Стрэлы замест царкоўнага звона і чорныя яйкі. Як святкавалі Вялікдзень нашыя прабабулі
Традыцыі святкавання Вялікадня не моцна змяніліся з часам, але ўсё ж ёсць некаторыя нюансы, пра якія вы, магчыма, нават не здагадваецеся. «Моцныя Навіны» разам з экспертам па традыцыйнай культуры Палесся разабраліся ва ўсім дэтальна.
Калі казаць пра Вялікдзень, важна адзначыць тры асноўныя дні, у якія існавалі пэўныя абрадавыя дзеі: чацвер, субота і нядзеля.
У чацвер дзяўчынам трэба было ўстаць раніцай да ўзыходу сонца, на покуці ўзяць мінулагодняе свянцонае яйка і пакласці яго ў ночвы. Затым у ночвы з яйкам набіралі ваду і ўмываліся. Яйка каталі па твары – каб было румянае. Пасля ночвы неслі да рэчкі і туды вылівалі ваду, якой умываліся, прыгаворваючы «вада ідзе за вадою, бяда ідзе за бядою». Нашыя продкі верылі, што такім чынам яны змываюць з сябе ўсякае ліха. А як світала – сядзелі і назіралі, «як сонца купаецца».
Толькі пасля гэтага ішлі да хаты, каб пачаць там прыбірацца. Важна было прыбрацца не толькі ўнутры, але і звонку. Бралі адмысловы венік «дзяркач» і ад уваходу ў дом пачыналі абмятаць хату па сонцу. Гэта трэба было зрабіць, каб сагнаць усякую «погань» – вужоў і гадзюк.
Існаваў і іншы спосаб абараніць хату: жанчына брала вілачнік, сядала на яго і аббягала вакол хаты. Вілачнік – прылада, якая дакраналася да агню ў печы, а таму мела «сілу» абараняць ад усяго дурнога.
У пятніцу нічога не рабілі, бо гэта дзень, калі распялі Хрыста. Нават пры сустрэчы знаёмага на вуліцы ў вёсцы было прынята не казаць «Добры дзень». Людзі проста моўчкі ківалі адзін аднаму галавой пры вітанні.
Субота – гэта дзень, калі актыўна вяліся ўсе прыгатаванні, бо ў нядзелю не павінна быць «духа гарачага» ў хаце, то бок печ нельга тапіць. Пяклі паскі і фарбавалі яйкі. Асаблівасцю гомельскага Палесся з’яўляецца тое, што ў нашым рэгіёне былі пашыраны менавіта крашанкі – пафарбаваныя яйкі. А вось на Берасцейшчыне больш былі пашыраныя пісанкі.
Яйкі фарбавалі цыбульнікам (шалупіннем ад цыбулі) альбо шышачкамі вольхі ці нават дубовай карой.
Калі ў год да Вялікадня ў сям’і нехта памёр, то яйкі або зусім не фарбавалі на Вялікдзень, або фарбавалі ў чорны колер з дапамогай альхі.
На ўсяночную ішлі ў царкву. Калі царквы ў вёсцы не было, апоўначы мужчыны бралі стрэльбы і ішлі «будзіць Хрыста» – тры разы стрэлілі ў паветра. Такой звычай з’явіўся пазней, у час, калі царква была пад забаронай, і захоўваўся яшчэ ў 80-90-я гады.
Важны момант – паскі не свяцілі ў суботу.
Агулам галоўнае, што трэба было пасвяціць – гэта яйкі. Акрамя яек і пасак у царкву таксама неслі кавалак сала і соль. Свянцоную соль пасля дадавалі ва ўсе рытуальныя стравы – ад вясельнага каравая да страў на Дзяды. Калі зноў жа пасвяціць было недзе, бралі мінулагодняе свянцонае яйка і каталі яго. Або каталі яйкі ў расе на світанні, лічылася, што тая раса таксама мае святую сілу.
Адразу пасля асвячэння запальвалася свечка і кожная жанчына хутчэй бегла са сваёй свечкай дахаты. Вельмі важна было, каб тая свечка не патухла. Тады гэта азначала, што гаспадыня будзе вельмі паспяховай у новым годзе – у яе будзе добры ўраджай і лад у гаспадарцы.
Гэтай свечкай над кожным уваходам у хату і ў гаспадарчыя пабудовы «малявалі» тры крыжыкі.
Пасля садзіліся за стол, адразу пасля ўсяношнай. Няважна, а каторай гадзіне, хто як прачнуўся – першай справай трэба было сесці за стал і абавязкова першым з’есці свянцонае яйка з соллю. Шкарлупіну трэба было захаваць, каб пасля ўкінуць у баразну і такім чынам асвяціць і зямлю таксама.
Далей цягам дня было прынята гуляць у біткі і хадзіць па гасцях. Яшчэ цікава, што ў Вялікдзень было прынята «несці валачобнаэ» хросным бацькам. То бок гэта не хросныя неслі гасцінцы дзецям, а наадварот, дзеці – дарослым. А хросныя бацькі ў адказ дарылі дзеткам яйка.