Skip to main content
01.09.2024

Дзе ў Гомелі хаваюцца косткі загінулых салдат Вермахта? «Моцныя Навіны» пашукалі рэшткі следу крывавых падзей у гадавіну пачатку Другой Сусветнай вайны

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, а 19 жніўня 1941-га нямецкія войскі ўвайшлі ў Гомель. Пад акупацыяй горад заставаўся да 26 лістапада 1943 года, калі ў выніку Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі Гомель быў вызвалены. Гэтыя гістарычныя падзеі пакінулі ў горадзе свой след, у тым ліку і ў выглядзе германа-італьянскіх пахаванняў. Некаторыя пахаванні можна было ўбачыць яшчэ адносна нядаўна. У гэтым артыкуле «Моцныя Навіны» паспрабавалі даведацца, што з імі стала цяпер.

Агулам тэма нямецкіх пахаванняў на тэрыторыі Беларусі вывучана недасканала. Нават калі ўзяць толькі Гомель, дасюль не да канца вядома пра дакладную колькасць такіх пахаванняў у межах горада.

Па архіўных даных у горадзе магло знаходзіцца каля 3079 магіл салдат Вермахта. Па некаторых падліках, толькі ў парку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля было пахавана каля 30 тысяч чалавек.

Па даных, якія прыводзіць загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў у адным са сваіх дакладаў, прысвечанаму актуальным праблемам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці, месцы, дзе хавалі салдат Вермахта і саюзнікаў у межах Гомеля можна акрэсліць наступным чынам.

Адны з першых пахаванняў з’явіліся на месцы недалёка ад «Лодачніка»

Да 1942 года немцы хавалі сваіх салдат па ўсім Гомелі каля палявых шпіталяў. Існуе меркаванне, што адзін з такіх шпіталёў знаходзіўся на тэрыторыі сабора Пятра і Паўла ў 1941 годзе, таму магілы пачалі капаць менавіта тут. Адны з першых пахаванняў таксама з’явіліся каля пераправы праз Сож ля Кіеўскага спуску. Цяпер побач з гэтым месцам знаходзіцца скульптура «Лодачнік». Большая ж частка могілак прыходзілася на тэрыторыю каля сабора святых Пятра і Паўла.

З сярэдзіны 1942 года перасталі хаваць па ўсім горадзе і выбралі адзінае месца для пахаванняў – парк Луначарскага (сённяшні парк палацава-паркавага анмсамбля). У красавіку 1943-га могілкі займалі невялікую тэрыторыю з паўднёвага боку сабора, а з восені яны значна пашырыліся. Салдат хавалі ў спешцы. Пра гэта сведчаць раскопкі, якія паказалі, што немцаў хавалі на невялікай глыбіні, а труны шчыльна прымыкалі адна да адной. Могілкі пашырыліся да паўднёвага бока агароджы Петрапаўлаўскага сабора, агібаючы яго ўсходні бок да капліцы Паскевічаў. З усходу пахаванні даходзілі да будынку філіяла Веткаўскага музея, з поўдня – да паўночнага крыла палаца Паскевічаў.

Па ўспамінах былой навуковай супрацоўніцы краязнаўчага музея Р.М. Мелях, у паўночным крыле палаца жылі салдаты, якія займаліся пахаваннямі немцаў. А за крылом знаходзілася майстэрня па вырабе трунаў. Захаваліся фота тых часоў, на якіх можна паглядзець, як выглядалі могілкі. На правай частцы могілак ставілі дашчаныя крыжы, якія зверху аздабляў «нямецкі крыж» са свастыкай. Некаторыя сведкі ўспамінаюць, што на іх вешалі каскі салдат.

З левага боку некропаля месціліся пахаванні італьянскіх салдат, якіх хавалі тут з лютага па красавік 1943 года. У цэнтры сярод пахаваннях стаяў вялікі крыж на цагляным пастаменце, самі магілы былі ўвенчаны простымі дашчатымі крыжамі. Па даных архіўнага плана Мінсітэрства абароны Італіі, у цэнтры Гомеля было пахавана 108 італьянцаў.

Магілы вайскоўцаў калісьці былі на тэрыторыі сучаснага стадыёна «Цэнтральны»

Нямецкіх салдат хавалі таксама на могілках на месцы сучаснага Студэнцкага сквера каля 2-га корпуса ГДУ імя Францыска Скарыны. У будынку педінстытута ў час вайны месціўся шпіталь. Каля яго ў межах могілак хавалі памерлых ад ранаў салдат. Адзінае, што можа гэта пацвердзіць – нямецкі фотаальбом з фота шпіталя і магіламі салдат Вермахта каля яго. Фотаальбом выставілі на аўкцыёне ebay.de ў снежні 2012 года.

Сярод іншых месцаў, дзе былі нямецкія пахаванні:

  • тэрыторыя гомельскага аэрадрома, дзе невялікія нямецкія могілкі з’явіліся ў канцы жніўня 1941 года;
  • тэрыторыя стадыёна «Цэнтральны», дзе раней размяшчаўся цэнтральны перасыльны лагер для ваеннапалонных «ДУЛАГ-112». Пытанне аб аднаўленні стадыёна разглядалася ўладамі 20 студзеня 1944 года, але невядома, ці праводзілася пры гэтым эксгумацыя парэшткаў салдат Вермахта.
  • па архіўных даных, на тэрыторыі Гомеля арганізавалі 6 месцаў для пахавання 179 ваеннапалонных: каля завода «Гомсельмаш» 56 магіл, каля завода «Штамп» – 89, каля вадасховішча ў Касцюкоўцы (меркавана на тэрыторыі сучасных цэхаў шклозавода) – 12, каля с/г Брылёва – 6, каля будкамбіната ў Навабеліцы – 10, каля цаглянага завода ў пасёлку Ціценкі – 6;
  • таксама вядома пра трыста нямецкіх пахаванняў на тэрыторыі завода электраапаратуры на вуліцы Савецкай, 157.

Акрамя гэтага, існуюць таксама фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі, на якіх можна ўбачыць нямецкія пахаванні ў Гомелі, але месцы здымак не лакалізаваныя. Ёсць здагадкі, што хаваць салдат маглі каля кожнага палявога шпіталя, але дакладная іх колькасць невядомая. У мемуарах А.П. Ярэмчука ўказваецца, што нямецкія салдаты былі пахаваныя, у тым ліку і на шматлікіх перакрыжаваннях вуліц. Аўтар узгадвае некалькі магіл з крыжамі з надпісамі і каскамі на іх. А яшчэ зусім не даследваліся пахаванні на тэрыторыі Навабеліцкага раёна.

Легенда пра савецкія танкі, што раскаталі нямецкія могілкі гусеніцамі

Пасля сыходу немцаў з горада ў лістападзе 1943 года праз некаторы час улады сфарміравалі спецыяльную каманду, у якую ўвайшлі прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, санітарнай службы і вайсковыя сапёры. Па ўспамінах аднаго з удзельнікаў той аперацыі, пасля таго, як упэўніліся ў адсутнасці мін, наўздагад раскапалі некалькі магіл. У кожнай з іх знаходзілася па восем трунаў адна на адной, дзе былі пахаваны немцы, італьянцы, часам трапляліся румыны. Усе былі пры ўзнагародах і знаках адрознення. Вечкі верхніх трунаў знаходзіліся вельмі блізка ад паверхні. Выказаўшы здагадку, што ўсе ці большасць магіл выглядаюць падобным чынам, вырашылі ўстрымацца ад перапахавання і абмежаваліся тым, што проста павыдзіралі крыжы. Р.М. Мелях узгадвала, што германа-італьянскія могілкі ў парку адфатаграфавалі аператары Беларускага фронта.

У 1944 годзе супрацоўнікі аддзела аховы помнікаў архітэктуры склалі акт аб нанясенні шкоды парку культуры. Агульны кошт шкоды склаў у рублях 1913 года 4 133 287 рублёў. Сюды аднеслі шкоду памятнікам гісторыі і архітэктуры, а таксама самому парку, які сапсавалі пахаваннямі.

Існуе легенда, што пасля гэтага, узімку 1944-га праз Гомель праходзіла савецкая танкавая калона. Даведаўшыся аб тым, што ў горадзе ёсць фашысцкія могілкі, танкісты зрабілі крук на шляху на фронт і раскаталі магілы гусеніцамі. Увесну на месцы «танкавых манеўраў» прайшоў суботнік па пасадцы дрэў. Але па словах гісторыкаў, ніякімі дакументамі гэтая інфармацыя не пацверджана.

У 1990-я праводзілі археалагічныя раскопкі на тэрыторыі ансамбля. У 1991 годзе паднялі 12 пахаванняў, знайшлі шэсць нямецкіх жэтонаў, эксгумавалі магілы двух італьянскіх салдат. У 1994 годзе ў шасці пахаваннях выявілі 5 нямецкіх жэтонаў. У гэтым жа годзе праводзіліся працы па эксгумацыі італьянцаў. Усяго выявілі 111 італьянскіх магіл, сярод якіх быў падняты адзін венгерскі салдат. Усе парэшткі перавезлі ў Італію і перапахавалі.

Абломкі салдацкіх жэтонаў таксама знаходзілі ў 2007 годзе. У 2012 годзе разам з парэшткамі нямецкага ваеннага была знойдзена частка надмагільнай мармуровай пліты з надпісам на нямецкай мове.

Знойдзеныя парэшткі салдат не вяртаюць на радзіму, а перазахоўваюць у Беларусі

Па нямецкіх законах, патрабаванняў па эксгумацыі і перапахаванні няма, таму ў нашыя дні калі знаходзіліся парэшткі немцаў, іх не вярталі на радзіму, а хавалі на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, на нямецкіх могілках у вёсцы Шчаткава Бабруйскага раёна.

Адмыслова ж эксгумаваць і перапахаваць парэшткі нямецкіх салдат з парку, паводле гісторыкаў, праблематычна праз статус палацава-паркавага ансамбля, які з’яўляецца гісторыка-культурнай установай. Парк уяўляе сабой як батанічны, так і археалагічны помнік, і пры раскопках будуць пашкоджаны шматгадовыя і рэдкія дрэвы, а таксама культурны пласт.

Нейкі час каля агароджы Петрапаўлаўскага сабора месцілася сімвалічная магілка з надпісам на нямецкай і рускай мовах у «памяць» былых вайсковых могілак у парку. Цяпер жа яе ўжо не відаць.

Кожны чалавек па-свойму можа ставіцца да падобных гістарычных «помнікаў», але прыхаваныя зямлёй парэшткі ўсё адно немагчыма проста праігнараваць, часам яны пра сябе так ці іначай нагадваюць. Як далей з імі быць – пакінуць, як ёсць, пакульяны не апынуцца ў забыцці, ці вывучыць і перапахаваць – пытанне адкрытае.


Читайте также:

Новое на сайте: