Лета ўжо скончылася, але пакуль яшчэ цёпла і не пачалася восеньская дажджлівая шэрань, прапануем вам выправіцца ў вандроўку на выходныя.
«Моцныя Навіны» багата пісалі пра цікавосткі ў Гомельскай вобласці. Таму мы вырашылі даследваць, што цікавага ёсць за яе межамі, але не дужа далёка. Мы сабралі ажно дванаццаць мясцінаў, якія дакладна вас заахвоцяць на падарожжа. Дабірацца да самага далёкага не больш за 3,5 гадзіны.
Для аматараў смачна паесці
Пад сырнай сталіцай Беларусі Слаўгарадам (135 кіламетраў ад Гомеля, 2 гадзіны ў дарозе) знаходзіцца аграсядзіба «Міхайлова», куды можна завітаць на майстар-клас па сыраварэнню, дэгустацыю і пры жаданні застацца на начоўку.
Калі вы не аматар сыроў, ёсць яшчэ адзін варыянт – Кіраўск (158 кіламетраў ад Гомеля, 2 надзіны у дарозе). Сюды прыязджаюць за самымі смачнымі смажанкамі ў Беларусі. Паласавацца мясцовай цікавосткай можна ў кавярні «Смаженка» на вуліцы Гагарына, 45.
Для аматараў занядбанак
Калі вас вабіць таямнічая і рамантычная атмасфера напаўразбураных будынкаў, даём наводку на некалькі самых жывапісных, на нашую думку.
• Быхаў (140 кіламетраў ад Гомеля, 2 гадзіны ў дарозе)
Тут цэлых два аб’екты, вартыя ўвагі: руіны Быхаўскага замка і занядбаная сінагога.
Замак пабудаваў гетман Вялікага княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, якога баяліся шведы і асманы. Ён здолеў вытрымаць некалькі аблогаў, якія цягнуліся больш за год. У часы Расейскай імперыі тут мясцілася турма. За савецкім часам – мэблевы цэх.
Сінагога XVII стагоддзя ў стылі барока – адзіная з адзінаццаці сінагог Быхава, што захавалася да нашага часу.
• Завалочыцы (204 кіламетра ад Гомеля, 2 гадзіны 35 хвілін у дарозе)
Тут месціцца занядабаная, але цалкам захаваная «віктарыянская» сядзіба з гаспадарчымі будынкамі, броварам і ваданапорнай вежай. Добры варыянт для тэматычнай фотасэсіі.
• Княжыцы (195 кіламетраў ад Гомеля, 2 гадзіны 40 хвілін у дарозе)
Дамініканскі касцёл святога Мікалая XVIII стагоддзя ўражвае сваімі памерамі. Сімвалізуе няпросты лёс культавай архітэктуры Беларусі.
• Расна (229 кіламетраў ад Гомеля, 3 гадзіны 10 хвілін у дарозе)
Іезуіцкі касцёл святога Казіміра перанясе вас у Рым ці ў Афіны. Унікальны прыклад храма у стылі класіцызм. Варта ўбачыць, пакуль яшчэ стаяць шаснаццаць калонаў унутры.
• Колтава (230 кіламетраў ад Гомеля, 3 гадзіны 15 хвілін у дарозе)
Руіны царквы XVIII стагоддзя з аздабленнем у візантыйскім стылі – па-за спісам папулярных занядбанак, яе нават няма ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але выглядае яна вельмі інстаграмна.
Для аматараў палацаў
Пункт № 1 для наведвання і, дарэчы, самы блізкі ад Гомеля ў нашым спісе, – палац Булгакаў у Жылічах (145 кіламетраў ад Гомеля, 1 гадзіна 45 хвілін у дарозе).
Цяпер тут ідзе рэстаўрацыя, але гэта ўжо самы інстаграмны палац у рэгіёне, які чымсьці нагадвае Францыю. Тут захаваліся багата аздобленыя арыгінальныя столі. У савецкі час тут панавала камуністычная сімволіка ў інтэр’ерах, цяпер палацу вяртаюць першасны выгляд.
Далейшы варыянт – палац Пацёмкіных і Галынскіх у Крычаве (196 кіламетраў ад Гомеля, 2 гадзіны 45 хвілін у дарозе). Палац выглядае прывабна за кошт цікавай камбінацыі класікі і неаготыкі ў архітэктуры. Памятае балі з удзелам Кацярыны ІІ.
Для аматараў шпацыраў па горадзе
Бабруйск (164 кіламетраў ад Гомеля, 1 гадзіна 55 хвілін у дарозе) – ідэальны варыянт для шпацыраў пешшу. Кароткі спіс таго, што варта паглядзець:
• Бабруйская крэпасць (зазірніце на пляцоўку для кіназдымкаў, там можна пагуляць сярод некаторых дэкарацыяў);
• касцёл-франкенштейн з фасадам тыповай хрушчоўкі;
• царква, дзе за савецкім часам месціўся басейн;
• дом-шпакоўня, які мае копію ў Японіі;
• гарадская забудова з яўрэйскім флёрам;
• двор-калодзеж;
• за смаколікамі – у фірмовую краму «Чырвоны харчавік».
Магілёў (175 кіламетраў ад Гомеля, 2 гадзіны 30 хвілін у дарозе) – напэўна, самы відавочны варыянт, але тым не менш варты ўвагі. Тут у спісе спраў:
• убачыць праваслаўнае барока у выглядзе Нікольскага манастыра
• палюбавацца Дняпром з агляднай пляцоўкі ў ратушы
• зазірнуць у касцёл святога Станіслава, галоўны каталіцкі храм Расейскай імперыі
• сфоткацца з усімі львамі Магілёва і зрабіць сэлфі насупраць будынка-блізнятка Дома Ўрада (у Мінску так зрабіць нельга)
• пачаставацца фірмовым марозівам «Творожко-морожко»
Для аматараў прымасловага турызму
Апошні пункт адрозніваецца ад усіх, бо яго дабірацца ажно 260 кіламетраў і 3,5 гадзіны, але вы не пашкадуеце. Гаворка пра гранітны кар’ер у Мікашэвічах. Сюды можна трапіць на экскурсію і нават пракаціцца на 45-тонным БелАЗе. Пейзажы, вадаспады і маштабы прадпрыемства гарантавана пакінуць незабыўныя ўражанні.