Skip to main content
18.07.2024

Добра, што ёсць лазня, а вада з калодзежаў. Што адбываецца ў вёсках Гомельшчыны пасля буры?

Пасля разбуральнай навальніцы 14 ліпеня ў СМІ шмат інфармацыі пра тое, як спраўляюцца з наступствамі бурнай стыхіі ў гарадах, асабліва ў Мазыры. Але пра пацярпелыя маленькія населеныя пункты амаль нічога не чуваць. «Моцным Навінам» удалося атрымаць крыху гісторый і даведацца, як цяпер спраўляюцца ў вёсках і аграгарадках.

Алена, вёска Касакоўка, Жлобінскі раён

Вёска да ночы з серады на чацвер жыла без электраэнергіі і сувязі. Але, па словах Алены, адсутнасць электраэнергіі – гэта малыя страты.

«Недахоп, вядома, адчувальны, калі казаць пра халадзільнік, маразільнік, адсутнасць вады, сувязі, нейкіх хатніх спраў. Добра хаця б цямнее позна. Святло нідзе не бяром – так спраўляемся. Мінус толькі, што без сувязі. Ваду – з калодзежаў, дзе яны ёсць. Імкнемся не падаць духам», – тлумачыць жанчына.

Магчымасці зарадзіць тэлефоны не было ніякай, але выручылі сваякі – прыязджалі на аўто, ад іх і зарадзіліся.

Таксама Алена падзякавала старшыні Папаратнянская сельсавета за дапамогу адзінокім пенсіянерам. Ён сам асабіста прыязджаў і прывозіў сухпаёк, ваду, цікавіўся, ці трэба што яшчэ.

Дзяўчына з вёскі Рандоўка, Гомельскі раён

Суразмоўца кажа, дадому было страшна дабірацца, бо навальніца застала яе ў дарозе.

«За 10 хвілін нагнала хмары і падняўся вецер, які з лёгкасцю знасіў мяне. Я вельмі далікатная, важу мала, хутка пацярпела б. Прасіла спадарожнікаў падвезці – ў маладой пары, якая ехала на машыне і падкінула да павароту. Заставалася ісці хвіліны тры пешшу, але дрэвы і палкі валіліся перад тварам, а разам з імі і правады. Нібы прайшоўся апакаліпсіс па ўсёй вобласці», – дзеліцца дзяўчына.

А вось у яе дапаможнікаў хутка дабрацца дадому не выйшла: дрэвы завалілі ўсю дарогу, а іншай не было. На дапамогу прыйшлі людзі, што жылі побач і з дапамогай бензапілы хутка прыбралі некаторыя дрэвы, каб людзі змаглі даехаць.

Вёска засталася без святла і інтэрнэту. Вады ў воданапорнай вежы хапіла на ўсіх амаль на суткі, але побач быў калодзеж.

«Ваду грэлі ў лазні, так і мыліся. Без інтэрнэту і святла тэлефонамі асабліва не карысталіся. Нехта гуляў і аглядаў наступствы ўрагану, нехта спаў, нехта маляваў, вязаў, вышываў – знайшлі, чым займацца. Ажывіліся ўсе, абмяркоўваючы тое, што адбылося», – распавяла гераіня.

Па стане на чацвер, на жылых вуліцах вёскі ўжо ёсць святло, вада і сувязь, а на дачных участках аднавілася толькі сувязь.

Наталля, вёска Калініна, Гомельскі раён

У жанчыны бацькі жывуць у вёсцы Калініна, што ў 10 кіламетрах ад Гомеля. Тут святло вярнулі амаль адразу, але частка вуліцы да вечара аўторка заставалася абясточанай.

«Мяркую, калі б я не патэлефанавала ў аварыйную службу, так бы і не падключылі. У суседзяў было святло, але суседзі дачнікі, яны не заўсёды тут. Мы з мужам прывезлі бацькам генератар, каб запусціць халадзільнік, маразільнік і станцыю для вады. Мяне уразіла вельмі, што суседка пенсіянерка ажно плакала! Маразільнік і халадзільнік пацёк, а там мяса, ягады… І няма куды звярнуцца і не дапаможа ніхто, бо ўсюды адказ – “ожидайте”».

Таццяна, вёска Лубнае, Калінкавіцкі раён

Таццяна падзялілася гісторыяй, як у вёсцы Лубнае без святла спраўляецца яе дзядуля, якому 90 гадоў.

«Дзядуля жыве адзін, у вёсцы чатыры жылыя дамы, аўтакрама ездзіць адзін раз у тыдзень і натуральна закупаецца ён на тыдзень прадуктамі, што хутка псуюцца, а ўжо мяса прывозяць дзеці ў марозку. Дык вось да дзядулі суткі мы не маглі датэлефанавацца, сувязі не было. Сёння паехаў сын да яго. А дзядуля малайчына: усё мяса, каб не сапсавалася, засаліў у слоікі, балазе соль была, а з кіслага малачка зрабіў тваражок і з’еў. Малайчына дзядуля, не разгубіўся», – расказвае жанчына.

На момант нашай размовы раніцай у сераду, святла ў вёсцы і сувязі з дзядулем усё яшчэ не было.

Святлана, аграгарадок Улукаўе, Гомельскі раён

У сям’і Святланы трое дарослых і двое дзяцей. Святла не было крыху больш за суткі з нядзелі на панядзелак.

«У нас святло звязана з вадой, працуе помпавая станцыя. Добра, што ёсць лазня, а ў ёй – поўная бочка вады. Там бралі ваду для гатавання і для мыцця, грэлі ў чайніку. Дарослыя мыліся ў лазні. Дзяцей туды адправіць не рызыкнулі, бо халаднавата. Ездзілі ў сталовую пару разоў, каб не мыць посуд і не замарочвацца наконт гатавання. Маразільнік больш за суткі трымаў холад, а у халадзільніку за гэты ж час перапяліныя яйкі пакрыліся цвіллю», – дзеліцца суразмоўца.

Праблему адсутнасці электрычнасці вырашылі паўэрбанкі, іх у доме некалькі. Дзеці сталі больш займацца творчасцю днём і раней класціся спаць увечары.

Святлану напружвала велізарная колькасць назапашанай бруднай бялізны. У агародзе зламаліся дзве яблыні, а ў доме выйшаў са строю лічыльнік, што фіксуе паказанні святла.

Спадзяемся, што цярпець нязручнасці населеным пунктам, якія ўсё яшчэ пакутуюць праз адсутнасць святла і сувязі, засталося зусім нядоўга. Галоўнае, клапаціцца адзін пра аднаго і дапамагаць у цяжкія часы, бо ніхто з нас не застрахаваны ад катаклізмаў.


Читайте также:

Новое на сайте: