Старажытнае летняе свята апошнім часам стала даволі папулярным сярод беларусаў самых розных узростаў. У афішах мы знайшлі цэлы шэраг тэматычных імпрэз з нагоды Купалля. У «Дудутках», напрыклад, свята зладзілі акурат на мінулых выходных 14 чэрвеня – самымі першымі.
«Моцныя Навіны» разабраліся, а калі ўвогуле прынята святкаваць Купалле і выбралі для нашых чытачоў самыя цікавыя прапановы. Гартайце карткі і захоўвайце сабе!
Чаму такая блытаніна з датамі святкавання?
Набліжаецца дзень летняга сонцастаяння. Сёлета момант, калі Сонца дасягае сваёй найвышэйшай кропкі над экватарам, выпадае на 21 чэрвеня ў 5:41 па мінскім часе.
У Беларусі са старажытных часоў да гэтай з’явы было прымеркавана свята Купалле. Пры гэтым, па словах даследчыкаў, адзінай даты для святкавання не існавала. Паводле этнаграфічных звестак, беларусы маглі спраўляць свята нават некалькі разоў: сёння ў адной вёсцы, заўтра – у суседняй. Так адбывалася, бо ў нашых продкаў не было дакладных астранамічных прыбораў, а даты росквіту прыроды вызначалі вельмі прыблізна. Часта Купальскія абрады расцягваліся на некалькі дзён.
Пазней Купалле сталі прымяркоўваць да дня Іаана Хрысціцеля (24-25 чэрвеня). Тады яно і набыло назву Іван Купала. У 1918 годзе адбылася каляндарная рэформа, якая паблытала ўсе даты яшчэ больш. Руская праваслаўная царква адмовілася падтрымаць рэформу, і ноч на Івана Купала пачалі святкаваць з 6 па 7 ліпеня.
Сёння ў нас ёсць выбар – можна абапірацца на дзень летняга сонцастаяння, як было спрадвеку, і адзначаць у канцы чэрвеня. А можна ладзіць свята ў адпаведнасці з праваслаўным календаром. У прынцыпе, нічога не замінае святкаваць Купалле некалькі разоў у розных фарматах цягам двух тыдняў.
Дзе справіць Купалле ў Гомельскай вобласці?
Вядома, святочныя імпрэзы з нагоды гэтага летняга свята будуць і ў самім Гомелі. Але калі ў вас ёсць жаданне змяніць абстаноўку і паспытаць новыя ўражанні, то мы адназначна раім завітаць у Нароўлю.
5 ліпеня жаночы бізнес-клуб «Афіна» ладзіць купальскі тур з харчаваннем і пражываннем у гэты невялікі палескі гарадок на шыкоўным белым беразе Прыпяці. Туды з’язджаюцца святкаваць з усіх навакольных вёсак на масавае гулянне з жывой музыкай, тэматычным шэсцем і спектаклем, фудкортам і, вядома, вялічэзным вогнішчам з карагодамі.
У праграме апроч самога Купалля таксама будуць:
- экскурсія па палацы Горватаў, які цяпер знаходзіцца ў стане актыўнай рэстаўрацыі;
- пікнік на прыродзе з жаночымі практыкамі і псіхолагам;
- МК па стварэнні свечак на здзяйсненне жаданняў.
Пры гэтым частка выручаных грошай з тура пойдзе на аднаўленне 175-гадовага палаца.
Па ўсіх пытаннях звяртацца па тэлефоне: +375 (44) 702-86-72.
Яшчэ адна опцыя для Купалля ў межах Гомельшчыны – адправіцца ў Прыпяцкі нацпарк. Тут 21-22 чэрвеня святкуюць Купайло – па старажытных палескіх традыцыях. Імпрэза ладзіцца ў вёсцы Хлупін на беразе возера Плеса. Там арганізуюць намётавы гарадок, гасцей запрашаюць апранаць вышыванкі, а атмасферу будуць ствараць мясцовыя фальклорныя ансамблі. Таксама ў праграме пошук самай прыгожай Купалінкі, магічныя рытуалы пасля захода сонца, прагулкі на лодцы, сустрэча світанка.
Кошт турпакета з харчаваннем і пражываннем у турбазе: 165 рублёў, у сваім намёце – 135 рублёў. На момант напісання гэтага артыкула заставалася усяго толькі некалькі вольных месцаў у намётавым гарадку для размяшчэння.
Але акрамя гэтага нацпарк падрыхтаваў таксама святочную праграму «Иван Купала» і на 5-6 ліпеня.
Свята арганізуюць у аграгарадку Ляскавічы на тэрыторыі музея пад адкрытым небам. Праграма пачнецца з самага ранку з экскурсій і майстар-класаў па прыгатаванні бліноў і пернікаў. Для гасцей прапануюць прагулкі на цеплаходзе і лодках, атракцыёны і кірмашы. Увечары пачнецца тэатралізаваная частка. Абяцаюць яшчэ выступ кавер-бэнда, купальскае вогнішча, фаершоў і нават феерверк.
Кошт: дарослыя – 10 рублёў, дзеці – 5 рублёў, дзеці да 3 гадоў – бясплатна.
Падрабязная інфармацыя: +375 (29) 125-00-95.
У Мінскай вобласці таксама ёсць некалькі прывабных варыянтаў для святкавання
Напрыклад, у парку гісторыі «Вялікае княства Сула» прысвяцілі Купаллю ажно 6 дзён.
21 чэрвеня запланавана дзённая і начная праграмы. 22, 28, 29 чэрвеня плануюцца тэматычныя купальскія праграмы ўдзень. 5 ліпеня адбудзецца паўтор дзённай і начной купальскай праграмы. 6 ліпеня ўдзень – апошні шанец прыяданацца да купальскіх традыцый у Суле.
Кошт: 35 рублёў, калі вы падпісаныя на сацсеткі парка.
29 чэрвеня Купалле ладзяць у Дукорскім маёнтку. Святочную праграму дапоўняць лекцыі пра музычныя інструменты і абрадавую кухню з дэгустацыяй, батлейка, майстар-класы. Таксама абяцаюць выступы розных гуртоў, купальскае шэсце, гульні, танцы, фаершоў і карагоды. Для камфорту, для гасцей арганізуюць трансфер з Мінска за дадатковую плату.
Кошт: дарослыя – 40 рублёў, дзеці ад 7 да 17 гадоў – 15 рублёў, зніжка 10% для падпісчыкаў. Трансфер – 10 рублёў у адзін бок.
Тэлефоны для даведкі: +375 (44) 707-77-64; +375 (33) 357-77-64.
21 чэрвеня з 19:00 да 22:00 адмысловую купальскую праграму правядуць у музеі народнай архітэктуры і побыту «Азярцо». Гасцей навучаць плясці вянкі, спяваць купальскія песні, танчыць традыцыйныя танцы, гуляць у адмысловыя купальскія гульні і варажыць. Акрамя гэтага запланаваныя рыцарская і вядзьмачая пляцоўкі.
Святкаванне 5 ліпеня на сайце музея таксама пазначана ў плане імпрэз на год, але праграмы на гэтую дату пакуль няма.
Кошт: дарослыя – 20 рублёў, студэнты ВНУ – 12 рублёў, школьнікі і навучэнцы каледжаў – 10 рублёў, дзяці дашкольнага ўзросту – бясплатна.