Гамяльчанка купіла дом у вёсцы, каб трымаць шмат сабак, катоў і жарабя, якога хацелі пусціць на мяса
Святлана жыве ў вёсцы пад Гомелем ужо 4 гады. Свайго першага сабаку яна ўзяла на ператрымку ў 2011 годзе. З тых часоў яна валанцёрыць пад эгідай гомельскага таварыства аховы бяздомных жывёл «Доброта» і цалкам прысвячае сябе клопату пра больш за 40 хвосцікаў. Нядаўна жанчына выратавала 3-месячнага жарабя і цяпер даглядае і яго. «Моцныя Навіны» завіталі ў госці да жанчыны, каб даведацца больш пра гэтую гісторыю і ў дадатак паглядзець, як яна спраўляецца з усімі сваімі гадаванцамі.
3-месячнага жарабя хацелі пусціць на мяса, цяпер ён прыцягвае ўвагу да праблем бяздомных жывёл
Дабрацца да вёскі з Гомеля, дзе жыве Святлана, можна і аўтобусам, але нам пашанцавала – у дзень, калі мы дамовіліся сустрэцца, да гамяльчанкі ехала дапамагчы даўняя сяброўка на машыне. У салоне – сімпатычны сабака, які з цікаўнасцю сустракае новых пасажыраў. Кіроўца тлумачыць – гэта таксама гадаванец з няпростым лёсам, які, на шчасце, ужо знайшоў свой дом. З ім прыйшлося папрацаваць, бо цяжкае жыццё паўплывала на паводзіны, трэба было карэктаваць агрэсію, але ўсё атрымалася – цяпер гэта спакойная і прыязная жывёла. Дзяўчыну за стырном завуць Юля, яна дапамагае Святлане прыстройваць такіх складаных сабак ужо шмат гадоў. Усё таксама на валанцёрскіх пачатках.
Прыехаўшы на месца, адразу ідзем знаёміцца з самым незвычайным жыхаром у двары – конем Персеем. Рудому жарабяці яшчэ няма года.

Аб’яву пра продаж жарабя сяброўкі ўбачылі на «Куфары». Прадавец збіраўся аддаць жывёлу на мяса, бо малое перашкаджала маці-кабыле, і яму хацелася хутчэй ад яго пазбавіцца. Так Персік пасяліўся ў Святланы і стаў адным з галоўных улюбёнцаў. Тут у яго свой куточак. Вядома, конік пасяліўся ў жанчыны не часова, а назаўжды. Яна вучыць яго камандам, запісвае з ім відэа для старонкі, прысвечанай ператрымцы, і прызнаецца, што ён тут дадаткова прываблівае людзей на дапамогу. Мы, у прынцыпе, на гэтую прынаду і клюнулі – ідзем чухаць прыгожае рудое жарабя, якое з цікаўнасцю цягнецца да нас пазнаёміцца.
А пакуль рыхтаваўся гэты тэкст, у Святланы пасялілася яшчэ адно жарабя. Яно належыць іншай жанчыне, якая цяпер прыязджае сюды даглядаць абодвух коней. Гаспадарка пашыраецца!
15 гадоў валанцёрства, каб прыстроіць сотні жывёл
Пакуль Персей хрумсціць морквай і атрымлівае сваю порцыю ўвагі, даведваемся гісторыю яго сённяшняй гаспадыні. У 2011 годзе Святлана па аб’яве ўзяла ў валанцёраў свайго першага сабаку. На той момант яму было 3 гады, у жанчыны ён пражыў яшчэ 14. Летась яго не стала. З яго ўсё і пачалося.
«Я знаходзіла кацяня, тэлефанавала валанцёрам, каб забралі сабе. А ім было няма куды, казалі забіраць сабе», – успамінае жанчына.
Спачатку яна не ведала, што рабіць з коцікам, а потым разабралася і налаўчылася – яшчэ сабачку сабе ўзяла, потым другога, трэцяга, чацвёртага і пайшло-паехала. Жывёл яна трымала ў звычайнай гарадской кватэры. Але суседзям гэта не вельмі падабалася праз шум, казалі ехаць у вёску. Так Святлана купіла дом.
Цяпер на вялізнай агароджанай тэрыторыі жанчына трымае на ператрымцы шмат дварнякоў. Усіх яшчэ маленькімі Святлана забрала з адлову. Толькі аднаго падкінулі ўжо тут у вёсцы. І хоць ператрымка часовая, многія з іх затрымліваюцца тут на гады – хтосьці 4 гады шукае дом, хтосьці 3, хтосьці 2. Гадаванцы сустракаюць нас гучным брэхам, некаторыя скачуць на агароджу, жадаючы пазнаёміцца бліжэй, некаторыя пільна назіраюць на аддаленні, частка ўвогуле схавалася ў вальерах. Асобна жывуць яшчэ шэсць шчанюкоў.

Святлана прызнаецца, дарослых сабак прыстроіць цяжка – большасць людзей, гатовых узяць у дом гадаванца, хочуць маленькага шчанюка. Рэдка хто гатовы займацца выхаваннем сабакі, тэлефануюць праз нейкі час і скардзяцца, што «ў нас вырас бесталковы сабака – забярыце калі ласка».
«А калі прапаноўваеш дарослага стэрылізаванага сабаку з прышчэпкай – не хочуць, хочацца няньчыцца з маленькімі, і калі яны вырастаюць – становяцца непатрэбнымі. Дарослага сабаку ўладкаваць у новую сям’ю амаль нерэальна – колькасць бяздомных сабак нашмат вышэй за колькасць жадаючых іх узяць», – дзеліцца Святлана.
Вядома, адной даглядаць такую колькасць хатніх гадаванцаў нялёгка. На тэрыторыі дома ёсць яшчэ каціны домік.
У шыкоўных умовах з рознымі домікамі і лазалкамі жывуць каля 20 коцікаў. Асобна ў вальерах сядзяць двое – аднаго ізалявалі праз хваробу. Другі аднавокі прыгажун рыхтуецца з’язджаць да новых гаспадароў у Германію. За мяжу, да слова, забіраюць жывёл даволі часта. Пры гэтым Святлана вельмі адказна і строга ставіцца да гэтага працэсу – заключае дамову, пільна правярае ўмовы, дзе будзе ў будучыні жыць гадаванец.

Мы запыталіся ў Святланы, колькі ўсяго яна паспела прыстроіць жывёл за гэты час.
«За ўвесь час прыстроена некалькі сотняў жывёлаў. Дакладна сказаць не магу, бо ўсё пачалося ў 2011 годзе», – прызнаецца гамяльчанка.
Чым можна дапамагчы – прыехаць пагуляць з сабакамі
Час ад часу да яе прыязджаюць дапамагаць валанцёры. Але дапамогі рукамі ўсё адно не хапае. Трэба рэгулярна прыбірацца на тэрыторыі, але асноўнае – проста выгуляць сабак для іх сацыялізацыі. Заўсёды актуальная і фінансавая падтрымка. Раз на месяц Святлане прывозяць 500 кілаграмаў корма. Гэта мінімум на месяц толькі на сабак – 1600 рублёў. А яшчэ ёсць каты і сабакі, якім патрэбна асаблівы ці лячэбны корм. Ёсць расходы і на лекі.
Мы запыталіся, ці могуць нам проста цяпер выдаць сабачку на прагулку. Побач з вёскай, як ужо разрэкламавала нам Юля ў машыне, месцяцца прыгожы лес і рака. Па словах Святланы, абсалютна любому ахвочаму могуць даць на выбар на прагулку любога з 15 сабак. Некаторых можа выгуліваць толькі спецыяльны чалавек.

«Эй, не біцца!» – робіць сабачкам заўвагу Святлана. Запытваемся, ці бываюць інцыдэнты або сабакі жывуць дружна. Жанчына шчыра кажа, што агулам праблем няма, бо яны ўсе выраслі разам, але часам спрачаюцца. Гадаванцы ўсе стэрылізаваныя і прышчэпленыя. Самому старому сабаку Альфе – 8 гадоў. Астатнім 4 і 3-2 гады. Ёсць і гадавалыя. Усе шукаюць новую сям’ю.
Выбіраем двух сабак на свой густ – кудлатую Ніку і Шамана з адным блакітным вокам і адпраўляемся шпацыраваць. Сёння сонечны вясновы дзень. Выбраныя сабакі не знаходзяць сабе месца ад радасці, цягнуць павадок, ірвуцца даследваць новую прастору. Святлана адразу папярэджвае – трэба сачыць пільна за Нікай, калі праходзім ля машыны. Яна любіць на іх заскокваць.

На лясных сцежках амаль бязлюдна. Побач у лесе знаходзяцца некалькі напаўзакінутых санаторыяў, ёсць пракат квадрацыклаў. Ля ракі нейкая пара ладзіць пікнік. На беразе мы знайшлі дзіўную скульптуру, якая забаўна напужала нашых падапечных. А яшчэ ў лесе сустрэлі вавёрку. Шпацыр доўжыўся прыкладна паўтары гадзіны – чым не ЗОЖ-практыка на свежым паветры ў добрай кампаніі. Вярнулі гадаванцаў на месца стомленымі і задаволенымі. Да іх тут жа падбеглі астатнія сабакі ўважліва абнюхваць, яўна зайздрошчучы, што сёння выйсці ў свет пашанцавала не ім.

На гэтым мы пакідаем гэтае душэўнае месца, дзе пашанцавала знайсці паратунак многім хвосцікам. Хочацца адзначыць, што такая справа на сённяшні дзень – сапраўднае геройства. Бо колькасць бяздомных жывёл зусім не памяншаецца, а добрых рук на ўсіх не хапае. Спадзяемся, што калі-небудзь сітуацыя зменіцца да лепшага. А пакуль заклікаем вас таксама за плюсік у карму зрабіць штосьці добрае ў падтрымку вось такіх неабыякавых гамяльчан. Спасылку на старонку Святланы для сувязі пакідаем тут.



