Як спыніць гвалт? Пагаварылі з псіхолагам пра тое, што трэба рабіць, каб не вырасціць з дзіцяці гвалтаўніка
Навіна пра згвалтаванне і смерць 25-гадовай беларускі Лізы ў Варшаве ўсхвалявала ўсіх беларусаў. Дзяўчыны пачалі дзяліцца сваімі гісторыямі ў сацсетках, там жа разгарэліся спрэчкі вакол меркаваных прычын такіх здарэнняў. «Моцныя Навіны» паспрабавалі паглыбіцца ў праблему і разам з псіхолагам вызначыць, што можна зрабіць, каб не даць ходу гвалту яшчэ на этапе выхавання дзяцей. Як не вырасціць з іх чарговых гвалтаўнікоў, а, наадварот, выхаваць правільныя каштоўнасці? Звярнуць увагу на ключавыя моманты дапамагла псіхолаг-канфліктолаг і спецыялістка па эмацыйным інтэлекце Марына Драко.
«Мяне білі – я чалавекам вырас»
Калі пачынаеш думаць, адкуль бяруцца гвалтаўнікі, чаму людзі ідуць на гвалт і агрэсію ў вырашэнні сваіх нейкіх праблем, то так ці іначай задумваешся пра тое, як іх выхоўвалі ў сям’і, у якім асяроддзі яны раслі. І сапраўды, па меркаваннях псіхолагаў, эмацыйны інтэлект фармуецца ў дзяцінстве. Дзіцё вучыцца, як ставіцца да сваіх эмоцый і пачуццяў, назіраючы за сваімі бацькамі ці дарослымі, якія для яго важныя.
Калі разважаць пра прычыны агрэсіі, то варта звярнуць увагу на тое, як у сям’і спраўляюцца з такімі пачуццямі, як злосць і гнеў.
«Калі дзіця дома баіцца бацьку ці маці, бо яны моцна караюць фізічна – ставяць у вугал ці нават б’юць, у яго дома заўсёды выпрацоўваецца адрэналін. Такое дзіцё часта адчувае сябе ў небяспецы, адрэналін копіцца. І калі ён назапашваецца доўгі час, адрэналін пераходзіць у норадрэналін», – тлумачыць Марына Драко.
Норадреналін называюць гармонам лютасці, бо ў выніку выкіду ў кроў норадреналіна ўзнікае рэакцыя агрэсіі і нават павялічваецца цягліцавая сіла. Дзіцё, трапіўшы ў месца, дзе не так небяспечна для яго (садок і школа), пачынае біць іншых дзяцей – так яно там выгружае сваю агрэсію.
Але гэта яшчэ не ўсё. Праз фізічны гвалт у сям’і ў дзіцяці фармуецца скажоная форма прыхільнасці.
«Дзіця, якога заўжды б’юць, усё адно лічыць сваю сям’ю важнай, лічыць яе прасторай, дзе, безумоўна, любяць. І так яно разумее, што біць – значыць любіць, і калі мяне б’юць, значыць, мяне любяць. Калі кажуць «мяне білі – я чалавекам вырас», хочацца запытацца, а хто ж табе сказаў, што ты нармальным чалавекам вырас?», – кажа Марына.
На жаль такія сям’і існуюць. І ў дарослым узросце такія людзі могуць нават не ўсведамляць, што гэта ненармальна. А прычыны ў тым, што яны іншага прыклада не бачылі. Калі ў іх сям’і гвалт быў нормай, то яны вырастаюць і выказваюць любоў праз гвалт. І пасля ў будучыні яны нават могуць несвядома шукаць для сябе і сваёй будучай сям’і такіх адносін.
Схаваная агрэсія нават горш, чым яўная
Важна разумець, што дзіця не абавязкова фізічна гвалціць і выхоўваць з дапамогай фізічных пакаранняў, каб з яго вырас агрэсіўны і сацыяльна небяспечны дарослы. Часам дастаткова і незаўважных на першы погляд слоў, якія гадамі будуць назапашваць унутры чалавека злосць і траўмы. Калі могуць з’явіцца пытаннечкі?
«Калі сям’я здаецца добрай і благанадзейнай, а дзіцё заўсёды намагаецца быць добрым і паслухмяным, мы можам падазраваць, што яно не заўважае сваіх патрэбнасцяў. Ён не робіць тое, што хочацца яму, не закрывае свае патрэбнасці, а робіць так, як хочацца бацьку або маці, каб яны яго любілі. Калі чалавек не мае сувязі са сваімі эмоцыямі, ён вырастае неэмпатычным. Ён абыякава ставіцца і да сваіх патрэбнасцяў, і да чужых. І вось тут таксама можа з’явіцца нейкая форма агрэсіі».
Калі мы кажам пра агрэсію, мы кажам пра эмоцыю гнева. А яна можа быць яўнай, калі б’юць і крычаць, і можа быць схаванай, калі ёсць псіхалагічны ціск. І насамрэч, па меркаванні Марыны, гэта яшчэ большая праблема, чым адкрытая агрэсія. Бо нам збоку можа падавацца, што сям’я інтэлігентная і добрая, а за зачыненымі дзвярыма, яны душаць адзін аднаго спадцішка.
«А магла бы і лепш… А ў Ані атрымалася… Як заўжды ў цябе рукі не з таго месца растуць» – такія прыклады схаванай агрэсіі прыводзіць спецыялістка.
То бок пад маскай «я ж хачу як лепей» хаваецца ўстаноўка «ты дрэнны». Бацькі нібыта клапоцяцца пра дзіцё, жадаючы, каб ён вырас паспяховым, але дзіця, чуючы такія словы, разумее, што з ім быццам бы нешта не так, што яно дурное ці дрэннае.
Яшчэ адзін прыклад, калі ў сям’і забараняецца злавацца на бацькоў, бо старэйшых трэба паважаць. Атрымліваецца, што дзіцё не разумее, як пражываць злосць і гнеў – «у нас добрая сям’я, мы не злуемся адзін на аднаго, бо злавацца – гэта дрэнна». Прызнавайцеся, думалі так? І гэтае пачуццё злосці само па сабе не знікае, яно копіцца і потым можа або выбухнуць вонкі, або разарвацца ўнутры. У першым выпадку дастанецца людзям, якія апынуцца побач з такой выбухоўкай павольнага дзеяння. У другім – сам чалавек можа сур’ёзна захварэць, калі будзе заціскаць у сабе ўвесь негатыў і напружанне і не даваць яму выйсці.
На што звярнуць увагу, каб з дзіцяці не вырас гвалтаўнік і аб’юзер?
Адказ на гэтае пытанне – любіць. З аднаго боку парада вельмі простая, а з іншага – а як гэта, асабліва калі не маеш таго самага здаровага прыкладу?
«Абдымаць, заўважаць пачуцці дзіцяці, дапамагаць пражываць гэтыя пачуцці, дапамагаць спраўляцца са складанымі жыццёвымі сітуацыямі, расказваць пра свае складаныя сітуацыі і тое, як дарослыя з імі спраўляюцца. А яшчэ выбудоўваць даверлівую камунікацыю, каб дзіця рабіла тое, што вы кажаце не таму, што вы так сказалі, бо дарослыя і разумныя, а тлумачыць, чаму варта сябе паводзіць так, а не іначай», – раіць Марына.
Акрамя гэтага, важна заўсёды заўважаць асабістыя межы дзіцяці, паважаць яго асабістую прастору, заўважаць яго патрэбнасці, як фізічныя (ежа, вада, адзенне, месца для сна), так і псіхалагічныя (бяспека, любоў, павага). Бацькам важна сачыць, каб гэтыя патрэбнасці былі закрытыя. І яшчэ больш важна, каб гэтыя патрэбнасці былі закрытыя і ў саміх бацькоў.
«Каб бацькі таксама разумелі свае пачуцці, каб маглі расказаць, што яны зараз адчуваюць, і чаму з імі такое адбываецца, каб маглі падзяліць з кімсьці і радасць, і страх, і боль, і гнеў. Тады яны змогуць растлумачыць гэта ўсё і сваім дзецям. Важна, каб гэтая тэма была ў сям’і адкрытай. Каб дзіцё магло са сваёй складанай сітуацыяй падзяліцца з бацькамі і быць упэўненым, што яго падтрымаюць, а не будуць макаць у гэтую сітуацыю, як ката носам у лужыну», – падкрэслівае экспертка.
Сексуальнае выхаванне дзіцяці можна пачынаць ужо з 8 гадоў
Асобная важная тэма – гэта сексуалізаваны гвалт. Тут трэба звярнуць увагу на некалькі важных рэчаў.
Па-першае, культура адносін мужчыны да жанчыны. У сям’і варта спыняць спробы жартаваць на гендэрныя тэмы, дзе адзін з палоў паўстае дурным і недарэчным (анекдоты пра бландынак), або асацыююцца толькі з нейкай пэўнай роляй у грамадстве (месца жанчыны – на кухні).
Па-другое, асабістыя межы. Вельмі важна, каб дарослыя ў сям’і, у школе, у садку пыталіся дазволу дакранацца да дзіцяці. Не важна, каб пашкадаваць ці проста ўзяць за руку, спачатку трэба запытацца. Трэба паважаць асабістыя межы дзіцяці. Гэта таксама тычыцца і яго асабістых рэчаў. Не важна, гаворка пра дзіцё, якому 1 год, 2 гады або 15. Калі паводзіць сябе такім чынам, дзіцё пачне разумець, што і ў людзей навокал ёсць свае асабістыя межы, якія трэба паважаць. І што таксама трэба спачатку запытацца дазволу, а потым да кагосьці дакранацца.
Па-трэцяе, сексуальнае выхаванне. Па меркаванні Марыны, з дзецьмі варта пачынаць размаўляць пра секс, калі ім ужо каля 8 гадоў. Да васьмі іх больш цікавіць, як будаваць сяброўскія адносіны, над тэмай сексу яны не задумваюцца. А пасля, калі дзеці пераходзяць на этап выбудоўвання рамантычных адносін, то яны ўжо задаюць пытанні на гэтыя тэмы. Бацькам важна адказваць на гэтыя пытанні без сораму, а сама тэма сексу не павінна быць табуяванай у сям’і. Калі цяжка самім гутарыць з дзецьмі на гэтую тэму, можна звярнуцца да таго, хто не чырванее і саромеецца, або да спецыяліста, якому вы давяраеце.
І апошняе. Трэба вучыць дзяцей таму, што усе сексуальныя адносіны павінны быць толькі па згодзе. Толькі калі абое згодныя на нейкія сексуальныя гульні – гэта прымальна. Але калі адзін гэтага хоча, а другі – не, то гэта ўжо гвалт.
«І тут я яшчэ раз хачу падкрэсліць: вельмі важна вучыцца заўважаць патрэбнасці іншага чалавека і пытацца, чаго яму хочацца або не хочацца», – падсумоўвае Марына.
Яшчэ варта адзначыць, як важна разумаўляць і слухаць адзін аднаго. Калі мы імкнемся паразумецца і можам патлумачыць, што нас турбуе, што нам падабаецца або не – усё вырашальна. Напэўна, немагчыма назаўсёды спыніць гвалт ва ўсім свеце, але пачаўшы з сябе і сваёй сям’і, дакладна можна яго мінімізаваць хаця б у сваім асяроддзі.