Як адсвяткаваць Міжнародны дзень сына? Прапануем актыўна і цікава правесці час разам – накідалі для вас класныя ідэі
Хіба не файна, што ў календары часам сустракаюцца такія святы, як Дзень сына? Вось і нагода выбрацца з дзіцём туды, дзе пакуль яшчэ не былі, і класна правесці час разам, пагутарыць пра ўсё на свеце і проста назапасіць мілыя сямейныя ўспаміны. Карацей, у Міжнародны дзень сына – 22 лістапада – «Моцныя Навіны» прапануюць вам не траціцца на нейкія матэрыяльныя падарункі, а паспрабаваць падарыць адзін аднаму новыя эмоцыі і ўражанні. Мы сабралі для вас спіс месцаў у Гомелі, дзе будзе прыемна прабавіць час са сваім хлопчыкам.
Актыўнасці і спорт
Для самых актыўных, безумоўна, будзе здорава выпусціць усю сваю энергію на спартыўных пляцоўках. Дбайна пагугліўшы прапановы самых розных спартыўных секцый і гурткоў, мы выбралі самыя, на наш погляд, небанальныя. І самае галоўнае – гэта не гурткі, куды вы проста адправіце сына і пойдзеце па сваіх справах, не! Прапануем вам разам пайсці на заняткі – ўдваіх ці ўсёй сям’ёй.
Напрыклад, можна разам наведаць сумесныя заняткі па дзюдо. Такая праграма існуе ў клубе дзюдо «Прайд». У апісанні занятак запэўніваюць, што прыйсці на сямейнае дзюдо можна нават тым, хто ніколі не займаўся падобным спортам. Такім чынам, бацькі змогуць даць добры прыклад сваім дзецям і ўзмацніць сувязь паміж сабой, лепей зразумець адзін аднаго і стаць сапраўднай камандай.
Трапіць на заняткі можна з дзеткамі ад 3 гадоў. Для запісу трэба будзе ўзяць даведку аб здароўі. Адно наведванне каштуе 30 рублёў, ёсць зніжкі для тых, у каго больш за адно дзіця. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця заняткі бясплатныя.
А што, калі дадаць крыху больш экстрыму? Можна, напрыклад, пайсці на заняткі па кіданні нажоў. Такая ідэя даступная для дзяцей ад 8 гадоў. 45 хвілін на засвойванне новых навыкаў каштуе 5 рублёў для дзяцей да 15 гадоў і 7 рублёў – для дарослых. Для наведвання трэба папярэдні запіс праз інстаграм @balans_gomel.
Яшчэ адно месца, дзе можна павучыцца баявому майстэрству – Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорта, дзе ёсць заняткі па стральбе з лука. Заняткі каштуюць 8 рублёў. Тут жа можна пакатацца на конях па падобных вельмі прыемных коштах. Самых маленькіх можна пакатаць на поні.
Патрэніраваць сваю лоўкасць і спрытнасць можна разам на скаладромах ці ў так званым Ніндзя-парку. Скаладром у Гомелі ёсць у цэнтры турызма і краязнаўства дзяцей і моладзі, а таксама ў такіх дзіцячых цэнтрах, як «Чисто детский центр» і Flashpark.
Ніндзя-парк – гэта вяровачны гарадок з рознымі відамі перашкод, дзе можна паспаборнічаць усёй сям’ёй разам. Сямейны квіток (мама, тата і дзіцё) у Flashpark каштуе ад 37 да 42 рублёў за гадзіну. У «Чисто детский центр» для дарослых уваход бясплатны, для дзяцей кошты складаюць ад 11,99 да 17,99 рубля ў залежнасці ад часу наведвання, а за паўгадзіны ў Ніндзя-парку трэба даплаціць 2 рублі. У цэнтры турызма і краязнаўства заняткі на скаладроме ў 1,5 гадзіны з трэнерам каштуюць 5 рублёў.
А вы чулі пра гідрабол і хованкі ў цемры?
Яшчэ адна незвычайная забаўка для таты з сынам або для ўсёй сям’і разам, але па немаленькіх коштах – гідрабол. У апісанні гульні сказана, што гэта як страйкбол, але гульцы страляюць гідрагелевымі шарыкамі, якія гарантуе весялосць без сінякоў. У гульню могуць гуляць нават пяцігадовыя дзеці. Кошт для каманды ад 2 да 4 чалавек – 140 рублёў.
А не так даўно ў Гомелі з’явіліся хованкі ў цемры. Арганізатары актыўнасці абяцаюць, што такія гульні могуць развіць каардынацыю і дапамогуць пазбавіцца ад стрэсу. Кошт для кампаніі ад 2 да 4 чалавек складае 100 рублёў.
Калі сыну падабаюцца жывёлы, можна завітаць у кантактны заапарк, які месціцца ва ўнівермагу «Гомель», або ў папугайню. Кантакт з жывёлкамі абыдзецца ў 10-12 рублёў, а птушкі за гадзіну наведвання каштуюць 19-24 рублі ў залежнасці ад ўзросту. І там, і там дзецям да 3 гадоў уваход бясплатны. На рыбак можна палюбавацца ў Зімнем садзе палаца Румянцавых і Паскевічаў. Там жа ўсталявалі цікавую лавачку-пазл, на якой можна збіраць тры розныя малюнкі. Уваход у Зімні сад каштуе 4 рублі.
Утульны варыянт без вялікай актыўнасці
А вось яшчэ адна класная ідэя – паспрабаваць прыгатаваць разам якую-небудзь страву. Вядома, гэтым можна заняцца і дома, але на адмысловых майстар-класах можна навучыцца чаму-небудзь новаму, а пасля – смачна разам паабедаць і не замарочвацца з адмываннем уласнай кухні. Такое магчыма зладзіць у Гомелі як мінімум у двух месцах – у кафэ GARAGE ёсць дзіцячыя майстар-класы па прыгатаванні піцы. Сама паслуга бясплатная, аплочваюцца толькі інгрэдыенты. Яшчэ адзін варыянт – заняткі ў кулінарнай студыі «Меню». Туды можна трапіць, запісаўшыся на адзін з майстар-класаў у раскладзе. Шукайце з пазнакай «дзіцячы». У лістападзе, напрыклад, будуць гатаваць з дзеткамі разнакаляровую аднарогавую пасту з мітболамі і сырам. Кошт удзелу – 50 рублёў.
Насамрэч, спіс атрымаўся, на нашую думку, гендэрна нейтральны, і дакладна падыдзе і тым, хто гадуе дачку. Спадзяемся, што вы знойдзеце для себя цікавую ідэю і заплануеце класны сямейны дзень разам.