«Мяне білі і я чалавекам вырас». Чаму ўжо дарослыя дзеці лічаць фізічныя пакаранні прымальнымі?
«Моцныя Навіны» паспрабавалі разабрацца ў пытанні, якое заўсёды выклікае вялікі рэзананс, калі з’яўляюцца гучныя навіны пра празмернае пакаранне дзяцей і гвалт у сям’і. Моцнае біццё, якое можа сур’ёзна нашкодзіць здароўю і прыводзіць да крымінальнай справы, звычайна асуджаецца грамадствам. Але што наконт лёгкага плескача па азадку ці аплявухі гэтаму непаслухмянаму нахабнаму падлетку, калі словы ён не ўспрымае? Дзе гэтая мяжа паміж звычайным наганяем і пабоямі? І ці ёсць яна ўвогуле? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні мы звярнуліся да псіхолага і заканадаўства.

Са старажытных часоў у розных культурах лічылася, што на бацьках ляжыць абавязак караць дзяцей, а фізічныя пакаранні лічыліся прымальнымі. Практыкавалася біццё дзяцей і ў школах – у Старажытным Егіпце, Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме. Хаця цікава, што ўжо тады некаторыя філосафы выказваліся супраць падобных пакаранняў, бо гэта прыніжае чалавечую годнасць.
І вось яшчэ адзін займальны факт – лічыцца, што ўпершыню ў свеце лупцаванне дзяцей у школе было забаронена ў Рэчы Паспалітай у 1783 годзе.
У 1950 – 1960-я гады погляды на фізічныя пакаранні пачалі пакрысе змяняцца. Гэтаму шмат у чым садзейнічала выданне ў 1946 годзе кнігі педыятра Бенджаміна Спока The Common Sense Book of Baby and Child Care – гэта яна хутчэй за ўсё стаяла на кніжных палічках у нашых бацькоў. Сёння яе ўжо не лічаць аўтарытэтнай.
З 1979 па 2026 год цялесныя пакаранні бацькамі былі забаронены ў 70 (у тым ліку ў 37 еўрапейскіх і 12 афрыканскіх) краінах. Не ўхваляюцца яны і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пры ААН. Арганізацыя патрабуе поўнай забароны фізічных пакаранняў дзяцей, тлумачачы гэта шкодай і для іх фізічнага, і для псіхічнага здароўя.
Вынікі некалькіх даследаванняў сведчаць аб тым, што яны могуць правакаваць трывогу, алкагалізм, інфантыльнасць і праблемы дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю. Маюцца таксама звесткі, што людзі 18 – 25 гадоў, якіх білі ў дзяцінстве, маюць менш шэрага рэчыва ў прэфрантальнай кары, што можа выклікаць зніжэнне IQ.
А што ў Беларусі?
Пачынаючы з 2013 года ў «Законе аб правах дзіцяці» пазначана, што дзяржава забяспечвае бяспеку дзіцяці ад розных відаў гвалту, у тым ліку фізічнага і псіхічнага, але не ўтрымлівае прамой забароны на прымяненне цялесных пакаранняў у адносінах да дзіцяці. Пры гэтым фізічнае пакаранне не павінна трапляць пад вызначэнне цялесных пашкоджанняў, бо тады гэта ўжо забаронена законам і ў залежнасці ад цяжкасці можа кваліфікавацца як адміністрацыйнае правапарушэнне або крымінальнае злачынства.
Здаецца, усё лагічна і справядліва, але ці задумваліся вы, наколькі лёгка пераступіць мяжу і перагнуць палку?
У нашай краіне ў 2018 годзе праводзілася апытанне ЮНІСЕФ сярод бацькоў. Яно паказала, што каля 80% рэспандэнтаў аддаюць перавагу выкарыстанню негвалтоўных метадаў выхавання дзяцей. Але нягледзячы на такія высокія працэнты, рэальная статыстыка пакаранняў менш пазітыўная:
- 29% рэспандэнтаў адказалі, што за месяц да апытання хаця б раз прымянялі цялесныя пакаранні да дзяцей;
- каля 83% рэспандэнтаў лічаць, што фізічныя пакаранні эфектыўныя або апраўданыя ў некаторых выпадках.
Што кажуць эксперты?
Такое стаўленне да лупцоўкі нявыхаваных і складаных падлеткаў можна прасачыць і ў каментарах пад нашымі навінамі на гэтую тэму.
Асабліва прыцягваюць увагу такія каментары як «трэба адправіць у дзетдом на перавыхаванне», «раней атрымлівалі рэменя і паважалі бацькоў, а цяпер…», «у маім дзяцінстве мяне білі шлангам, скалкай і нічога страшнага – вырас, усё добра».
Мы запыталіся ў Марыны Гайдуковай, дзіцячага псіхолага з Гомеля, ці можна такое пазітыўнае стаўленне да біцця лічыць праявай Стакгольмскага сіндрому, калі ахвяра гвалту адчувае сімпатыю да агрэсара і апраўдвае яго дзеянні.
«Назваць апраўданне прымянення фізічнага гвалту да дзяцей Стакгольмскім сіндромам, я думаю, не зусім дакладна.
Бо дзеці, нараджаючыся, безумоўна любяць сваіх бацькоў, да пэўнага ўзросту бацькі – гэта ўвесь свет. Яны прадстаўнікі гэтага свету, і тое, як бацькі ставяцца да свайго дзіцяці, тое, што яму транслююць, з’яўляецца для дзіцёнка прыкметай бяспекі гэтага свету. Таксама варта сказаць, што для дзіцяці самым небяспечным і страшным з’яўляецца страта бацькоўскай любові, іх халоднасць. А мы ж застаемся дзецьмі ўсё наша жыццё ў адносінах з бацькамі. Апраўданне бацькоўскай жорсткасці – ад страху страціць любоў. Вядома гэта не адзіны варыянт, чаму апраўдваюць бацькоўскую жорсткасць. Прычын можа быць вельмі шмат, і ў кожнага яна будзе свая. Іх можна знайсці і зразумець з дапамогай спецыяліста», – тлумачыць Марына.
Чаму бацькі б’юць дзяцей? Бо не спраўляюцца, таму што не ўмеюць і не ведаюць, як па-іншаму. І такі падыход у выхаванні мае шмат негатыўных наступстваў. Экспертка звяртае ўвагу на тое, што фізічны гвалт – гэта не проста парушэнне асабістых межаў дзіцяці, гэта прыніжэнне яго асобы.
«Таксама гэта прыводзіць да таго, што ў дзіцяці фармуецца адпаведная мадэль паводзінаў: у соцыўме ён будзе вырашаць пытанні, дамагацца свайго менавіта праз агрэсію, у тым ліку і фізічную», – папярэджвае псіхолаг.
Па меркаванні Марыны, галоўная задача бацькоў – навучыцца дамаўляцца са сваімі дзецьмі, і чым раней гэта пачынаць рабіць, тым лепш будзе вынік. А пачаць ніколі не позна.
«Для бацькоў карысна ведаць узроставыя асаблівасці свайго дзіцяці, гэта дапаможа лепш разумець, што з ім адбываецца і як будаваць з ім камунікацыю. Бяссілле бацькі адчуваюць, калі не ведаюць і не разумеюць, што адбываецца», – дае параду спецыялістка.
Мы падтрымліваем думку, што фізічныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей не могуць быць апраўданымі незалежна ад таго, «лёгка» гэта рабіць ці ад усёй душы. Кожны такі эпізод так ці іначай адаб’ецца на асобе будучага дарослага. Здорава, што ў нашыя дні можна працаваць з праблемамі выхавання ў сям’і і абмяркоўваць усе пытанні са спецыялістамі. Спадзяемся, што гэты артыкул дапаможа нашым чытачам у наладжванні сапраўды добрых адносін паміж бацькамі і іх не заўсёды паслухмянымі дзецьмі, якія праходзяць нялёгкі перыяд сталення. Каб не трапляць у зводкі крымінальных навін.
