Skip to main content
09.07.2024

Аса-забойца тарантулаў і матылёк, які мог жыць яшчэ ў эпоху мамантаў. Дзевяць унікальных насякомых, якіх можна сустрэць толькі на Гомельшчыне

Тое, што на паўднёвым усходзе Беларусі нейкая асаблівая прырода, адчувае нават сярэднестатычны беларус, які нешта чытаў пра насякомых апошні раз у школе на занятках па біялогіі. Адзін таямнічы Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік ужо пакідае ўражанне таго, што там прыродны свет жыве сваім асобным жыццём. Але адразу паспяшаемся вас супакоіць: на насякомых, якія там сустракаюцца, радыяцыйнае забруджванне калі і паўплывала, то не відавочна. «Моцныя Навіны» пагутарылі з кандыдатам біялагічных навук і вядучым навуковым супрацоўнікам навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах Анатолем Кулаком і глыбока акунуліся ў свет беспазваночных жывёл Гомельшчыны. Віды, якіх мы паспелі абмеркаваць, сапраўды ўражваюць!

Свой найцікавейшы аповед Анатоль пачаў з апісання самога рэгіёну. Паўднёвы ўсход Беларусі сапраўды адметны і вылучаецца сярод іншых частак краіны тым, што мае самы кантынентальны клімат. Гэта значыць, што тут больш гарачае лета, больш халодная зіма і ўлетку адчуваецца недахоп ападкаў. Акрамя таго, значную частку рэгіёну займаюць забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі. Навукоўцы, якія вывучаюць усялякіх казурак, па сутнасці, гэтую тэрыторыю краіны толькі пачынаюць даследваць, а інфармацыя, якая ёсць цяпер, мінімальная і фрагментарная. Таму ў будучыні, цалкам верагодна, навукоўцы яшчэ змогуць зрабіць тут шмат цікавых адкрыццяў.

Анопліюс сармацкі

Першае насякомае, якое згадаў спадар Анатоль, мае імя, пачуўшы якое, узгадваецца партрэт заможнага шляхціча з рода Сапегаў – ён таксама сармацкі і нават колеравая афарбоўка адзін у адзін. А Анопліюс, у сваю чаргу, мае такія ж ваяўнічыя звычкі, што і беларуская шляхта.

Простымі словамі Anoplius samariensis – гэта вялікая аса. Так, тут мы пацвярджаем распаўсюджаную асацыяцую пра павялічаныя памеры прадстаўнікоў жывёльнага свету чарнобыльскай зоны. Але насамрэч, радыяцыя на памеры тут не паўплывала – заўсёды была такая вялікая.

Анопліюс лічыцца рэдкім відам. Гэта дарожная аса, якая харчуецца нектарам кветак, а вось для дзетак-лічынак займаецца спецыяльнай нарыхтоўкай – забівае паўднёварускіх тарантулаў і цягае іх у зараней падрыхтаваныя норкі. Дарослыя самкі ў даўжыню могуць дасягаць да 2,5 сантыметра.

А адкуль яны бяруць тарантулаў? Гэтыя небяспечныя для чалавека вялікія павукі перыядычна назіраліся ў Беларусі, але ў апошні час сталі актыўна рассяляцца менавіта по Гомельшчыне. Так што харчовае пытанне для вос тут вырашанае.

Зярынція звычайная

Гэтага матылька-парусніка навуковец называе сімвалам Гомельскай вобласці. Паруснікі – надзвычайна прыгожыя матылькі і пераважна насяляюць тропікі. У Беларусі сустракаюцца іх чатыры віды, з якіх адзін залётны. Зарынцію можна сустрэць выключна ў Гомельскай вобласці, вусені харчуюцца толькі адной раслінай – кірказонам ламаносавідным. А ён расце ў асноўным на паўднёвым усходзе. Бліжэйшы яе сваяк – махаон, які больш вядомы беларусам. Сама Зярынція занесеная ў Чырвоную кнігу.

Мядзведзіца Геба

Энтамолагі, калі рыхтавалі мінулае выданне Чырвонай кнігі 10 гадоў таму, спачатку нават палічылі гэты від вымерлым для тэрыторыі Беларусі, бо рэдкага начнога матылька на той момант ужо не бачылі, мабыць, 30-40 гадоў. Але незадоўга да выдання яго сустрэлі ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, што безумоўна стала файнай навіной.

Справа ў тым, што раней насякомае сустракалася і ў іншых кутках Беларусі, але цяпер пабачыць яго можна толькі ў Гомельскай вобласці. Амаль што падобная сітуацыя і з наступным матыльком.

Мядзведзіца вясковая

Раней яна была шырока распаўсюджана, у тым ліку нават у вясковых садах. Цяпер жа сустрэць гэты від – вялікая ўдача. Апошнія гады Мядзведзіцу вясковую можна знайсці толькі на паўднёвым усходзе Беларусі, толькі ў Палескім запаведніку. І навуковец мяркуе, што гэта невыпадкова.

«Чаму многія віды захаваліся там, і няма іх у іншых мясцовасцях краіны? Даследванні паказалі, што радыяцыйнае забруджанне нашай тэрыторыі, відавочна, не сказваецца на насякомых. Але 38 гадоў таму на забруджанай тэрыторыі спынілася ўсякая сельская гаспадарка, якая да аварыі тут была вельмі развіта, асабліва ў Нараўлянскім, Брагінскім, Хойніцкім раёнах. Камунізм тут развіваўся шалёнымі тэмпамі, дабрабыт быў у кожнай сям’і. Гэта было магчыма стварыць ва ўмовах вядзення інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі, дзе любы кавалачак прыроды ператваралі ў палі, якія паліваліся інсектыцыдамі.

І атрымалася так, што 38 гадоў адсутнасці інсектыцыдаў займелі станоўчы эфект для захавання насякомых», – кажа Анатоль.

Стракатка Сапфо

Матылёк названы ў гонар старажытнагрэчаскай паэтэсы і музыкі. Насякомае не бачылі ў Беларусі больш за 100 гадоў, але ў 2017-2018-м заўважылі некалькі асобін ў Днепра-Сожскім заказніку, а пасля знайшлі даволі вялікую папуляцыю і ў Палескім запаведніку. Гэта чорна-белы матылёк, які, верагодна, вельмі ўразлівы да парушэнняў у сваіх месцапражываннях пасля высечак лесу, празмернага вытоптвання падлеску і травянога покрыва.

Дзярнінная моль

Гэты матылёк да звычайных моляў, што псуюць футра ў шафе ці крупы на кухні, не мае дачынення. Дзярнінная моль сустракаецца далёка на поўдні ад Беларусі, бліжэйшае месца яго рассялення знаходзіцца ў 500 кіламетрах ад нашай краіны – на крайнім усходзе Харкаўскай вобласці, у стэпах. Прычым гэта адзіная кропка ва Украіне: настолькі від лакальны.

«Менш за месяц таму я знайшоў яго на тэрыторыі трох адселеных пунктаў у Хойніцкім раёне. Гэта даволі значная падзея ў свеце беларускай энтамалогіі, будзе рыхтавацца навуковая публікацыя», – кажа суразмоўца і задаецца пытаннем, гэты паўднёвы від з’явіўся ў выніку пацяплення клімата, ці заўсёды тут быў і захаваўся, пакуль на шмат якіх іншых тэрыторыях вымер.

Ёсць падставы меркаваць, што гэтая дзярнінная моль існавала тут яшчэ ў той час, калі паўночная частка тэрыторыі Беларусі была пакрытая Паазерскім ледавіком. То бок яна «памятае» яшчэ час мамантаў. Гэта цяжка пацвердзіць, але адначасова цяжка і абвергнуць таксама.

Жук-алень

Мы не маглі не запытацца пра такога вядомага прадстаўніка Палесся, як жук-алень. Сапраўды, аказалася, што часцей за ўсё яго можна сустрэць менавіта там, бо жыве ён у старых дубровах, якія ў сваёй большасці захаваліся таксама на Палессі.

«Я не памятаю сустрэч з жуком-аленем паўночней за Палессе. Сучасных знаходак няма. А вось у Лельчыцкім, Столінскім, Мазырскім раёнах гэта, дзякуй богу, пакуль што месцамі не такі ўжо і рэдкі від. У той жа час у Прыпяцкім нацыянальным парку з яго славутымі дубровамі жук-алень стаў сустракацца значна радзей, чым у XX стагоддзі», – пагаджаецца Анатоль.

Гэты незвычайны жук з вялікімі рагамі можа дасягаць да 8 сантыметраў у даўжыню.

Вялікі дубовы вусач

Яшчэ адзін вельмі знакавы від, які насяляе толькі Гомельскую вобласць – гэта вялікі дубовы вусач. Ён ахоўваецца на міжнародным узроўні і нават каштоўнейшы за жука-аленя. Ёсць некалькі мясцін на Гомельшчыне, дзе ён жыве. Напрыклад, Прыпяцкі нацыянальны парк – раздолле для гэтага насякомага. А ў многіх кутках Еўропы ён ужо вымер.

Можна сказаць, што гэта сімвал Гомельскай вобласці сярод жукоў.

Бярозкавы бражнік

На поўдні рэгіёну гэты матылёк дасягае самай вялікай колькасці ў Беларусі. Яго часам блытаюць з птушкай калібры. У матылька размах крылаў можа дасягаць 10 сантыметраў. Да слова, некаторыя беларускія бражнікі з’яўляюцца самымі вялікімі матылькамі ў Еўропе. У яго масіўнае брушка і вельмі доўгі хабаток. Падчас харчавання ён завісае над кветкамі і вельмі хутка трымціць крыламі, імгненна змяняючы траекторыю, што вельмі падобна да птушак калібры.

Гэты матылёк не можа ў нас зімаваць. Ён прылятае ў Беларусь улетку, можа мігрыраваць на сотні кіламетраў і нават завітаць да нас з Сярэдняземнага мора. На Гомельшчыне ў канцы лета і ў пачатку восені на клумбах з петуніямі, флоксамі ды духмяным тытунём такіх насякомых можна ўбачыць даволі шмат.

Насамрэч, вакол нас шмат усяго невядомага і вельмі цікавага. Мы часам аб гэтым і не задумваемся, часам на розныя даследаванні і пошукі не хапае сіл. Вось вы, напрыклад, ведалі, што жывёльны свет Гомельшчыны такі цікавы і разнастайны?


Читайте также:

Новое на сайте: