку і арганізм прывыкае – ён прыносіць дадому тое, ад чаго не дапамагае ні адна прафілактыка.
«Звычайна па сезоне купляем вітамінныя комплексы як сабе з жонкай, так і дзіцяці. Акрамя таго, у рацыён харчавання пастаянна ўключаны свежыя гародніна і садавіна штодня. Штосезонна хапае правільнага харчавання, спорту і комплексаў вітамінаў, каб заходзіць і выходзіць у кожны сезон здаровымі», – расказвае Сяргей.
Што да парадаў, які спорт павінен быць у жыцці звычайнага чалавека, мужчына звяртае ўвагу, што ўсё залежыць ад магчымасцяў і ладу жыцця: ад тыпу нагрузкі удзень, ад пастаяннай працы і натуральна ад фізічных параметраў і стану здароўя. У залежнасці ад гэтага варта падбіраць фізічную нагрузку.
«Я б рэкамендаваў лёгкі фітнэс незалежна ад полу і ўзросту. Цягліцавы гарсэт вельмі важны, асабліва з узростам. Гэта стан нашага пазваночніка, суставаў, прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Чаму лёгкі фітнэс? Бо трэнажоры дазваляюць рэгуляваць нагрузку ад мінімальнай, чаго мы не можам зрабіць пры трэніроўцы са сваёй вагой, а таксама забяспечваюць правільную механіку руху для суставаў», – раіць наш суразмоўца.
Кацярына, экс-фармацэўтка
Кацярына мае вышэйшую медыцынскую адукацыю, больш за 10 гадоў яна працавала ў аптэцы. У яе таксама ёсць дзеткі, але аптэчка ў сям’і даволі сціплая.
Замест лекаў для прафілактыкі сезонных захворванняў жанчына выкарыстоўвае гартаванне, а таксама садавіну і гародніну круглы год. Таксама Кацярына звяртае ўвагу на своечасовае праходжанне медаглядаў і вакцынацыю. З аптэчных вітамінаў у хатняй аптэчцы толькі вітамін Д. Кацярына лічыць, што любыя вітаміны лепш працуюць са здаровым ладам жыцця.
А што да нядаўніх хваробаў, жанчына адзначае, што ўжо не памятае, калі апошні раз ляжалі на бальнічным.
«Лёгкія прастуды былі, але калі пра ляжаць у бальніцы ці хаця б піць антыбіётыкі і ляжаць на бальнічным – не памятаю. Дзеці лета наогул выдатна правялі, цяпер, калі пачаўся навучальны год, у старэйшай быў адзін раз насмарк і на гэтым усё скончылася. І гэта ў той час, калі паўкласа дзяцей хварэлі і не хадзілі ў школу. Малодшая дачка (ёй усяго год і 9 месяцаў) толькі ў канцы жніўня пайшла ў сад. У яе цяпер адаптацыя, быў насмарк адзін раз, цяпер вось з кашлем дома сядзім. Але для дзяцей у адаптацыі – гэта норма. Яна добра сябе адчувае, гуляе, мы ходзім на вуліцу і бегаем па лужынах. Таму ўсё з большага добра», – падзялілася жанчына.
Максім, морж
Максім шмат гадоў цікавіцца загартоўваннем і зімнім плаваннем, браў удзел у спаборніцтвах па зімніх заплывах і нават падымаўся на Эльбрус. Ён лічыць, што каб больш-менш падтрымліваць у тонусе імунітэт, трэба займацца загартоўваннем цэлы год. Улетку дастаткова кантраснага душа, а з верасня халадовую нагрузку варта павышаць.
«Прытрымліваюся разумнай халадовай нагрузкі без залішняга экстрыму. Ведаю, у старшыні клуба маржоў Калінінграда ёсць дзіця гадоў 10 і ён прывучае яго да купанняў з ранняга дзяцінства. Гаючая сіла халоднай вады вядомая з даўніх часоў. Важна толькі падысці да гэтага пытання свядома і ўспрымаць халодныя водныя працэдуры як лад жыцця. Гэта не толькі фізічнае здароўе, але і эмацыйнае. Гармоны стрэсу мяняюцца на гармоны задавальнення. Калі ты гэта выразна разумееш, холад становіцца саюзнікам твайго здароўя», – лічыць Максім.
Па яго словах, важнае правіла для ўмацавання імунітэту з дапамогай халоднай вады – рабіць усё паступова, пакрысе, але рэгулярна (хаця б раз у тыдзень). Пры гэтым гамяльчанін мае на ўвазе не толькі маржаванне і экстрымальнае гартаванне, бо гэта падыдзе не ўсім.
«Кантрасны душ, хаджэнне басанож па снезе або фространнинг – бег у абмежаванай вопратцы. І сон у прахалодным памяшканні. Гэта ўжо будзе выдатна для ўмацавання імунітэту і паступовай адаптацыі арганізма да зменаў навакольнага асяроддзя», – рэкамендуе гамяльчанін.
Ён прызнаўся, што апошні раз хварэў у мінулым годзе, але кароткачасова і ў лёгкай форме. Гэтак жа было і з кавідам – літаральна 2-3 дні. Пагадзіцеся, здорава!
Анастасія, спецыялістка па зёлках
Анастасія па адукацыі тэхнолаг і экспертка ў сістэмах харчовай бяспекі. Цяпер яна займаецца травамі, стварэннем гідралатаў і ўваходзіць у склад прафесійнай асацыяцыі спецыялістаў народнай медыцыны. Апошні раз яна хварэла ў 2020 годзе. І вось, што ёй у гэтым дапамагае.
«Калі наступаюць такія месяцы як верасень, кастрычнік, лістапад, снежань і студзень – п’ю адаптагены. Гэта травы, якія дапамагаюць перайсці на цёмны бок года», – усміхаецца дзяўчына і тлумачыць, – «або проста перайсці ў сезон халадоў і вятроў».
Адаптагены – гэтаружавая радыёла, лімоннік кітайскі, элеўтэракок. Аднак важна адзначыць, што ўва ўсіх адаптагенаў ёсць супрацьпаказанні ў адносінах да ціску.
«Абавязкова закрываю цёплымі шкарпэткамі галёнкі, шалікам – шыю і паясніцу. Гэта не субасоба бабулі кажа, а здаровы сэнс. Пры астуджэнні гэтых месцаў прамая дарога да прастуды», – лічыць Анастасія.
Для прафілактыкі яна раіць выкарыстоўваць праполіс, пылок, пяргу і мёд у сотах. Дзяўчына падкрэслівае, што варта браць мёд абавязкова ў сотах, бо там ёсць воск, якім пчала запячатвае мёд, каб ён захоўваўся сезон і больш. Гэты воск аказвае прыроднае антыбактэрыяльнае дзеянне. Анастасія падкрэслівае, што такі мёд немагчыма падрабіць.
«У хатняй траўна-ягаднай аптэчцы важна мець журавінавы або бруснічны морс, яны асабліва добра дзейнічаюць пры невялікім павышэнні тэмпературы, ламаце ў целе. Ліст маліны, сцеблы маліны і малінавы адвар добра зніжаюць тэмпературу, памяншаюць галаўны “прастудны” боль. Кветкі календулы памяншаюць боль у горле. Ліст брусніцы або талакнянкі падыдзе для тых выпадкаў, калі настылі ногі, а следствам з’явіўся і цыстыт. Кветкі аксамітак або любая ігліца – іх адварам можна прамываць нос пры насмарку», – раіць гераіня.
«Моцныя Навіны» зычаць усім чытачам здароўя! Спадзяемся, парады нашых суразмоўцаў будуць для вас карыснымі.