Tinder у Беларусі – усё. Дзе і як цяпер шукаць сабе пару? Даведаліся ў псіхолага пра ўніверсальную паспяховую стратэгію пры пошуку партнёра або партнёркі
З 15 лютага ў Беларусі прыпыніла працу папулярная праграма для знаёмстваў Tinder. Калі верыць вынікам апытанкі ў нашым тэлеграм-канале сярод чытачоў «Моцных Навін», праграмамі для знаёмстваў карыстаюцца або карысталіся 25% – не так ужо і мала. Пры чым 14% з іх сцвярджаюць, што знайшлі дзякуючы такой праграме мужа або жонку. Таму не дзіва, што рэакцыя на навіны пра сыход адной з самых папулярных пляцовак з краіны, была даволі яскравая. Хтосьці нават усур’ёз пачаў пераймацца і засмучацца – маўляў, як цяпер знаёміцца і шукаць сабе пару?
З гэтай нагоды мы зазірнулі ў мінулае, каб узгадаць, як раней знаёміліся і стваралі новыя сем’і. А таксама звярнуліся да псіхолага ў пошуках адказаў на пытанні, як у сучаснасці шукаць сабе пару, і чаму камусьці гэта даецца лёгка і без спецыяльных праграм, а камусьці нават яны не дапамагаюць.
Як будавалі стасункі ў даціндараўскую эпоху
А раней таксама цяжка было знайсці партнёра па жыцці? Няўжо Tinder – самы эфектыўны спосаб знайсці каханне? Як змянілася культура знаёмстваў і сватанняў? Праблемы засталіся тыя ж самыя, ці нешта змянілася? Каб зразумець, як агулам змянялася культура знаёмстваў, давайце зазірнем у кароткі гісторычны экскурс.
Вось у XVI-XVII стагоддзях ў шляхты, напрыклад, было ўсё даволі прагматычна і каханне для моцнага саюза было не ў прыярытэце.
Калі коратка, будучы саюз планавалі бацькі. Яны займаліся пошукам дзяўчыны: апытвалі годных веры сяброў і суседзяў, а затым прыходзілі да найлепшых кандыдатак у госці. Пасля паспяховых агледзінаў засылалі сватоў. Калі прапанова выглядала прывабна, бацькі маладых сустракаліся для абмеркавання фінансавых пытанняў. Нярэдка маладыя нават не былі знаёмыя да самога вяселля, а заручыны маглі прайсці без удзелу будучых мужа і жонкі. Праўда, у XVI стагоддзі Літоўскія статуты забаранілі прымушаць маладых да шлюбу, і сваю асабістую згоду яны пачалі пацвярджаць падчас заручын.
Цікава, што калі ў дзяўчыны ўжо надышоў шлюбны ўзрост, а сваякі выдаваць яе замуж не спяшаліся, то яна магла падаць скаргу ў суд. І тады свецкая ўлада выдавала яе замуж. Дзяўчына магла выйсці замуж супраць волі бацькоў, але такі шлюб караўся санкцыімі. Нявеста заставалася без пасагу, маёмасці і падтрымкі сям’і.
У XVII стагоддзі дзяўчын з небагатых сем’яў у жонкі прымалі забяспечаныя мужчыны сталага ўзросту, якія маглі сабе дазволіць не звяртаць увагі на сціплы памер пасагу. Нядрэнныя шанцы на выгаднае замужжа мелі дзяўчаты-сіроты, выхаваныя пры дварах магнатаў, навучаныя мовам, этыкету, рукадзеллю і ўменню весці гаспадарку. Добра ўладкоўваліся і палюбоўніцы арыстакратаў: лепшым знаходзілі мужчын сярод слуг высакароднага паходжання і ўзнагароджвалі добрым пасагам.
У сялян было іначай. Шлюбны ўзрост пачынаўся з 14-ці і доўжыўся да 21 года. У розных рэгіёнах межы маглі разніцца. Лічылася, што калі не знайшоў сабе пару пасля верхняй мяжы, значыць будзеш сацыяльна непаўнавартасным у вачах аднасяльчан.
Маладыя людзі актыўна знаёміліся на сумесных вячорках, гулянках і святах. На працягу года існавала некалькі розных абрадаў і эратычных гульняў, якія спрыялі новым знаёмствам і стварэнню маладых сем’яў. Яскравыя прыклады – Купалле і Жаніцьба Цярэшкі, калі дазвалялася казытацца, абдымацца, праводзіць дзяўчат дадому і нават заставацца ў іх на ноч. Здольнасць захаваць пры гэтым нявіннасць да вяселля цанілася, хоць часта гэта было вельмі нялёгка праз адсутнасць пэўнага досведу.
Пры Расійскай імперыі ў першай палове XIX стагоддзя быў устаноўлены мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб: 18 гадоў для мужчын і 17 – для жанчын. Але выконвалі гэтую норму ў вышэйшых слаях грамадства. У сялян захоўваліся свае правілы жыцця.
У гэты час агледзены часта праходзілі на балах. Маладыя танчылі і прыглядаліся адзін да аднаго, а бацькі намагаліся падчас свецкіх размоў больш даведацца пра «кандыдата»: з якой сям’і, якая маёмасць, ці няма пазыкаў, ці не трапляў у скандалы. Існаваў строгі бальны этыкет. Дамы насілі з сабой маленькія бальныя кніжачкі, куды запісвалі жадаючых з імі патанчыць. Для нявест вельмі важна было з кім, колькі, і якія менавіта танцы яны станцавалі. Прымаць запрашэнне аднаго кавалера больш за два разы лічылася непрыстойным – пасля такога юнак як сумленны чалавек абавязаны быў ажаніцца.
Купцы і мяшчане карысталіся паслугамі свахі. Ім паведамлялі ўзрост нявест і жаніхоў, апісвалі пасаг і шлюбныя ўмовы, а яны ўсюды шукалі прыдатных кандыдатаў. У свах былі цэлыя рэестры жаніхоў і нявест, з якімі яны хадзілі па хатах кліентаў. Сярод іншага там указваліся і патрабаванні да будучых мужа і жонкі. Калі пагаджаліся на знаёмства, сваха арганізоўвала першыя агледзіны ў нейкім грамадскім месцы, дзе маладыя маглі б здалёк паглядзець адзін на аднаго. Ну а далей – ужо звыклая схема.
На мяжы XVIII-XIX стагоддзяў маладыя людзі пачынаюць шукаць пару самастойна, бо інстытут шлюбаў па дамове сыходзіць у нябыт. Аднак месцаў, дзе можна было б пазнаёміцца і пастасавацца было зусім няшмат і таму хутка набылі папулярнасць шлюбныя аб’явы ў газетах.
Вось некалькі прыкладаў з «Брачной газеты» (1906 – 1917) – першым выданні ў Расійскай імперыі, якое публікавала толькі аб’явы пра пошук пары.
Чытаючы іх, можна зразумець, што людзі шукалі сабе партнёра, кіруючыся па-ранейшаму ў першую чаргу такімі паказчыкамі, як заробкі і дастатак. І гэта не дзіўна: такімі былі рэаліі жыцця ў той час, а шлюб – сродкам выжывання. Гэта мы далей будзем абмяркоўваць з псіхолагам.
У часы СССР падобныя выданні ўсё яшчэ мелі пэўную папулярнасць, хаця нейкі час знаходзіліся пад забаронай, як і праца свах. У Крымінальным кодэксе СССР артыкул за «зводніцтва з карыслівай мэтай» суседнічаў з «утрыманнем прытонаў» і караўся пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці гадоў.
Дадаліся новыя месцы для знаёмстваў. Адным з самых папулярных сталі танцпляцоўкі, якія ладзіліся паўсюдна: на вакзалах, у дамах культуры, у фае кінатэатраў і спартзалах. Яшчэ адной магчымасцю з кімсьці пазнаёміцца былі застоллі. У кожнае вялікае свята можна было трапіць як мінімум на тры: дома, на працы і ў гасцях.
Звычайна, калі чалавек не вызначаўся з парай пры заканчэнні школы, знайсці партнёра можна было ў інстытуце. Калі і там не пашанцавала, то на працы або на вяселлях сяброў. Знаёміліся таксама і ў парках, на вуліцы або ў кафэ ці кіно. Цяпер туды ходзяць ужо пасля знаёмства, на спатканні. Калі знаёмства перарастала ў адносіны, маладыя знаёмілі сваіх абраных з бацькамі і дамаўляліся пра дату афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу. Пасаг у выглядзе матэрыяльных багаццяў у гэты час граў ужо не такую вялікую ролю. За савецкім часам куды важней была цвярозасць як лад жыцця праз пэўныя праблемы з алкаголем у грамадстве.
Пасля развалу СССР праца свах пераўвасабляецца ў з’яўленне шлюбных агенцтваў. Некаторыя з іх, дарэчы, існуюць і сёння ў тым выглядзе, як і ў 90-я. Некаторыя маюць фармат хуткіх спатканняў. Пляцоўкай для знаёмстваў стаў і інтэрнэт у самых розных фарматах – ад спецыялізаваных сайтаў знаёмстваў да сацыяльных сетак і праграм для дэйцінгу.
Атрымліваецца, маладыя людзі шукаюць пару і могуць знайсці яе дзе заўгодна, а калі з гэтай справай ёсць нейкія цяжкасці, то звяртаюцца па дапамогу да трэцяй асобы, якая можа пазнаёміць ці арганізаваць спрыяльную для гэтага сустрэчу. Прычым няважна, будзе гэта застолле ў нейкіх сваякоў, сяброўская тусоўка або праграма для знаёмстваў.
Чаму бывае цяжка знайсці пару?
Каб зразумець, чаму адныя бегаюць на спатканні ледзь не кожны тыдзень, ці выйшаўшы з адных стасункаў, хутка знаходзяць новыя, а іншыя гадамі сядзяць без новых знаёмстваў і ніяк не могуць знайсці сабе пару, «Моцныя Навіны» звярнуліся за каментаром да псіхолага Марыны Драко.
На пытанне, як цяпер знаёміцца, Марына адразу параіла спачатку запытаць самога сябе: «А якая ў мяне мэта? Дзеля чаго мне шукаць пару? Дзеля чаго мне гэты чалавек? Што я хачу атрымаць ад гэтага партнёрства?».
Ёсць сэнс нават прапісаць, якога чалавека і дзеля чаго вы хочаце ўбачыць побач з сабой. І пасля адказаў на гэтыя пытанні, ужо стане зразумела, дзе такога чалавека можна шукаць.
Будзем шчырымі, калі вам трэба чалавек на адну ноч і проста хочацца знаёмства дзеля сэксу, вы будзеце шукаць яго хутчэй за ўсё ў начным клубе і на дыскатэцы. А калі вашая мэта – жыццё разам, калі выхочаце стварыць сям’ю і нарадзіць дзяцей, тады ёсць сэнс падумаць, якія асаблівасці і рысы характару ваш будучы партнёр павінен мець? Калі хочацца начытанага і разумнага, можа варта паспрабаваць далучыцца да літаратурнага клуба. Калі важна, каб ён цікавіўся самаразвіццём, тады можна наведаць трэнінг асобаснага роста. Калі шукаеце дзяўчыну з падобным як у сябе пачуццём гумару, звярніце ўвагу на тых, што ходзяць на мясцовыя стэндап-шоў.
«Калі абагуліць, трэба вызначыцца з мэтай, дзеля чаго мне патрэбны чалавек, які ён павінен быць, і дзе я такіх магу знайсці. Тады я буду разумець, дзе часцей за ўсё такія людзі бываюць. І буду намагацца часцей у такія месцы і на такія імпрэзы наведвацца», – падсумоўвае Марына.
Гучыць нібыта проста і лагічна, але ж не ўсе сыходзяць з гэтых імпрэз з новымі знаёмствамі, а калі і знаёмяцца, не заўсёды знаёмства перарастае ў стасункі. Па словах спецыялісткі, на тое, як мы пачынаем будаваць адносіны з іншымі людзьмі, уплываюць некалькі параметраў:
- Якія стасункі былі паміж бацькамі. Як адносіліся адно да аднаго маці і бацька, гэта была поўная сям’я ці дзіцё гадавалася мамай і бабуляй. Ад таго, якія адносіны бачыла дзіцё ў сваім дзяцінстве, будзе залежыць тое, як чалавек зразумеў, што такое нармальныя адносіны. Хтосьці бачыў, як бацька любіць маці, як маці можа пяшчотна ставіцца да бацькі. Як яна сустракае яго з завода, кожны вечар накрывае стол і ставіць яму цёплы боршч. Калі гэта былі халодныя адносіны, а бацькі не праводзілі час разам, рэдка размаўлялі, тады высокая верагоднасць, што дзіцё палічыць менавіта такія адносіны нормай жыцця і будзе шукаць такія ж стасункі ў дарослым узросце.
- Папярэдні досвед у юнацтве. З 7 да 12 гадоў у дзяцей адбываецца латэнтная стадыя развіцця, дзе фармуецца тое, як мы сябруем. А ўмоўна пасля 12 гадоў пачынае фармавацца ўваходжанне ў стадыю будавання рамантычных стасункаў. Дзіцё ўпершыню спрабуе ўзаемадзейнічаць з супрацьлеглым полам. Ад таго, які быў досвед у падлеткавым узросце, як завяршыліся першыя адносіны, і як дзіцё перажыла тыя эмоцыі, будзе залежыць, як пасля будзе будаваць новыя стасункі чалавек у дарослым жыцці. Магчыма, камусьці было вельмі балюча, склалася ўражанне, што ўсе мужыкі казлы ці ўсе бабы дурныя, а адносіны – гэта нешта, дзе заўсёды будзе балюча. І тады чалавек намагаецца усімі сваімі клетачкамі пазбягаць цесных адносін і будуе вельмі далёкія межы. З аднаго боку хочацца адносін і быць любімым, але настолькі гэта падаецца небяспечным, што чалавек ўсталёўвае межы і не падпускае да сябе іншых людзей.
Але гэта не адзінае, што можна быць перашкодай у пошуках другой палавінкі. Марына падзялілася, з якімі яшчэ комплексамі прыходзяць звычайна да яе пацыенты:
- Вельмі нізкая самаацэнка. Людзі зусім не вераць, што такія, якія яны ёсць, з такой знешнасцю і з такімі цікавасцямі могуць быць камусьці патрэбнымі, і хтосьці зможа іх палюбіць. Гэтая праблема таксама ідзе з дзяцінства. Калі дзіцё кармілі, апраналі, але не давалі нейкага эмацыйнага цяпла і пачуцця, што яго любяць. Такія дзеці заўсёды адчуваюць сябе крыху «неда». Тое, што ў іх атрымлівалася добра, успрымалася як «так і павінна быць», а калі было дрэнна, на гэта дарослыя звярталі ўвагу. З такіх дзяцей вырастаюць дарослыя, якія не вераць, што хтосьці можа іх любіць проста так. Ім здаецца, што любоў трэба заслужыць.
- Перфекцыянізм. Людзі малююць сабе пясочныя замкі, якіх не існуе. Мараць, што зараз прыскача прынц на белым аднарогу па вясёлцы. Такія людзі самі сабе не дазваляюць быць неідэальнымі, і таксама не дазваляюць быць неідэальнымі іншым. Яны не могуць прыняць, што іншы чалавек – гэта іншы чалавек, у якога могуць быць і плюсы, і мінусы. Звычайна яны і адносіны шукаюць такія, у якіх будзе ўсё ідэальна.
- Сярод жанчын часта сустракаюцца такія, якія ненаўмысна жадаюць знайсці сабе бацьку. Яны нібыта пачынаюць адносіны, знаёмяцца з маладымі людзьмі, але жадаюць, каб іх люблілі безумоўнай любоўю: поўнасцю забяспечвалі, усё ім куплялі, на руках насілі, зараблялі, самі прымалі ўсе рашэнні і нічога не прасілі наўзамен. Праз такую інфантыльную пазіцыю фармуецца няправільны пошук.
- Сярод мужчын таксама сустракаецца такая праблема, як пошук маці, а не партнёркі. Мужчына чакае, што яго будуць карміць, любіць і праць яго шкарпэткі. Не супадаюць чаканне і рэальнасць і пачынаюцца складанасці, калі мужчына пачынае шукаць дзяўчыну са сваіх эратычных фантазій – з ідэальнымі формамі і знешнасцю топ-мадэлі. У рэальнасці жынчыны могуць самымі рознымі, мець валасы на целе і пах з рота, быць вельмі далёкімі ад ідэальных карцінак з кіно, што расчароўвае і ўскладняе пошукі.
- Яшчэ адна цікавая праблема, якая выяўляецца ўжо пазней у шлюбе – гэта ілюзія, што чалавек, з якім вы пачалі сустракацца зменіцца праз нейкі час і будзе адпавядаць таму ідэальнаму вобразу, які вы намалявалі ў сваёй галаве. То бок, нешта ў партнёры для вас было не такім, як бы вам хацелася, але вы сталі чакаць, што з часам, калі вы паразмаўляеце, парнёр зменіцца і стане больш зручным. Людзі працягваюць жыць з такім глюкам, а пасля, падчас нейкага крызісу, яны раптам пачынаюць бачыць партнёра сапраўдным і яны да гэтага не гатовыя. Таму важна яшчэ на этапе знаёмства дзяліцца сваімі чаканнямі і абмяркоўваць, як вы бачыце ідэальныя адносіны ў будучыні. Гэта варта рабіць, каб зразумець, чаго хоча іншы парнёр, як ён бачыць свае ідэальныя стасункі. У будучыні гэта дапаможа пазбегнуць страшнага расчаравання, калі ўжо ёсць і дзеці, і машына з кватэрай у крэдыт, якія пасля вельмі балюча дзяліць паміж сабой.
Выглядае на тое, што будаванне стасункаў – гэта сапраўды складаная справа, дзе цяпер без дапамогі не абысціся. Складваецца адчуванне, што раней, калі былі іншыя ўмовы жыцця, было прасцей знайсці мужа ці жонку. Марына каментуе гэтую думку так:
«Раней асноўнай мэтай стварэння сям’і было выжыванне. Калі хтосьці з пары заставаўся па нейкіх прычынах адзін, было складана менавіта выжыць. Таму ў сям’і не ўзнікала пытання, як гэта – быць шчаслівым у шлюбе. Цяпер усё змянілася. На сённяшні дзень адна жанчына ці адзін мужчына могуць існаваць паасобку і закрываць усе свае патрэбнасці. Ежу можна заказаць ці пайсці ў кафэ. Каб памыць падлогу, можна заказаць клінінг. Сёння амаль любая жанчына зможа забяспечыць сваіх дзяцей адукацыяй, ежай і адзеннем. Мужчына і жанчына зараз не павінныя выжываць. Базавыя патрэбнасці ў большасці людзей закрытыя. Тады ўзнікае пытанне: а што далей?».
Акрамя базавых патрэбнасцяў у нас яшчэ ёсць псіхалагічныя патрэбнасці: патрэбнасць у бяспецы, любві і павазе. Калі людзі жылі вялікімі сем’ямі ў вёсках, у іх заўсёды было з кім закрываць тую ці іншую патрэбнасць: хтосьці пашкадуе, суседка прыглядзіць за дзіцём, з кімсьці можна добра па душах паразмаўляць, а разам з іншымі – нейкай творчасцю займацца. Цяпер жа часта мужчына, жанчына і маленькае дзіця замкнёныя ў маленькай клетачцы гарадской кватэры. Таму, атрымліваецца, мы шукаем закрыцця псіхалагічных патрэбнасцяў у адносінах з партнёрам. Нам трэба патрымка, адчуваць сябе любімымі, адчуваць павагу і бяспеку побач з гэтым чалавекам.
«І культура знаёмства таксама змянілася. Цяпер не так важна, колькі чалавек будзе зарабляць і колькі ў яго кватэр, таму што большая частка людзей можа самастойна сябе ўсім гэтым забяспечыць. Нам важна, які гэта чалавек, ці можам мы з ім паразмаўляць пра штосьці, што ён адчувае, ці можам мы з ім падзяліць свае каштоўнасці, хобі і цікавасці», – тлумачыць псіхолаг.
Універсальная паспяховая стратэгія для пошука партнёра
Мы разабраліся, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца людзі, калі пачынаюць пошукі партнёра. Але напэўна ж ёсць спосабы, як зрабіць гэты працэс прасцей і эфектыўней. І хутчэй за ўсё, праграмы для знаёмстваў былі прыдуманы акурат для таго, каб знайсці пару было лягчэй. Мы запыталіся ў Марыны, ці існуюць нейкія даследванні ці статыстыка, якія б паказалі, ці сапраўды больш паспяхова атрымлівалася пабудаваць шчаслівыя стасункі дзякуючы Tinder і падобным праграмам. На жаль, Марына не валодае такой інфармацыяй, але адзначае, што сярод яе пацыентаў шмат адносінаў пачаліся праз інтэрнэт і праграмы для знаёмстваў.
«На мой погляд у іх ёсць свае плюсы і свае мінусы. Плюс у тым, што можна сядзець дома, нікуды не хадзіць, але абмеркаваць нейкія важныя моманты: каштоўнасці, якія адносіны шукае іншы чалавек і зразумець, ці ёсць пра што размаўляць, ці падыходзім мы адзін аднаму. З’явілася магчымасць для знаёмстваў у інтравертаў і тых, хто не любіць адразу доўга размаўляць з малазнаёмымі людзьмі. Ёсць магчымасць пісаць свае паведамленні ў зручны час і падумаць перад адказам.
Вялікі мінус у тым, што немагчыма адразу адчуць іншага чалаваека, як пры асабістай сустрэчы. Адчуць яго вайб і агулам, ці камфортна знаходзіцца з гэтым чалавекам побач», – адзначае экспертка.
Пры гэтым Марына ўпэўненая, што ёсць адзін універсальны спосаб, які дапаможа паспяхова пабудаваць шчаслівыя стасункі няважна, праз Tinder яны былі распачатыя, або не:
«Людзі чакаюць ад псіхолагаў нейкія складаныя мадэлі, што рабіць і як жыць, каб было правільна. Насамрэч усё проста. Трэба размаўляць праз рот. Казаць пра свае жаданні праз рот. Казаць, што не падабаецца праз рот. І дамаўляцца. Не чакаць, што нехта здагаецца, чаго я сёння хачу. Ніхто не разумее, як вам падабаецца жыць і як вам хочацца, каб да вас ставіліся. Калі вам некамфортна, пра гэта трэба сказаць. І не проста сказаць, што вам некамфортна, а яшчэ сказаць, што рабіць, каб было камфортна. Гэта трэба казаць з першых хвілін. Іншы чалавек будзе гатовы пайсці насустрач і штосьці зрабіць для адносін, якія для яго сапраўды важныя».
Падсумоўваючы ўсё, што было сказана вышэй, дзелімся парадамі ад псіхолага для тых, хто шукае каханне і шчаслівыя стасункі.
Па-першае, у любых адносінах працуе правіла «браць-даваць». Падумайце, што бы вы хацелі ўзяць ад свайго партнёра. Таксама паразважайце, што вы можаце даць свайму парнёру. Чаму хтосьці можа захацець праводзіць час з вамі, чым вы зацікавіце і зможаце зачапіць.
Па-другое, прапішыце пяць каштоўнасцяў, якія для вас важныя ў адносінах з іншых чалавекам. Гэта варта зрабіць, каб зразумець, чым людзі, якія вам падыйдуць, могуць цікавіцца. Пачніце наведваць месцы, дзе такія людзі могуць бавіць вольны час.
І апошняе – давярайце сабе. Запытайце сябе, добра вам з гэтым чалавекам ці не.
Мы на самой справе ўлюбляемся не ў чалавека, а ў свой стан побач з гэтым чалавекам. Таму абавязкова трэба сустракацца ўжывую, каб адчуць, як вы сябе адчуваеце побач з ім. Якія вашыя рысы і ўласцівасці падсвечвае і адлюстроўвае гэты чалавек. Якія добрыя часткі вас пачынаюць праяўляцца ў кантакце з гэтым чалавекам. І калі вы адчуваеце сябе класна, вам добра, то варта такія адносіны працягваць, нават калі яны прадоўжацца адзін ці два дні. Калі вы будзеце шчаслівымі ў гэтыя дні – так таму і быць.