Жаданне вылучацца і дадаць яркасці ў свой знешні выгляд пачало з’яўляцца ў беларусаў яшчэ за савецкім часам, калі моладзь, насуперак забаронам, прагна цікавілася замежнай музыкай, культурай і модай. Тады за яркі макіяж і незвычайную фрызуру маглі з камсамола выгнаць ці яшчэ чаго горш.
У 80-я, 90-я і 00-я нейкі час квітнела эпоха субкультур. Эма, панкі, готы, анімэшнікі згуртоўваліся разам, каб пачувацца больш бяспечна і ўпэнена. Хаця навакольная грамадская супольнасць усё адно працягвала ставіцца да такіх «белых варон» з падазронасцю і, мякка кажучы, не ўхваляла імкненне вылучацца і самавыяўляцца.
А як цяпер?
«Моцныя Навіны» запыталіся ў трох адметных дзяўчын з розных куткоў Беларусі, як ім жывецца і як на іх знешнасць звычайна рэагуе грамадства. Вы здзівіцеся, як змянілася стаўленне людзей за гэты час.
«Я вітаюся часцей за іншых»
Першая гісторыя ад інструктаркі па ёзе з Брэста. Дзяўчына цяпер носіць сіне-фіялетавыя валасы.
«Я займаюся ёгай 15 гадоў. Да гэтага былі розныя працы, але тады я выглядала звычайна, бо моцна яркіх фарбаў было не знайсці. Эксперыменты з валасамі пачаліся яшчэ ў школе, пасля няўдалай стрыжкі. У мяне была даўжыня да лапатак, але раптам мяне падстрыглі «пад хлопчыка». Былі спробы афарбоўвання ў чырвоны, сіні, ярка-руды. Потым быў этап брунэткі, бландынкі.
А затым ранняя сівізна і бясстрашнасць майго цырульніка зрабілі сваю справу. Сядаючы ў крэсла я не ведаю вынік і ніколі не кажу, што і як бы мне хацелася».
Нейкіх складанасцяў у жыцці праз незвычайны колер валосся гераіня не заўважае, бо працуе на сябе. У адміністрацыйных месцах бывае рэдка, у асноўным усе справы вырашае анлайн.
«Часта атрымліваю кампліменты, часцей за ўсё, вядома, ад маргінальнай часткі насельніцтва, але бываюць і цвярозыя смельчакі. Ну і пазнавальнасць – у краме, кіно, проста на вуліцы мяне пазнаюць па колеры валасоў. Таму я вітаюся часцей за іншых».
«Мама, а цёця фея?»
Другая гісторыя ад маладой дзяўчыны з Гомеля, якая працуе ў студыі паліграфіі. Мае пірсінг на твары, татуіроўкі і часта змяняе колер валасоў і стрыжкі.
«Здаецца, я асабліва не сутыкалася з нейкай негатыўнай рэакцыяй на свой знешні выгляд. Ну мо ў інтэрнэце пару разоў мне маглі напісаць штосьці непрыемнае.
Працую я аператарам электроннага набора ў паліграфіі. І ніякіх праблем з маёй знешнасцю там не ўзнікала. А яшчэ раней працавала ў паліграфіі пры ўніверсітэце. Там я была і з зялёнымі, і з ружовымі, і з фіялетавымі валасамі. І таксама нічога дрэннага, хаця ў нас там быў калектыў дарослы, некаторыя ўжо на пенсіі. Нават памятаю, як мой зялёны вымыўся ў бірузовы і калі прыходзілі заказчыкі, іх адпраўлялі да мяне са словамі «ідзі да нашай русалачкі». Толькі адна жанчына на працы мне сказала, што людзі напэўна глядзяць і пальцам каля скроні круцяць, што дурная.
Было пару сітуацый з дзецьмі. Дзеці ўвогуле часта з вялікай зацікаўленасцю глядзяць на яркія валасы. І, памятаю, аднойчы насустрач мне ішла маці з маленькай дачкой, мо, гадоў пяць ёй было. А ў мяне былі зялёныя, такія кіслотныя валасы. І дзяўчынка спытала: «Мама, а цёця – фея?»
На кароткую фрызуру, калі мы шпацыравалі з сяброўкай, хлопцы-падлеткі неяк адрэагавалі фразай «О, лесбуха».
Мне здаецца, што ў асноўным я толькі сваю маці трошкі пужаю усім гэтым. Яна не вельмі гэта разумее, але прымае. Магу сказаць, што ў асноўным людзі на мяне альбо ніяк не рэагуюць, альбо рэагуюць пазітыўна. Думаю, што зараз ужо не вельмі кагосьці здзівіш каляровымі валасамі, пірсінгам ці татуіроўкамі».
«Пракалола нос, калі перавучвалася на лора»
Трэцяя гісторыя лора з дзяржаўнай паліклінікі Мінска. Дзяўчына мае пірсінг у носе, вялікую татуіроўку на шыі і часта змяняе колер валосся і фрызуру.
«Пры ўладкаванні на працу ў мяне не было ніякіх праблем. У маіх працадаўцаў ніколі не ўзнікала пытанняў і прэтэнзій наконт маёй знешнасці. Умоў мне таксама не ставілі. Але калі ў паліклініку прыязджае нейкая праверка, пірсінг я здымаю, каб не падстаўляць кіраўніцтва. А так я спакойна стасуюся са сваімі кіраўнікамі, свячу сваім пірсінгам і татуіроўкай і ўсё абсалютна нармальна, бо маё кіраўніцтва найперш цэніць мае прафесійныя здольнасці.
Пажылыя пацыенты рэагуюць на мяне максімальна адэкватна. Больш за тое, яны заўсёды робяць мне кампліменты наконт маёй знешнасці. Я вельмі часта змяняю стрыжкі, колер валосся. Што я толькі не рабіла з валасамі: у мяне былі ружовыя валасы і ружовыя касічкі з канекалону, я галіла скроні і патыліцу. Заўсёды гэта сустракалі пазітыўна, і сталыя мае пацыенты ніколі не скардзіліся.
Нейкіх асабліва цікавых выпадкаў таксама не было. Людзі цэняць ува мне маю прафесійнасць, маё стаўленне да працы, мае веды і ніводнага разу ніхто не застаўся незадаволеным, як я выглядаю пры гэтым.
Былі моманты, калі да мяне прыходзілі жанчыны, якія маюць дзяцей-падлеткаў і яны так вельмі акуратна і тактоўна ў канцы прыёма казалі, што іхняе дзіцё хоча зрабіць пірсінг. Маўляў, я бачу, што ў вас пірсінг, а што вы скажаце, ці варта адгаворваць або няхай пазабавіцца. То бок, яны раіліся са мной, ці дазваляць сваім дзецям такое.
Некалькі разоў былі жарты, ці нават больш як флірт з боку мужчын, што мне трэба апрануць ланцужок у пірсінг, як у бычкоў.
Самае запамінальнае было ў час, калі я перавучвалася з лекара агульнай практыкі на лора. Я зрабіла пірсінг акурат тады, калі пачала навучанне. Мой выкладчык быў вельмі заклапочаны гэтым пытаннем: «Як так? Ты ж будучы лор, ты ж сама ўсё ведаеш. Пракалываць перагародку можа быць небяспечна». Але дзякуючы гэтаму ён мяне запомніў. І калі пасля тэлефанавала яму па нейкую кансультацыю, казала, што я дзяўчына з пірсінгам, а ён адразу ўзгадваў, хто я такая.
Па шчырасці, для мяне самой дзіўна, што за 8 гадоў працы ў мяне не было ніводнага негатыўнага выпадка, звязанага з маёй знешнасцю».